«Беларусы могуць», медыяшкола і беларускае кам’юніці ў Беластоку. Руслан Кулевіч – пра першы год працы MOST

MOST стварылі беларускія журналісты ў вымушанай эміграцыі на пачатку 2022 года. Усяго за год каманда выпусціла некалькі сотняў тэкстаў і дзясяткі відэаінтэрв’ю, аб’яднала журналістаў і беларускую дыяспару ў Беластоку, запусціла ўласную медыяшколу і нават арганізавала курсы SEO-маркетынга. Падрабязнасці Прэс-клуб даведаўся ў Руслана Кулевіча – стваральніка і галоўнага рухавіка MOST.

«Беларусы могуць», медыяшкола і беларускае кам’юніці ў Беластоку. Руслан Кулевіч – пра першы год працы MOST
Фота з асабістага архіву Руслана Кулевіча

Mostmedia.io

– MOST паўстаў дзякуючы праекту Media Port Belarus, які спачатку з’явіўся ў Варшаве, а потым у Беластоку. Сюды з’ехаліся журналісты з розных гарадоў – Гродна, Маладзечна, Мінска, Брэста – якія страцілі працу ў Беларусі. Мы аб’ядналіся і стварылі праект пад назвай MOST. Гэтая назва адлюстроўвала нашу місію – быць інфармацыйным мостам паміж Гродна і Беластокам, а таксама мостам паміж этнічнымі беларусамі Беластока (а гэта каля 40 тысяч) і тымі, хто прыехаў сюды пасля 2020-га. Але пасля таго, як наш рэсурс прызналі «экстрэмісцкім», мы трохі скарэктавалі вектар, бо ў нас «адрэзалі» аўдыторыю з Беларусі. Мы ўзялі за мэту стаць асноўным медыя для беларусаў, якія пераязджаюць у Польшчу: рабілі самыя розныя гайды (як зрабіць PESEL, як адкрыць візу, як перавезці хатнюю жывёлу і гэтак далей).

Фота з асабістага архіву Руслана Кулевіча

«Мы вернемся» і «Беларусы могуць»

Відэапраекту «Мы вернемся» ўжо два гады. Ён з’явіўся яшчэ да MOST, у ім – гісторыі палітвязняў і людзей, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. А праграму «Беларусы могуць» мы запусцілі нядаўна і ў ёй будзем распавядаць пра паспяховыя гісторыі беларусаў, якія распачынаюць свой бізнес ў замежжы.

Мы разумеем, што людзі стаміліся ад палітыкі, таму хочам зрабіць нешта карыснае і ў той жа час пазітыўнае. На канале ўжо ёсць два выпускі: пра беларуса, які адкрыў фудтрак і робіць адны з самых смачных бургераў у Беластоку, а другі  – пра беларуску, якая кіруе СТА, таксама тут, у Беластоку.

Зараз мы рыхтуем яшчэ адзін відэапраект: будзем дапамагаць 70-гадовай беларусцы рабіць свой YouTube-канал, дзе яна раскажа пра жыццё беларускага пенсіянера ў эміграцыі. Маладым людзям лягчэй пераехаць, а як эміграцыю перажываюць людзі сталага ўзросту? Дзе шукаць працу, жыллё?

Яшчэ плануем запусціць школу ютубераў у нашым каворкінгу. Таму вось гэты праект (пра жыццё за 70), калі ўсё атрымаецца, спадзяемся, будзе добрым прыкладам для школы.

Медыяшкола MOST

Дзякуючы Прэс-клубу і таму, што тут у Беластоку з’явілася шмат добрых медыяспецыялістаў – і відэааператараў, і мантажораў, і прадусараў, і журналістаў з досведам, –  летась мы паспяхова правялі школу журналістыкі. Атрымалі каля 30 заявак. Навучанне доўжылася тры месяцы, паспяхова скончылі школу 12 чалавек. Удзельнікі былі самага рознага ўзросту (ад 15 да 55 гадоў) і з розных сфер дзейнасці.

Фота з асабістага архіву Руслана Кулевіча

Ужо ёсць і першыя практычныя вынікі школы: дзве дзяўчыны запусцілі ўласны падкаст «Гэта мы», у якім распавядаюць пра жыццё беларускіх жанчын у Польшчы.

Яшчэ адна выпускніца медыяшколы пачала супрацоўнічаць з MOST у якасці SMM-менеджара і таргетолага. Адзін з выпускнікоў таксама плануе запусціць радыё на MOST, а самая маладая ўдзельніца школы хоча стварыць свой падкаст пра падлеткаў.

Школа SEO-маркетынга

Пасля выпуску медыяшколы мы адразу распачалі курсы SEO-маркетынга для журналістаў. Мы дапамагалі аднаму палітвязню с Гродна, а ён наўзамен вырашыў падтрымаць беларускіх журналістаў і падзяліцца сваімі прафесійнымі навыкамі і ведамі. Ён са сваім калегам два разы на тыдзень прыходзіць у наш каворкінг і праводзіць навучанне, распавядае, як выводзіць матэрыялы ў топ пошукавых сістэм, як лепш прасоўваць артыкулы.

Фота з асабістага архіву Руслана Кулевіча

Прабежкі 

Па-за медыяпляцоўкай мы яшчэ ладзім прабежкі: разам з чытачамі выходзім у горад і бегаем. У мінулым годзе мы да таго ж прабеглі эстафету (усе ўдзельнікі былі ў цішотках MOST), а яшчэ другі год запар 1 студзеня арганізавалі «Забег цвярозасці». Хутка ў Варшаве будзе праходзіць паўмарафон, на ім у цішотцы з беларускімі палітзняволенымі журналістамі пабяжыць журналістка MOST Таццяна.

Фота з асабістага архіву Руслана Кулевіча

Пра планы

Мы вырашылі прысвяціць гэты год прафесійнай адукацыі, бо летась больш працавалі з дыяспарай. Да 2023 года ў Беластоку не было месца, дзе магла б збірацца беларуская дыяспара, таму такім месцам мы зрабілі наш каворкінг. Ён быў кропкай прыцягнення беларусаў у Беластоку: да нас прыходзілі пісаць лісты палітвязням, ладзілі шмат сустрэч і імпрэз. Але ў пачатку 2023 года ў Беластоку адкрыўся хаб «Новая зямля», і цяпер там збіраецца дыяспара. Мы вельмі радыя, што распачалі гэтую справу, што дыяспара разрастаецца і ёй патрабуецца больш месца. А мы цяпер сканцэнтруемся на журналістыцы і адукацыі.

Што тычыцца планаў MOST, то я хацеў бы, каб мы сталі асноўным медыя беларусаў у Польшчы. Але калі прыйдзе час вяртацца на радзіму, я хацеў бы, каб MOST працаваў і ў Гродна, і ў Беластоку, каб ён быў сапраўдным мостам – паміж Гродна і Беластокам, і шырэй – паміж Беларуссю і Польшчай.

Падзяліцца:

Падрыхтавана Прэс-клубам Беларусь

16 сакавіка 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«Беларусы могуць», медыяшкола і беларускае кам’юніці ў Беластоку. Руслан Кулевіч – пра першы год працы MOST

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць