Вольга Івашына: За кратамі Дзяніс перажыў асабістую сустрэчу з Богам

Сістэма намагаецца зрабіць усё, каб задушыць апошнюю надзею ў нязгодных. Прыклад журналіста «Новага Часу» і палітвязня Дзяніса Івашына, які ўжо сёмы месяц за кратамі па падазрэнні ва «ўмяшанні ў дзейнасць супрацоўніка ўнутраных спраў», — адно з найяскравых таму пацверджанняў.

Крыніца – «Новы Час»

Вольга Івашына: За кратамі Дзяніс перажыў асабістую сустрэчу з Богам

Яму зладзілі інфармацыйную блакаду — амаль не прапускаюць лістоў нават ад родных, а яшчэ выставілі новае таямнічае абвінавачанне. Але гэта не толькі не ламае Дзяніса і яго родных, а наадварот, матывуе на яшчэ больш актыўнае супрацьстаянне.

«Цяпер змаганне з несправядлівасцю стала асабістым»

Нам пашчасціла сустрэцца з Вольгай Івашынай, жонкай палітвязня, у Горадні акурат у той дзень, калі да Дзяніса змог трапіць адвакат. Праз яго стала вядома, што наш калега просіць перадаць прадукты: масла, сыр, батон, нешта з хатняй ежы — бо турэмнае харчаванне складана назваць добрым.

Найбольшыя маральныя пакуты Дзяніс адчувае ад таго, што не можа бачыць бацькоў і жонку. Фізічна наш калега адчувае сябе больш-менш добра, здароўе пасля сардэчнага прыступу, які здарыўся ўлетку, стабілізавалася. Адзінае, калі пахаладала, вязень меў абмежаваную колькасць адзення. Справа ў тым, што родныя не могуць аператыўна атрымліваць ад Дзяніса інфармацыю аб тым, што яму патрэбна, бо лісты не даходзяць, а адвакат наведвае яго не так часта. Апошнія лісты, якія журналіст дасылаў родным, чамусьці ўвогуле вярнуліся яму назад, і прычыны, вядома, ніхто не патлумачыў. «Будзем далей змагацца», — з усмешкай адказвае на гэта жонка Дзяніса Вольга.

Яна ўвогуле вельмі ўсмешлівая. Пры размове з Вольгай Івашынай ствараецца ўражанне, нібыта яна — мудрая і цярплівая настаўніца, якая ведае ўсе хітрыкі шкадлівых вучняў і не сумняваецца ў тым, што дасць ім рады і паставіць хуліганаў на месца.

Адзін з прыёмаў «хуліганаў» — стварыць для Дзяніса інфармацыйную блакаду. Да яго не даходзяць лісты не толькі ад сяброў ці ўвогуле незнаёмых людзей — нават весткі ад сваякоў прабіваюцца вельмі рэдка.

— Але паколькі гэта адбываецца ўжо працяглы час, былі розныя эмацыйныя станы і думкі, — прызнаецца Вольга Івашына. — Я стараюся проста рабіць тое, што магу і што ад мяне залежыць, а астатняе пакідаць Богу.

Аказалася, што можа жанчына нямала: завальваць зваротамі і скаргамі ўсемагчымыя інстанцыі, вырашаць справы мужа, мець дачыненні з адвакатам, камунікаваць з журналістамі, а яшчэ штодня публікаваць навіны пра Дзяніса на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

— Я не чакаю нейкай іншай рэакцыі ад «органаў», акрамя адпісак, але, сапраўды, раблю, што магу, а ўсё астатняе — на іх сумленні, — даводзіць Вольга. — Я разумею, што гэта таксама людзі — на жаль, ёсць і такія. Але я таксама бачу, што яны проста адмаўляюць сабе ў чалавечнасці, яны хочуць быць робатамі. Ёсць і тыя, каму падабаецца роля вяршыцеляў лёсаў, якія хочуць усіх пакараць, «не аддаць любімую», «выратаваць Радзіму».

Жонка палітвязня прызнаецца: сітуацыя, якая адбываецца ў краіне агулам і ў яе сям’і ў прыватнасці яе ў нейкім сэнсе «радыкалізавала». 

— Калі да гэтага часу змаганне з сістэмай і несправядлівасцю было, так бы мовіць, натуральным як для грамадзяніна і хрысціяніна, то цяпер яно стала асабістым. Гэтая непрымірымасць была і раней, але цяпер гэта яшчэ і перакананне, што я ніколі з тым не згаджуся і буду змагацца. Ні інфармацыйная блакада, ні адпіскі мяне не спыняюць, я буду працягваць рабіць усё, што магу.

Невыпадковыя «выпадковасці»

Даволі сімвалічна, што іх гісторыя пачалася з рэпрэсій. 

— У 2014 годзе я распаўсюджвала ўлёткі на падтрымку Украіны і за вяртанне Крыма. Мяне затрымалі. Дзяніс даведаўся пра гэта са СМІ і моцна здзівіўся, бо ведаў усіх актывістаў у Горадні, а тут нейкая незнаёмая, як ён потым казаў, прывабная дзяўчына

Справа ў тым, што Вольга прыехала ў Горадню з Наваполацка. І шлях яе ляжаў праз вучобу ў Гомелі і працу на мытні.

— Я вучылася на эканамічным факультэце, а эканамістаў вельмі шмат. Нам адразу сказалі: шукайце сабе працу самі, бо паедзеце па размеркаванні ў Брагін, Хойнікі ці Нароўлю. Знаёмстваў ніякіх у мяне не было. Але на пятым курсе да нас прыйшлі прадстаўнікі гомельскай мытні, якія набіралі на працу людзей — трэба было прайсці тэст і медыцынскую камісію. Я падумала: што мне губляць? Усё роўна з маім здароўем не прайду. 

Але іронія лёсу — Вольга прайшла. Праўда, паколькі жытла ў Гомелі ў яе не было, ёй прапанавалі на выбар паехаць у Берасце або Горадню. Так, выбраўшы проста месца для адпрацоўкі размеркавання, дзяўчына, як аказалася, выбрала свой лёс.

Першае знаёмства з рэпрэсіўнай сістэмай для Вольгі адбылося ў 2011 годзе, калі падчас працы яны з калегамі былі заблакаваныя на пасту «Брузгі» кіроўцамі падчас пратэсту супраць абмежавання вывазу паліва. Нягледзячы на тое, што давялося затрымацца звыш працоўнага часу, яна маральна была на баку пратэстоўцаў, хоць у выніку з той барацьбы мала што атрымалася: праз колькі гадзінаў іх разагнаў і часткова затрымаў АМАП.

Вольга была адзінай беларускамоўнай мытніцай на «Брузгах». Хаця вырасла ў досыць русіфікаваным Наваполацку, і руская мова была ёй бліжэйшая, чым беларуская. Па-сапраўднаму беларускасцю яна зацікавілася падчас вучобы ў Гомелі, калі пачула ад выкладчыка беларускай мовы верш Сяргея Грахоўскага «Ветразь», дзе не было ніводнага слова, сугучнага з рускім. На пятым курсе паспрабавала перайсці на беларускую, але пратрымалася тыдзень. Калі пачала працаваць на мытні, спачатку таксама карысталася рускай мовай, але прысягу прымала па-беларуску, і ад гэтага дня нават у працы пачала размаўляць на беларускай.

— Палякі нармальна рэагавалі, а беларусы спачатку насцярожана, але потым прывыклі, — усміхаецца Вольга. — Я была жорсткім мытнікам. Цяпер вучуся разам з кабетай, якую калісьці павярнула назад, бо не магла прапусціць яе паводле правілаў. Яна мяне запомніла, але зла не трымае.
 

«І цяпер страшна, але па-іншаму — ніяк»

Пасля гісторыі з затрыманнем Дзяніс знайшоў Вольгу ў сацсетках, даслаў запыт на сяброўства. Яны дамовіліся сустрэцца на курсах «Мова Нанова». Тая сустрэча адбылася роўна сем гадоў таму — 29 верасня 2014 года. 

— З гэтага ўсё і пачалося, — усміхаецца Вольга. — Ён быў на так званым судзілішчы нада мной, падтрымліваў. Мне тады далі штраф.

Калі пытаюся, чым яе прывабіў Дзяніс, яна крыху губляецца:

— Калі сапраўднае каханне, ты не можаш сказаць, за што кахаеш. Гэта незвычайнае ўражанне адпачатку. Дарэчы, я яго бачыла раней, пасля таго, як ён прыехаў з Майдана, тады зацікавілася, але нават не спрабавала пазнаёміцца. А калі ўжо сустрэліся, зразумела: мне сюды, гэта маё. 

Аказалася, што крыху летуценны і крыштальна шчыры Дзяніс вельмі гаспадарлівы і ўважлівы ў побыце. Але калі працуе над чарговым расследаваннем, можа не звяртаць увагу ні на што навокал.

 Вам калі-небудзь было за яго страшна? — пытаюся ў Вольгі, маючы на ўвазе тэмы, якія закранае Дзяніс у сваіх расследаваннях.

 Так, канешне. І цяпер страшна, пасля гісторыі з Вітольдам Ашуркам, — прызнаецца яна. — Але па-іншаму — ніяк, хтосьці павінен гэтым займацца.

Вольга дадае: ніколі не спрабавала паўплываць на мужа, не прасіла яго быць асцярожным, бо сама па натуры такая ж. Усміхаецца: «Мы адзін аднаго знайшлі».

«Тое, што адбылося, павінна было адбыцца»

Суседзі распавядалі, што яшчэ ў верасні мінулага года па пад’ездзе, дзе жыве Дзяніс Івашын, пачалі хадзіць невядомыя людзі, якія прадстаўляліся супрацоўнікамі Следчага камітэта. 

— Запытваліся пра нашу сям’ю, чым жывем, чамусьці іх вельмі цікавіла, ці ёсць у нас машына. Але нам не было чаго хаваць, і зараз няма чаго, таму ніякіх дадатковых захадаў бяспекі не прымалі.

І хоць гэта насцярожвала, і магчымасць з’ехаць у бяспечнае месца ў журналіста была, але ён тады даглядаў за бабуляй, і ў прынцыпе не збіраўся з’язджаць са сваёй роднай зямлі, пакідаць бацькоў.

— Але зараз ён усё роўна не можа ім дапамагаць…

— Так, але ёсць я, цяпер я дапамагаю, — спакойна адказвае Вольга.

Яна ўзгадвае, што хоць усведамлялі, што да іх могуць прыйсці, гэта ўсё роўна аказалася нечаканым. 

— Калі да нас прыйшлі з ператрусам, супрацоўнікі КДБ казалі, што ніхто Дзяніса трымаць не будзе, яго выпусцяць. Мы асабліва не верылі — але раптам? Ніякіх планаў на гэты выпадак не рыхтавалі, проста спадзяваліся на цуд, што нас гэта абміне

Вольга не ўспрымае зняволенне мужа як трагічную падзею і перакананая, што гэтая сітуацыя толькі ўмацоўвае іх каханне ды іх саміх.

— Дзяніса зняволенне адназначна змяніла. Наколькі я магу разумець з той інфармацыі, якую мы атрымліваем, за кратамі ён перажыў навяртанне, такую асабістую сустрэчу з Богам. Я не ведаю, як гэта было, даведаемся хіба ад яго самога, калі вызвалім. Думаю, на яго паўплываў ліст святара, які да яго дайшоў, і агулам уся гэтая сітуацыя, калі ён не можа нічога зрабіць

Сама Вольга гаворыць, што таксама адчувае ў сабе ўнутраныя змены.

— Найперш — тое, што я яшчэ больш кахаю яго. Калі б Дзяніс з’ехаў, я не думаю, што гэта б дапамагло нам. Тое, што адбылося, павінна было адбыцца. Гледзячы на тое, як ён усё гэта перажывае, я адчуваю, што яно было патрэбна.

«Дзяніса трымаюць у закладніках»

Нядаўна стала вядома, што нашаму калегу выставілі яшчэ адно абвінавачанне, бо ён не выйшаў на волю пасля шасці месяцаў утрымання пад вартай. Праўда, якое — застаецца таямніцай, якую не ведаюць нават родныя. 

— Мне прыйшоў адказ з КДБ, я запытвалася, чаму майго мужа больш за паўгода трымаюць пад вартай. Адказ абсалютна ніякі, там нічога няма, акрамя таго, што яму высунулі новае абвінавачанне — «асабліва цяжкае», — гаворыць Вольга.

Пасля гэтага новага абвінавачання Дзяніса Івашына аднойчы вадзілі на допыт, але ён адмовіўся размаўляць. Як адмовіўся і адказваць на «ліст шчасця» ад Васкрасенскага з прапановай напісаць прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі.

— Паводле таго, што яны так хаваюць выстаўленае супраць Дзяніса абвінавачанне, я не ведаю, што і думаць. Гэта дзіўна, бо калі яны так упэўненыя ў сваёй пазіцыі і пры сустрэчах з бацькамі кажуць, што ўсе доказы сабраныя — давайце, што хаваць? Але Дзяніса трымаюць у закладніках, гэта проста здзек.

«Калі ты ў паняверцы, адбываюцца цуды»

Першыя некалькі месяцаў пасля арышту, гаворыць Вольга, яна фактычна цалкам займалася справамі мужа — перадачы, заявы, скаргі, лісты, адвакаты, побытавыя пытанні…

— Цяпер спрабую шукаць крыніцы для іншых эмоцыяў, займацца іншымі справамі, каб зусім не звар’яцець. Нядаўна распачаўся новы навучальны год у Катэхітычным каледжы, дзе я заканчваю навучанне, — гаворыць жанчына.

Гродзенскі Катэхітычны каледж размяшчаецца на адным лапіку паміж фарным касцёлам і турмой, дзе ўтрымліваюць Дзяніса Івашына. Такім чынам, нават спрабуючы адасобіцца ад справаў мужа, фізічна Вольга ўсё адно знаходзіцца побач з ім.

Апроч вучобы Вользе дапамагаюць трымацца сябры, часам удаецца выбрацца ў вандроўкі па Беларусі. Але жыццё віруе так, што нярэдка на сон застаецца тры гадзіны. 

— Мне дапамагаюць стасункі з іншымі людзьмі, іх пазітыўныя эмоцыі, стан шчасця, які я магу бачыць — тады я магу парадавацца за іх.

Жанчына перакананая, што супраціўляцца злу можна, нават калі здаецца, што гэта не дае плёну. 

— Калі ў сакавіку супрацоўнікі КДБ ад нас сыходзілі, яны сказалі, што шум лепш не ўздымаць, бо будзе толькі горш. Для мяне гэта сігнал, што трэба рабіць наадварот, бо гэтай структуры я не веру. Адзінае, чаго яны баяцца, — гэта агалоскі. І нават калі гэта мала на што цяпер уплывае, але дакладна ламае іх планы. Як Пазьняк казаў — трэба хаця б у нечым супрацьстаяць. Такая мая пазіцыя

Ёсць у Вольгі і спосаб змагання з уласным страхам.

— Страх у любым выпадку будзе, але мы можам не паддавацца яму. Разумець, што так, я баюся, але рацыяналізаваць яго і намагацца вывесці ў пазітыўна-карыснае рэчышча. Я баюся, значыць, мне штосьці трэба рабіць — ці сябе падтрымаць, ці дапамагчы вязню

Жонка палітвязня прызнаецца, што не ўяўляе той дзень, калі Дзяніс выйдзе на волю. Яна не малюе сабе ніякіх фантазій, а дзейнічае, сыходзячы з таго, што ёсць, бо жыць у ілюзіях — шкодна.

Затое Дзяніс у лістах, якія даходзяць да Вольгі, дзеліцца сваімі планамі пасля вызвалення, напрыклад, ён хоча павандраваць па Беларусі і замежжы.

— Маё крэда — што самая цёмная ночка бывае перад заранкай. Цяпер здаецца, што ўсё заняпала, пануе толькі страх і цемрадзь, але з майго жыццёвага досведу — калі ты ў поўнай паняверцы, адбываюцца нейкія цуды. Гэта робіцца для таго, каб мы спадзяваліся не на сябе, а на Бога

А яшчэ ў гэтыя нялёгкія часы Вольга і Дзяніс стараюцца не губляць духоўнай сувязі адно з адным, і нават на адлегласці ім удаецца паразумецца.

— Я ведаю дакладна, што Дзяніс быў шчаслівы, калі атрымаў адну з першых бандэроляў ад мяне — нейкім цудам я паклала туды менавіта тое, чаго б яму хацелася. А яшчэ цяпер мы выбралі сабе супольную малітву і ў пэўны час мы молімся разам з ім.


Адрас 

Хоць лісты да Дзяніса Івашына даходзяць кепска, але час ад часу нешта прабіваецца.

Лістуйце яму на адрас: Івашыну Дзянісу Яўгенавічу, турма №1, вул. Кірава 1, Гродна, 230023.

Таксама журналіста можна падтрымаць шэрагам іншых спосабаў: даслаць тэлеграму ці грашовы перавод, падпісаць на друкаваныя выданні (але гэты момант Вольга просіць узгадняць з ёй, каб не было паўтораў). 

Рэквізіты для грашовага перавода Дзянісу Івашыну:

Турма № 1, Гродна

УНП: 590003691

BIC: BAPBBY2X

Каб падтрымаць сям’ю палітвязня, можна зрабіць перавод на картку маці журналіста Людмілы Івашынай: 

БПС-СБЕРБАНК: 5435 5311 6677 1004

LIUDMILA IVASHINA-DOBINA

08/23

Крыніца – «Новы Час»

Фота з архіва Вольгі Івашынай

Падзяліцца:

3 кастрычніка 2021 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняВольга Івашына: За кратамі Дзяніс перажыў асабістую сустрэчу з Богам

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць