Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Калі я даведалася, што разам з перамогай у конкурсе Беларусь у Фокусе я выйграла і стажыроўку ў медыя адной з краін Вышэградскай групы, то непазбежна паўстала праблема выбару. Да таго ж, журналістыка стала для мяне новай сферай дзейнасці, бо прафесійна я больш звыклая да акадэмічнага асяродку, гістарычных даследаванняў і выкладання. Урэшце, зоркі сышліся так, што месцам маёй стажыроўкі стала Беларуская рэдакцыя Радыё Свабода. А Прага ізноў спраўдзіла сваю магію – бо незалежна ад таго, дзе я жыву і працую, горад, дзе Скарына 500 гадоў таму надрукаваў першую беларускую кнігу, дзіўным чынам заўсёды з’яўляецца на маім шляху.
Тыдзень інтэнсіўнай стажыроўкі прынёс процьму досведу – я не толькі пабачыла ўнутраную «кухню» рэдакцыі, але і паўдзельнічала ў некалькіх праграмах розных фарматаў: жывы эфір радыё, live-трансляцыя, тэлепраграма, блог. Я прыехала ў Прагу якраз у той дзень, калі ў Каталоніі адбыўся рэферэндум аб выхадзе са складу Іспаніі і тысячы каталонцаў выйшлі на вуліцы, патрабуючы незалежасць для свайго краю. У той дзень больш за 800 чалавек пацярпела падчас пратэстаў супраць цэнтральнага іспанскага ўраду на вуліцах Барселоны.
Натуральна, што Каталонія стала галоўнай тэмай ўсіх навінаў, а мне давялося рыхтавацца да першага ў жыцці эфіру на радыё, дзе разам Юрыем Дракахрустам і Сяргеем Навумчыкам абмяркоўвалі аргументы за і супраць незалежнасці, дыскутавалі пра спосабы выйсця з крызісу ды магчымыя сцэнары для Каталоніі.
Каталонска-іспанскі крызіс стаў і тэмай для «Зоны Свабоды», якую запісвалі ўжо ў тэлестудыі. Разам з журналістам Аляксеем Знаткевічам, які якраз нядаўна вярнуўся з Барселоны, і вядоўцам Юрыем Дракахрустам размаўлялі пра становішча аўтаномій ды права нацый на самавызначэнне ў сучасным свеце. Як і з радыё-трансляцыяй, мне напачатку ўсё падавался троху нерэальным, але псіхалагічна было прасцей, бо праграма мела выйсці ў запісе. Аднак адчуванні былі прыкладна такія ж, калі я першы раз чытала лекцыю для вялікай аудыторыі.
На наступны дзень быў запіс праграмы з цыклу «Толькі Жанчыны» з Ганнай Соусь, дзе мне, як гісторыку, давялося павандраваць у часе на сто гадоў назад, у 1917 год. Стагоддзе Кастрычніцкай рэвалюцыі стала нагодай для дыскусіі пра яе спадчыну трагічных лёсаў і новыя ролі жанчын у палітыцы і грамадстве.
Адначасова з падрыхтоўкай да праграмаў, я самастойна займалася пошукам матэрыялаў ды напісаннем артыкула пра гамафобію ў Беларусі, які пазней быў апублікаваны на сайце беларускай Свабоды («Доўгі шлях да талерантнасці: гамафобія ў беларускім грамадстве»). У адрозненне ад акадэмічнага стылю, з якім я звычайна маю справу, я стала свядома надаваць больш увагі бягучым трэндам для медыя ды візуальным сродкам, інфаграфікам, ілюстрацыям і г.д.. Практычны досвед падаўся мне эфектыўным спосабам удасканаліць свае кампетэнцыі, і я вельмі ўдзячная арганізатарам стажыроўкі за гэтую магчымасць.
Лізавета Касмач
Стажыроўка пераможцы конкурсу Беларусь у фокусе-2016 Лізаветы Касмач у офісе «Радыё Свабода» ў Празе стала магчымай дзякуючы падтрымцы Міжнароднага Вышаградскага Фонду.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт