Больш цікавяцца спортам і ўсё менш – культурніцкім жыццём і палітыкай. Вынікі даследавання беларускай моладзі

Беларускі нацыянальны моладзевы савет РАДА правёў даследаванне аб інтарэсах, праблемах і магчымасцях моладзі ў Беларусі. Апытанне праводзілася ў 2020 і 2022 годзе сярод маладых людзей, якія актыўна ўдзельнічаюць у грамадскай і грамадска-палітычнай дзейнасці. Прэс-клуб Беларусь вылучыў некалькі момантаў, якія могуць быць карыснымі для медыя. Цалкам вынікі даследавання можна пачытаць тут.

Больш цікавяцца спортам і ўсё менш – культурніцкім жыццём і палітыкай. Вынікі даследавання беларускай моладзі
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фота: Getty Images & Unsplash+

Беларускае грамадства перажывае складаны перыяд. Пачынаючы з пандэміі COVID-19 Беларусь увайшла ў паласу сацыяльна-палітычнага крызісу, які прыносіць усё новыя і новыя ўзрушэнні, але далёкі ад развязання.

Моладзь – адна з дынамічных і ў той жа час уразлівых сацыяльных груп – па-свойму рэагуе на гэтыя крызісы. Сёння існуе ўсё менш і менш сродкаў для адэкватнай ацэнкі гэтых рэакцый і змен, праблем і запытаў розных сацыяльных груп у Беларусі. Статыстычныя дадзеныя робяцца закрытымі, сацыялагічныя апытанні забароненыя, разгортванне рэпрэсіўных практык у краіне прывяло да рэзкага скарачэння сферы публічнасці.

У даследаванні прынялі ўдзел асобы ва ўзросце ад 14 да 31 года. Першы этап даследавання адбыўся ў лістападзе 2019 года – сакавіку 2020 года. Другі этап – люты 2022 года. Аб’ём выбаркі – 519 рэспандэнтаў.

Сцісла

  • Інтарэсы і сферы актыўнасці
  • Умовы рэалізацыі патэнцыялу і ўдзел у прыняцці рашэнняў
  • Міграцыйныя ўстаноўкі моладзі на пачатак 2022 года

Інтарэсы і сферы актыўнасці

У 2022 годзе ў параўнанні з 2020-м болей актыўнасці назіралася перадусім у адукацыі, спорце, а таксама ў дамашняй сферы (сям’я, дзеці, дом).

Паказчыкі актыўнасці, звязаныя з грамадскай дзейнасцю, палітыкай, навукай, бізнесам, культурным жыццём, практычна не змяніліся або засталіся на тым самым узроўні. Значна (больш як удвая) знізілася актыўнасць у сферы падарожжаў, што тлумачыцца пандэміяй COVID-19 і складанасцямі з перамяшчэннем, якія назіраліся ў гэты перыяд.

Калі казаць пра змены, якія адбыліся з 2020-га па 2022 год, то трэба заўважыць, што значны рост цікавасці назіраецца толькі да спорту і ў меншай ступені – да сферы навукі і тэхнікі. Пры гэтым дастаткова значна падае цікавасць да такіх сфер, як культурніцкае жыццё, ахова здароўя, палітыка (у 2 разы), грамадская дзейнасць (больш як у 2 разы).

Умовы рэалізацыі патэнцыялу і ўдзел у прыняцці рашэнняў

На пытанне «Чаго Вам не стае для ўдзелу ў грамадскім жыцці?» самым папулярным застаецца адказ: «Часу», так палічылі 44% апытаных у 2020 годзе і 48% у 2022-м. Вырасла значнасць эканамічных праблем як перашкоды для залучэння ў грамадскае жыццё (з 21% да 28%), фактар няведання, наадварот, стаў крыху менш значным. 12–13% апытаных самакрытычна адзначаюць, што іх удзелу ў грамадскім жыцці перашкаджаюць уласная інертнасць і інфантыльнасць.

Больш за чвэрць апытаных не ведаюць, якія спосабы ўдзелу моладзі ў вырашэнні грамадскіх праблем, узмацнення свайго голасу маглі б быць эфектыўнымі. Найбольш папулярным адказам застаецца «адукацыя», хаця яго распаўсюджанасць знізілася ў параўнанні з 2020 годам на 5%. Не вельмі моцна, але істотна для даследавання вырасла доля тых, хто лічыць блогерства і галасаванне на выбарах эфектыўным спосабам узмацнення свайго голасу, у 2022 годзе яны выйшлі на другое і трэцяе месца ў рэйтынгу эфектыўнасці. Медыя і бізнес набіраюць стабільна па 19–22%. Адзначым, што ў два разы (з 24% у 2020-м да 12% у 2022-м) знізілася папулярнасць нефармальнай адукацыі як спосабу ўдзелу ў вырашэнні праблем. Удзел у палітычных партыях і кансультацыйных радах, на думку моладзі, усё гэтак жа найменш эфектыўны. Гэтыя спосабы набіраюць 11–13%.

Міграцыйныя ўстаноўкі моладзі на пачатак 2022 года

12,3% апытаных з’ехалі альбо ўсур’ёз плануюць з’ехаць з Беларусі ў найбліжэйшай будучыні, яшчэ 28,3% хацелі б гэта зрабіць, але не маюць такой магчымасці. Такім чынам, каля 40% беларускай моладзі з той ці іншай ступенню рашучасці і пэўнасці не хацелі б сёння заставацца ў Беларусі.

Міграцыйныя настроі практычна не звязаныя з полам, узростам, узроўнем адукацыі або родам заняткаў апытаных. Ва ўзроставай групе 20–24 гады крыху болей тых, хто хацеў бы з’ехаць, але не бачыць такой магчымасці; чым старэйшая ўзроставая група, тым болей у ёй тых, хто не плануе з’язджаць, – але ўсе гэтыя адрозненні невялікія і знаходзяцца ў межах статыстычнай хібнасці.

Сярод прычын, з-за якіх маладыя людзі пакідаюць або плануюць пакінуць краіну, самая распаўсюджаная – гэта магчымасці для добрага заробку, яе адзначаюць больш за палову тых, хто з’ехаў або напэўна плануе з’ехаць. Амаль палова з іх кажа, што не бачыць перспектыў для сябе ў Беларусі, 40,6% не адчуваюць сябе ў Беларусі ў бяспецы.

Цалкам з вынікамі даследавання можна азнаёміцца тут.

Падзяліцца:

Крыніца: rada.fm

12 мая 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняБольш цікавяцца спортам і ўсё менш – культурніцкім жыццём і палітыкай. Вынікі даследавання беларускай моладзі

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць