Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Гэтую главу дапаможніка GIJN напісала журналістка Associated Press і лаўрэатка Пуліцэраўскай прэміі Mарта Мендоза. Цяпер яна піша пра навіны і прадпрымальніцтва і займаецца расследаваннямі бізнеса ў Сіліконавай даліне Каліфорніі. Марта працавала з камандай, якая выкрыла прымусовую працу ў рыбнай прамысловасці ў Паўднёва-Усходняй Азіі ў 2015 годзе. Дзякуючы таму матэрыялу былі вызваленыя 2000 рабоў.
Гандаль людзьмі дагэтуль з’яўляецца распаўсюджаным злачынствам ва ўсім свеце, а таксама важнай тэмай для журналісцкіх расследаванняў. Досыць часта сучаснае рабства — гэта зло, схаванае навідавоку: у суседнім масажным салоне або на борце рыбацкай лодкі, прышвартаванай ля мясцовага прычалу. Ёсць дзве асноўныя катэгорыі гандлю людзьмі: сэксуальнае рабства, якое складае каля паловы адсоткаў гандлю людзьмі і эксплуатацыя працоўнай сілы. Згодна з дадзенымі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый, кожны дзень ахвярамі сучаснага рабства становяцца каля 40 мільёнаў чалавек, у асноўным жанчыны, але таксама мужчыны і дзеці. Па дадзеных Міжнароднай арганізацыі працы, злачынцы – гандляры людзьмі і рабаўладальнікі, атрымліваюць каля 150 мільярдаў долараў незаконнага прыбытку ў год.
Расследаваць гандаль людзьмі можа быць досыць складана. Ахвярам пагражае сур’ёзная небяспека за размовы з журналістамі. Людзі псіхалагічна траўміраваныя і часта запужаныя выкрадальнікамі, якія іх папярэдзілі, каб тыя не звярталіся па дапамогу ні да каго, а тым больш да рэпарцёраў. Іх жыццё можа апынуцца пад пагрозай, калі яны даюць інтэрв’ю, таму да такой працы варта падыходзіць вельмі асцярожна. Злачынцы, якія гандлююць людзьмі, могуць быць бязлітаснымі пры абароне сваіх інтарэсаў.
Маючы на ўвазе вышэйсказанае, можна адзначыць некалькі выдатных крыніц, якія дапамогуць журналістам расследаваць гандаль людзьмі. Пачнём з НДА, няўрадавых арганізацый, якія імкнуцца спыніць сучаснае рабства. Глабальныя арганізацыі, такія як Міжнародная арганізацыя па міграцыі, Фонд Мinderoo (Walk Free), праект Polaris і каталіцкія дабрачынныя арганізацыі, маюць сваіх прадстаўнікоў у розных краінах, і часта могуць падрабязна распавесці аб праблемах у пэўных рэгіёнах. Каб расследаваць гандаль людзьмі, журналістам варта сачыць за фінансавымі патокамі і ланцужкамі.
Некаторыя арганізацыі, такія як Міжнародная місія правасуддзя, цесна супрацоўнічаюць з праваахоўнымі органамі, каб знаходзіць злачынцаў, іх арыштоўваць і судзіць. Іншыя, як Iнстытут Issara, працуюць з групамі мігрантаў ды іх працадаўцамі, каб праводзіць аўдыт і даваць працаўнікам права голасу. Есць ініцыятывы, як «Свабода рабам», мэта якіх – змяніць умовы, што дазваляюць існаваць сучаснаму рабству. Адны НДА з’яўляюцца рэлігійнымі, некаторыя – дзяржаўнымі, іншыя арыентуюцца на нейкую тэму альбо пэўную краіну.
Першы крок у расследаванні справы аб гандлі людзьмі — размова з як мага большай колькасцю арганізацый, не менш за дзясятак. Яны могуць пазнаёміць з тымі, хто перажыў рабства, расказаць пра судовыя справы, падказаць накірункі пошуку гандляроў людзьмі.
Напрыклад у Малайзіі, на фабрыках па вырабу гумовых пальчатак, на працягу многіх гадоў рэгістраваліся грубыя парушэнні працоўнага права. Мігранты часта плацілі за сваё працаўладкаванне. У гарадах Блізкага Ўсходу, такіх як Дубай і Абу-Дабі, сэкс-гандаль квітнее на працягу некалькіх пакаленняў: іншаземак прывозяць у краіну быццам для хатняй працы і прымушаюць працаваць у сэкс-індустрыі. Рабства таксама добра задакументавана ў сферы камерцыйнага рыбалоўства, дзе праца звычайна вядзецца далёка ад берага, без нагляду, і працоўныя мігранты могуць стаць ахвярамі эксплуатацыі.
Акрамя крыніц-людзей, многія ўрады і Арганізацыя Аб’яднаных Нацый публікуюць штогадовыя справаздачы, у якіх ёсць канкрэтная інфармацыя пра сучаснае рабства ў розных рэгіёнах. Да іх адносяцца: Глабальны даклад аб гандлю людзьмі ад Упраўлення ААН па наркотыках і злачыннасці, Даклад аб гандлю людзьмі ад Дзярждэпартамента ЗША і Даклад Еўрапейскага саюза «Разам супраць гандлю людзьмі». Міністэрства працы ЗША таксама штогод публікуе Спіс тавараў, вырабленых з дапамогай дзіцячай або прымусовай працы, у якім піша аб 155 падазроных таварах — напрыклад, тэкстыль з Камбоджы, футбольныя мячы з Індыі або вугаль з Украіны, у ланцужку паставак якіх могуць адбыцца злоўжыванні.
Шмат адказнасці для журналістаў, якія асвятляюць гандаль людзьмі, нясе адсочванне грошай і ланцужкоў паставак. Найлепшы спосаб, канешне, назіранне. Назірайце, разглядайце этыкеткі і брэнды, сачыце за таварамі або за ахвярамі, каб знайсці тых, хто атрымлівае прыбытак ад эксплуатацыі іншых. Што тычыцца ланцугоў паставак, многія гандлёвыя справаздачы ў адкрытым доступе дазваляюць журналістам адсочваць пастаўкі з пэўных заводаў пакупнікам у іншую краіну.
Яшчэ адна выдатная крыніца для адсочвання грошай — карпаратыўныя справаздачы, якія паказваюць гадавы даход, партнёраў і дзелавыя сувязі. Таксама могуць быць карыснымі судовыя працэсуальныя дакументы, з якіх можна даведацца пра людзей, арыштаваных за гандаль людзьмі, і пра іх сувязі з іншымі арганізацыямі.
Калі сусветная пандэмія COVID-19 ахапіла свет, попыт на медычныя маскі, пальчаткі, тампоны і халаты рэзка ўзрос: кітайскія заводы, дзе выраблялася большасць гэтых прадметаў, не давалі рады. У лістападзе 2020 года выданне «Guardian» апублікавала эксклюзіўнае расследаванне, якое паказала, што ўрад Вялікабрытаніі купляў сродкі індывідуальнай абароны ў кітайскіх кампаній, якія таемна працаўладкоўвалі паўночных карэйцаў. Трохмесячнае расследаванне выявіла, што людзі, у асноўным жанчыны, знаходзіліся пад пастаянным наглядам, не маглі выехаць і праводзілі на працы да 18 гадзін у дзень. Рэжым Паўночнай Карэі звычайна адпраўляе сваіх грамадзян на працу за мяжу, а потым забірае іх заробак. ААН і ЗША абвясцілі такія дзеянні Паўночнай Карэі злачынствам. У адказ урад Вялікабрытаніі паабяцаў быць больш празрыстым і публікаваць больш інфармацыі пра дзяржаўныя кантракты, а таксама заявіў, што асуджае эксплуатацыю людзей і злоўжыванні працоўнай сілай у ланцужках паставак і працуе над тым, каб спыніць гэта.
Дзяцей тут можна купіць прыкладна за 250 долараў. Днямі яны разблытваюць рыбалоўныя сеткі. І ім ніколі не плацяць. У лютым 2019 года CNN расказаў пра тое, пра што мясцовыя СМІ і праваабаронцы казалі гадамі: каля 20 000 афрыканскіх дзяцей знаходзяцца ў рабстве на возеры Вольта ў Гане. Бацькі прадаюць іх рыбакам ці мяняюць на карову. Праца дзяцей неверагодна небяспечная. Каб паказаць гэтую практыку, журналісты CNN працавалі з мясцовым актывістам, які ратуе, дае прытулак і выхоўвае дзяцей, што былі ў рабстве. У сваім рэпартажы CNN паказвае працу дзяцей і інтэрв’ю іх сем’яў, выкрадальнікаў і ратавальнікаў. Перад гэтым, у 2017 годзе, выйшаў дакументальны фільм «Joy News» — «Рабы Вольты», з дасканалай працай з крыніцамі. Фільм таксама расказвае гісторыі дзяцей, якія былі ў рабстве, і паказвае ўплыў на іх жыццё.
У ходзе 18-месячнага расследавання журналісты Associated Press высветлілі, што людзей трымаюць у клетках, а здабываемыя імі морапрадукты перапрацоўваюць для апрацоўкі ў амерыканскіх супермаркетах і на корм хатнім жывёлам. Гэтая праца атрымала Пулітцэраўскую прэмію ў 2016 годзе за служэнне грамадству і, што больш важна, прывяла да вызвалення больш чым 2000 чалавек. Пасля публікацыі адбыліся судовыя працэсы, канфіскацыя фінансавых сродкаў і абавязацельствы ўсёй галіны палепшыць ланцужкі паставак працоўнай сілы. Расследаванне адбылося пасля серыі артыкулаў, у якіх распавядаліся гісторыі рыбакоў-мігрантаў, якія былі занятыя ў індустрыі морапрадуктаў і якія сцвярджалі, што яны знаходзіліся ў рабстве. Нягледзячы на тое, што іх расказы былі шакуючымі, яны не атрымалі шырокага рэзанансу.
Расследаванне AP выявіла людзей, якія ў на той час знаходзіліся ў рабстве, а потым прыцягнула да адказнасці рабаўладальнікаў і іх бізнес-партнёраў. Гэтая праца стала першым з дзясяткаў расследаванняў пра ланцужкі паставак, якія выкрывалі злоўжыванне працоўнымі правамі ва ўсім свеце, і паўплывалі на ўвядзенне санкцый і забаронаў.
Для журналістаў, якія хочуць паглыбіцца ў гэтую тэму:
Журналісты-расследавальнікі імкнуцца даць слова прыгнечаным і прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Расследаванне і выкрыццё гандлю людзьмі дасягае абедзвюх мэтаў. Сапраўды, не так шмат тэм могуць прывесці да такой неадкладнай пазітыўнай змены сітуацыі для асобных людзей і да доўгатэрміновых паляпшэнняў умоваў індустрыі.
Так што будзьце асцярожнымі, настойлівымі і заўсёды памятайце пра бяспеку пацярпелых. У 2016 годзе мае калегі ў AP адправіліся браць паўторнае інтэрв’ю ў вызваленых у выніку расследавання «Марапрадукты ад рабоў». Некаторыя пацярпелыя пакутавалі ад наступстваў псіхалагічнай траўмы, ім сніліся кашмары; некаторыя змагаліся з сорамам ці зноў вярнуліся ў залежнае становішча; а іншыя знайшлі прыстойную працу, завялі сем’і, і нават дапамаглі пасадзіць гандляроў рабамі за краты. Шмат хто сказаў, што з часам іх боль сціх, і што яны ўдзячныя за свабоду. «Яны ўдзячныя за тое, што апынуліся дома і жывуць як свабодныя людзі», – напісала AP. «Яны больш не рабы».
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт