Новыя выклікі для беларускай журналістыкі. Як выжыць? Тэзісы з канферэнцыі Media and War

Што адбываецца ў Беларусі? Як справы ў беларускіх незалежных медыя? Ці ўплываюць яны на парадак дня ў сваёй краіне? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас дыскусіі ў польскім Жэшуве ў межах міжнароднай канферэнцыі Media and War, арганізаванай медыйным праектам Mixer.

Новыя выклікі для беларускай журналістыкі. Як выжыць? Тэзісы з канферэнцыі Media and War

Канферэнцыя Media and War сабрала прадстаўнікоў 15 краін. Спецыялісты з розных галін медыя, тэхналагічных карпарацый і фондаў цягам двух дзён абмяркоўвалі, як вайна ва Украіне паўплывала на медыйную прастору ў рэгіёне і свеце. У беларускай панэлі прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай медыясферы і незалежныя журналісты, удзельніца ініцыятывы Wolna Białoruś, мясцовая каардынатарка праграмы Free Press for Eastern Europe Эдыта Іванюк. Мадэраваў сустрэчу Анджэй Мікалаеўскі – трэнер, кансультант, актывіст і прадпрымальнік.

Прэс-клуб сабраў асноўнае.

Што адбываецца з беларускімі незалежнымі медыя?

Анджэй Мікалаеўскі пачаў панэль з таго, што Беларусь ідзе праз ненармальнае кола падзей за апошнія тры гады. Абыякавае стаўленне ўлады да пандэміі выявіла ролю незалежных медыя, вымусіла іх шукаць і верыфікаваць інфармацыю. Потым – фальсіфікацыя выбараў у 2020 і масавыя пратэсты, якія былі падтрыманы ва ўсім свеце. Цяпер ландшафт незалежных медыя татальна знішчаны, некамерцыйныя арганізацыі амаль цалкам спынілі сваю дзейнасць, і сённяшняя сітуацыя нашмат страшнейшая. Сёння за кратамі знаходзяцца больш за 30 журналістаў. А тыя, хто на волі, зараз ці ў выгнанні, ці дзейнічаюць у падполлі.

Згодна з індэксам свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь зараз на 153 месцы са 180 магчымых у свеце. Не вельмі прыязная ці ветлівая краіна для працы журналістаў.

Нашы незалежныя медыйшчыкі слушна заўважылі, што калі ўкраінскі ўрад ваюе за сваіх грамадзян, то беларускі – супраць. Пасля падзей 2020 года беларускія ўлады паставілі мэту знішчыць незалежныя медыя. Зараз каля 400 журналістаў пакінулі Беларусь і жывуць у іншых краінах: Польшчы, Украіне, Літве, Грузіі, Германіі. У гэты момант 32 супрацоўніка медыя знаходзяцца за кратамі. Іх вінавацяць за працу. А калі некаторыя людзі жадаюць супрацоўнічаць з незалежнымі медыя і застаюцца ў Беларусі, то гэта – прамы шлях за краты.

Эдыта Іванюк дадала, што часам медыя пасля рэлакацыі мяняюць свае назвы, як незалежныя выданні TUT.BY, БелаПАН ці іншыя.

Крыміналізацыя прафесіі журналіста

Анджэй Мікалаеўскі звярнуў увагу, што беларуская дзяржава інвестуе ў падкантрольныя рэжыму СМІ, якія вельмі актыўныя ў інтэрнэце. Іх голас узмацніўся, яны бачныя. Эксперт кажа, што доступ да незалежных навін значна лімітаваны ў Беларусі. А з большага навіны пастаўляюцца тымі медыя, якія працуюць у выгнанні.

Анджэй Мікалаеўскі. Фота: Прэс-клуб Беларусь

Тое, што праца журналіста ў Беларусі цяпер фактычна крыміналізавана, а рэпрэсіі не спыняюцца, кажуць і беларусы. Яны прывялі прыклады затрымання журналістаў і агучаныя для гэтага падставы. Беларускія незалежныя медыя павінны быць вельмі дакладнымі, таму што ў краіне шмат закладнікаў: калегі за кратамі і калегі ўнутры Беларусі, тыя, хто пад рызыкай пераследу кожны момант.

Пры гэтым, паводле рэжыму, крымінальным з’яўляецца не толькі медыявытворчасць, але і спажыванне прадуктаў медыя. Людзі, якія проста дасылаюць паведамленне іншым, дзе ёсць спасылка на медыя, прызнанае экстрэмісцкім, атрымліваюць тэрміны зняволення. У шмат якіх краінах такія ўмовы ўтрымання, якія ўжываюць у Беларусі, лічацца катаваннямі.

Медыя і аўдыторыя

У якой сітуацыі знаходзяцца журналісты, якія з’ехалі з краіны? Як незалежныя медыя дасягаюць сваёй аўдыторыі? Як збіраюць сваю інфармацыю? Якія перспектывы? Такімі пытаннямі задаецца Анджэй Мікалаеўскі. Шмат хто думаў, што сітуацыя ў Беларусі часовая, рэжым Лукашэнкі хутка абваліцца. І відавочна, з пачаткам вайны, гэта здарыцца хутчэй ці пазней, калі Расія праваліцца ўрэшце. Але ў моманце гэта  сітуацыя падаецца падобнай да сітуацыі ў Польшчы ў 1982-1983 гадах, падчас ваеннага стану. Палякі чакалі больш за 8 гадоў да сапраўднай незалежнасці.

Для разумення кантэксту замежнымі журналістамі, беларускія медыйшчыкі патлумачылі, што сёння немагчыма зрабіць рэпартаж, прайсціся з мікрафонам па вуліцах у Беларусі і здымаць людзей і пытаць іх, што адбываецца. Тым не менш, праца журналістаў у выгнанні працягваецца. Але агучваць падрабязнасці небяспечна.

Беларускія журналісты сутыкнуліся з такой праблемай як абарона сваіх крыніц. Таму што людзей, якія, напрыклад, дасылаюць фота, як едзе расейская вайсковая тэхніка праз Беларусь, могуць затрымаць і абвінаваціць па крымінальным артыкуле. І ці абаронена крыніца, калі яна дае каментар медыя без экстрэмісцкага статусу, а гэты каментар пасля передрукоўвае «экстрэмісцкае» медыя?

Крыніцы жадаюць быць ананімнымі, і гэта ўздымае іншую праблему – верыфікацыя інфармацыі. У выніку беларуская медыяпрастора існуе ва ўмовах, калі аўтары і героі артыкулаў, эксперты – ананімы.

Фінансаванне беларускіх медыя і будучыня

Анджэй Мікалаеўскі прызнаецца, што па-за панэллю абмяркоўваў пытанніі аб фінансаванні медыя, і гэта дастаткова сенсітыўнае пытанне з прычын бяспекі. Але сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, можа не быць часовай і можа цягнуцца гадамі. І якое ў гэтым выпадку бачанне незалежных медыя ў будучыні? Як яны жадаюць развівацца?

«Недахоп устойлівасці – гэта вялікі выклік», – адзначыла Эдыта Іванюк. Паводле яе, калі не будзе фінансавання беларускіх журналістаў, беларускіх праектаў, не будзе і будучыні.

Паводле Мікалаеўскага, гэта званочак да прадстаўнікоў донарскіх арганізацый і фондаў. Ён заклікаў іх не забывацца на Беларусь, бо не будзе незалежнай Украіны без незалежнай Беларусі і наадварот.

Але перад тым, як казаць пра будучыню, трэба падкрэсліць, што беларускія незалежныя медыя выжылі і гэта вельмі вялікі крок.

Існуе праблема новых кадраў, але яна – агульная для ўсіх медыя. Беларускія медыя не могуць прывабіць людзей вялікімі заробкамі. Аднак можна звярнуць увагу на беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой і кіруюцца пэўнымі каштоўнасцямі. Разам з тым быць беларускім журналістам – гэта прэстыжна.

Ці гатовыя беларускія журналісты і рэдакцыі правесці наступныя пяць-дзесяць гадоў у выгнанні, захоўваючыся ў прафесіі?

Напачатку здавалася, што гэта не прадоўжыцца доўга. Але зараз беларускім медыя трэба прыстасавацца да нявызначанасці. А яшчэ прыглядацца да кейсаў працы сірыйскіх ці афганскіх журналістаў у выгнанні. Сітуацыя, канешне, можа змяніцца, і да гэтага неабходна рыхтавацца. Адна з важных задач на сёння  –  захаваць рэдакцыі і захаваць людзей у прафесіі.

Беларусскія праекты, якія натхняюць

Да 2020 года Эдыта Іванюк працавала ў Gazeta Wyborcza. Яна прызналася, што ў тыя часы яна глядзела з захапленнем і зайздрасцю на KYKY і 34mag – як на крутыя, свежыя і інавацыйныя праекты. Беларусь вядома сваімі тэхнічнымі спецыялістамі, людзьмі, якія ствараюць вэб-сайты, дызайнерамі. Шмат хто з іх зараз ў Польшчы, Грузіі, Германіі. І гэта можа быць добрай магчымасцю для абмену досведам, экспертызай у шматлікіх накірунках. Усё гэта – добрая нагода рабіць новыя цудоўныя медыя лепей, чым раней.

Эдыта Іванюк. Фота: Прэс-клуб Беларусь

Паўстае праблема рэбрэндзінгу. TUT.BY шмат працаваў над брэндам і зараз каманда павінна быць нечым іншым. Іванюк лічыць, што калі не будзе падтрымкі такіх медыя, калі яны вымушаныя зрабіць рэбрэндзінг і змяняць праекты з-за донараў – гэта вялікая праблема.

Беларускія медыя і вайна ва Украіне

У адрас беларускіх медыя нярэдка ідуць папрокі, што беларускія журналісты не працуюць ва Украіне. Адказ просты: ўкраінскія улады бачаць пагрозу з боку беларусаў як грамадзян краіны, якую называюць суагрэсарам. Гэта дадае шмат складанасцяў для працы з украінскага боку. Але разам з тым ёсць фрылансеры, якія пішуць артыкулы для беларускіх незалежных медыя, і сустракаюцца з праблемамі легалізацыі ва Украіне.

Сярод тых, хто чытае незалежныя медыя, не шмат прыхільнікаў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта вельмі істотна. Згодна з сацыялагічным апытаннем, людзі, якія чытаюць незалежныя медыя, падтрымліваюць Украіну. І з іншага боку, людзі, якія спажываюць дзяржаўныя медыя, расійскія медыя, – больш падтрымліваюць Расію.

Беларускія незалежныя медыя сфакусаваны на разбіццё крэмлёўскіх наратываў. Так, некаторыя не маюць рэпарцёраў унутры Украіны, але ва ўмовах рэлакацыі медыя ўскрываюць расійскую прапаганду.

Эдыта Іванюк паказала слайд з вынікамі даследавання, якое яе арганізацыя рабіла сярод шасці краін: Балгарыі, Чэхіі, Вергрыі, Польшчы Румыніі і Славеніі. Спецыялісты пыталі ў людзей, ці павінны грамадзяне Беларусі несці адказнасць за тое, што робяць іх улады? Рэспандэнты ў асноўным лічаць, што грамадзяне Беларусі адказныя за дзейнасць сваёй улады, за тое, што робіцца ў Беларусі. Магчыма, такія дадзеныя атрымаліся з-за недахопу інфармацыі. Людзі ў Еўропе недастаткова ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі з незалежнымі медыя, і што журналісты за кратамі.

Што можна зрабіць?

Беларускім незалежным медыя патрэбны доўгатэрміновыя праграмы падтрымкі.

Патрэбна падтрымка глабальных тэхнічных праграм у анлайне. Незалежныя медыя ў Беларусі заблакаваныя. Калі яны спрабуюць рэкламаваць у Facebook нейкія навіны ў Беларусі, то вымушаныя выкарыстоўваць спецыяльны лінк, які вядзе не на сайт. І гэтая спасылка паніжаецца ў рэйтынгу Facebook аўтаматычна. Але такая сітуацыя не толькі з гэтай сацыяльнай сеткай. Бігтэху трэба патлумачыць сітуацыю з доступам да беларускіх незалежных медыя.

Медыя патрэбна журналісцкая салідарнасць у любым выглядзе.

Будзе добра, калі калегі з Украіны будуць пісаць пра Беларусь без жартаў. Часам ва ўкраінскіх СМІ можна пабачыць пра «картопельнага пюрэра». Але гэта не смешна, таму што Лукашэнка – гэта не жарт. Ён мае моц, ГУБАЗіК, міліцыю, узброеныя сілы, якія вядуць барацьбу з беларускім грамадствам.

Запісана і перакладзена Прэс-клубам Беларусь

Фота на вокладцы: mixer.media


Умовы перадруку

Мы дазваляем поўны ці частковы перадрук нашых матэрыялаў.

Абавязкова актыўная прамая гіперспасылка на старонку-арыгінал публікацыі. Гэта спасылка павінна размяшчацца ў пачатку перадрукаванага матэрыялу, у лідзе ці ў першым абзацы.

Пры перадруку, поўным або частковым, забаронены любыя змены тэкстаў, загалоўкаў, фатаграфій (калі яны аўтарскія).

Падзяліцца:

8 снежня 2022 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняНовыя выклікі для беларускай журналістыкі. Як выжыць? Тэзісы з канферэнцыі Media and War

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць