157-я з 180 — Беларусь у Індэксе свабоды прэсы-2023

Арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» апублікавала Індэкс свабоды прэсы за 2023 год, у ім ацэньваюцца ўмовы для працы журналістаў у 180 краінах. Беларусь у рэйтынгу апусцілася на чатыры пазіцыі ў параўнанні з мінулым годам і знаходзіцца цяпер на 157-м месцы з 180.

157-я з 180 — Беларусь у Індэксе свабоды прэсы-2023
Выява: «Рэпарцёры без межаў» (rsf.org)

Паводле Індэкса, стан свабоды прэсы ацэньваецца як «вельмі дрэнны» ў 31 краіне (Беларусь у гэтай катэгорыі), у 42 краінах — «складаныя умовы для журналістыкі», а яшчэ ў 55 — «праблематычная». У той жа час характарыстыку «добры» ці «даволі добры» стан атрымалі 52 краіны.

Умовы для журналістыкі лічацца дрэннымі ў сямі з дзесяці краін і здавальняючымі — толькі ў трох з дзесяці.

Выява: «Рэпарцёры без межаў» (rsf.org)

Сёмы год запар на першым месцы Індэкса застаецца Нарвегія. На другім і трэцім — Ірландыя і Данія, адпаведна. У пяцёрку краін з найлепшымі паказчыкамі таксама ўвайшлі Швецыя і Фінляндыя.

На заключных пазіцыях — В’етнам (178-е месца), які паспяхова закрыў сезон палявання на незалежных журналістаў і каментатараў, і Кітай (179-е месца), які з’яўляецца найбуйнейшай у свеце турмой для журналістаў і адным з вядучых экспарцёраў прапагандысцкага кантэнту. Апошняе месца ў Паўночнай Карэі.

Беларусь знаходзіцца ў чырвонай зоне, займаючы 157-е месца паміж Палестынай і Нікарагуа.

Выява: «Рэпарцёры без межаў» (rsf.org)

Расія ў рэйтынгу апусцілася адразу на дзевяць пазіцый і займае цяпер 164-е месца. «Рэпарцёры без межаў» звяртаюць увагу на тое, што ўмовы, якія склаліся, выгадныя для пашырэння прапаганды Расіі:

Масква ў рэкордныя тэрміны стварыла новы медыяарсенал для насаджэння крамлёўскага дыскурсу на акупаваных тэрыторыях Украіны, у той час як магутны ціск быў аказаны на незалежныя расейскія СМІ, якія былі забароненыя, заблакаваныя і/або абвешчаныя «замежнымі агентамі».

Арганізацыя падкрэслівае негатыўнае ўздзеянне вайны ва Украіне, якая дазволіла пачаць заключную аперацыю па зачыстцы расійскага медыяландшафту ў 2022 годзе. Пад уплыў трапляе і Беларусь:

Цень расійскай агрэсіі навісла над усім рэгіёнам, асабліва гэта прыкметна ў Беларусі, якая знаходзіцца пад кантролем Расіі.

У Індэксе-2023 падкрэсліваецца небяспека ўплыву індустрыі фікцый у лічбавай экасістэме на свабоду прэсы. У 118 краінах палітычныя дзеячы рэгулярна або сістэматычна ўцягнутыя ў маштабныя кампаніі дэзінфармацыі або прапаганды. Межы паміж сапраўдным і ілжывым, рэальным і штучным, фактам і артэфактам становяцца настолькі размытымі, што гэта ставіць пад пагрозу само права на інфармацыю. Беспрэцэдэнтныя маніпулятыўныя магчымасці выкарыстоўваюцца для яшчэ большага паслаблення тых, хто ўвасабляе сабой якасную журналістыку, адначасова з гэтым саслабляючы ўсю журналістыку ў цэлым.

Таксама трывогу выклікае хуткае развіццё генератыўнага штучнага інтэлекту, які скалынае і без таго неўстойлівы свет СМІ.

«Штучны інтэлект пераварвае кантэнт, каб выдаць кампіляцыі, што не вылучаюцца строгасцю і пэўнасцю»,

— гаворыцца ў Індэксе.

Падзяліцца:

Крыніца: БАЖ

4 мая 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня157-я з 180 — Беларусь у Індэксе свабоды прэсы-2023

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць