Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Рэдакцыя MediaIQ падрыхтавала грунтоўны і важны тэкст да 85-й гадавіны ночы расстраляных паэтаў. Прэс-клуб Беларусь публікуе яго ў скарочаным варыянце. Цалкам прачытаць тэкст можна на сайце MediaIQ.
У 85-ю гадавіну ночы расстраляных паэтаў узгадваем з даследчыцай, настаўніцай і пісьменніцай Ганнай Севярынец, як беларускія пісьменнікі ў 1920-я рабілі два знакавыя выданні – часопіс «Полымя» і газету «Савецкая Беларусь».
Уявіце: сто гадоў таму беларуская газета на роўных канкурыравала з маскоўскай, спаборнічала з ёй за эксклюзівы, супрацоўнічала з фінскім мастаком. А журналістаў забівалі, незалежна ад таго, пралетарскай ці нацыянальна-дэмакратычнай ідэалогіі яны прытрымліваліся.
Расстраляныя ў ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 года беларускія пісьменнікі Алесь Дудар, Міхась Чарот, Тодар Кляшторны, Міхась Зарэцкі, Юрка Лявонны, Анатоль Вольны, Валер Маракоў не толькі стваралі мастацкія тэксты. Дзякуючы ім выходзілі часопісы «Полымя», «Маладняк», «Узвышша», газеты «Савецкая Беларусь», «Беларуская вёска».
У адну ноч расстралялі каля 130 прадстаўнікоў гуманітарнай і тэхнічнай інтэлігенцыі. Расстрэлы былі прымеркаваныя да 20-годдзя Кастрычніцкай рэвалюцыі.
– У 1922 годзе выйшаў першы нумар літаратурна-мастацкага і грамадска-палітычнага часопіса «Полымя». Аўтары прамаўлялі, што «журнал непартыйны і дапускае пэўную свабоду думак, але ж у пэўных межах». Што гэта азначала на практыцы?
– З 1921-га па 1928 год яшчэ была адносна магчымая свабода думкі. Канешне, і ў гэты час можна было атрымаць «па галаве» ад партыйных органаў, цэнзуры, займець шмат праблем, пазбавіцца сваёй пасады, але, калі ў асноўным ты быў у рэчышчы ідэалогіі, то не болей за тое. Стваральнікі «Полымя» Колас, Купала, Зміцер Жылуновіч (ён жа Цішка Гартны), яшчэ маглі з адноснай свабодай дазволіць сабе казаць тое, што лічылі патрэбным, але не злоўжывалі гэтым. Па-першае, беларусы ўвогуле з большага людзі асцярожныя, не радыкальных поглядаў. А па-другое, нашы дзядзькі-пісьменнікі ўжо былі хлябнуўшы гора, і за царом, і за палякамі, і цяпер за Саветамі.
Часопіс «Узвышша» – больш яскравы прыклад свабоды. А «Полымя» – харошы, спакойны асяродак, дзе пісьменнікі стваралі хрэстаматыйную беларускую культуру.
Як і іншыя беларусаарыентаваныя СМІ 20-х гадоў, «Полымя» ўзяў з друку пачатку стагоддзя – «Нашай Нівы», «Дзянніцы», «Вольнай Беларусі» – ідэі самастойнасці, самабытнасці, дзяржаўнасці, суб’ектнасці, беларускага адраджэння, беларусацэнтрычнасці. Гэтым усім насычана тагачасная беларускамоўная прэса, проста не варта чытаць першыя палосы савецкіх газет. Пачынаць трэба з трэцяй паласы, там усё самае цікавае.
– Першыя дзесяць год, у лепшыя часы, «Полымем» кіравала рэдакцыйная рада, у якую ўваходзілі Змітрок Бядуля, Цішка Гартны, Міхась Зарэцкі, Усевалад Ігнатоўскі, Купала, Колас, Міхась Чарот. Але галоўнага рэдактара не было.
– Такая арганізацыя працы часопіса не дзівіць. Беларусы наогул уладу ўспрымаюць дрэнна, у нас няма моцнай традыцыі, каб цар стаяў і камандаваў.
– У першым звароце да чытачоў рэдакцыя «Полымя» пісала: «Вырашэнне пытанняў дзяржавы мы не разумеем сабе ў асобку ад працаўнікоў Расеі. Інтарэсы Беларусі, інтарэсы працоўных гушчаў Беларусі – гэта толькі часціна інтарэсаў працоўнікаў усёй Расеі. Затым для нас няма і ня можа быць асаблівай праграмы адмежаванага дзяржаўнага будаўніцтва». Як у СМІ таго часу адлюстроўваліся беларуска-расейскія адносіны?
– Беларусы да сёння не маюць дастаткова моцы, каб самім вырашаць свой лёс. У пошуках акна гістарычных магчымасцяў абралі сілу, якая, будзем аб’ектыўнымі, на той момант была самай перспектыўнай. Бальшавіцкая Расея хацела з намі хаўруснічаць, безумоўна, са сваіх імперскіх пазіцый. Хто ж мог тады ў віры падзей зразумець, што самастойнасць, прапанаваная бальшавікамі нацыянальным элітам, – дэкаратыўная?
Такая заява часопіса «Полымя» – безумоўна, частка буйнога кампрамісу, на які ішлі свядома, каб мець магчымасць працаваць. Толькі мала хто разумеў, да якой ступені Расея будзе патрабаваць інтаграванне. Разам з тым, заснавальнікі «Полымя» нарадзіліся і выраслі ў Расейскай імперыі, таму і былі больш талерантныя ў гэтым пытанні.
Маладое пакаленне пісьменнікаў ставілася больш радыкальна да рускай культуры, але ж моладзь да ўсяго радыкальна ставіцца. Яна сепаравалася не толькі ад расейскага ўплыву, але ж і ад уплыву «Полымя».
Вядома, беларусія пісьменнікі хацелі вырвацца з-пад расейскага ўплыву. Пры гэтым быў моцны ўплыў украінскай культуры і літаратуры.
– У 1927 годзе Янка Купала, Міхась Чарот і Максім Зарэцкі наведалі Польшчу і Чэхію, выступалі перад беларусамі Варшавы. Чарот быў у Нямеччыне. Як тое атрымалася?
– Ніхто з іх не мог, канешне, па ўласным жаданні паехаць у прыватным парадку за мяжу. Але ўрад Чарвякова на дзяржаўным узроўні ініцыяваў, арганізоўваў і фінансаваў замежныя паездкі беларускіх пісьменнікаў.
У адрозненне ад рускай культуры, талерантнасць да якой – неабходны кампраміс, цікавасць і прыхільнасць да заходняй культуры – свядомы і рызыкоўны выбар, які беларускія нацыянал-камуністы, між тым, рабілі.
На апошняй старонцы ў «Савецкай Беларусі» выходзіла сталая рубрыка «Навука й Тэхніка». У ёй друкаваліся апошнія навіны выключна заходняй навукі і тэхнікі, напрыклад, пра хуткасныя цягнікі, медыцынскія прыборы, інжынерныя вынаходніцтвы.
Там не было артыкулаў пра тое, як еўрапейцы замерзлі і грэюцца ў расейскіх амбасадах.
А з лёгкай рукі Уладзіміра Дубоўкі беларускія літаратурныя выданні імкнуліся, каб замежныя пераклады топавых тэкстаў у нас з’яўляліся раней, чым ва ўкраінцаў і рускіх. Праўда, спаборнічалі больш з украінцамі – у рускіх і так не было мэты хутка перакладаць замежную літаратуру.
– Якія адносіны былі ў беларускіх пісьменнікаў з уладай у 20-я гады? Калі ўлічваць, што частка прадстаўнікоў тагачаснай улады таксама была знішчана ў 1937 годзе.
– Новай уладзе былі патрэбныя людзі, якія валодаюць словам, каб ствараць газеты, часопісы, у тым ліку і прапаганду, канешне, наогул новую культуру, фармуляваць новы светапогляд.
Літаратары натуральным чынам бралі ўдзел у палітычных працэсах, ніхто ва ўладу іх спецыяльна не інтэграваў.
Гэтую асаблівасць беларусаў адзначыў у сваім сумна вядомым дакладзе Уладзімір Затонскі. Ён у 1929 годзе ўзначальваў кантрольную камісію камуністычнай партыі бальшавікоў. Менавіта пасля даклада гэтай камісіі пачаліся маштабныя рэпрэсіі супраць нацыянальнай інтэлігенцыі ў Беларусі. Сам Затонскі, дарэчы, быў расстраляны ў 1938 годзе.
– «Савецкая Беларусь» да Чарота вяла такое даволі кранальнае існаванне. Не была яна асабліва папулярнай, унутры рэдакцыі панавала маладая вясёлая анархія. «Савецкая Беларусь» на той час не мела выразнага твару. Але ж гэта была газета, якую рабілі беларусы, як яны ўмеюць – на каленцы, без асаблівай падтрымкі.
Чарот жа пачынае трансляваць савецкія каштоўнасці з беларусацэнтрычнай пазіцыі. Ён быў вялікім майстрам праходзіцца па лязе брытвы.
Рэдакцыя «Савецкай Беларусі» хацела паказаць, што беларусы не свіныя пастушкі: яны могуць сваімі сіламі рабіць вартую, выключна беларускую газету.
Праз гэта газета ўвесь час канкурыравала са «Звяздой». «Савецкая Беларусь» – выключна беларускі праект, а «Звязда» – праект маскоўскі. Сама яе назва – сымбаль дэкаратыўнай беларушчыны, якой і дамагаўся Сталін.
Па-першае, уся «Савецкая Беларусь» ад першай да апошняй літары прынцыпова выходзіла толькі па-беларуску. І гэта не было лёгка. Літаратурнай беларускай мовай валодалі далёка не ўсе. Газета шмат друкавала карэспандэнтаў з рэгіёнаў, таму трымалі літаратурнага рэдактара.
Па-другое, для «Савецкай Беларусі» праз канкурэнцыю са «Звяздой» была надзвычай важная аператыўнасць.
Па-трэцяе, нельга было трапіць у калектыў «Савецкай Беларусі» без выразнай прабеларускай пазіцыі, асабліва з 1925-га да 1927 года, пакуль Чарот быў уплывовы.
Чарот праз канкурэнцыю са «Звяздой» увесь час імкнуўся зрабіць сваю газету больш мадэрновай. Адразу, як прыйшоў, наладзіў супрацу з легендарным «чырвоным фінам» Алексантэры Ахоло Вало, і ён маляваў палітычныя карыкатуры. І ў «Савецкай Беларусі» на першай паласе абавязкова была карцінка.
Яны б прыўнеслі большую грунтоўнасць. У людзей слова 20-30-х адчуваўся грунт пад нагамі: лінгвістычны, культуралагічны. Мабыць, гэта традыцыі старой дарэвалюцыйнай прэсы.
Яны ўвесь час трымалі ў галаве, што хочуць сказаць, і мелі ўнутраны стрыжань.
Журналісцкія тэксты тых часоў не проста расказвалі пра паўсядзённасць, а канцэнтравалі ідэі беларушчыны. У іх больш думкі, глыбінных пытанняў. У рэдакцыі «Савецкай Беларусі» была шчырая цікавасць да тэмы матэрыяла. Не было такой залежнасці ад аўдыторыі. Часам мне падаецца, што цяпер СМІ друкуюць толькі першую і другую паласу, а не трэцюю і чацвёртую.
Фота на вокладцы: з фондаў БДАМЛМ / Радыё Свабода
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт