Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Журналістка Наста Захарэвіч схадзіла на вебінар пра палітычную журналістыку, паслухала каляжанак Таццяну Ашуркевіч і Таццяну Каравянкову. І зрабіла канспект для сайта Прэс-клуба. Разбіраемся, навошта журналістыцы аб’ектыўнасць, як рыхтавацца да інтэрв’ю з палітыкам, што рабіць з праўкамі і крыўдамі, і чаму цытаваць Лукашэнку – нармальна. Сустрэчу «Як працуе аб’ектыўная палітычная журналістыка, лайфхакі і прынцыпы» ладзілі БАЖ і праект dekoder.org.
Аб’ектыўнасць у палітычнай журналістыцы – вельмі расплывістае паняцце, і кожны вызначае яго для сябе самастойна. Шмат што залежыць ад адказнасці журналіста. Заўсёды трэба імкнуцца да найлепшай версіі сваёй аб’ектыўнасці. Калі ты ўвесь час задаеш сабе пытанне, займаешся ты журналістыкай ці актывізмам, тады ты можаш сказаць: «Так, я аб’ектыўны(ая)». І гэтае пытанне трэба задаваць сабе на кожным этапе працы над тэкстам, каб выпадкова не пайсці не туды.
Негатыўная рэакцыя і хейт будуць заўсёды, але калі ты ведаеш, што добра падрыхтавалася і не пераходзіш чырвоныя лініі, тады ўсё ў парадку. Калі ты ведаеш, што зрабіла шчырае інтэрв’ю, негатыўная рэакцыя на яго не павінна цябе хваляваць.
Трэба заставацца аб’ектыўнымі дзеля чытачоў. Праблемы з гэтым з’яўляюцца, калі мы забываем, дзе знаходзімся. Свет людзей у міграцыі дужа адрозніваецца ад свету людзей, якія жывуць у Беларусі. І ў палітычным інтэрв’ю аб’ектыўнасць уключаецца тады, калі ты бачыш не толькі сябе і палітыка, але і чытачоў паміж вамі, якім вы і хочаце данесці інфармацыю. Калі памятаеш пра ўласную адказнасць, гэта спрашчае працэс падрыхтоўкі і напісання інтэрв’ю.
З гэтай адказнасці таксама вынікае, што вострыя пытанні трэба задаваць і прадстаўнікам дэмакратычных сіл. Ёсць такое меркаванне, што дэмсілы – гэта светлы бок, на якім павінен быць журналіст. Але пытанні трэба задаваць усім, і дэмакратычныя палітыкі мусяць разумець, што нязручныя пытанні да іх будуць заўсёды. Добрыя палітыкі ўсё падрабязна тлумачаць: яны могуць быць дужа стомленыя, але будуць дзве гадзіны ўсё тлумачыць, каб праясніць сітуацыю.
Калі ты палітычны журналіст, нельга ігнараваць тых палітыкаў, якія працуюць у сістэме Лукашэнкі. Трэба спрабаваць наладжваць кантакт і з імі. Калі ставіць на іх крыж і нават не спрабаваць размаўляць, гэта ўжо не палітычная журналістыка. Так, яны вельмі закрытыя, адмаўляюцца ад інтэрв’ю, а цяпер ужо і ад каментароў, спасылаючыся найперш на экстрэмісцкі статус незалежных СМІ, але да іх усё адно трэба грукацца.
Калі ты прасоўваеш павестку адных палітыкаў і ігнаруеш іншых, ты проста губляеш сувязь з рэальнасцю. Раней у Беларусі ў журналістаў быў хоць нейкі доступ да дзяржслужбоўцаў. Можна было дазваніцца Чамаданавай [Вольга Чамаданава, былая прэс-сакратарка МУС, зараз узначальвае кіраўніцтва па ідэалагічнай працы Мінгарвыканкама] і пачуць яе рэакцыю на нейкія падзеі. Цяпер з гэтым яшчэ складаней. Але ў мяне былі выпадкі, калі я шмат разоў званіла чыноўніку, і ён не браў слухаўку, а праз паўтара месяца выпадкова дазванілася, і ён даў каментар. Зараз не трэба разлічваць на хуткі вынік у працы, але і здавацца таксама не трэба.
Ёсць псіхалагічны аспект: калі ты не хаміш, не псіхуеш, не размаўляеш са здзеклівай інтанацыяй, тады і чыноўнікі гатовыя размаўляць. У працэсе размовы я ўвесь час нагадваю сабе, з кім я размаўляю і навошта гэта раблю. Я чула, як калегі тэлефануюць чыноўнікам, а тыя проста кладуць слухаўку. І я разумею, чаму так здаралася: часам журналісты адной толькі інтанацыяй ужо паказваюць сваё негатыўнае стаўленне. Ніхто не хоча размаўляць з журналістам, калі разумее, што той ставіцца да яго з пагардай.
Калі людзі адчуваюць, што ты даеш ім права быць пачутымі, гэта дае табе магчымасць манеўраваць і атрымліваць ад іх каментары.
Але жорсткія размовы з палітыкамі – таксама нармальна. Журналісты паказваюць аўдыторыі чалавека, які атрымлівае ўладу і ўплывае на жыцці людзей. У нас такі фармат не надта распаўсюджаны, але, магчыма, будзе развівацца з часам.
Рэакцыі палітыкаў могуць быць рознымі – ад маніпуляцый да крыўд. І гэта нармальна. Справа журналіста ў канфліктнай сітуацыі – спрабаваць патлумачыць сутнасць сваёй працы і знайсці кампраміс.
За істотныя дэталі трэба змагацца да канца, а нязначныя дэталі па жаданні чалавека можна прыбраць ці перафармуляваць. Калі палітык супраць апублічвання нейкай важнай інфармацыі, але вы лічыце, што яна мусіць быць пададзеная публіцы, можна пайсці на канфлікт, нават калі ў будучыні сувязь з гэтым палітыкам для вас абарвецца. Гэта выкліча сумнеў у ягоных кампетэнцыях, а не вашых.
Калі палітык увогуле забараняе публікаваць інтэрв’ю, вы можаце распавесці чытачам пра сам факт гэтай забароны. Гэта істотная дэталь, якая ўплывае на вобраз палітыка і намякае, якую пазіцыю ён займае адносна тэмы, пра якую вялася гаворка.
Каб атрымліваць інфармацыю ад крыніц, трэба мець сувязі з рознымі людзьмі, у тым ліку з былымі і цяперашнімі калегамі, сябрамі і ворагамі. А персаналізаваныя лісты кожнай крыніцы дапамагаюць выбудаваць кантакт і атрымаць патрэбную інфармацыю.
Пры працы з крыніцамі заўсёды трэба памятаць, што яны маюць сваю зацікаўленасць у гэтай супрацы. Вам могуць спрабаваць падсоўваць не зусім праўдзівую інфармацыю, бо чалавек, напрыклад, зацікаўлены ў тым, каб нашкодзіць свайму канкурэнту. Таму нават крыніцы, якім вы вельмі давяраеце, трэба пераправяраць праз іншых людзей і адкрытыя звесткі.
Даты, здарэнні і іншая інфармацыя, якую дае сам палітык, таксама трэба пераправяраць.
Як і пры якіх умовах варта цытаваць беларускіх чыноўнікаў – гэта дыскусійная тэма, і пра гэта спрачаліся яшчэ задоўга да 2020 года, але цяпер у дыскусіі ёсць новыя адценні.
Журналісты зараз часта вымушаныя выкарыстоўваць дзяржаўныя крыніцы, бо гэта адзіная магчымасць даведацца інфармацыю пра чалавека. Напрыклад, улады трактуюць падпіску аб неразгалошванні такім чынам, што адвакат нават не можа казаць, па якім артыкуле абвінавачваецца ягоны кліент. А ў гэты ж час звязаныя з уладамі Telegram-каналы публікуюць інфармацыю пра гэтага чалавека.
Падабаецца нам гэта ці не, але Лукашэнка і ягоныя чыноўнікі працягваюць уплываць на жыцці людзей у Беларусі і людзей, якія выехалі з краіны. Таму журналісты павінны расказваць пра рашэнні і заявы, якія робіць той жа Лукашэнка. Іншая справа, што нельга гэта рабіць у фармаце звычайнага капіравання і нельга трансляваць усё запар. Трэба даваць толькі самыя значныя заявы і рашэнні і пры неабходнасці – нейкія тлумачэнні. Напрыклад, калі чыноўнікі гавораць, што санкцыі на эканоміку не ўплываюць, і ўсё добра, то трэба таксама паказваць лічбы і дадзеныя расследаванняў, якія паказваюць рэальную карціну.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт