«На заплечніку дзве стужкі: бел-чырвона-белая і жоўта-блакітная». Як спявачка «Коліра» расказвае пра нашых палітвязняў украінцам

Напярэдадні Дня палітзняволеных (21 траўня) наша каляжанка Аліна Рудзіна, якая застаецца ў Львове, паразмаўляла з украінскай спявачкай і актывісткай Людмілай Коллер пра тое, чаму яна расказвае пра беларускіх палітвязняў на сваіх канцэртах, ну і пра вядомую песню на верш Андрэя Аляксандрава «Застацца сабой». Кажуць, што гэтая песня амаль як гімн, гімн палітвязняў Беларусі.

«На заплечніку дзве стужкі: бел-чырвона-белая і жоўта-блакітная». Як спявачка «Коліра» расказвае пра нашых палітвязняў украінцам
Фота з асабістага архіву Людмілы Коллер

— З Людмілай Коллер, заснавальніцай і салісткай адэскага індзіфолк-гурту «Колір», мне пашчасціла асабіста пазнаёміцца ў жніўні 2022 года ў Львове. Да гэтага я двойчы была на выступах гурта: у чэрвені і снежні 2015 года ў Менску. І кожны раз зал разам з ёй спяваў «Застацца сабой», якая стала своеасаблівай візітоўкай гурта ў Беларусі. За гэты час «Колір» выдаў другі альбом «Поки ще можна», які быў прэзентаваны ў Кіеве ў 2021, і пра які сама Людміла распавядала так: «Ён пра любоў да беларускіх сяброў, свабоду слова, свет, што развальваецца, але ўсё яшчэ трымаецца разам. Пра пачуцці кожнага з нас: сёння, заўтра, у далёкай будучыні. Пра чорнае і белае ў бясконцай вайне».

Аліна Рудзіна
Аліна РудзінаКіраўніца Беларускага інфармацыйнага цэнтра ў Львове і амбасадорка Прэс-клуба

Пасля паўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну Людміла Коллер стала актыўнай ўдзельніцай валанцёрскага руху «Південна паляниця», у межах якога яны з гуртом ладзілі канцэрты ва Украіне і за мяжой, збіраючы сродкі для Узброеных Сіл Украіны ды Тэрытарыяльнай Абароны Адэсы.

У пачатку сакавіка 2023 я патрапіла на доўгачаканы мною канцэрт у Львове, дзе зноў пачула «Застацца сабой» на верш Андрэя Аляксандрава і «Чалавека» на верш Рыгора Барадуліна. А на пытанні пра тое, ці ёсць навіны пра Андрэя Аляксандрава, які асуджаны на 14 гадоў і з студзеня 2021 знаходзіцца за кратамі, і пра іншых знаёмых Людміле палітвязняў у Беларусі, у мяне і самой даўно няма адказаў.

Тут вы можаце пачытаць гісторыю Андрэя Аляксандрава, праект «Прэса пад прэсам»

Гэтым разам мы размаўлялі пра тое, адкуль у яе такая паслядоўнасць у падтрымцы беларусаў, улічваючы вайну ва Украіне.

– Адкуль увогуле з’явілася жаданне рабіць песні на вершы беларускіх творцаў?

– Я пазнаёмілася ў Адэсе з Настассяй Доль (беларуская актывістка – Прым.), і з часам яна запрапанавала мне зрабіць некалькі канцэртаў у Беларусі. І наш першы канцэрт з аўтарскай музыкай адбыўся ў бары «ДК». Зараз яго ўжо няма.

І яшчэ яна арганізавала нам канцэрт з Накай, Настай Шпакоўскай. І Наста сказала, што ёсць праект «Заспявай.бай 2.0», і туды можна падацца на конкурснай аснове, зрабіўшы кавер на песню на беларускай мове. Так мы ўзялі песню Насты Шпакоўскай «Бяжы».

І ўжо Наста потым запрапанавала нізку вершаў для песні, і мы абралі верш Андрэя Аляксандрава «Застацца сабой».

І мы зрабілі тады нашу першую песню на беларускай мове і прадставілі на конкурсе. Гэта было так даўно, я вельмі кепска памятаю, як гэта ўсё адбывалася. Гэта было ў 2016 годзе. І мы нават там якуюсь прэмію атрымалі і магчымасць запісаць песню («якаясь прэмія» – гэта дыплом, якім журы конкурса адзначыла выкананне песні «Застацца сабой» у намінацыі «Вершаваная паэзія» – Прым.).

І там жа мы пазнаёміліся з Андрэем Аляксандравым.

Фота з асабістага архіву Людмілы Коллер

 – Я так разумею, што ты ўпершыню пачула беларускую мову ад Настассі?

— Так, і ўвогуле нам вельмі пашчасціла, бо Настасся – прадстаўніца, так бы мовіць, апазіцыйнай тусоўкі, і мы адразу патрапілі да правільных людзей, якія пачалі нам тлумачыць, што ў Беларусі ўвогуле адбываецца. І мы самі былі здзіўленыя тым, што ў Беларусі не гучала беларуская мова, але беларуская мова гучала ўласна ад Настассі, Жэні Міхасюка і людзей, з якімі мы знаёміліся. Але дзесьці ў крамах ці пабах, ва ўстановах такога не было.

А яшчэ мы дазналіся, што ня можна пляскаць у далоні, калі знаходзяцца больш, чым некалькі людзей у людным месцы, таму што гэта ўжо намёк на нейкае масавае мерапрыемства ці пратэст. І што за гэта можна атрымаць некалькі сутак, і для нас гэта было дзіка: калі ўвесь свет рухаецца да дэмакратыі, Беларусь рухаецца да аўтарытарнасці і дэспатызму.

— Візітоўкай гурта для беларусаў стала песня «Застацца сабой». Як ты атрымала дазвол ад Аляксандрава. Ты яму пісала?

— Не. Мы не запытвалі.

– Таму што я памятаю, як ён сказаў мне, здаецца, у траўні 2015, што ёсць украінскі гурт, які зрабіў песню на яго верш. І я спытала, ці яму падабаецца, і ён адказаў, што так, падабаецца, хоць ён і ўяўляў песню на гэты верш інакш. Як прыйшла мелодыя да песні? Яна была ці нарадзілася?

— Ну, у нас агулам песні на тэксты іншых аўтараў нараджаюцца ў джэме. То-бок мы прыходзім на рэпетыцыю, прыносім тэкст, і ўжо тое, што лягае на гэты тэкст, што адчуваеш, слухаючы тэкст, адчуваючы кожнае слова, — так і нараджаецца музыка.

– Вельмі крута. Якія ўражанні ад асабістага знаёмства з Андрэем? 

—  Ну, ён…шчабятун. На жаль, мы не так часта з ім перасякаліся. Толькі дзесьці ў тусоўках бачыліся разы тры. І ён такі кампанейскі, з ім заўжды ёсць аб чым пагутарыць, а яму заўжды ёсць што распавесці. Ён за словам у кішэню не палезе.

– Якія былі адчуванні ад Беларусі да 2020 года? Ці распавядалі табе штосьці знаёмыя, сябры?

— Ну, агулам у той тусоўцы, куды я патрапіла, ужо хтосьці сядзеў нейкі час у СІЗА за вельмі звычайныя рэчы. Напрыклад, арганізаваць кінавечар у пераходзе – 10 сутак. Нас тады яшчэ пазнаёмілі з Беларускім Свабодным тэатрам (Belarus Free Theatre) і распавялі яго гісторыю, што ён павінен вандраваць, шукаць сабе лакацыі, памяшканні, таму што яны ставілі спектаклі на такія тэмы, якія не варта падымаць у Беларусі, таму што за гэта можна атрымаць па шапцы. І тады мы сутыкнуліся з тым, што свабода слова прыгнятаецца. З тым, што не развіваецца беларуская культура, беларуская мова. Пасіўнасць людзей мяне вельмі ўразіла. Тады я дазналася, што ў беларускіх школах больш увагі надаюць расійскай мове, чым беларускай. Гэта таксама было для мяне дзіўна, таму што ва Украіне мы ўзрастаем на ўкраінскай культуры. А тут ўсё неяк інакш.

Мне распавялі пра беларускі сцяг, і мне было не вельмі вядома, што такое «Пагоня», але я пазнаёмілася з гэтымі сімваламі супрацьстаяння, з БЧБ. І тады ў мяне з’явілася стужка, у мяне заўжды на заплечніку віселі дзве стужкі: адна – бел-чырвона-белая, і другая – жоўта-блакітная.

– Як успрымаліся пасля ўсяго пратэсты 2020 года? 

— Я вельмі перажывала, таму што мне была вядомая гісторыя пратэстаў, і што гэта ўжо не першы, і іх было многа. Я ведала гісторыі некаторых палітвязняў. Ведала, што былі людзі, якія жыццём заплацілі, адстойваючы дэмакратыю ў Беларусі. Якіх вывозілі ў лес і яны не вярталіся адтуль. У 2020 я вельмі перажывала, таму што многія мае знаёмыя хадзілі на мітынгі, і там былі і блізкія сябры.

Я прачыналася раніцай, і дзень пачынаўся з таго, што я маніторыла навіны ў Беларусі, я падпісалася на беларускія тэлеграм-каналы, якія асватлялі пратэсты, якія былі больш-менш апазіцыйнымі: NЕХТА, Белсат, Радыё Свабода. І шмат-шмат іншых, і вось мой ранак пачынаўся з таго, што я маніторыла і чытала гісторыі сваіх сяброў. Як, напрыклад, Яўгена Міхасюка, які патрапіў у замес… Потым ён прыехаў у Адэсу, і з чаго пачалася нашая сустрэча — я распытвала, як гэта было. Таму што я бачыла гэта, ён адпраўлял мне здымкі, і я не пазнала чалавека. Проста ён быў увесь у гематомах, усё цела распухла, увесь у сіняках, вельмі многа траўм. І я спачатку не зразумела, ці ён гэта.

Гэта было страшна. Я сачыла за сітуацыяй на Акрэсціна, глядзела, ці не патрапілі туды мае знаёмыя, вельмі перажывалі з дачкой.

Фота з асабістага архіву Людмілы Коллер

– Памятаю, як вы запісалі ў 2021-м годзе відэа ў падтрымку Андрэя Аляксандрава і беларускіх пратэстаў.

— Па-першае, дзякуй табе за гэта.

Ты гаворыш пра відэа, гэта дзе шмат людзей выказваюць сваю пазіцыю пад песню на вершы Аляксандрава. Гэта была ініцыятыва адэскага центра «Аўтамайдан». Ім было вядома, што я часта бывала ў Беларусі і маю шмат беларускіх сяброў і агулам падтрымліваю, давай будзем называць гэта правільна, тую Беларусь, якой не так шмат, і якая доўгі час фармавалася, каб у 2020 гаду выбухнуць такой масавай колькасцю людзей, якія ўжо былі не гатовыя гэта цярпець. Але мне было зразумела, што гэта ўсё пачнецца, калі пачалася прадвыбарчая кампанія, Бабарыка, Ціханоўская, вось гэта ўсё.

 – Ці плануеш і надалей працаваць з беларускамоўным матэрыялам?

— Так, але цяпер маю пэўны творчы крызіс, і гэта ўжо будзе тады, калі я вярнуся да музыкі.

– Я бачыла, нават на прыкладзе Львова, як на тваіх выступах успрымаюць беларускамоўныя песні. Як нейкі хлопец падыходзіў і рэспектаваў табе за гэтыя песні. Агулам як рэагуюць, асабліва цяпер, на беларускамоўную частку тваіх канцэртаў?

— Я заўжды на канцэртах намагаюся тлумачыць людзям, што існуе не тая Беларусь, якую яны ведаюць, і што многа хлопцаў з Беларусі зараз бароняць Украіну. І што самі беларусы вельмі пацярпелі ў 2020 годзе. Шмат хто з іх страціў дом і прыехаў сам ва Украіну шукаць прытулак, і тут варта раздзяляць, мне падаецца. Бо калі ёсць Пуцін і справа не толькі ў Пуціне, але і ў саміх расіянах, то у Беларусі трохі іншая сітуацыя.

– На львоўскім канцэрце 4 сакавіка 2023 года перад тым, як спяваць «Застацца сабой», ты распавядала пра Беларусь і пра аўтара вершаў Андрэя Аляксандрава, які ўжо больш за 2 гады знаходзіцца за кратамі ў Беларусі, і пра іншых палітвязняў лукашэнкаўскага рэжыму, а падчас выступу на фоне ішоў відэшэраг з выявамі палітвязняў, якія ўвязненыя за сваю праўкраінскую і антываенную пазіцыю і дзеянні. 

Адкуль узнікла ідэя паказваць гэты відэашэраг? Як яго ўспрымаюць на ўкраінскіх канцэртах? Для мяне гэта стала вельмі прыемным сюрпрызам.

— Гэта ідэя беларусак Таццяны Гацуры і Настасcї Доль. Бо Настасся для мяне… праваднік у Беларусі, так.

Я ей прапанавала зрабіць гэтае відэа інакш, я хацела, каб ззаду былі беларускія пратэсты, відэа з пратэстаў. Магчыма, нават нейкія жорсткія кадры – для таго, каб, ну нават ты распавядала, што ёсць людзі, якія пыталіся «ну дык а што ў вас у Беларусі было і чаго ты тут жывеш?»

І што насамрэч гэта азначае для беларусаў, якія вымушаныя былі пакінуць свой дом, таму што дома ім пагражае небяспека або 10 гадоў турмы толькі за тое, што яны выйшлі выказаць сваю пазіцыю.

Так вось для мяне было вельмі важна, каб гэта паказвалася. Пра гэта вельмі важна гаварыць, таму што ёсць праблемы, як вайна ва Украіне. І калі пра яе не распавядаць, то ўсе хутка пра яе забудуць.

І тое ж у Беларусі. Пратэсты былі, пратэсты заціхлі. Як часта мы зараз чуем пра тое, што адбываецца, наколькі моцна гэта гучыць у інфапрасторы? Якая сітуацыя зараз з беларускімі палітвязнямі? Калі пра гэта не гаварыць, то ўсе пра Беларусь забудуць, нібыта нічога не адбываецца.

– Ты ў снежні 2022 была мадэратаркай на кіеўскім паказе фільма Аляксея Палуяна «Кураж» у рамках беларуска-украінскага кінафестываля «1084. На мяжы». Ці адразу пагадзілася ўзяць удзел? Ці было табе цікава? Якія ўражанні ад самаго фільма, ці было штосьці новае пра падзеі 2020 у Беларусі для цябе асабіста? Як ты лічыш, ці варта паказваць гэты фільм у свеце зараз, калі Беларусь, як краіна, стала суагрэсарам паўнамаштабнага ўварвання ва Украіну?

— Так, мне было цікава, бо гэта, па-першае, мой першы досвед мадэратарства. Хоць я і працую ў медыя, працую на радыё і мадэраваць размову, ставіць пытанні – гэта нібы частка маёй працы. Але пагадзілася я не адразу, таму што мне трэба было крыху памеркаваць, ці гатовая я рабіць гэта на вялікі зал.

А я была матываваная тым, што я атрымаю новы досвед, і тым, што гэта павязана з Беларуссю, і тым, што там паказвалі «Кураж», у якім, ну, хлопцы з РСП. Таму так, мне было цікава. І было цікава паразмаўляць з прадстаўнікамі палка Кастуся Каліноўскага.

І вось, дарэчы, там былі людзі, якія сядзелі ў зале, і якіх фільм вельмі ўразіў, яны нібы не ведалі, што ў Беларусі ў 2020 такое адбывалася. І яны шчыра былі ўражаныя, тыпу, гэта што, праўда было вось так? І мне было неяк дзіка, што ёсць людзі, для якіх гэта прайшло міма. У якім інфаполі мы жывем?

Падзяліцца:

Для сайта Прэс-клуба інтэрв’ю падрыхтавала Аліна Рудзіна

19 мая 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«На заплечніку дзве стужкі: бел-чырвона-белая і жоўта-блакітная». Як спявачка «Коліра» расказвае пра нашых палітвязняў украінцам

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць