Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Што адбываецца ў Беларусі? Як справы ў беларускіх незалежных медыя? Ці ўплываюць яны на парадак дня ў сваёй краіне? Гэтыя і іншыя пытанні абмеркавалі падчас дыскусіі ў польскім Жэшуве ў межах міжнароднай канферэнцыі Media and War, арганізаванай медыйным праектам Mixer.
Канферэнцыя Media and War сабрала прадстаўнікоў 15 краін. Спецыялісты з розных галін медыя, тэхналагічных карпарацый і фондаў цягам двух дзён абмяркоўвалі, як вайна ва Украіне паўплывала на медыйную прастору ў рэгіёне і свеце. У беларускай панэлі прынялі ўдзел прадстаўнікі беларускай медыясферы і незалежныя журналісты, удзельніца ініцыятывы Wolna Białoruś, мясцовая каардынатарка праграмы Free Press for Eastern Europe Эдыта Іванюк. Мадэраваў сустрэчу Анджэй Мікалаеўскі – трэнер, кансультант, актывіст і прадпрымальнік.
Прэс-клуб сабраў асноўнае.
Анджэй Мікалаеўскі пачаў панэль з таго, што Беларусь ідзе праз ненармальнае кола падзей за апошнія тры гады. Абыякавае стаўленне ўлады да пандэміі выявіла ролю незалежных медыя, вымусіла іх шукаць і верыфікаваць інфармацыю. Потым – фальсіфікацыя выбараў у 2020 і масавыя пратэсты, якія былі падтрыманы ва ўсім свеце. Цяпер ландшафт незалежных медыя татальна знішчаны, некамерцыйныя арганізацыі амаль цалкам спынілі сваю дзейнасць, і сённяшняя сітуацыя нашмат страшнейшая. Сёння за кратамі знаходзяцца больш за 30 журналістаў. А тыя, хто на волі, зараз ці ў выгнанні, ці дзейнічаюць у падполлі.
Згодна з індэксам свабоды прэсы «Рэпарцёраў без межаў», Беларусь зараз на 153 месцы са 180 магчымых у свеце. Не вельмі прыязная ці ветлівая краіна для працы журналістаў.
Нашы незалежныя медыйшчыкі слушна заўважылі, што калі ўкраінскі ўрад ваюе за сваіх грамадзян, то беларускі – супраць. Пасля падзей 2020 года беларускія ўлады паставілі мэту знішчыць незалежныя медыя. Зараз каля 400 журналістаў пакінулі Беларусь і жывуць у іншых краінах: Польшчы, Украіне, Літве, Грузіі, Германіі. У гэты момант 32 супрацоўніка медыя знаходзяцца за кратамі. Іх вінавацяць за працу. А калі некаторыя людзі жадаюць супрацоўнічаць з незалежнымі медыя і застаюцца ў Беларусі, то гэта – прамы шлях за краты.
Эдыта Іванюк дадала, што часам медыя пасля рэлакацыі мяняюць свае назвы, як незалежныя выданні TUT.BY, БелаПАН ці іншыя.
Анджэй Мікалаеўскі звярнуў увагу, што беларуская дзяржава інвестуе ў падкантрольныя рэжыму СМІ, якія вельмі актыўныя ў інтэрнэце. Іх голас узмацніўся, яны бачныя. Эксперт кажа, што доступ да незалежных навін значна лімітаваны ў Беларусі. А з большага навіны пастаўляюцца тымі медыя, якія працуюць у выгнанні.
Тое, што праца журналіста ў Беларусі цяпер фактычна крыміналізавана, а рэпрэсіі не спыняюцца, кажуць і беларусы. Яны прывялі прыклады затрымання журналістаў і агучаныя для гэтага падставы. Беларускія незалежныя медыя павінны быць вельмі дакладнымі, таму што ў краіне шмат закладнікаў: калегі за кратамі і калегі ўнутры Беларусі, тыя, хто пад рызыкай пераследу кожны момант.
Пры гэтым, паводле рэжыму, крымінальным з’яўляецца не толькі медыявытворчасць, але і спажыванне прадуктаў медыя. Людзі, якія проста дасылаюць паведамленне іншым, дзе ёсць спасылка на медыя, прызнанае экстрэмісцкім, атрымліваюць тэрміны зняволення. У шмат якіх краінах такія ўмовы ўтрымання, якія ўжываюць у Беларусі, лічацца катаваннямі.
У якой сітуацыі знаходзяцца журналісты, якія з’ехалі з краіны? Як незалежныя медыя дасягаюць сваёй аўдыторыі? Як збіраюць сваю інфармацыю? Якія перспектывы? Такімі пытаннямі задаецца Анджэй Мікалаеўскі. Шмат хто думаў, што сітуацыя ў Беларусі часовая, рэжым Лукашэнкі хутка абваліцца. І відавочна, з пачаткам вайны, гэта здарыцца хутчэй ці пазней, калі Расія праваліцца ўрэшце. Але ў моманце гэта сітуацыя падаецца падобнай да сітуацыі ў Польшчы ў 1982-1983 гадах, падчас ваеннага стану. Палякі чакалі больш за 8 гадоў да сапраўднай незалежнасці.
Для разумення кантэксту замежнымі журналістамі, беларускія медыйшчыкі патлумачылі, што сёння немагчыма зрабіць рэпартаж, прайсціся з мікрафонам па вуліцах у Беларусі і здымаць людзей і пытаць іх, што адбываецца. Тым не менш, праца журналістаў у выгнанні працягваецца. Але агучваць падрабязнасці небяспечна.
Беларускія журналісты сутыкнуліся з такой праблемай як абарона сваіх крыніц. Таму што людзей, якія, напрыклад, дасылаюць фота, як едзе расейская вайсковая тэхніка праз Беларусь, могуць затрымаць і абвінаваціць па крымінальным артыкуле. І ці абаронена крыніца, калі яна дае каментар медыя без экстрэмісцкага статусу, а гэты каментар пасля передрукоўвае «экстрэмісцкае» медыя?
Крыніцы жадаюць быць ананімнымі, і гэта ўздымае іншую праблему – верыфікацыя інфармацыі. У выніку беларуская медыяпрастора існуе ва ўмовах, калі аўтары і героі артыкулаў, эксперты – ананімы.
Анджэй Мікалаеўскі прызнаецца, што па-за панэллю абмяркоўваў пытанніі аб фінансаванні медыя, і гэта дастаткова сенсітыўнае пытанне з прычын бяспекі. Але сітуацыя, якая склалася ў Беларусі, можа не быць часовай і можа цягнуцца гадамі. І якое ў гэтым выпадку бачанне незалежных медыя ў будучыні? Як яны жадаюць развівацца?
«Недахоп устойлівасці – гэта вялікі выклік», – адзначыла Эдыта Іванюк. Паводле яе, калі не будзе фінансавання беларускіх журналістаў, беларускіх праектаў, не будзе і будучыні.
Паводле Мікалаеўскага, гэта званочак да прадстаўнікоў донарскіх арганізацый і фондаў. Ён заклікаў іх не забывацца на Беларусь, бо не будзе незалежнай Украіны без незалежнай Беларусі і наадварот.
Але перад тым, як казаць пра будучыню, трэба падкрэсліць, што беларускія незалежныя медыя выжылі і гэта вельмі вялікі крок.
Існуе праблема новых кадраў, але яна – агульная для ўсіх медыя. Беларускія медыя не могуць прывабіць людзей вялікімі заробкамі. Аднак можна звярнуць увагу на беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца за мяжой і кіруюцца пэўнымі каштоўнасцямі. Разам з тым быць беларускім журналістам – гэта прэстыжна.
Ці гатовыя беларускія журналісты і рэдакцыі правесці наступныя пяць-дзесяць гадоў у выгнанні, захоўваючыся ў прафесіі?
Напачатку здавалася, што гэта не прадоўжыцца доўга. Але зараз беларускім медыя трэба прыстасавацца да нявызначанасці. А яшчэ прыглядацца да кейсаў працы сірыйскіх ці афганскіх журналістаў у выгнанні. Сітуацыя, канешне, можа змяніцца, і да гэтага неабходна рыхтавацца. Адна з важных задач на сёння – захаваць рэдакцыі і захаваць людзей у прафесіі.
Да 2020 года Эдыта Іванюк працавала ў Gazeta Wyborcza. Яна прызналася, што ў тыя часы яна глядзела з захапленнем і зайздрасцю на KYKY і 34mag – як на крутыя, свежыя і інавацыйныя праекты. Беларусь вядома сваімі тэхнічнымі спецыялістамі, людзьмі, якія ствараюць вэб-сайты, дызайнерамі. Шмат хто з іх зараз ў Польшчы, Грузіі, Германіі. І гэта можа быць добрай магчымасцю для абмену досведам, экспертызай у шматлікіх накірунках. Усё гэта – добрая нагода рабіць новыя цудоўныя медыя лепей, чым раней.
Паўстае праблема рэбрэндзінгу. TUT.BY шмат працаваў над брэндам і зараз каманда павінна быць нечым іншым. Іванюк лічыць, што калі не будзе падтрымкі такіх медыя, калі яны вымушаныя зрабіць рэбрэндзінг і змяняць праекты з-за донараў – гэта вялікая праблема.
У адрас беларускіх медыя нярэдка ідуць папрокі, што беларускія журналісты не працуюць ва Украіне. Адказ просты: ўкраінскія улады бачаць пагрозу з боку беларусаў як грамадзян краіны, якую называюць суагрэсарам. Гэта дадае шмат складанасцяў для працы з украінскага боку. Але разам з тым ёсць фрылансеры, якія пішуць артыкулы для беларускіх незалежных медыя, і сустракаюцца з праблемамі легалізацыі ва Украіне.
Сярод тых, хто чытае незалежныя медыя, не шмат прыхільнікаў расійскай агрэсіі супраць Украіны. Гэта вельмі істотна. Згодна з сацыялагічным апытаннем, людзі, якія чытаюць незалежныя медыя, падтрымліваюць Украіну. І з іншага боку, людзі, якія спажываюць дзяржаўныя медыя, расійскія медыя, – больш падтрымліваюць Расію.
Беларускія незалежныя медыя сфакусаваны на разбіццё крэмлёўскіх наратываў. Так, некаторыя не маюць рэпарцёраў унутры Украіны, але ва ўмовах рэлакацыі медыя ўскрываюць расійскую прапаганду.
Эдыта Іванюк паказала слайд з вынікамі даследавання, якое яе арганізацыя рабіла сярод шасці краін: Балгарыі, Чэхіі, Вергрыі, Польшчы Румыніі і Славеніі. Спецыялісты пыталі ў людзей, ці павінны грамадзяне Беларусі несці адказнасць за тое, што робяць іх улады? Рэспандэнты ў асноўным лічаць, што грамадзяне Беларусі адказныя за дзейнасць сваёй улады, за тое, што робіцца ў Беларусі. Магчыма, такія дадзеныя атрымаліся з-за недахопу інфармацыі. Людзі ў Еўропе недастаткова ведаюць пра тое, што адбываецца ў Беларусі з незалежнымі медыя, і што журналісты за кратамі.
Беларускім незалежным медыя патрэбны доўгатэрміновыя праграмы падтрымкі.
Патрэбна падтрымка глабальных тэхнічных праграм у анлайне. Незалежныя медыя ў Беларусі заблакаваныя. Калі яны спрабуюць рэкламаваць у Facebook нейкія навіны ў Беларусі, то вымушаныя выкарыстоўваць спецыяльны лінк, які вядзе не на сайт. І гэтая спасылка паніжаецца ў рэйтынгу Facebook аўтаматычна. Але такая сітуацыя не толькі з гэтай сацыяльнай сеткай. Бігтэху трэба патлумачыць сітуацыю з доступам да беларускіх незалежных медыя.
Медыя патрэбна журналісцкая салідарнасць у любым выглядзе.
Будзе добра, калі калегі з Украіны будуць пісаць пра Беларусь без жартаў. Часам ва ўкраінскіх СМІ можна пабачыць пра «картопельнага пюрэра». Але гэта не смешна, таму што Лукашэнка – гэта не жарт. Ён мае моц, ГУБАЗіК, міліцыю, узброеныя сілы, якія вядуць барацьбу з беларускім грамадствам.
Запісана і перакладзена Прэс-клубам Беларусь
Фота на вокладцы: mixer.media
Мы дазваляем поўны ці частковы перадрук нашых матэрыялаў.
Абавязкова актыўная прамая гіперспасылка на старонку-арыгінал публікацыі. Гэта спасылка павінна размяшчацца ў пачатку перадрукаванага матэрыялу, у лідзе ці ў першым абзацы.
Пры перадруку, поўным або частковым, забаронены любыя змены тэкстаў, загалоўкаў, фатаграфій (калі яны аўтарскія).
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт