Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Чым беларускія спікеры і дзеячы адрозніваюцца ад украінскіх, чаму яны не гатовыя да шчырых аповедаў пра сябе, а часам і да інтэрв’ю ўвогуле – распыталі ўкраінскую каляжанку Таццяну Іванскую, якая працуе сёння на Belsat.
Таццяна Іванская – украінская тэлевядучая, вядучая аўтарскіх праектаў «Бязвіз» і «Meet» на тэлеканале Belsat. На Belsat яна прыйшла з украінскага тэлебачання. Некалі да яе на праграму завітаў Аляксей Дзікавіцкі [намеснік дырэктара Belsat]. Яна размаўляла з ім па-ўкраінску, а ён адказваў на палескім дыялекце. Таццяна кажа, што для яе было дзіўна, што мовы настолькі падобныя.
Калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, Таццяна з дзецьмі пераехала ў Польшчу і напісала Аляксею Дзікавіцкаму, што цяпер у Варшаве і калі каналу патрэбна дапамога, то гатова працаваць. У сваіх праграмах Таццяна размаўляе з гасцямі па-ўкраінску, а яны адказваюць ёй па-беларуску. Ці ёсць складанасці ў такой камунікацыі?
– Першы раз я захапілася беларускай мовай падчас Дня Волі ў 2018 годзе. У той дзень у нас на канале, на якім я працавала ва Украіне, была трансляцыя. Ужо потым мне сказалі, што той Дзень Волі быў фактычна ў клетцы: усё агароджана, а тых, хто выходзіў, хапалі. Але карцінка была цудоўнай, і мне хацелася слухаць гэтую мову. Калі чалавек размаўляе на сваёй мове – гэта не проста мова, якая навязана, гэта мова, якой мы жылі, якой стваралі нашыя продкі.
Для мяне і маіх гасцей няма такога, што хтосьці кагосьці не разумее ці просіць перакласці. Я вырашыла весці праграму так, таму што якая можа быць расійская, калі ідзе вайна? Для мяне ўсё расійскае цяпер табу, яшчэ з 2014 года. Таму ніякай расійскай – толькі ўкраінская і беларуская мовы. Гэтыя дзве мовы змагаюцца за сваё існаванне. Калі мы ўжо амаль перамаглі, то беларуская мова праходзіць яшчэ шлях барацьбы за сваё захаванне. Яна павінна спачатку зберагчыся, а потым аднавіцца.
Шчыра кажучы, першыя праграмы было трохі цяжка рабіць. Як журналістка разумееш, што мусіш быць аб’ектыўнай, але ўключаецца суб’ектыўнае, бо ты страціла дом, у тым ліку і праз тое, што ракеты ляцелі з тэрыторыі Беларусі. Была прэтэнзія да гасцей: «чаму беларусы здаліся?», «чаму далей нічога не рабілі?», «чаму?».
Я пачала развіваць гэтыя тэмы і пачала бачыць – чаму. Калі я зразумела, як глыбока рускі свет сядзіць унутры Беларусі, у беларусах, то прэтэнзій стала менш, але не да ўсіх.
Як журналістка я не разумела таго, што адбываецца ў Беларусі. Мы павярхоўна нешта ведалі, але не было паглыблення ў сітуацыю. Да гэтых часоў ёсць украінскі амбасадар у Мінску. А перад паўнамасштабным уварваннем нашыя апытанні паказвалі, што дыктатар Лукашэнка быў «адным з найлепшых палітыкаў». Таму ў мяне не было разумення, хто такі сапраўдны беларус. А было разуменне, што беларусы гатовыя за каўбасу, чыстыя дарогі і добрую медыцыну цалкам легчы пад Расію. Таму спачатку былі прэтэнзіі да гасцей, непаразуменне іх пазіцыі. Але калі мы размаўляем, я бачу, што тут за чалавек. Дарэчы, мова – таксама маркер: якую мову чалавек абірае і як ён размаўляе.
Важную ролю грае адукацыя. Урадам Януковіча ў нас шмат чаго насаджалася ў школах. Пра беларускую адукацыю мы нічога не ведалі. І калі зрабілі праграму пра гэта, адзін блізкі чалавек патэлефанаваў мне і сказаў: «П*****ц!, я нават не ведаў, што такое існуе ў XXI стагоддзі». Вось настолькі ўсё дрэнна. Нашу мову і адукацыю знішчалі, працягвалі падмінаць пад сябе ўсялякія рускамірцы. Але ўсё роўна мы сваё збераглі. Мы разумеем, якая цяжкая гэта барацьба. У нас было неразуменне – чаму вы не збераглі, чаму ў вас няма барацьбы. Але мы не ўсведамлялі, што такое ўвогуле можа існаваць…
Ёсць розніца паміж беларускімі і ўкраінскімі спікерамі. Мне падаецца, што велічэзную ролю адыграла тое, што нашыя палітыкі, якія б яны ні былі, увесь час былі ў палітыцы. У нас нешта адбывалася, віравала палітычнае жыццё. А ў Беларусі – стагнацыя палітычнага жыцця. У нас якое правакацыйнае пытанне ты палітыку ні задасі, ён усё роўна будзе адбівацца, абараняцца.
Я вельмі чакаю Франака Вячорку, які так і не дайшоў да мяне на інтэрв’ю, хаця і абяцаў. Некалькі разоў мы пераносілі здымкі, мы з камандай яго чакалі, а ён за гадзіну да здымак казаў, што не прыедзе. Ёсць моманты, калі палітыкі не жадаюць прыходзіць на інтэрв’ю. Цяжэй за ўсё скантактавацца з офісам Святланы Ціханоўскай.
Зянон Пазняк, напрыклад, вядзе сваю барацьбу з пачатку 1990-х. Ён прызвычаіўся да правакацыйных пытанняў і паводзіць сябе як ментар: спачатку бярэ паўзу і потым адказвае доўга і лагічна, намагаецца ўкласці ў адказ яшчэ сваю філасофію.
Сучасныя [беларускія] палітыкі, па-мойму, не гатовыя падаваць сябе як палітыкі, не гатовыя казаць пра сваё палiтычнае і асабістае жыццё. Мы заўжды павінны бачыць палітыка цалкам. Яны не разумеюць – як гэта, і не гатовыя да такога. Бо пры ўладзе толькі адзін чалавек, няма партый, няма палітычнага руху. І калі ты задаеш правакацыйнае пытанне – альбо паўза, альбо такое «хаванне» ўнутры сябе адбываецца.
У мяне ў гасцях быў Павел Латушка. Памятаю, што яго памочнік ці прэс-сакратар дужа нерваваўся па-за кадрам. А пасля інтэрв’ю ён падышоў і сказаў, што думаў, што Латушка проста на сярэдзіне інтэрв’ю ўстане і выйдзе. Але не, ён годна пратрымаўся і было цікава пачуць яго пазіцыю. Бо я падводзіла да таго, што не можа быць так: чалавек усё жыццё супрацоўнічаў з рэжымам, а потым раптам стаў белым і пухнатым, на баку апазіцыі. Як так можа быць? Ці такі чалавек не супрацоўнічае надалей з рэжымам?
У «Meet» я запрашаю, здавалася б, звычайных людзей. Але для мяне яны не звычайныя, бо ў кожнага з іх ёсць свая гісторыя. Напрыклад, бабуля, у якой дачка і зяць за кратамі, і яна выхоўвае іх дваіх дзетак. Ці Іван Ганін – вядомы спартовец, ці пан Рававы – прадстаўнік «Рабочага руху». Для мяне яны не проста людзі, у іх свая гісторыя.
Беларускія спікеры не гатовыя яшчэ раскрывацца. Не магу сказаць, што яны баяцца, хутчэй за ўсё, што яны не ведаюць, не разумеюць, што гэта і дзеля чаго патрэбна аўдыторыі. Кожны з іх перажыў нейкі страшны перыяд свайго жыцця, і ў ім застаўся, баіцца выходзіць.
Падчас здымак былі моманты, якія краналі глыбока. Напрыклад, аповед бабулі, якая з унукамі пераходзіла мяжу, і малодшай распавядала, як яны паедуць на мора. Гэта той момант, калі ты мусіш сабрацца і задаваць наступнае пытанне, а табе хочацца ўзяць паўзу, каб выдыхнуць.
Першае і асноўнае – зразумець, што свет змяніўся. Вельмі шмат палітыкаў не разумеюць гэтага. Яны жылі ў стагнацыі палітычнай культуры ў Беларусі столькі гадоў! Свет далёка пайшоў наперад, нашмат хутчэй развіваецца, і трэба прыняць яго правілы: працаваць хутчэй, якасней, быць больш адкрытымі.
Другое – не баяцца гаварыць. Калі чалавек уцякае ад рэжыму, рэжым больш за ўсё хоча, каб чалавек замаўчаў. Рэжым баіцца праўды. Калі вы ўцяклі ад рэжыму, з ім трэба весці барацьбу. Няма нічога больш прыемнага і лепшага, чым казаць праўду.
Трэцяя парада – прыходзіць на інтэрв’ю, камунікаваць з прэсай. У першую чаргу гэта датычыцца беларускіх апазіцыйных палітыкаў. Трэба размаўляць. Нават калі вам непрыемна, вы павінны прыйсці. Таму што гэта і ваша трэніроўка на будучыню. Калі вы ідзяце ў палітыку, рыхтуйцеся да нязручных пытанняў, сітуацый і розных суразмоўцаў, бо палітыка – гэта цяжка.
Не ўсе могуць распавядаць пра сябе. Не ўсе беларускія спікеры і спікеркі гатовыя да шчырых інтэрв’ю. Яны больш накіраваныя выказвацца па канкрэтных тэмах. Напрыклад, пан Рававы прывык, што яго пытаюць толькі пра «Рабочы рух». Для мяне гэты чалавек раскрыўся зусім з іншага боку. Шчыра кажучы, я бачу ў ім маладога палітыка. Ён мог бы стварыць сваю партыю, напрыклад. Ён цудоўны спікер, цудоўна камунікуе, мае свае планы і ён сучасны. Але каб тое пабачыць, мне давялося яго раскрыць. Пасля інтэрв’ю яму падалося, што яно было пустым, бо мы не размаўлялі пра «рух». Але мне гэта і не трэба было. Мне трэба было паказаць, што праграма «Meet» – гэта сустрэча яшчэ і з сабой. Спікеры з Беларусі нават не дапускаюць думкі, што яны цікавыя з розных бакоў.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт