Як камунікаваць, каб выйсці з ценю імперыі. Па слядах Львоўскага медыяфоруму

У якой кінастужцы жывуць беларусы і які антыдот ад рускага міру? Падчас Lviv Media Forum 2024 наша каляжанка Аліна Рудзіна зафіксіравала яскравыя моманты. Пра выхад з ценю імперыі і пра ролю ў гэтым мовы і нацыянальнай ідэнтычнасці, пра расійскі ўплыў і падобны досвед розных краін – чытайце ў нашым тэксце. А пра тое, ці можна пераадолець спадчыну каланіялізму і колькі часу гэта зойме, можна пачытаць на MediaIQ. Увага: сайт  і сацсеткі Media IQ прызнаныя ў РБ «экстрэмісцкімі матэрыяламі».

Як камунікаваць, каб выйсці з ценю імперыі. Па слядах Львоўскага медыяфоруму
Фота: Львоўскі медыяфорум

Гэта серыя прэзентацый пад агульнай сакратаўскай тэмай – «Загавары, каб цябе было бачна» – прыцягнула маю ўвагу не толькі таму, што ў ёй прымаў удзел Франак Вячорка як беларускі прадстаўнік. Я пачула чатыры выступы прафесіяналаў з чатырох краін – Арменіі, Беларусі, ЗША, Украіны – якія распавялі і асабістыя гісторыі, і гісторыі сваіх краін у кантэксце барацьбы з імперыялізмам.

Кратко

  • Усё больш людзей абіраюць мову, якая ставіць чалавека ў цэнтр
  • Дзякуючы тэхналогіям, беларуская мова атрымала яшчэ адзін шанец
  • Мы мусім пачаць з дэкаланізацыі нашых уласных розумаў
  • Пра армію крэатыўных стваральнікаў мемаў

Усё больш людзей абіраюць мову, якая ставіць чалавека ў цэнтр

Першай выступала Лусінэ Харац’ян, пісьменніца і даследчыца з Арменіі. Яе даследаванні сканцэнтраваны на памяці, палітыцы, адукацыі дарослых, пытаннях прымірэння і вырашэння канфліктаў. Некалькі цытатаў:

–  Важна знайсці мову, якая дазволіць не толькі табе бачыць мяне, але якая таксама дазволіць мне самой бачыць сябе па-іншаму.

Я чалавек, які не верыць у гісторыю. Я чалавек, які верыць у персанальныя гісторыі ці, прынамсі, у магчымасці гісторый.

Для мяне лепшы спосаб зацямніць імперыю або выйсці з яе ценю – гэта перакрыць яе аднагалосы наратыў, упэўнена, сказаны з пазіцыі сілы, перакрыць яго шматгалоссем моў, пазіцый, наратываў, праз зрушэнне аднаго цэнтра, праз прызнанне існавання некалькіх цэнтраў.

Учора нас вазілі у Superhumans, цэнтр пратэзавання, рэканструктыўнай хірургіі і рэабілітацыі ахвяр вайны.

І тут я зразумела, што Украіна ўжо выйшла з ценю імпэрыі, бо ўжо размаўляе на іншай мове.

Тая імперыя, часткай якой многія з нас некалі былі, у нейкі момант проста адмовіла бы ў існаванні інвалідам вайны, якія псуюць карціну Перамогі. У СССР, пачынаючы з 1948 года, людзей, якія страцілі канечнасці падчас вайны, прымусова збіралі і змяшчалі ў так званыя інвалідныя дамы, далей ад буйных гарадоў, каб савецкія людзі-пераможцы не бачылі іх і з лёгкасцю славілі Вялікую Перамогу. Вось як тая імпэрыя вырашала гэтую праблему. Так што іначай ставіцца да людзей, забяспечваць ім годнае жыццё – гэта іншая мова, а не мова той імпэрыі, якую мы добра ведалі.

Лусінэ Харац’ян. Фота: Львоўскі медыяфорум

Імперскі дыскурс, з якім мы маем справу да гэтага часу, прадстаўляе нацыі і супольнасці, над якімі ён хоча дамінаваць і кантраляваць, як нацыяналістычныя, сепаратысцкія, і актыўна карыстаецца мовай АТА (антытэрарыстычнай аперацыі). Поўнамаштабнае ўварванне ва Украіну Расія апісвае гэтай мовай: нацыяналісты, заходнія агенты і г. д. Гэты словы ўжываюцца да нас, каб апраўдаць гвалт. Наратыў 19-га стагоддзя будзе актуальным, пакуль існуе гэта мова.

Мы жывем у час, калі мова супраціву гучыць мацней, чым мова тысячы лістоў. Гэта робіць вас бачнымі і наносіць вас на карту.

Доўгі цень імпэрыі хістаецца і змяншаецца, маргіналізуецца. Магчыма, гэта стане бачна не так хутка, бо мова, якую усё больш людзей абіраюць ва Украіне, у Грузіі ці ў Арменіі, будзе вызваляльнай. Гэта мова, якая ставіць чалавека, чалавечыя жыцці, чалавечую годнасць у цэнтр.  Чалавека, а не сістэму. Гэта мова зрушэння цэнтра, якая прызнае, што кожнае жыццё мае значэнне.

Дзякуючы тэхналогіям, беларуская мова атрымала яшчэ адзін шанец

Другім на сцэну выйшаў Франак Вячорка, беларускі дзеяч апазіцыі, журналіст, даследчык і медыяэксперт. Зараз ён уваходзіць у склад каманды Святланы Ціханоўскай.

–  Перш за ўсё, я хацеў бы моцна паапладзіраваць украінскім журналістам, якія натхняюць усіх нас, і якія разам з Узброенымі Сіламі Украіны з’яўляюцца рухаючай сілай барацьбы Украіны за свабоду. Барацьба Украіны за свабоду глыбока ўзаемазвязана з барацьбой Беларусі за сваю свабоду. І гэта пачалося даўно, таму што беларусаў натхняла яшчэ барацьба Украіны за свабоду супраць Савецкага Саюза. Потым рэвалюцыя годнасці 2014, якая стала іскрай для ўздыму нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў – калі мы ўбачылі, як украінцы бароняць сваю культуру, сваю гісторыю.

Барацьба Беларусі за свабоду складаная, але падобная на тое, што зараз праходзяць украінцы, армяне, грузіны, малдаване. У адрозненне ад Украіны, Беларусь значна даўжэй была тэрыторыяй расійскага панавання, з 18-га стагоддзя, і ў нас не было магчымасці адрадзіць або пабудаваць сваю нацыянальную ідэнтычнасць. Калі прыйшлі расійцы, яны адразу ўсё зруйнавалі, а цяпер пры Лукашэнку, які абслугоўвае Пуціна, працягваецца той самы працэс.

Уявіце сабе, 100 гадоў таму 90 % беларусаў размаўлялі на беларускай мове. Зараз гэта толькі 10 %.

Вядома, сітуацыя мяняецца. І гэта мяняецца не дзякуючы Лукашэнку, а перш за ўсё дзякуючы людзям, моладзі, якая вандруе, і дзякуючы тэхналогіям: Facebook, Instagram і нават TikTok. Яны дапамагалі нам у 2010 і 2015 гадах зноў фармаваць, развіваць і жывіць беларушчыну.

І толькі дзякуючы тэхналогіям беларуская мова атрымала яшчэ адзін шанец. І ў 2020 годзе быў пік гэтай новай хвалі нацыянальнага адраджэння.

Вы ўсе памятаеце вялікія пратэсты беларусаў. Па ўсёй краіне ў іх прынялі ўдзел каля 1,5 млн беларусаў. Не праз эканоміку, не праз нейкую моцную палітычную альтэрнатыву. Гэта было выклікана жаданнем людзей жыць у Еўропе, хоць людзі яшчэ не разумелі, што значыць гэты шлях да Еўропы. І ўкраінцы зараз паказваюць нам, які гэты шлях складаны.

Вы ведаеце гэты серыял Bunker (англ. Silo), які быў папулярны ў мінулым годзе, калі цэлая нацыя жыве пад зямлёй так доўга, што гэтыя людзі ўжо забыліся, чаму яны жывуць пад зямлёй. І тыя, хто там у кіраўніцтве, таксама не могуць патлумачыць. Але яны проста не могуць выйсці наверх у адкрыты свет, таму што, ведаеце, ёсць такая традыцыя. І калі мяняюцца пакаленні, гэтую традыцыю захоўваюць: мы пад зямлёй і павінны жыць тут.

Нешта падобнае адбываецца і з беларусамі. Фактычна ізаляваныя – палітычна, інфармацыйна, культурна – ад адкрытага і вольнага свету. Лукашэнка быў зацікаўлены ў тым, каб утрымаць нацыю ў гэтым бункеры. Таму людзі не ставяць пытанняў, чаму мы жывем у падполлі. Калі вы задаеце пытанні, вас караюць. І гэта нагадвае мне іншы фільм, магчыма, вы яго глядзелі – «Ленін, бывай». Гаворка там ідзе пра стварэнне паралельнай рэальнасці. Рэжым зразумеў, што для таго, каб людзі не задаваліся пытаннямі, хто яны, дзе яны, якая ў іх гісторыя, якая ў іх сапраўдная культура, ён – з дапамогай тэхналогій, прапаганды, СМІ, вядома, – стварае гэтую ленінскую рэальнасць, пачынаючы з дзіцячых садкоў, школ.

Ведаеце, у маёй школе і ва ўніверсітэце стрыжнем адукацыйнага працэсу была дзяржаўная ідэалогія, была гісторыя Вялікай Айчыннай вайны, Другой сусветнай вайны. Нас вучылі, што мы ёсць часткай гэтай «вялікай Расіі», а лішнія пытанні караліся.

І гэты падыход дамінаваў і працаваў, ён быў эфектыўным да 2010 года, калі, зноў жа, з’явіліся тэхналогіі. Калі рэвалюцыя ў 2020 не ўдалася, Лукашэнка цалкам знішчыў альтэрнатыўныя СМІ. У звычайных людзей ёсць доступ да Інтэрнэту, і гэта дае мне надзею, што, нягледзячы на ​​ўсе гэтыя рэпрэсіі, тэрор, гэтую масіраваную прапаганду, людзі ўсё ж знаходзяць спосаб займацца нейкай дзейнасцю.

Для беларускіх журналістаў гэта велічэзны выклік: калі ты не маеш доступу да крыніц інфармацыі, калі ты не можаш быць на месцы – як асвятляць падзеі?

Мы сутыкнуліся з праблемай рэарганізацыі медыя, якія былі вымушаныя адправіцца ў эміграцыю. І многія з тых звычайных людзей, хто быў проста падпісчыкам на YouTube, у Instagram, яны сталі журналістамі. Мы называем іх грамадзянскімі журналістамі ці нашай падпольнай выведкай. І гэтая выведка, у асноўным, дастаўляла СМІ навіны і інсайды. І гэтыя ўцечкі інфармацыі пра жыццё краіны ўнутры зараз становяцца нацыянальным відам спорту. І, з аднаго боку, у нас гэты рэпрэсіўны апарат і Лукашэнка, які атакуе захад, шантажуючы ядзернай зброяй. А з іншага боку, ёсць тысячы кантактаў і людзей унутры сістэмы, якія працуюць на сістэму, нават на КДБ і міліцыю, якія зліваюць інфармацыю журналістам, незалежным мэдыя, дэмакратычным сілам пра рэальную сітуацыю знутры.

Франак Вячорка. Фота: Львоўскі медыяфорум

… Гэта таксама дае мне надзею. Што тычыцца сітуацыі з ідэнтычнасцю, то мы бачым, як рэжым спрабуе раскалоць грамадства на дзве часткі. У прынцыпе, зараз мы знаходзімся ў сітуацыі, калі ёсць дзве Беларусі. Адна Беларусь – акупаваная, і гэта дэ-факта так. Так, фармальна гэта яшчэ незалежная краіна. Гэта нагадвае рэжым Вішы ў Францыі часоў Другой сусветнай вайны. Падобная сітуацыя з лукашэнкаўскай Беларуссю. І гэта Беларусь моцна, хутка, інтэнсіўна зрусіфікаваная на ўсіх этапах – у адукацыйнай, інфармацыйнай, культурнай прасторы.

Але ёсць іншая Беларусь, якая існуе віртуальна ў інфармацыйнай прасторы і ў выгнанні. І гэта Беларусь, на якую мы можам найбольш паўплываць. І мэта гэтай Беларусі – не проста знішчыць рэжым, які знаходзіцца ўнутры Беларусі, але і захаваць культуру і ідэнтычнасць. І мы зараз бачым, што ўсе гэтыя ініцыятывы, якія існавалі ўнутры краіны, папулярызуючы беларускую мову, культуру, яны цяпер у Польшчы, у Грузіі, ва Украіне, у Літве. Яны ствараюць школы, адкрываюць курсы беларускай мовы, спрабуючы захаваць беларускія традыцыі, нацыянальныя святы, усё тое, што немагчыма ўнутры краіны. І нашай мэтай ў будучыні, калі сітуацыя зменіцца, а яна абавязкова зменіцца, будзе прымірыць гэтыя дзве Беларусі. Бо беларусы моцна адрозніваюцца ад расійцаў. Мы бачым гэта нават у апытаннях пра стаўленне да вайны і аб’яднанне з Расіяй.

І Лукашэнка, і Пуцін таксама гэта разумеюць. Таму яны зацікаўлены ў тым, каб Беларусь заставалася шэрай буфернай зонай. Буферная зона, якая, па сутнасці, пасіўна падтрымлівае вайну, дапамагаючы Расіі боепрыпасамі, зброяй,  якая прадаставіла тэрыторыю для абстрэлаў і нападу на Украіну. Але з іншага боку, яны не спрабуюць закрануць гэтую глыбінную беларускасць, еўрапейскасць грамадства. Зараз мы, як дэмакратычныя сілы Беларусі, спрабуем працаваць унутры краіны, але толькі ў падполлі.

Посткаланіялізм і мова. Ці можна пераадолець спадчыну каланіялізму і колькі часу гэта зойме

І наша мэта зараз – каб беларусы ўнутры краіны зразумелі, якім можа быць іх жыццё, каб стварыць для іх правільны стымул змагацца. Таму што калі ты жывеш у поўнай ізаляцыі, у жаху, у атмасферы тэрору, як у сталінскія часы, то хочаш бачыць і разумець, за што ты пакутуеш. Мы спрабуем працаваць з еўрапейскімі краінамі, з Брусэлем, з Вашынгтонам, і паказаць, якія выгоды можа атрымаць Беларусь, калі яна стане незалежнай і свабоднай ад расейскага ўплыву. І вельмі важна тое, што зараз дэманструе Украіна – натхненне, адзінства, супрацьстаянне расійскай прапагандзе і расійскай агрэсіі. Другая наша мэта – натхніць рух супраціву ўнутры краіны. А тут, як я ўжо казаў, ёсць падпольная дзейнасць.

І трэцяя наша мэта – гэта ўзмацненне нацыянальнай ідэнтычнасці, таму што нацыянальная ідэнтычнасць з’яўляецца наймацнейшым антыдотам ад рускага міру. Няма патрэбы пераконваць украінцаў у тым, наколькі важная нацыянальная ідэнтычнасць, наколькі важная мова. Але тое, што мы павінны зрабіць, – мы павінны данесці гэта разуменне да людзей у краіне. І зараз, без моцных СМІ, без самаарганізаванага грамадства, зрабіць гэта вельмі цяжка.

Бачу крэатыўнасць нашых грамадзянскіх журналістаў, інтэлект нашых людзей і нашых кіберпартызан, я ўпэўнены, што гэта будзе магчыма.

Мы мусім пачаць з дэкаланізацыі нашых уласных розумаў

Трэцім спікерам стаў Тэрэл Стар, амерыканскі журналіст і міжнародны аглядальнік, які «будуе масты паміж украінскім і амерыканскім наратывамі».

– Я пачаў сваё падарожжа ва Украіну з Расіі, дзе працаваў валанцёрам у дзіцячым доме. Так, я ведаю, што я пачаў сваё падарожжа ва Украіну з пекла, прабачце мяне. І вось тады я пачаў сапраўды разумець расійскі каланіялізм і тое, як ён прымяняўся, і стаў праводзіць паралелі са сваім жыццём.

Калі я паехаў у Грузію… З пункту гледжання амерыканцаў, грузіны – белыя людзі, а мне было 23 гады, і я быў адзіным цемнаскурым у сваёй групе. І я заўважыў, што грузіны адчулі да мяне прыязнасць, і я не зусім разумеў прычыну. Я спрабаваў высветліць гэта, і яны сказалі: «Ну, ведаеш Тэрэл, калі мы едзем у Расію, яны называюць нас чорнымі».

Тэрэл Стар. Фота: Львоўскі медыяфорум

Я сапраўды пачаў разумець ролю Расіі ў Грузіі як каланіяльнай дзяржавы. Я хацеў даведацца больш пра краіны, якія былі каланізаваныя Расіяй, таму што многія з маіх равеснікаў хацелі стаць экспертамі па менавіта Расіі, а я хацеў зразумець людзей, якія рэзаніравалі са мной.

Я лічу, што калі мы хочам гаварыць аб дэкаланізацыі свету, мы мусім пачаць з дэкаланізацыі нашых уласных розумаў.

Што азначае, што, каб зразумець іншых, і калі мы самі хочам, каб нас зразумелі, мы павінны разгледзець нашы ўласныя стэрэатыпы і ўласныя памылковыя ўяўленні. Мне спатрэбіўся час, каб па-сапраўднаму зразумець, што гэтыя людзі, якія ў Амерыцы будуць белымі, маюць нейкую форму салідарнасці са мной. Але гэта быў вельмі асабісты досвед.

Такім чынам, калі я распавядаю пра Украіну, я абмяркоўваю тое, што нас збліжае, і расказваю гісторыі. І чым больш мы будзем распавядаць адно аднаму гісторый і размаўляць пра ўласную барацьбу, тым мацнейшымі і ўзаемазвязанымі мы будзем.

Пра армію крэатыўных стваральнікаў мемаў

Завяршала выступы Вольга Такарук, стыпендыятка Chatham House Open Society University network academy, якая распавяла, як украінцы выкарыстоўваюць гумар як інструмент супраціву, як інструмент яднання і барацьбы з расійскім імперыялізмам. Гэтая частка была збольшага візуальная, з прыкладамі, якія, насамрэч, знаёмы кожнаму, хто хоць у нейкай ступені сачыў за ходам вайны ва Украіне пасля лютага 2022 года.

Армія крэатыўных стваральнікаў мемаў аператыўна рэагуе і высмейвае расійскую прапаганду дзяржаўных СМІ, заявы расійскіх дзяржаўных чыноўнікаў, і проста прыцягвае ўвагу да ўсёй абсурднасці наратываў, якія Расія выкарыстоўвае, каб апраўдаць гэтую вайну.

Гумар дапамагае вытрымліваць штодзённыя цяжкасці і ставіць пад сумнеў расійскія імперыялістычныя наратывы, расійскі погляд на ўкраінскую гісторыю, падкрэсліваючы абсурднасць расійскай імперыялістычнай ідэалогіі.

Усе прэзентацыі ў арыгінале можна паглядзець па спасылцы.

Тэкст падрыхтаваны ў межах медыяпартнёрства Press Club Belarus і X LMF. З 2013 года LMF з’яўляецца найбуйнейшай медыяканферэнцыяй  ва Усходняй і Цэнтральнай Еўропе. Падзею праводзіць ГА «Львоўскі медыяфорум». Больш чытайце тут.

Падзяліцца:

Аліна Рудзіна, для Прэс-клуба Беларусь

12 чэрвеня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк камунікаваць, каб выйсці з ценю імперыі. Па слядах Львоўскага медыяфоруму

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць