Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Проект Пресс-клуба «Пресса под прессом» – о том, что происходило и происходит с независимыми медиа и журналистами в Беларуси с августа 2020 года. Мы собираем свидетельства и истории.
Hrodna.life – особенное издание для Гродно. Как говорят в редакции, они всегда старались быть не похожими на других и кроме информирования создавали вокруг себя сообщество, стремились улучшить жизнь города. Власти закрыли юридическое лицо, заблокировали сайт, но медиа продолжает работать в Гродно, несмотря ни на что.
Алексей Шота
главный редактор Hrodna.life, продолжает работать из Гродно
Поўнамаштабны ціск на Hrodna.life пачаўся ў 2021 годзе, хаця і ў 2020 годзе хапала рознага. Першы званочак быў у чэрвені 2020 года. Мы былі тады першымі на месцы, калі затрымалі Сяргея Ціханоўскага і набралі вельмі шмат трафіку: на нас спасылаліся BBC, ТАСС і іншыя.
Праз пару дзён мяне запрасілі ў гарвыканкам на размову пра парушэнне закону «Аб рэкламе». Мы апублікавалі матэрыял пра новы бар. І там сапраўды была памылка з нашага, майго боку як рэдактара. На адным з фота было бачна меню з цэнамі, я не звярнуў на яго ўвагі. Фармальна гэта парушэнне.
Тады нас ніяк не пакаралі. Кіраўнік гораду Мечыслаў Гой сказаў, што бярэ пад свае гарантыі, што мы больш такога рабіць не будзем. Але тут, зразумела, што выклікалі нас выключна па тэме Ціханоўскага. Акрамя прадстаўнікоў эканамічнага аддзела і аддзела гандлю гарвыканкама на сустрэчы яшчэ быў ідэолаг.
Большая частка размовы тычылася: «Не надо нагнетать. Что вы разжигаете. Люди на взводе, готовы взорваться. А вы тут пишете!». Мне хацелася запытацца: «А чаго гэта людзі гатовыя ўзрывацца? Хто іх так завёў? Мы хіба?».
Больш трывожныя падзеі адбыліся ўжо ўвосень. Калі ўсе гэтыя гучныя акцыі адгрымелі, былі толькі нейкія дробныя маршы, людзям не давалі нават сабрацца. Тады пачалі ўжо актыўна і журналістаў хапаць.
Лену Кавальчук, нашу журналістку, недзе ў верасні затрымлівалі, была праверка па артыкулу 23.34 («несанкцыяванае масавае мерапрыемства», КоАП у рэдакцыі да 01.03.2021. – Рэд.) і незаконнай вытворчасці матэрыялаў СМІ. Усе справы былі закрытыя, ніяк яе не пакаралі. Але больш за месяц яе тэлефон і фотаапарат знаходзіліся ў міліцыі, а сама Лена была ў статусе, што ў адносінах да яе праводзіцца праверка. Па адной з праверак ёй давялося нават ехаць на сваю малую радзіму ў Белавежскую пушчу, бо выклікаў мясцовы ўчастковы.
Самая вядомая гісторыя – з Русланам Кулевічам. Яго затрымалі падчас пратэстаў у першыя дні пасля выбараў. Ён некалькі дзён адсядзеў з паламанымі рукамі ў ізалятары.
Але тады мы проста трапілі «пад гарачую руку». Былі не ў тым месцы і не ў той час.
А вось ужо з 2021 году пачалася кампанія па знішчэнню. 29 студзеня у нас здарыўся нечаканы вобшук у рэдакцыі. Нас там не было, мы ўсе былі па дамах, была планёрка праз Zoom. У офісе забралі тэхніку, дакументы, грошы, нейкую друкаваную прадукцыю, промапрадукцыю. Недзе праз паўгады ўдалося вярнуць усю тэхніку ў працоўным стане, грошы. Нічога не пабілі, не паламалі. А вось промапрадукцыю ніхто не вярнуў, сказалі, што знішчылі.
Тады пачалася і «інфармацыйная кампанія». Падчас вобшуку ў нас канфіскавалі стары тэлефон, які ў рэдакцыі выкарыстоўваўся для запісу званкоў. На ім быў адзін стары дакумент 2015 году, на які нават я забыўся. А Hrodna.life яшчэ не існаваў тады ў сённяшняй форме. Нібыта я атрымаў суму кшталту 100 ці 150 еўра ад польскага фонду – прадусара перадачы на польскім тэлебачанні, якую я вяду апошнія пяць гадоў. Я плачу ў Беларусі падаткі. Гэта ўвогуле ніколі не было сакрэтам. Але прапагандысты апублікавалі гэты дакумент: «Вот, смотрите, Шота живёт за польские деньги». Пэўна, хацелі паказаць, што я за гэтыя грошы шэсць гадоў рэдакцыю ўтрымліваю.
Стала зразумела, што гэта будзе працягвацца і будуць даціскаць да канца. За паўгода было дзве справы: за распаўсюд экстрэмісцкай інфармацыі, за рэпост з Telegram-канала ці выкарыстанне фотаздымку з ягоным лагатыпам. Па справе праходзілі як фірма, так і я з Ірынай Новік як рэдактары. Каралі за адно парушэнне двойчы. Атрымалі вельмі вялікія штрафы – больш за 26 тысяч рублёў.
Пасля наш Telegram-канал прызналі экстрэмісцкім, давялося яго закрываць і заводзіць новы. Мы страцілі значную частку падпісчыкаў.
Вельмі хутка пракурор падаў у суд заяву пра ліквідацыю арганізацыі, бо палічыў, што яна неаднаразова парушае заканадаўства. Але па факце яны інтэрпрэтуюць гэта няправільна: нельга разавыя судовыя справы разумець як неаднаразовыя парушэнні заканадаўства. Задача – хутчэй прыкрыць выданне.
26 жніўня скончылася тым, што нас абавязалі ліквідавацца да 30 лістапада. Мы не спяшаемся. Звольненыя супрацоўнікі былі ў адпачынку, цяпер я трошкі «пагрэю косці». Вернемся – будзе два месяцы, каб закрыцца.
У 2020 годзе ўпершыню за шмат гадоў, а можа быць, упершыню ў незалежнай Беларусі ў рэгіёнах штосьці ды адбывалася. Раней нічога не здаралася за рэдкім выключэннем падзеяў тыпу змагання з акумулятарным заводам. Заўсёды палітычнае змаганне канцэнтравалася ў Мінску. Я Мінск вельмі люблю, але трэба прызнаць, што ён вурдалак, які высмоктвае ўсё з рэгіёнаў, мінская тэматыка пераважае.
А тут здарыўся магутны зрух. Напрыклад, у Гродне ёсць аналаг брэсцкай «карагоднай справы» (справа аб пратэстах, па якой судзяць вялікую колькасць жыхароў Брэста. – Рэд.) – «справа “Молочного мира”». Па нашых дадзеных, людзей па гэтай справе, якіх можна пакараць, некалькі сотняў.
Таму і на лакальныя медыя пачалі ціснуць. Гэта тыя, хто асвятляў гэтую тэматыку. Прыстойна, якасна. Мы былі адзіныя ў горадзе, хто пастаянна даваў ў жніўні 2020-га інфармацыю, што адбываецца, а не пра градкі ці «хутка першае верасня».
Гэта быў адказ уладаў. Яны паглядзелі і, відаць, прааналізавалі матэрыялы. З іх пункту гледжання такое інфармаванне – гэта «лялькаводства». Калі падаеш інфармацыю, ты вораг.
Усе тыя выданні, якія былі папулярнымі, адсочвалі суды, рэпрэсіі – «Бинокль» (Брэст), «Сильные новости» (Гомель), «Брестская газета», «Рэгіянальная газета» (Маладзечна) і іншыя – усе, хто годна адпрацоўваў у мінулым годзе выбарчую кампанію і паслявыбарчыя падзеі – усе патрапілі пад ціск.
Працуем далей, сайт будзе, нікуды ён не знікне. Наконт формы – гэта іншае пытанне. Сайт на дадзены момант не належыць фірме і мне не належыць. Пытанне толькі, што рабіць з людзьмі. Думаем, што будзе найбольш зручна, бяспечна і проста.
Да гэтага часу ёсць цікаўнасць да сайту з боку рэкламадаўцаў. Можа, меншая, чым была, але перыядычна з’яўляюцца запыты на рэкламу. Дзіўна было б спыняцца зараз.
Ёсць магчымасць рэлакацыі. Гэта адкрытая магчымасць: калі захочаш, то хоць заўтра можаш быць у любой іншай краіне. Але большая частка супрацоўнікаў, якія знаходзяцца ў Беларусі, не хочуць ехаць, гатовыя быць тут. Гэта вельмі добра і гераічна, як піша намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі: «Усе героі, хто застаецца». Пытанне фізічнай бяспекі заўсёды ўлічваецца, кожны трымае ў галаве магчымасць ад’езду. Мы, як рэдакцыя, у сваю чаргу акажам любую патрэбную падтрымку.
Вялікая страта, што мы не можам рабіць тое, што рабілі раней: афлайн-дзейнасць была мегаважнай для нас. Мы не можам выдаць дзве кнігі, гэта стала небяспечна ў Беларусі. Да таго экскурсіі, афлайн-квесты, майстар-класы, выставы, круглыя сталы – усё гэта рабіла наша рэдакцыя. Але ўмовы ўсё складаней і складаней.
Гэта быў важны спосаб кантакту з нашай – вельмі адданай – аўдыторыяй. Гэта і давала магчымасць манетызацыі, і рабіла нас унікальнымі. Наша місія была ствараць кам’юніці, гэтым мы адрозніваліся. Можа быць, таму што мы выйшлі з трэцяга сектара і заўсёды мелі дзве нагі – журналісцкую і грамадскую. Нам было важна не проста інфармаваць і збіраць трафік, а таксама ўплываць на падзеі ў горадзе, гарадскую палітыку і прастору, і разам з гараджанамі рабіць наш горад лепшым.
Ніхто столькі, як мы, не пісаў пра розныя грамадскія ініцыятывы, арганізацыі, акцыі, падзеі яшчэ да таго, як гэта стала модным. Нікому гэта не было цікава, а нам было.
Для мяне Hrodna.life – адно з маіх дзяцей. Я ад самага пачатку ў гэтым праекце, вельмі шмат туды ўклаў сілаў, часу, ведаў, уменняў, кантактаў. Праект пастаянна рос і развіваўся, праца давала вынікі.
Такое медыя губляць для горада шкада.
Ирина Новик
редактор спецпроектов Hrodna.life, соучредитель издания
выехала из Беларуси после нескольких судов, суток и штрафов
Асноўная наша каманда працуе ў Гродна. З’ехалі толькі Руслан Кулевіч і я. Па арганізацыі працы нам вельмі дапамог папярэдні год каранавірусу, калі мы сумленна сядзелі на каранціне і заклікалі да гэтага чытачоў. Мы навучыліся працаваць у анлайне.
За гэты год мы набылі пэўны досвед працы ў месенджарах, навучыліся дыстанцыйна ўзгадняць паміж сабой матэрыялы. У нас ёсць планіроўшчыкі, дзе мы стараемся планаваць па датах публікацыі. Ёсць сістэма, з кім узгадняць штодня, з кім на тыдзень. Зараз гэта вялікай складанасці не стварае.
Я ведаю, што хлопцы, якія засталіся ў Гродне, стараюцца сустракацца і афлайн, каб паціснуць руку адзін аднаму і папрацаваць над матэрыяламі, службовыя пытанні часам абгаварыць, а таксама часам схадзіць згуляць у інтэлектуальныя квізы. Мы заўсёды хадзілі пагуляць, і цяпер яны працягваюць традыцыю.
Калі не ўлічваць, што вакол ідзе вайна, то ўсё засталося, як і было. Стараемся працаваць у рэжыме нармальнасці і неяк падтрымліваць нармальны лад жыцця.
Для мяне ў плане працы змянілася мала што. Я ўсё ж такі больш рэдактар. Я працую з чужымі тэкстамі, з журналістамі. Дыстанцыйная праца – невялікае дзіва. Але шкада, што я не магу бачыць калегаў, патрымаць за руку, паглядзець у вочы, выпіць разам кавы – гэтага вельмі не хапае.
Канечне, ва ўмовах вялікай нявызначанасці адзін сайт – гэта мала і амаль нічога. Думаем развівацца далей, ствараць новыя пляцовачкі, новыя кропкі, новыя платформы. Каб гэта было хутка, не патрабавала вялікіх «скілоў», багата часу і матэрыяльных укладанняў. Таму будзем звяртаць больш увагі на працу ў сацсетках, у Instagram і Telegram.
Верагодна, што мы будзем рабіць не толькі пляцоўкі пад брэндам Hrodna.life, але і нейкія больш вузкія, тэматычныя, каб сегментаваць аўдыторыю, пісаць пра тое, што ім цікава. Мяркую, што з цягам часу мы сыдзем у мульціплатформенае, гібрыднае медыя.
Думаем пра розныя фарматы, розныя кірункі і будзем спрабаваць. Гэта шанец не складваць усе яйкі ў адзін кошык, каб не панесці вялікіх стратаў, калі раптам адну нейкую пляцоўку надумаюць закрыць. І гэта таксама магчымасці для журналістаў паспрабаваць сябе ў розных тэматычных праектах і розных фарматах.
Мінулы год вельмі здзівіў улады: што людзі могуць гаварыць і слухаць адзін аднаго, умеюць дамаўляцца, могуць стаяць разам і ствараць нейкую сілу. Тое, што нейкім цудам з’явілася супольнасць, – гэта было вельмі страшна для ўладаў. Зараз накрываюць усё, што можа быць кропкай зборкі для супольнасцяў. Hrodna.life заўсёды быў такой кропкай.
Адметнасць мінулага года, мітынгаў і пратэстаў 2020 года, – падняўся не толькі Мінск. Гродна быў адным з рэгіёнаў, дзе рэальна адчуваўся супраціў – масавы, вялікі, сапраўдны. Каб не было гэтых мясцовых крыніцаў інфармацыі, каб мы не былі там «на зямлі», побач з падзеямі, то пра гэта б ніхто не ведаў.
Важна, каб прэса захавалася, асабліва рэгіянальная. А так як я больш за ўсё перажываю за любімы Гродна, то Hrodna.life – вельмі важны для мяне, для гарадзенцаў. Гэта крыніца інфармацыі, трохі адрозная ад таго, што дае сёння дзяржава. А калі гаварыць вельмі шчыра, то гэта фактычна адзіная крыніца інфармацыі, бо ў астатніх зараз не інфармацыя, а ў вельмі вялікім адсотку прапаганда.
Таму рэгіянальныя СМІ проста абавязаныя выстаяць. Мы абавязаныя іх неяк захаваць.
Напэўна, зараз бывае вельмі цяжка на душы. Бываюць моманты, калі лічыш, што мы ўсё зрабілі няправільна, альбо мы нічога не зрабілі, мы нарабілі памылак, у нас нічога не атрымалася. Гэта не так. Тое, што было, не варта лічыць памылкай і не варта лічыць паразай. Мы дасягнулі шмат чаго: нас заўважылі, мы самі сябе заўважылі, многія адчулі сябе, магчыма, ўпершыню народам, ідэнтыфікавалі сябе беларусамі – і гэта вельмі важна.
Кожны крок наперад, і нават калі не крок, а «стаяць у патрэбным накірунку» – гэта ўжо рух. Усё будзе добра.
Пресс-клуб
При перепечатке материала активная ссылка на первоисточник обязательна
«Капитан должен быть на корабле до последнего». История главреда БелаПАН Ирины Левшиной
Как сегодня работают беларусские СМИ. Истории релокаций
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт