«Фота з інтэрнэту» не існуе. Дзе рэдакцыям браць візуал

Уласныя фота на сайце медыя – гэта эксклюзіўна. Памятаеце, некалі ў беларускіх рэдакцыях былі свае штатныя ці пазаштатныя фатографы, фота- і мультымедыяаддзелы? Але новыя ўмовы, у якіх апынуліся медыя, пазбавілі іх магчымасці рэгулярна атрымліваць якасныя і актуальныя фотаздымкі з Беларусі. Але патрэба ў іх не знікла.

«Фота з інтэрнэту» не існуе. Дзе рэдакцыям браць візуал
Фота: freepic.diller / Freepik.com

Дзе браць фотаздымкі? Давайце паглядзім, якія ёсць варыянты ў сённяшніх абставінах.

Сцісла

  • Уласныя фота рэдакцыі
  • Бясплатныя стокі
  • Платныя стокі
  • Што не так са здымкамі са стокаў?
  • Агенцтвы
  • Афіцыйныя сайты асоб і дзяржаўных устаноў
  • Афіцыйныя сайты арганізацый
  • Сацыяльныя сеткі
  • User Generated Content
  • Фота з іншых сайтаў
  • Ілюстрацыі
  • Як падпісваць (і ці падпісваць) фотаздымкі
  • Транслюйце каштоўнасці

Уласныя фота рэдакцыі

У некаторых рэдакцый за гады працы з’явіўся багаты фотаархіў. Але і ён не бясконцы, таму адныя і тыя ж фотаздымкі мы бачым ужо як мінімум два гады. Фатограф, які сёння застаецца ў Беларусі, не можа бяспечна і свабодна рабіць неабходныя медыям ілюстрацыйныя фота. Разам з тым ёсць тып фотаздымкаў, якія можна зрабіць у Вільні, Варшаве ці Берліне. Для гэтага патрэбны час, крэатыў і добры ганарар. Калі ў рэдакцыі ёсць магчымасць, звярніцеся да фатографа, з якім вы супрацоўнічалі раней. Прапішыце падрабязнае тэхнічнае заданне, каб фотаздымкі потым пасавалі і для сторыс, і для YouTube, і нават «у кружочак».

Бясплатныя стокі

Галоўны іх плюс – гэта бясплатнасць і зручныя ўмовы выкарыстання фотаздымкаў. Сярод беларускіх медыя найбольш папулярныя:

  • pexels.com – усе фота і відэа на Pexels даступныя для загрузкі бясплатна. Спасылка на крыніцу не патрэбна, але вітаецца. Можна рэдагаваць фота і відэа.
  • pixabay.com – увесь кантэнт (фота, выявы, відэа, музыка) на Pixabay можна выкарыстоўваць бясплатна для камерцыйных і некамерцыйных мэтаў ў друкаваным і лічбавым выглядзе. Пазначэнне аўтарства не патрабуецца, але цэніцца. Можна ўносіць змены ў кантэнт. Забаронена: паказваць людзей, якіх можна пазнаць, у дрэнным ці абразлівым выглядзе, выкарыстоўваць кантэнт з ідэнтыфікаванымі асобамі або брэндамі, каб стварыць памылковую асацыяцыю з прадуктам або паслугай.
  • unsplash.com – усе фатаграфіі з Unsplash таксама можна спампаваць і выкарыстоўваць бясплатна ў камерцыйных і некамерцыйных мэтах. Пазначэнне аўтарства вітаецца (Напрыклад: Photo by Jeremy Bishop on Unsplash).

Акрамя таго, можаце звярнуць увагу на freepik.com і freeimages.com. Але чым менш папулярны сток, тым менш шанец знайсці там актуальныя фотаздымкі па запыце «Belarus».

Платныя стокі

На платных стоках больш шанцаў знайсці свежыя і разнастайныя здымкі добрай якасці. Часам тое, што не праходзіць фільтр платных стокаў, трапляе на бясплатныя. Для рэдакцый асабліва карысным будзе раздзел Editorial.

  • Shutterstock – самы вялікі і папулярны, ёсць фота невялікіх агенцтваў;
  • Adobe Stock – буйны і папулярны;
  • iStock – ёсць фота з Getty Images;
  • Unsplash+ – той жа самы бясплатны Unsplash, але з большым выбарам, фота з Getty Images таксама ёсць;
  • Canva Pro – платны варыянт вядомага сэрвісу, у якім ёсць больш функцый і свая база карцінак, што зручна для працы ў сацыяльных сетках. Важна: атрымаць бясплатны доступ да Canva Pro могуць НДА (а частка беларускіх рэдакцый цяпер існуюць менавіта ў такім фармаце).

Што не так са здымкамі са стокаў?

Паглядзіце ўважліва на гэты скрыншот. Заўважылі нешта незвычайнае?

Скрыншот з сайта freepik.com

На фотаздымку выдалены лагатып і назва авіякампаніі, подпіс да фота не адпавядае рэчаіснасці. Публікацыя такога фотаздымку, нават у якасці ілюстрацыйнага, у навінавых медыя будзе супярэчыць стандартам прафесіі.

На што трэба звярнуць увагу: 

  • фота са стокаў могуць быць мадыфікаваны (выдалены лагатыпы ці часткі кадру, ёсць рэтуш твараў, надпісаў і г. д.);
  • часам няма даты стварэння фотаздымка (сартыроўка па новых фота паказвае дату загрузкі фота на сайт, а не дату стварэння);
  • з подпіса да фота можа быць незразумела, што на ім адбываецца;
  • фота выглядаюць ненатуральна;
  • аднолькавыя здымкі сустракаюцца ў розных медыя.

Звярніце ўвагу на скрыншоты ніжэй. Такі стыль карцінак страціў сваю актуальнасць гадоў 20 таму. Але яны дагэтуль трапляюць у топы пошукавых запытаў. Калі хочаце выглядаць па-сучаснаму, пазбягайце такога.

Выявы па пошукавым запыце «Belarus». Скрыншоты з сайта pixabay.com

Агенцтвы

Гэта самы просты, але і самы дарагі варыянт для рэдакцый: аформіць падпіску на AP, AFP, EPA, Reuters, Getty Images і іншыя. Заплаціў – карыстайся спакойна. Але ёсць важны момант: у Беларусі няма фотакораў, якія працуюць у штаце гэтах агенцтв. Часам на лентах замежных агенцый можна сустрэць фота БелТА з судоў ці афіцыйных мерапрыемстваў. А такая важная частка, як паўсядзённае жыццё, – згублена. Няма фота з Купалля, Вадохрышча, зорнага неба ў жніўні ці замалёвак з Камароўкі. Нават снегу ў Мінску няма.

Афіцыйныя сайты асоб і дзяржаўных устаноў

Патрэбныя афіцыйныя фотаздымкі – ідзіце на афіцыйны сайт. Хутчэй за ўсё гэтыя фота спецыяльна размешчаныя для медыя. Чытайце, як яны падпісаныя і якія ўмовы выкарыстання, – і пампуйце.

Вам могуць быць карысныя наступныя старонкі:

Афіцыйныя сайты арганізацый

Пашукайце старонку «Пра нас», «Гісторыя прадпрыемства», «Для медыя» і г. д. – там  вы можаце знайсці неабходныя фота, ілюстрацыі і лагатыпы. Такія здымкі не заўсёды добрай якасці і не заўсёды яны належаць арганізацыі (могуць выкарыстоўвацца фота БелТА, напрыклад). Калі ёсць спасылка на сацыяльныя сеткі – пашукайце і там. Гэта займае шмат часу, але бывае, яно таго варта.

Сацыяльныя сеткі

Першае, што на што трэба звяртаць увагу, калі плануеце браць кантэнт з сацыяльных сетак, – гэта налады прыватнасці публікацыі.

Тыпы наладаў прыватнасці публікацый у Facebook. Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь

Імкніцеся атрымаць дазвол на выкарыстанне такіх фота, відэа ці тэкстаў у вашым медыя. Памятайце пра экстрэмісцкі статус і патэнцыйную небяспеку для аўтара публікацыі. Даведайцеся, ці належыць гэтай асобе кантэнт, які вас цікавіць. І не забудзьцеся запытацца, як падпісаць аўтарства.

Прыкмета часу – падумаць пра тое, каб публікацыя не нашкодзіла каму-небудзь.

User Generated Content

Упэўніцеся, што кантэнт належыць таму, хто вам яго даслаў. Паспрабуйце верыфікаваць час, месца і абставіны, пры якіх былі зробленыя фота ці відэа. Спытайце, як пазначыць аўтарства кантэнту і патлумачце, чаму вы можаце не пазначаць аўтарства (напрыклад, з мэты бяспекі). Абавязкова паведаміце суразмоўцу, калі для яго ёсць небяспека выкарыстання бота і г. д.

Фота з іншых сайтаў

Адкрывайце сайт і шукайце, часцей унізе, надпіс «Умовы выкарыстання матэрыялаў». Звычайна там прапісваецца як атрымаць дазвол, што і на якіх умовах можна парадрукоўваць. Не забудзьцеся правільна падпісаць крыніцу.

Ілюстрацыі

Што рабіць, калі атрымаць фота немагчыма? Можна замовіць выявы ў дызайнера ці мастака. Вам эксклюзіў – гледачу прыемна. Такія ўніверсальныя ілюстрацыі спрасцяць працу рэдакцыі, бо на пошук патрэбных выяў спатрэбіцца менш часу.

Як падпісваць (і ці падпісваць) фотаздымкі

Усе фотаздымкі павінны быць падпісаныя. Нават калі ўмовы выкарыстання фота са стокаў дазваляюць гэтага не рабіць. Падпісалі фота – і не думаеце праз год, ці можна выкарыстоўваць гэты фотаздымак, ці не.

Не існуе «Фота з адкрытых крыніц», «Фота з Facebook», «Фота з інтэрнэту» і г. д.

Існуюць «Фота з асабістага архіву Імя Прозвішча», «Фота са старонкі Імя Прозвішча ў Facebook», «Фота: назва.сайта», «Фота: Імя Прозвішча, назва сайта», «Здымак носіць ілюстрацыйны характар. Фота: Імя Прозвішча, назва.сайта».

Памятайце, што доўгі карэктны подпіс лепей, чым няправільны ці ніякі.

Доўгі час фатографы намагаліся бараніць свае правы на пазначэнне аўтарства пад фотаздымкам. Прыйшоў 2020 год – і ўсё перавярнулася. Не саромейцеся запытаць, ці хоча фатограф, каб на вашым сайце пад фота было пазначана яго ці яе імя. Асабліва, калі вы маеце экстрэмісцкі статус, а фатограф дагэтуль у Беларусі.

Транслюйце каштоўнасці

Калі вы будзеце падводзіць вынікі году і запытаеце сябе, што асабіста вы зрабілі для лепшага заўтра, лавіце варыянты.

Пазбягайце публікаваць фотаздымкі, якія папулярызуюць:

  • «аднаразовае» – пластыкавыя ці папяровыя стаканчыкі, паветраныя шары, канфеці, пластыкавыя пакеты, лак на пазногцях і г. д.;
  • звышспажыванне – шопінг з вялікай колькасцю пакетаў, шмат падарункаў, валоданне шмат якімі рэчамі;
  • спажыванне прадуктаў жывёльнага паходжання (бо гэта негатыўна ўплывае на экалогію);
  • дыскрымінацыю, прыніжэнне чалавечай годнасці.
Падзяліцца:

Аўтар: Вольга Шукайла, Прэс-клуб Беларусь

27 студзеня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«Фота з інтэрнэту» не існуе. Дзе рэдакцыям браць візуал

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць