Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Адкуль палякі даведваюцца пра навіны і ці праўда, што шмат людзей дагэтуль чытаюць друкаваную прэсу? Пра статыстыку і папулярныя крыніцы інфармацыі падчас сустрэчы ў Прэс-клубе Беларусь расказаў польскі журналіст Міхал Патоцкі. Мы выбралі самае цікавае з яго прэзентацыі. Раней мы расказвалі пра асаблівасці працы журналістаў у Польшчы.
На польскім медыярынку існуе шмат розных медыяў: левых, правых, ліберальных, кансерватыўных, праўрадавых і іншых. Ёсць тыя, што фінансуюцца ўрадам, але большасць сённяшніх медыя – прыватныя.
Як у іншых дэмакратычных дзяржавах, закон аб сродках масавай інфармацыі прадугледжвае, што медыя – свабодныя, а журналісты могуць свабодна збіраць інфармацыю. Блакаванне пошуку інфармацыі караецца законам. Закон аб друку Польшчы (Prawo prasowe) падпісаны 26 студзеня 1984 года, але з таго часу шмат разоў у яго ўносілі карэктывы, і сёння ён выглядае досыць прагрэсіўна. Апошнія змены былі даданы ў 2018 годзе.
Міхал Патоцкі падзяліўся дадзенымі, якія былі сабраныя ў Польшчы ў верасні 2021 года. Таксама ён адзначыў, як яны змяніліся за чатыры гады – з моманту папярэдняга даследавання.
Тэлебачанне ў Польшчы з’яўляецца асноўнай крыніцай інфармацыі. Яго глядзяць 52% жыхароў краіны. За чатыры гады колькасць прыхільнікаў зменшылася на 12%.
Інтэрнэт у Польшчы – на другім месцы па папулярнасці сярод крыніц інфармацыі – 37%. Але невядома, што даследвальнікі ўкладалі ў гэтае паняцце. Ці то сайты медыяў, ці таксама сацсеткі і іншыя сэрвісы. За чатыры гады колькасць карыстальнікаў інтэрнэту павялічылася на 13%.
Радыё слухаюць 5% палякаў. Друкаванай прэсе аддаюць перавагу толькі 2% жыхароў Польшчы.
Самым папулярным польскім тэлеканалам лічыцца TVN. Яго глядзяць 30% жыхароў краіны. Гэта прыватнае тэлебачанне з амерыканскім капіталам, больш апазіцыйнае і антыўрадавае. Большасць электарату апазіцыйных партый бярэ інфармацыю адсюль.
На другім месцы знаходзіцца TVP. Яго глядзяць 25% жыхароў Польшчы. Тэарэтычна гэта публічнае медыя, але практычна – урадавае. TVP аб’ядноўвае шмат тэматычных каналаў. Ёсць штодзённыя выпускі навін і канал з 24-гадзіннымі выпускамі навін.
Тэлеканал Polsat займае трэцяе месца ў рэйтынгу папулярнасці. Яго глядзяць 19% жыхароў Польшчы. Гэта прыватнае тэлебачанне і яно больш нейтральнае.
У Польшчы папулярныя так званыя гарызантальныя сайты – такія парталы, якія не звязаныя з друкаванай газетай ці часопісам і якія пішуць пра ўсё: навіны, эканоміку, сацыяльную сферу, спорт і гэтак далей. Гэта парталы, якія нагадваюць TUT.BY.
Самы папулярны інтэрнэт-партал у Польшчы – WP.PL. У яго 17,8 млн рэальных карыстальнікаў. На другім месцы з невялікім адрывам ідзе Onet.pl, у якога 17,5 млн рэальных карыстальнікаў. На гэтых парталах пішуць пра ўсё: ад польскай палітыкі да спорту, там шмат фота. Гэтыя сэрвісы таксама прапануюць сваю паштовую скрыню. На трэцім месцы знаходзіцца партал Interia.pl, у якога 15,8 млн млн рэальных карыстальнікаў.
У краіне ёсць 7 парталаў, аўдыторыя якіх складае больш за 10 млн рэальных карыстальнікаў. Да названых вышэй трэба дадаць Gazeta.pl (13,6 млн), Fakt.pl (11,5 млн), Se.pl (11,4 млн), Tvn24.pl (10,7 млн).
Сярод сацыяльных сетак у Польшчы вельмі папулярны Facebook. Па словах Міхала Патоцкага, хіба больш чым у Беларусі яшчэ папулярны Twitter – там асабліва шмат журналістаў, палітыкаў.
Вы можаце паглядзець цалкам размову з Міхалам Патоцкім на YouTube:
Продаж друкаваных выданняў у Польшчы кожны год скарачаецца. Некаторыя медыя маюць друкаваную версію і сайт. Але, па словах Міхала Патоцкага, друкаваны варыянт медыя захоўваюць дзеля прэстыжу.
Найбольш папулярныя друкаваныя выданні – «жоўтая прэса» ці таблоіды. Самы папулярны з іх – Fakt. Штодзённа прадаецца каля 141 тысячы асобнікаў. Раней гэтая лічба была каля 500 тысячаў. На другім месцы – Super Express.
Gazeta Wyborcza – на трэцім месцы па папулярнасці. Штодзённа прадаецца каля 8 тысяч асобнікаў. Gazeta Wyborcza – сімвал польскай журналістыкі. У 1989 годзе яна была першым незалежным нелегальным штодзённікам у Польшчы падчас трансфармацыі. Сёння яна лічыцца апазіцыйным выданнем.
Далей па папулярнасці ідзе газета Rzeczpospolita (34 тысячы асобнікаў) і Dziennik Gazeta Prawna (31 тысяча асобнікаў). Абодва выданні лічацца больш-менш нейтральнымі.
Штогод усё менш людзей купляюць друкаваную прэсу, і рэдакцыі сыходзяць у анлайн. Dziennik Gazeta Prawna – лідар па продажы электронных выданняў (штодзённа 17 тысяч карыстальнікаў купляюць газету анлайн).
Gazeta Wyborcza прапануе падпіску з доступам да сайта, які не залежыць ад друкаванага выдання. Wyborcza уваходзіць у першую дзясятку па анлайн-падпісцы ў Еўрасаюзе.
А вось самыя папулярныя польскія штотыднёвікі паказваюць палітычную разнастайнасць.
Polityka – найстарэйшы польскі штотыднёвік з камуністычных часоў. Ён прапануе лева-ліберальную палітычную пазіцыю. Gość Niedzielny – каталіцкі права-кансерватыўны штотыднёвік. Newsweek Polska – гэта больш антыўрадавае выданне, праапазіцыйнае і ліберальнае. А вось штотыднёвік Sieci – вельмі праўрадавы.
Нагадаем, раней мы публікавалі матэрыял, у якім Міхал Патоцкі расказваў пра тое, чым адрозніваецца праца журналістаў у Беларусі і Польшчы, якія ў іх ёсць абавязкі і ў якіх выпадках іх інтарэсы абараняе закон.
Падрыхтавана Прэс-клубам
Фота на вокладцы: Glenn Carstens Peters / Unsplash.com
Як журналісту працаваць у Польшчы. Парады ад Міхала Патоцкага
Gazeta Wyborcza: як лічбавая рэвалюцыя змяняе рэдакцыю і яе бізнес-план?
Ці працуе палітычная аналітыка ў расколатым грамадстве?
9 спосабаў манетызаваць якасны кантэнт
Мы дазваляем поўны ці частковы перадрук нашых матэрыялаў.
Абавязкова актыўная прамая гіперспасылка на старонку-арыгінал публікацыі. Гэта спасылка павінна размяшчацца ў пачатку перадрукаванага матэрыялу, у лідзе ці ў першым абзацы.
Пры перадруку, поўным або частковым, забаронены любыя змены тэкстаў, загалоўкаў, фатаграфій (калі яны аўтарскія).
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт