Аляксандр Івулін: «Я стаў чэмпіёнам калоніі па футболе»

Журналіст «Трыбуны» і заснавальнiк YouTube-праекту «ЧестнОК» Аляксандр Iвулiн выйшаў на волю 17 лютага 2023 года. У сваім першым вялікім інтэрв’ю ён расказаў пра падтрымку ў лістах, прачытаныя кнігі, чэмпіёнства па футболе ў калоніі і пра тое, як не зварʼяцець за кратамі. Прэс-клуб Беларусь публікуе абраныя цытаты. Поўную версію інтэрвʼю чытайце на сайце by.tribuna.com.

Аляксандр Івулін: «Я стаў чэмпіёнам калоніі па футболе»
Фота: a_ivulin / Iinstagram.com

У няволі Аляксандр Івулін правёў 624 дні. Пасля вызвалення ён пакінуў Беларусь, аб чым расказаў у Instagram. Гэты пост за некалькі гадзін набраў амаль 15 тысяч падабаек. Цяпер журналіст знаходзіцца ў Грузіі, дзе бавіць час з сябрамі і рыхтуецца да аднаўлення прафесійнай дзейнасці.

Сцісла

  • «Каб зрабіць нешта лепш, часам трэба крыху пачакаць»
  • «Наша задача – зрабіць так, каб пра вас забылі»
  • «Дык гэта ты той блогер спартыўны?»
  • «Менш кажы і больш слухай»
  • «Людзі радаваліся, што карысталіся маімі рэчамі»
  • «Хацелася не губляць час у зняволенні марна»
  • «Я стаў чэмпіёнам калоніі па футболе»

«Каб зрабіць нешта лепш, часам трэба крыху пачакаць»

Мне не вельмі хацелася, каб гісторыя з маім вызваленнем адразу ж стала публічнай. Гэта моцна ўскладніла б выезд з краіны. Таму вялікі дзякуй усім незалежным СМІ, праваабаронцам, якія нейкім неверагодным чынам стрымлівалі інфармацыю пра маё вызваленне, не давалі ёй прабіцца ў эфір. Як па мяне, гэта яшчэ адзін паказчык беларускай салідарнасці. Можа, з пункту гледжання нейкіх стандартаў журналістыкі гэта не зусім прафесійна, калі так церпiць аператыўнасць. Але падзеі 2020 года навучылі нас, што для таго, каб зрабіць нешта лепш, часам трэба крыху пачакаць. Так што яшчэ раз падзякую ўсім, хто не пісаў пра маё вызваленне. Гэта значна аблягчыла мой выезд з краіны.

«Наша задача – зрабіць так, каб пра вас забылі»

Шчыра кажучы, дагэтуль у шоку ад каласальнага ўзроўню падтрымкі. Я меркаваў, што за мяне перажывала шмат людзей, але не мог уявіць, наколькі шмат. Калі зайшоў у Instagram, падумаў, што тэлефон выбухне з-за колькасці паведамленняў, адзнак.

У добрыя часы кожны дзень было па 10-15 канвертаў. Рэкорд, па-мойму, 25 за дзень. Пры гэтым я выдатна разумеў, што гэта толькі малая частка таго, што насамрэч дасылалі людзі.

Там [СIЗА ў Баранавічах] прыкладна тыдзень мне перадавалі лісты, пасля – «мароз». А потым была ў нас неяк праверка ад адміністрацыі ўстановы, дзе можна задаваць пытанні кіраўніцтву, я і спытаў, маўляў, чаму лісты дрэнна ходзяць. Мне сказалі: «А, той самы Івулін, які ведае ўсё пра беларускі спорт? Вы ж разумееце. Наша задача – зрабіць так, каб пра вас забылі».

Я вёў «бухгалтэрыю» сваіх лістоў. Нумараваў іх, потым запісваў у сшытак, каб разумець, што даходзіць, а што не. Пісаў, што такога чысла адказаў на такую колькасць лістоў. Калі перапіску замарозілі, гэта значыць няма чаго стала запісваць, я некалькі дзён грузіўся. Але які сэнс заганяцца, калі ты рэальна нічога не можаш змяніць?

Я ведаю, што напісаў больш за тысячу лістоў у адказ.

«Дык гэта ты той блогер спартыўны?»

Калі на час апеляцыі мяне пераводзілі з Валадарскага ў Баранавічы, у аўтазаку ехаў у кайданках. Дарэчы, пры гэтым побач сядзеў хлопец з чырвонай біркай – гэта значыць, схільны да нападу на супрацоўнікаў калоніі, уцёкаў, суіцыду, карацей, поўны набор, – і на яго кайданкі не надзявалі. Калі мы выехалі, на мяне вельмі ўважліва глядзеў канваір, хлопец гадоў 22-25. Паглядзіць на мяне, потым у свой тэлефон. На мяне – у тэлефон. Потым падыходзіць: «Дык гэта ты той блогер спартыўны?». – «Ага. Можа, сфоткаемся?». – «Не, нам нельга. Гляджу цябе. Шкада, што так здарылася. Трымайся там!»

«Менш кажы і больш слухай»

Гэта вельмі карысная штука – не планаваць чагосьці, каб потым не расчароўвацца. Многія людзі, асуджаныя па палітычных артыкулах, ставяць сабе нейкія знакі, чакаюць нейкага моманту – і потым іх няблага «накрывае», калі ў гэты самы момант чагосьці задуманага не здараецца. Я разумеў, што мой тэрмін рана ці позна скончыцца – ну а далей разбярэмся, што рабіць.

Калі апынуўся ў няволі, першае, што неабходна зрабіць, – гэта адключыць эмоцыі і зразумець, як рухацца далей. Самае галоўнае правіла ў пачатку гэтай «гульні» – менш кажы і больш слухай.

Кожны сам выбірае свой шлях. Кожны сам вырашае, як яму жыць, як глядзець людзям у вочы. Мне асабіста не сорамна. Тады я зрабіў свой выбар і ніколькі пра яго не шкадую. Прыемна ўсведамляць, што мой выхад для кагосьці стаў сапраўдным святам. Класна ўсведамляць, што магу паглядзець людзям у вочы.

«Людзі радаваліся, што карысталіся маімі рэчамі»

Калі пераязджаў з месца на месца, пакідаў хлопцам нейкія рэчы. Напрыклад, зʼязджаючы з Баранавічаў у калонію, пакінуў хлопцам нейкія байкі, таму што ім было рэальна патрэбней. У Баранавічах, каб ты разумеў, трэба ўвесь час сядзець за сталом на драўляных лаўках, і я рэальна бачыў, як з-за гэтага людзі зараблялі гемарой. Пакінуў у камеры пару баек, каб можна было падаслаць. На Валадарскага таксама пакідаў адзенне. Потым да мяне даходзілі прывітанні, маўляў, людзі радаваліся, што карысталіся менавіта маімі рэчамі.

«Хацелася не губляць час у зняволенні марна»

Калі быў час, стараўся заняць яго нечым карысным. Хацелася не губляць час у зняволенні марна, а закрыць нейкія гештальты. Ну, і выбіць козыр з рук Мікіты Мелказёрава, які казаў, што я за жыццё прачытаў тры кнігі.

Гэта, вядома, злачынства, але чытаў [«Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча] на рускай мове. У бібліятэцы быў толькі такі экзэмпляр.

Вельмі спадабалася Айн Рэнд: «Мы жывыя», «Крыніца», «Атлант расправіў плечы». Моцна пра асобу і характар. І, канечне, Святлана Алексіевіч. Закрыў усе прабелы: і «Чарнобыльская малітва», і «Цынкавыя хлопчыкі», і «Апошнія сведкі», і «У вайны не жаночае аблічча». Бліжэй за ўсё аказаліся «Цынкавыя хлопчыкі».

«Я стаў чэмпіёнам калоніі па футболе»

На хвiлiначку, я стаў чэмпіёнам калоніі па футболе. Галоўны футбольны трафей у маім жыцці.

У нас было сем каманд, каб выйграць турнір, правёў з камандай дзевяць матчаў. Гуляў у атацы, забіў 18 мячоў, аддаў 14 галявых перадач. Але найлепшым бамбардзірам стаў іншы хлопец, больш магутны, фактурны – форвард тараннага тыпу, як Дзяніс Лапцеў. У рэаліях таго футбола гэта давала перавагу. Я ў гонцы самых карысных гульцоў стаў другім на турніры.

Поўную версію інтэрвʼю чытайце на сайце by.tribuna.com.

Падзяліцца:

Крыніца: by.tribuna.com

1 сакавіка 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняАляксандр Івулін: «Я стаў чэмпіёнам калоніі па футболе»

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць