Gen Z: што за яны? Пачытайце пра моладзь у беларускіх медыях

Індывідуалісты. Не хапае ведаў і аўтаномнасці. Не «ўпахваюцца». Але крута, што яны – іншыя… Запыталіся ў беларускіх медыяменеджараў пра іх маладых калег і каляжанак.

Gen Z: што за яны? Пачытайце пра моладзь у беларускіх медыях
Фота: Andrej Lisakov / Unsplash+

Чаму мы зрабілі гэты матэрыял? Мы пачыталі на «Солі» тэкст пра новую генерацыю медыйшчыкаў: «”Вкалывать”, как миллениалы, они не готовы». Гэта пераклад з thefix.media калонкі пра тое, як адрозніваецца моладзь і яе медыяўжыванне, ці паўплывае новая генерацыя на працу рэдакцый.

Калі коратка, тыя, хто нарадзіўся з 1997 па 2012 год, ужо працуюць у медыя на розных пазіцыях. Гэта першае пакаленне, якое не застала жыцця без інтэрнэту і сацсетак. Яно больш чуллівае да разнастайнасці, вельмі клапоціцца пра сваё ментальнае здароўе, гатовае хутка змяніць працу і не гатовае працаваць зашмат і ў хранічным стрэсе.

Таксама мы зачапіліся за тэзіс пра тое, што прысутнасць гэтай маладой генерацыі значна ўплывае на карпаратыўную палітыку і часамі нават расхіствае правілы, сфармаваныя гадамі ў медыя.

Адзначым, што Прэс-клуб Беларусь супраць любых форм дыскрымінацыі, у тым ліку эйджызму, і ўхваляе разнастайнасць ва ўсіх сферах. Мы сабралі меркаванні пра маладую генерацыю ў кіраўнікоў некаторых незалежных беларускіх медыя. Чытайце, што атрымалася.

Сцісла

  • Ці заўважаеце ўвогуле, што маладыя супрацоўнікі адрозніваюцца?
  • Ці заўважаеце, што новая генерацыя не гатова «ўкалываць» як больш сталыя калегі?
  • Ці заўважаеце, што яны гатовыя вельмі лёгка змяніць працу?
  • Ці заўважаеце, што для іх ментальнае здароўе – пытанне нумар адзін?
  • Ці заўважаеце, што для іх праца дакладна не на першым месцы?
  • Пра жаданне аўтаномнасці  і эксперыментаў у новай генерацыі. Ці адрозніваюцца яны гэтым у рэдакцыі?
  • Ці ёсць з імі канфлікты? У чым яны часцей за ўсё?
  • «Адзін адказны, іншы – не»

Ці заўважаеце ўвогуле, што маладыя супрацоўнікі адрозніваюцца?

Большая частка рэспандэнтаў (62,5%) сапраўды заўважае розніцу. 25% — адказваюць «хутчэй так». 12,5% – «хутчэй не». Далей – цытаты:

— Адназначна, яны большыя індывідуалісты. Для іх вельмі важнае паважлівае стаўленне і нетаксічнасць калектыву, раздзяленне працы і прыватнага жыцця, ментальнае здароўе.

– Яны жывуць у віртуальнай прасторы, добра яе разумеюць, але часта замкнёныя, трымаюць уласныя думкі, жаданні, памкненні пры сабе. Без гэтага цяжка зразумець, што іх турбуе, чаго яны хочуць.

— У іх часам менш упартасці, жадання выходзіць з зоны камфорту і працаваць больш на вынік у будучыні. Але з большага гэта ўсё ж залежыць ад чалавека, а не ад узроста.

— Як любое новае пакаленне адрозніваецца ад папярэдняга. Іншыя падыходы, іншыя думкі.

— Другая логика, другое отношение к событиям и качеству инфы. Нет стандартов, другие образы. Всё другое.

— «Чистый лист» во многих сферах.

— З прафесійнага пункту гледжання асноўныя адрозненні — у адсутнасці досведу і трохі смеласці.

Ці заўважаеце, што новая генерацыя не гатова «ўкалываць» як больш сталыя калегі?

37,5% рэспандэнтаў пагадзіліся. Столькі ж адказалі, што гэта залежыць ад чалавека, не ад узросту. 25% не заўважаюць такога. Далей — цытаты:

— Раней было прынята, што людзі жывуць працай, жывуць на працы, ты носіш працу з сабой, куды б ні пайшоў. Гэта культывавалася і гэтага чакалі ад супрацоўнікаў. Цяпер культура мяняецца, на першы план выходзіць ментальнае здароўе, і ўжо культывуецца раздзяленне працы (якая ў ідэале павінна заставацца ў межах працоўных гадзін) і асабістага жыцця.

— Усё вельмі індывідуальна. Ва ўсіх пакаленняў ёсць працаголікі і аматары халтурыць. Не бачу трэнду, каб менавіта Gen Z былі прагныя да лёгкай працы.

— Яны працуюць роўна столькі, колькі прапісана ў дамове. Дадаткова капаць тэму, дадаткова заставацца дзеля тэмы на працы — не. Але залежыць і ад характару чалавека. Я ведаю тых маладзёнаў, хто гатовы ўкалываць у працы, і тых «больш сталых калегаў», якія не пойдуць улева-управа, калі гэта не прапісана ў кантракце ці ім пра гэта не сказаў кіраўнік. Але калі казаць пра большасць — так, большасць маладзёнаў не «ўпахваюцца».

— Гэтага няма зусім, як і ў іншы бок, дарэчы.

— Наоборот, они включаются, если им интересно.

— Если включаются, их остановит только выгорание.

Ці заўважаеце, што яны гатовыя вельмі лёгка змяніць працу?

37,5% рэспандэнтаў пагадзіліся з такім тэзісам. Столькі ж адказалі, што гэта залежыць ад чалавека, не ад узросту. 25% не заўважаюць такой асаблівасці. Далей — цытаты:

—  У большай ступені для іх важныя прапанаваныя ўмовы і заробак, чым прыналежнасць да пэўнага медыйнага брэнду і яго культуры.

— Такое же лёгкое переключение, много проектов сверстников, которые притягивают — и всё.

— Для кіраўніка гэта мінус, для іх —  плюс. Яны не сядзяць на адным месцы, гатовыя да эксперыментаў, не прывязваюць сябе да аднаго працадаўцы.

— Деньги их вряд ли интересуют, важен вайб внутри редакции.

Ці заўважаеце, што для іх ментальнае здароўе – пытанне нумар адзін?

25% рэспандэнтаў пагадзіліся з фармулёўкай, і столькі ж – 25% – не пагадзіліся. 37,5% было складана адказаць на пытанне. 12,5 % адказалі: «Так. Але для беларусаў зараз гэта сапраўды важна». Далей — цытаты:

— Многія працуюць з псіхолагамі/псіхатэрапеўтамі, трымаюцца іх парадаў.

— Прадстаўнікі гэтага пакалення больш ахвотна пагаджаюцца звяртацца да псіхатэрапеўтаў, чым старэйшыя калегі. Але не ўсе і не заўжды. Выглядае, беларусам яшчэ далёка ў гэтым плане да амерыканцаў ці еўрапейцаў, многія (нават з новай генерацыі) — закладнікі старых савецкіх стэрэатыпаў, умацаваных лукашэнкаўскім грамадствам.

— Пытанне нумар адзін — працаваць, але яны пры гэтым клапоцяцца пра «менталачку», але ж і больш сталыя калегі таксама.

— Пока у них нет культуры посещения психотерапевта, но уже ищут.

Фота: Andrej Lisakov / Unsplash+

Ці заўважаеце, што для іх праца дакладна не на першым месцы?

50% рэспандэнтаў заўважаюць такое, 37,5% — не. Астатнія адказалі, што не ведаюць. Далей — цытаты:

— Для іх праца хутчэй інструмент, чым самамэта. Пры гэтым нельга сказаць, што для іх не важная самарэалізацыя, гэта таксама важна, таму праца павінна даваць ім магчымасці для росту і развіцця.

— Выглядае, усё індывідуальна. Але зразумець, чаго яны хочуць, часта складаней, чым старэйшых за іх калег.

— Работа как увлечение, не заработок.

— Так, не на першым. Яны не прывязаныя да працы так моцна, як больш дарослыя. Могуць згубіць, але не будуць на гэты конт парыцца, бо можна ж знайсці іншую працу.

— Не ведаю, што на першым месцы. Але дакладна не праца (калі казаць пра большасць).

Пра жаданне аўтаномнасці  і эксперыментаў у новай генерацыі. Ці адрозніваюцца яны гэтым у рэдакцыі?

Вось што адказалі суразмоўцы:

— Гатовыя вучыцца і эксперыментаваць, але аўтаномна працаваць не могуць, бо не хапае ведаў, навыкаў, досведу.

— З майго досведу, самыя самастойныя і прагныя да эксперыментаў — міленіалы. Але гэта можа быць суб’ектыўнае ўражанне, а не правіла. Магчыма, рэалізацыі і самавыяўленню Gen Z замінаюць старафарматныя рамкі рэдакцыі, узроставы калектыў.

— У нашай рэдакцыі ва ўсіх шмат аўтаномнасці (акрамя рэдактараў), а з эксперыментамі якраз больш сталае пакаленне чапляецца. Гэта наша правіла, калі чалавек з намі, то ў яго даволі шмат аўтаномнасці, галоўнае, каб яго кавалак працы выконваўся.

— Па маіх назіраннях, яны не аўтаномныя зусім.

— Не бачу розніцы.

— Як і ўсе аўтары, не заўсёды яна спакойна прымаюць крытыку, можа больш эмацыйна рэагуюць на патрабаванні рэдактараў, больш увагі да гендернай этычнасці мовы і астатніх аспектаў роўнасці.

— Сами предлагают идеи, но это идеи на уровне трендов в соцсетях.

— Я на них опираюсь в желании всё изменить.

Ці ёсць з імі канфлікты? У чым яны часцей за ўсё?

Вось што адказалі суразмоўцы:

— У культуры камунікацыі. У старэйшага пакалення іншыя камунікацыйныя звычкі, дзе дапушчальныя прамата, рэзкая крытыка, падколкі. Для маладога пакалення гэта ўжо лічыцца непрымальным і ўспрымаецца як непавага, праз што могуць быць канфлікты паміж людзьмі.

— У нас яны адказваюць за новыя медыя і сацыяльныя платформы. Ведаюць і адчуваюць іх лепш за класічных журналістаў з вялікім досведам. Праз гэта часам лічаць працу апошніх нерэлевантнай. Разам з тым большасці маладых бракуе фундаментальных журналісцкіх ведаў, яны не заўжды ўмеюць і могуць скласці гісторыю, адрозніць журналісцкі прадукт ад віруснага суткавага рэпосту.

— Часам канфлікты нараджаюцца праз тое, што маладыя ігнаруюць ці прыніжаюць працу старэйшых, а старэйшыя не лічаць маладзейшых за паўнавартасных журналістаў.

— Часцей за ўсё з-за неразумення журналісцкай этыкі.

— Могуць адмовіцца выконваць нейкае заданне, не патлумачыўшы пры гэтым, чаму не будуць. Большасць лічыць сябе дасведчанымі ўжо пасля двух-трох гадоў працы, не жадаючы вучыцца і развівацца далей. Для параўнання: я 20 гадоў займаюся журналістыкай і лічу, што мне ёсць яшчэ чаму вучыцца і куды развівацца. Вельмі рэдка наведваюць (у параўнанні з маім пакаленнем) спецыялізаваныя курсы. Адсутнасць ініцыятывы, часцей за ўсё. Што далі — тое і зрабіў.

— Калі ў моладзі больш самастойнасці, яна больш раскрываецца, і ты бачыш, як яна расце (важна своечасова пра гэта сказаць і пахваліць). Але не ўсім трэба самастойнасць, таму далёка не ўсе ў нас застаюцца.

— Былі адзінкавыя канфлікты наконт таго, што ім хочацца падпісваць матэрыялы і будаваць асабісты брэнд у большай ступені, чым сталым аўтарам, але ж праз дадатковыя тлумачэнні сітуацыі атрымалася гэтыя канфлікты вырашыць.

«Адзін адказны, іншы – не»

Не ва ўсіх медыях працуе моладзь ад 18 да 27 гадоў, таму таксама мы далі магчымасць выказацца і іншым рэдакцыям. Што яны думаюць?

— Я не вельмі згодная з думкамі, якія прыводзяцца ў артыкуле на «Солі». Ва ўсе часы чым маладзей чалавек, тым прасцей яму змяніць працу па самых празаічных прычынах: калі яшчэ няма іпатэк, дзяцей, можаш сабе дазволіць моцныя калыханні фінансавага стану. Я працавала да вайны ў калектыве, дзе была амаль найстарэйшай (35), і магу сказаць, што журналісты 20+ такія ж розныя, як і 30+ ці 40+. Адныя трымаюцца за працу, ігнаруюць уласныя праблемы, гатовыя начаваць на працы, рабіць працу «за так», а іншыя вельмі дакладна пільнуюць свае межы.

— Я не представляю, как определить границу условно «молодёжь – не молодёжь» в нашей редакции. Каких-то возрастных групп с ярко выраженными матрицами поведения и ценностями у нас, мне кажется, нет, хотя люди все разные, и интересы разные, и семейное положение разное, и, похоже, что количество лет по паспорту — тоже. Я не могу сказать, что есть какие-то «старички-трудяги» или «молодые прагматики», или как какие-то другие штампы, которые приходят в голову. За последние полгода у нас есть кейс, когда новый сотрудник-студент целое направление вывел на новый уровень. И когда человек 30+ с большим опытом пришёл и стал делать очень крутые вещи. Так что разделить на какие-то ценностные группы или поведенческие сценарии не получится.

— Я супраць абагульнення, тут хутчэй ад чалавека залежыць. Адзін адказны, іншы – не. Нам стала складаней праз тое, што паменшылася кола заявак на працу. Але атрымліваецца знайсці і цікавых людзей, якія хутка прагрэсуюць.

— Тое, што моладзь іншая, — крута. Тое, што яна не супадае з поглядамі больш старэйшага пакалення, — не бяда. Яны ў любым выпадку нас калісьці заменяць. Так, журналістыка будзе іншая, але ж яна мусіць мяняцца, бо яна для людзей, якія таксама мяняюцца.

Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыяла мы размаўлялі з медыяменеджарамі «Нашай Нівы», «Новага часу», «Зеркала», KYKY, Belsat, CityDog, Tribuna, «Радыё Свабода», Media IQ, Sojka.
Падзяліцца:

Падрыхтавана Прэс-клубам Беларусь

27 красавіка 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняGen Z: што за яны? Пачытайце пра моладзь у беларускіх медыях

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць