Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Гэта досвед украінскай журналісткі Хрысціны Бердзінскіх. Яна распавяла пра супрацу з міжнароднымі рэдакцыямі, якія тэмы варта прапаноўваць заходняй аўдыторыі і як пітчыць тэмы. Тэкст быў апублікаваны на Медіамейкер. З дазволу рэдакцыі зрабілі пераклад на беларускую мову.
Піша пра падзеі ва Украіне для Financial Times Weekend, Liberation, Open Democracy, Le Courrier d’Europe Centrale і іншых замежных медыя.
Адна з вядомых украінскіх журналістак, у журналістыцы з 2007 года. Пачынала ў часопісе «Карэспандэнт», у 2013 перайшла працаваць у новае выданне «Новое время» (цяпер NV). Працавала ў тэлепраектах «Громадського» і 24 каналу, атрымала штам прэмій, у 2022 трапіла ў штогадовы спіс найуплывовейшых жанчын «100 жанчын года» ад ВВС.
Пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання тэмп працы ўкраінскіх журналістаў паскорыўся ў разы. Гэта падштурхнула медыйшчыцу ўзяць паўзу і пашукаць больш камфортны рэжым працы. Такім аказаўся фрыланс для замежных медыя. Бердзінскіх больш за год працуе як фрылансерка. На LMF Talks, што ладзіць медыяарганізацыя Lviv Media Forum, журналістка распавяла пра свой досвед.
Кантакты з замежнымі СМІ Хрысціна Бердзінскіх пачала наладжваць у 2014 годзе, калі многія медыйшчыкі прыязджалі ва Украіну, каб асвятляць Рэвалюцыю Годнасці і акупацыю Крыма і часткі Данецкай і Луганскай абласцей. Журналісты звярталіся да яе, каб удакладніць пэўныя пытанні пра палітыкаў і пра агульны медыйны і палітычны ландшафт Украіны. Пазней, у 2022 годзе, гэтыя кантакты сталі карыснымі для наладжвання супрацоўніцтва з замежнымі медыя.
Фрыланс пачаўся з напісання калонак. Спачатку быў тэкст для Financial Times Weekend пра досвед начлегу ў метро. Пазней Хрысціна напісала для гэтага ж медыя тэкст пра Херсон: гэта родны горад журналісткі, таму пасля дэакупацыі яна паехала туды, каб пагуляць па знаёмых вуліцах і мясцінах. Гэтыя матэрыялы былі пра перажыванне ўласнага досведу.
На фрылансе не трэба засяроджваць супрацу толькі на адным медыя, бо ў нейкі момант у рэдакцыі можа нешта змяніцца і супрацоўніцтва спыніцца.
Гэта можа быць звязана з бюджэтам або тэматыкай, або ў газеце можа проста не хапіць месца для вашага матэрыялу. Неабходна наладжваць працу з рознымі СМІ, незалежна ад таго, вядомыя яны ці не. Бердзінскіх адзначае, што не можа канкрэтна назваць медыя, у якіх працуе, бо было б некарэктна ўказваць выданне, у якім выйшла толькі некалькі тэкстаў. «Я адразу вырашыла, што не буду гнацца за тытуламі і брэндамі. Я буду гнацца за тэмамі і гісторыямі», — адзначае Хрысціна.
Супрацоўніцтва – працэс двухбаковы. Некаторым выданням журналістка прапаноўвае напісаць тэкст, некаторыя СМІ звяртаюцца да яе самі. Аднойчы сяброўка Хрысціны прапанавала ёй паспрабаваць напісаць тэкст для франкамоўнага выдання Le Courrier d’Europe centrale. Там тэксты журналісткі перакладалі з украінскай на французскую. Для гэтага медыя Бердзінскіх пісала і рэпартажы, і аналітыку, і прафайл (тэкст пра пэўную асобу). Журналістка кажа, што ў гэтым медыя выйшла хіба не найбольш яе матэрыялаў.
Таксама важна супрацоўнічаць з медыя, што маюць добрую рэпутацыю. Аднаго разу Хрысціне прапанавала супрацу шведскае выданне. Яна вырашыла дазнацца наконт яго ў іншага шведскага журналіста, і той сказаў, што гэтае медыя выдатна працуе з міжнароднымі тэмамі, а вось што тычыцца ўнутраных тэм Швецыі, то «скандал на скандале». Тады фрылансерка адмовілася ад супрацоўніцтва з гэтым медыярэсурсам.
Вы зацвярджаеце тэму, вызначаеце дэдлайн, і журналіст своечасова здае матэрыял. Важна прытрымлівацца ўстаноўленага таймінгу і не парушаць дамоўленасці — супрацоўніцтва з журналістам мае быць камфортным.
На фрылансе таксама трэба быць гатовым да таго, што не ўсе прапанаваныя тэмы зацвердзяць (і гэта нармальна). За ўвесь час сваёй працы журналісткай-фрылансеркай Бердзінскіх больш арыентуецца ў тым, якую тэму можна прапанаваць кожнаму медыя.
Журналістка прапануе рэдакцыям такія тэмы, праз якія ў яе не ўзнікае ўнутраных дыскусій. Напрыклад, чалавечыя гісторыі – гэта тое, што заўжды будзе цікава.
Пасля дэакупацыі Ізюма Хрысціна рыхтавала тэкст пра тое, якія нябачныя канфлікты там існуюць: гэта пра спрэчку паміж тымі, хто пакінуў горад, і тымі, хто застаўся ў акупацыі. Абодва бакі вінавацілі адзін аднаго, і журналістка зрабіла пра гэта рэпартаж. Для гэтага яна паехала ў горад і паразмаўляла з мясцовымі жыхарамі. Пасля публікацыі наступную тэму ў тым СМІ Хрысціне ўжо не зацвердзілі. Яна кажа, што ілюзій наконт работы не мае і гатовая да адмоў, бо за год працы ёсць і такі вопыт.
У сакавіку 2022 года Хрысціна Бердзінскіх напісала тэкст для NV пра параненых у выніку ваенных дзеянняў дзяцей, што лякуюцца ў клініцы Охматдит (Охорона материнства та дитинства – рэд.). І яна вырашыла, што не можа пакінуць гэтую тэму: знайшла гераіню, пра якую хацела напісаць тэкст, запітчыла ідэю рэдактару французскага выдання Liberation. Рэдакцыя пагадзілася, але бацькі дзіцяці адмовіліся падзяліцца сваёй гісторыяй.
Цяпер перад пітчынгам фрылансерка спачатку дамаўляецца з героямі, пра якіх хоча падрыхтаваць тэкст.
Пры гэтым яна шчыра ім кажа, што не ведае, ці будзе тэма ўхвалена ў рэдакцыі, але ўдакладняе ў іх, ці гатовыя яны распавесці сваю гісторыю ў выпадку поспеху.
У якасці прыкладу яна прыводзіць матэрыял пра ўкраінскіх жанчын, якія працуюць на шахтах. У сувязі з мабілізацыяй мужчын іх пачалі пераводзіць на падземные работы. Перш чым прапанаваць гэтую ідэю рэдактару, журналістка скантактавалася з шахтай, даведалася, які адсотак мужчын мабілізавалі, колькі там працуе жанчын і ці можна будзе спусціцца пад зямлю. Толькі пасля гэтага журналістка напісала ў рэдакцыю ліст з усёй інфармацыяй.
Трэба вучыцца супрацоўнічаць з кожнай асобнай рэдакцыяй па яе правілах.
Некаторыя СМІ аддаюць перавагу вялікай колькасці цытат у тэксце, некаторыя — не. Для адных медыя трэба пісаць літаратурны рэпартаж, каб чытач мог занурыцца ў гісторыю і «пабываць» на месцы падзей. Для іншых літаратурны складнік матэрыялу не такі важны, таму большы акцэнт трэба рабіць на фактах. Бердзінскіх над матэрыяламі працуе разам з рэдактарамі, якія вучаць яе пісаць тэксты для іхніх СМІ.
Праца «ў полі» – гэта важная частка працы журналіста. Хрысціна распавядае, як аднаго разу паехала з калегамі на Кіеўшчыну пасля яе дэакупацыі. Там журналістка пабачыла – маштаб гора ад наступстваў вайны настолькі велізарны, што асвятліць усе чалавечыя гісторыі практычна немагчыма. «Я зразумела, што ўсіх журналістаў свету не хопіць, каб зафіксаваць тое, што адбываецца ва Украіне», – дзеліцца Бердзінскіх.
Працаваць на фрылансе не азначае працаваць мала. Акрамя таго, гэта даволі нестабільны спосаб заробку.
Фрылансерка кажа, што не ведае, ці будзе ў яе праца ў наступным месяцы. Пры гэтым яна адзначае, што для ўсіх выданняў працуе якасна і не дазваляе сабе рабіць штосьці абы-як, калі выданне не мае сусветнага імя. Яна мае быць перакананай, што зрабіла работу добра.
Падчас работы фрылансерам трэба быць гатовым да таго, што вызначаць цану за сваю працу давядзецца самастойна. У выпадку з Хрысцінай Бердзінскіх гісторыя з аплатай крыху іншая. Яна кажа, што зацвярджае ганарар разам з дэдлайнам, і толькі пасля гэтага пачынае працу над матэрыялам. Памер ганарару вызначае рэдакцыя.
Хрысціна абмяркоўвала ганарары за матэрыялы з іншымі замежнымі журналістамі, каб праверыць, ці адрозніваецца аплата тэкстаў у межах аднаго медыя. І прыйшла да высновы, што ўкраінскім журналістам работу аплочваюць гэтак жа, як і журналістам іншых краін.
Сярэдняй сумы ганарару на медыйным рынку за мяжой няма – яны моцна вар’іруюцца.
Хрысціна Бердзінскіх раіць вывучаць замежныя мовы: не кожная рэдакцыя можа перакладаць тэксты з украінскай. У вольны час журналістка вывучае ангельскую мову і ўдасканальвае яе, каб у будучым адразу пісаць тэксты.
«На жаль, слоўнікавага запасу не хапае. Я магу паспрачацца з рэдактарам па-ангельску. Але напісаць тэкст – не», – кажа Хрысціна Бердзінскіх.
Іншы спосаб пачаць працу з замежнымі СМІ – мясцовае прадзюсаванне і фіксерства. У гэтым выпадку фіксер дапамагае заходняму журналісту, можа павучыцца ў яго, папрацаваць з ім «у полі». Калі праца выканана якасна, то заходнія медыярэсурсы могуць пазначыць у сваім матэрыяле фіксера як суаўтара. Сярод украінскіх журналістаў ёсць тыя, хто пачаў працаваць на замежныя СМІ менавіта пасля фіксерства. Хрысціна раіць пастаянна вучыцца, набірацца досведу, удасканальваць навыкі і развівацца як спецыяліст.
Тэкст падрыхтаваны Алінай Рудзінай для Прэс-клуба
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт