Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
У сучасных умовах траўматычная сітуацыя пашыраецца з-за медыя, якія забяспечваюць аўдыторыі «эфект прысутнасці» пры розных падзеях. Так лічаць даследчыкі Цэнтру новых ідэй Генадзь Коршунаў і Максім Кудрэвіч.
Прэзентацыя даследавання «Калектыўная траўма беларускага грамадства: маштабы і варыянты прапрацоўкі» адбылася ў снежні 2022 года.
Генадзь Коршунаў пракаментаваў яго вынікі, а пасля эксперты абмеркавалі ўплыў медыя на фармаванне медыятраўмы і (рэ)траўматызацыю пратэснай часткі беларускага грамадства.
Паводле даследавання, псіхалагічную траўму ад рэпрэсій рэжыму атрымлівалі нават тыя беларусы, хто не браў непасрэднага ўдзелу ў пратэстах. Адзін з варыянтаў кантакту з гвалтам для такой часткі грамадства — візуальны. Менавіта візуальны фармат забяспечвае ўзмацненне і замацаванне эмацыйнага перажывання гвалту. У выніку такога кантакту фармуецца так званая «траўма сведкі».
Так званая «медыятраўма» не толькі забяспечвае «эфект прысутнасці» у траўматычнай сітуацыі, але можа садзейнічаць рэтраўматызацыі – паўторнай траўматызацыі чалавека.
88% прадстаўнікоў прапратэстнай часткі беларускага грамадства мелі візуальны кантакт з гвалтам падчас пратэстаў 2020 года.
49,6% рэспандэнтаў былі непасрэднымі сведкамі гвалту супраць пратэстоўцаў.
Па выніках даследавання адбыліся дыскусіі. Медыйшчыкі абмеркавалі калектыўную траўму і ролю медыя ў (рэ)траўматызацыі беларускага грамадства, фармаванне наратываў. У дыскусіях узялі ўдзел галоўны рэдактар Еўрарадыё Павал Свярдлоў, галоўная рэдактарка Media IQ Надзея Белахвосцік, а таксама псіхатэрапеўтка Наталля Скібская.
Надзея Белахвосцік
– Магчыма, мы троху і захраслі ў 2020 годзе, але ж і нашы незалежныя медыя таксама перажылі сваю асабістую прафесійную калектыўную траўму. Медыя былі масава выдушаныя з краіны, і ў нас увогуле – траўма на траўме і траўмай паганяе. Гэта такі этап. Трэба рушыць далей.
Павал Свярдлоў
– Медыя — заўсёды канструктар: мы вырашаем, пра што пісаць і пра што – не. Вакол нас адбываецца столькі падзей, іх нашмат больш, чым могуць напісаць медыі. Таму мы ўвесь час выбіраем.
Вядома, даўным-даўно мы маглі б спыніць пісаць пра рэпрэсіі, суды, затрыманні — гэта адбываецца ў Беларусі кожны дзень, можна ўсю стужку запоўніць такімі навінамі. Калі мы не будзем гэтага рабіць, пісаць пра тое, што зараз у Беларусі, – то будзем наўмысна скажаць карціну свету. Так, мы ненаўмысна, але фарміруем наратыў калектыўнай траўмы. Нашы чытачы – хто з’ехаў і хто застаецца ў Беларусі – працягваюць жыць у гэтым свеце рэпрэсій, якія не сканчаюцца, а толькі пагаршаюцца.
Я не магу ацаніць, добра гэта ці дрэнна, магу толькі сказаць – так ёсць, такі ў нас свет. Пакуль мы проста робім сваю працу.
Наталля Скібская
– Я – траўматэрапеўт і працую з журналістамі. Фармаваць наратыў неабходна. Заўсёды ёсць тое, што вышэй, – мэты, стратэгіі, а чалавек нібыта выкрэсліваецца. Важна вярнуць каштоўнасць асобы і размаўляць не пра калектыўную траўму, а пра тое, што мы ўвогуле жывем у сістэме гвалту. Казаць пра гэта – істотна. Каб перажыць і прапрацаваць інфармацыю, нам патрэбныя ацэнкі і катэгорыі, трэба называць рэчы сваімі імёнамі. А мы пайшлі «мудрагеліць хітра».
Мы застаемся людзьмі і накладваем свой адбітак на тое, што мы кажам і робім. Мы не можам быць незалежнымі ад соцыума, у якім мы жывем, ад нашага асабістага досведу.
Трэба разглядаць пытанне міждысцыплінарна і на розных узроўнях. Інакш мы пачнем аб’ектываваць народ, рабіць людзей аб’ектамі, а не суб’ектамі. Але наша задача — вывесці людзей на суб’ектнасць, каб яны маглі нешта рабіць і дасягаць.
Якім чынам людзі расказваюць пра тое, што з імі адбылося, — абумоўлена іх базавай рэакцыяй, магчыма гэта адбываецца і афектыўна…
Пратэстная маса — людзі, якія, каб пазбавіцца сваёй траўмы, ідуць у нейкія агрэсіўныя дзеянні і падаюць нейкі свой наратыў. Але трэба размаўляць і пра траўму, і пра гвалт, і пра канцэпцыю будучага.
Надзея Белахвосцік
– Магчымасць перайсці праз асабістую траўму — залежыць ад канкрэтнага журналіста. Бачым, што людзі выгараюць, ламаюцца. Ёсць недахоп журналістаў. Але тое, што мы робім, — так важна, што нейкім чынам праца дае табе нейкую моц.
Задача незалежнай прэсы цяпер — не проста нешта напісаць, але і дагрукацца да адрэзанай аўдыторыі. Так, наша аўдыторыя стамілася ад негатыўнай павесткі, але ў той жа час людзі не хочуць прабівацца праз VPN на старонкі незалежных медыя, каб там чытаць рэцэпт супа.
Галоўная мэтавая аўдыторыя для нашых незалежных медыя – людзі ў Беларусі. Калі няма ў краіне адкрытай сацыялогіі — вымяраць яе немагчыма.
Падаецца, што стратэгічныя рэчы і планы ў такой сітуацыі могуць выступаць у якасці пазітыўных матэрыялаў, тое, што будзе даваць людзям надзею. Канешне, стратэгаваць будуць інтэлектуалы, медыя могуць даваць ім пляцоўку.
Напрыклад, што адбываецца з гісторыяй, калі ідэалагічная машына перапісвае яе? Мы ў стане апісваць, што робіцца і як. І мы бачым на прыкладзе Media IQ – гэта запатрабавана, людзі хочуць тое ведаць. Вялікі запыт быў яшчэ ў 2020 годзе, калі ўзніклі чаты, былі дваравыя сустрэчы, пажаданымі гасцямі былі навукоўцы і сацыёлагі, філосафы. Людзі і дагэтуль дзеляцца спасылкамі на даследаванні — запыт ёсць! І тут медыя — пляцоўка, але медыя не могуць прадукаваць сэнсы.
Павал Свярдлоў
– У нас ёсць, канешне, такая замова, таму што ў 2020-м прыйшлі тыя, хто ўвогуле не цікавіўся ні нацыянальнай ідэяй, ні культурай, ні гісторыяй. Калі яны пачалі пытацца, а дзе што ёсць, а давайце развіваць беларускую культуру — то мне хочацца схапіцца за галаву: вы мяркуеце, што папярэднія 20 гадоў ніхто нічога не развіваў?
Замова ёсць, але хачу нагадаць, што людзі падчас апытанняў хочуць падавацца лепшымі, чым ёсць. Так, яны пішуць, што хочуць больш адукацыйнага кантэнту, больш пра культуру, а насамрэч яны хочуць больш свецкай хронікі, скандалаў, надзвычайных здарэнняў. Гэта прырода чалавека. 9,2% рэспандэнтаў сказалі, што ў якасці «лекаў ад траўмы» яны ўжываюць алкагольныя напоі. Здаецца, гэта той выпадак, калі людзі падаюцца лепшымі, чым ёсць. Напраўду ж лічба больш высокая.
Медыі мусяць адказваць на пытанні нацыянальнай ідэнтычнасці, людзі хочуць больш размаўляць па-беларуску. Трэба прапаноўваць такі прадукт. І гэты прадукт — пазітыўны. З аднаго боку, ён дазваляе чалавеку заставацца ў пратэстнай актыўнасці і не спажываць для ўнутранага рухавіка тыя навіны, ад якіх могуць з’явіцца дэпрэсія і траўма сведкі. Мы [Еўрарадыё] робім гэта, увогуле і кніжкі выдаем пра нацыянальную ідэю. Радыё Свабода, Наша Ніва таксама робяць гэта кожны дзень. Гэта і ёсць наша місія.
Знайсці калядныя вершы і песні на ютубе, у інэце, у краме — не складана самастойна, у медыяў не хапае рэсурсаў на ўсе. Нейкі «Спутник» можа сабе дазволіць пасадзіць некалькі чалавек на рэцэпты, лайфстайл і збіраць трафік на вершах.
Наталля Скібская
– Не хапае нармальнасці, штодзённасці, таго самага лайфстайлу. Мы спрабуем зрабіць гераічны вобраз будучага, знайсці герояў. Як у песне: «у героі не рвусь, бо не любіць герояў мая Беларусь». Нармальна, калі на крайнія формы людзі дрэнна рэагуюць.
Каб сябе адчуваць «норм» — то трэба быць героем? Мы ўсе героі, бо жывем і неяк даем рады. Каб быць «нармальным харошым пратэстуном», трэба абавязкова пасядзець у турме… Нармальнасць трэба ўвесці ў норму. Той прымітыўны вобраз будучага, калі людзі могуць ісці ў краму і не баяцца, што не дайдуць да дому, – каб за гэта змагацца. Людзі ў 2020-м выходзілі не за бел-чырвона-белыя сцягі, а за нармальнае жыццё.
Надзея Белахвосцік
– Калі нармальнасць ёсць вакол нас у жыцці, тады яна і ў медыя будзе, тая нармальнасць. Бо медыя адлюстроўваюць жыццё. Калі вакол крыва-коса-крывава…
Канешне, кантэнт для дзяцей – суперважны, бо ідэалогія пайшла ў садкі-школы за «маленькімі мазгамі». Калі нехта з савецкага пакалення кажа «нібыта нічога, мы ж выжылі ў савецкіх школах» — дык нічога падобнага не было! Немагчыма параўноваць!
Калі ўвесь час інфармацыя табе даецца ў негатыўна-агрэсіўным дыскурсе: фармуецца вобраз, нібыта вакол ворагі бразгацяць зброяй і мараць напасць на нас. І гэта распаўсюджваецца на супольнасць, на людзей у Беларусі, якім цяжка браць інфармацыю ад незалежных медыяў.
Роля медыяў вельмі высокая, нам патрэбная прафілактыка ад прапаганды. Мы троху адчулі ў 2020-м наш народ, і трэба рабіць стаўку на салідарнасць, падтрымку, ідэалы.
Колькі гадоў спрачаліся пра бчб-флаг. А ў 2020-м проста паставілі кропку, у адзін дзень – 16 жніўня. І незалежныя медыя зрабілі свой унёсак у гэты працэс, яны адыгралі істотную ролю. 30 гадоў да гэтага яны працавалі і на гэты вынік у тым ліку.
Можам параўноўваць, як працуюць так званыя ліберальныя медыя ў Расіі, якая ў іх аудыторыя і які ўплыў. У іх была зусім маленькая аўдыторыя, а зараз і яе страцілі. А беларускія незалежныя медыя захавалі сваю аўдыторыю. Так, яна скарацілася з 50-60% да 30%. Але тым не менш, 30% – і гэта праз усе перашкоды! Таму трэба працаваць з рознымі тэмамі, хай не барыкаднымі, але з тымі, якія закладаюць асновы.
Надзея Белахвосцік
– Калі эмацыйны фон падвышаны – людзі не хочуць успрымаць такую інфармацыю, бо яна падаецца агрэсіўнай і дакучлівай. Які тон абіраць зараз? Эмацыйныя мэсаджы якраз трапляюць у мэту. Але ж нам не варта займацца контрпрапагандай!
Як тады размаўляць? Даставаць светлае і моцнае, што нас з’яднала як нацыю. Нельга казаць «у нас амаль атрымалася» – бо ў нас насамрэч атрымалася стаць нацыяй. Трэба шукаць фарматы. Зараз ютуб выходзіць на першае месца, то трэба туды і ісці, калі людзям прасцей візуальна і бяспечна спажываць кантэнт. Калі чалавек не завельмі эмацыйна, а проста і эмпатычна распавядае – напэўна, будзе большы эфект.
Павал Свярдлоў
– У нас досыць інструментаў і спосабаў, каб зрабіць медыі больш цікавымі, не парушаючы прафесійныя стандарты. Ніхто не адмяняў сарказм і іронію. Эмацыйнасць бывае розная. Калі Азаронак проста абражае людзей – гэта прапаганда. А нам ніхто не забараняе быць эмацыйным і саркастычнымі, магчыма, цяпер трэба гэтаму вучыцца – гэта вабіць гледача. Ютуб робіцца асноўнай пляцоўкай, дзе шмат беларускай аўдыторыі. Эмацыйнасць і новыя формы, а не проста сядзенне ў кадры і «бубнёж», што яшчэ кагосьці затрымалі.
Памятаеце, у 2020-2021-м людзі сядзяць у турме, тысячы затрыманых, а мы ходзім па вуліцах, у бары, у кіно, радуемся жыццю… Гэта ўвогуле этычна ці не? І час паказвае, што гэта — этычна і нармальна. Жыццё працягваецца, хоць і застаюцца ахвяры рэпрэсій. Дзеці растуць. Было б дзіўна, калі б людзі не займаліся сям’ёй.
Але даследаванне паказвае, што шмат людзей ацэньваюць пазітыўна тое, што яны рабілі ў 2020 годзе. І яшчэ больш актыўна б пратэставалі. Цяпер людзі не гатовыя выходзіць, але калі ўмовы зменяцца – пратэсны настрой, які нікуды не знік, выйдзе ізноў на паверхню. І людзі пайдуць пратэставаць. А пакуль умовы такія як ёсць – нармальна працаваць і займацца сям’ёй. Калі ўсе будуць выключна пратэставаць, то за гэтым і не будзе за што і дзеля чаго мы выходзім — за будучыню нашых дзяцей, магчымасць жыць тым поўным жыццём. Для гэтых людзей трэба рабіць той кантэнт, які яны гатовыя і хочуць спажываць.
Як працаваць, калі медыя ў выгнанні, а большасць аўдыторыі ўнутры краіны. Ці патрэбны «культ паўсядзённасці»?
Павал Свярдлоў
– Людзі робяць свой выбар, дзе ім жыць, у Беларусі ці не, сыходзячы са сваіх абставінаў. У тых, хто застаўся, ў асноўным няма пытаняў да тых, хто з’ехаў. А пытанні распальвае прапаганда – каб апрацаваць пратэстную аўдыторыю і нацкаваць адных на іншых. Мы мусім не распальваць такія пытанні. Бо рашэнне, дзе чалавеку жыць, і любы яго выбар – нармальныя. Калі кагосьці затрымалі, нярэдка з’яўляюцца каментары накшталт: «вой, а ён (яна) дагэтуль у Беларусі? Як можна там заставацца?» Але чалавек – грамадзянін Беларусі, ён хоча там жыць і застаецца там жыць.
А складанасць для медыяў у тым, каб працаваць і на дыяспару, і на тых, хто застаецца ў Беларусі. Тых, хто ў Беларусі, не дужа цікаваць тое, што ў Варшаве, бо яны – у Магілёве.
Наталля Скібская
– Каб у чалавека з’явіліся суб’ектнасць і адчуванне «я магу», яму патрэбна энергія. А траўма і рэтраўматызацыя ад’ядаюць энергію і кідаюць чалавека на базавы ўзровень – «хаця б сёння выжыць». Каб людзі былі актыўнымі, трэба клапаціцца пра тое, каб у іх былі сілы. Рабіць кантэнт з павагай да тых рэсурсаў, якія людзі выкарыстоўваюць на яго спажыванне. Канешне, мы ведаем, што галоўны пастаўшчык дрэнных навін – беларускія ўлады.
Чаму 2020 год не стаў траўматызуючым – бо там была салідарнасць і клопат пра іншага. Звычайна ў траўмуючых падзеях чалавек застаецца ў пазіцыі ахвяры, выключаны з соцыума. Таму трэба зрабіць магчымай камунікацыю. А для гэтага павінен быць ніжэйшым узровень трывогі. Каб не «беларус беларусу беларус», а ўсё-такі «чалавек чалавеку чалавек». І ў тым ліку трэба казаць пра дэгуманізацыю і дэманізацыю вінаватых, якія зрабілі свой страшны маральны выбар. Тыя, хто тварыў там жэсць, – у большасці звычайныя людзі, псіхапатаў там мала. Самая жудаснае, што тыя людзі не здольныя пайсці насустрач. Што з таго боку? Там зашкалівае ўзровень страху і трывогі, бо там і цана паразы велічэзная.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт