Парады для журналістаў у экстраных сітуацыях

У гэтым матэрыяле GIJN прыводзіць спіс дакументаў, якія журналістам трэба падрыхтаваць і мець заўсёды пад рукой, а таксама пералічвае арганізацыі, якія могуць дапамагчы журналістам з пераездам. Акрамя таго, у артыкуле знойдзеце вялікі блок пра беларускіх журналістаў, іх досвед эвакуацыі і працы ў экстраных абставінах. 

Парады для журналістаў у экстраных сітуацыях
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Журналісты, якія атрымліваюць пагрозы, часам вымушаныя тэрмінова пакідаць свой дом цягам некалькіх гадзін. Канфлікты часта можна прадбачыць, і таму тыя, хто знаходзіцца ў нестабільных рэгіёнах, павінны мець гатовы план на экстраны выпадак, таксама мець важныя дакументы пад рукой.

Гэтыя дакументы дапамогуць журналістам у выпадку неабходнасці і з рэлакацыяй у больш бяспечны рэгіён ці краіну.

Дакументы, якія неабходна мець пад рукой

  1. Арыгіналы або фізічныя копіі дакументаў, якія пералічаны ніжэй.
  2. Фатаграфіі, якія захоўваюцца ў зашыфраваным воблачным сэрвісе (напрыклад, Dropbox, Sync.com) або на іншым дэвайсе на выпадак, калі вы страціце свой смартфон. Вы таксама можаце адправіць фота гэтых дакументаў сваёй сям’і або сябрам, якія жывуць за мяжой.
  • Пашпарт, нацыянальная ID-картка, пасведчанне кіроўцы.
    • Сачыце за тэрмінамі дзеяння дакументаў. Калі яны блізкія да заканчэння праз некалькі месяцаў, неадкладна падоўжыце іх, калі гэта магчыма.
    • Калі ў вас ёсць некалькі дакументаў, якія падцвярджаюць вашу асобу, захоўвайце іх у розных месцах на выпадак страты аднаго з іх.
  • Пасведчанне аб нараджэнні (або любы афіцыйны дакумент, які пацвярджае дату і месца нараджэння).
  • Іншыя: пасведчанне аб шлюбе, універсітэцкія пасведчанні (дыплом, пасведчанне аб заканчэнні і наведванні ўніверсітэту, выпіскі з дыпломаў з адзнакамі), прэс-картка, прафесійныя сертыфікаты, сертыфікат аб вакцынацыі, іншыя медычныя дакументы.

Захавайце наступную інфармацыю ў адным дакуменце на англійскай мове ў воблачным сэрвісе і на вашым смартфоне, каб яе можна было хутка скапіяваць і даслаць усім, каму вы захочаце яе адправіць:

  • Поўнае імя, месца і дата нараджэння.
  • Нумар пашпарта, дата яго выдачы і тэрмін дзеяння.
  • Актуальнае месцазнаходжанне, але будзьце асцярожныя з тым, каму вы дасылаеце гэту інфармацыю праз інтэрнэт.
  • Адрас электроннай пошты.
  • Нумар тэлефона і, калі адрозніваюцца, нумары WhatsApp і Signal.
  • Месца працы/доказ працы ў мясцовых і замежных арганізацыях.

Калі ў вас ёсць надзейны кантакт за мяжой, якому вы давяраеце, падумайце аб адпраўцы гэтаму кантакту лічбавых копій некаторых з пералічаных дакументаў і інфармацыі для захоўвання.

Асабістыя дакументы

  • Зрабіце лічбавыя копіі асабістых фотаздымкаў і ўсяго таго, што вы лічыце важным і што хочаце захаваць.
  • Захавайце ўсё ў воблачным сэрвісе, якому давяраеце.

Прафілактычныя захады

  • Падайце заяўку на турыстычную візу ў амбасадзе бяспечнай краіны, у якую вам можа спатрэбіцца часовая рэлакацыя.
  • Звяжыцеся з міжнароднымі арганізацыямі, з якімі вы працавалі ў мінулым (рэдакцыі, інтэрнэт-часопісы, у якіх  былі фрылансерам, НДА, з якімі  кансультаваліся або працавалі).
    • Запытайце пацверджанне вашай працы на англійскай мове (напрыклад, падпісаны дакумент ад галоўнага рэдактара або прадстаўніка аддзела кадраў, які пацвярджае выкананую вамі працу і даты супрацоўніцтва з імі).
    • Спытайце, ці ёсць у іх сувязі на ўзроўні нацыянальных урадаў і ці змогуць яны паручыцца за вас, калі вы будзеце падаваць заяўку на статус уцекача ў гэтай краіне.
    • Запытайце дадатковыя электронныя дакументы на англійскай мове і кантактную асобу ў арганізацыі, да якога/якой вы зможаце звярнуцца ў выпадку неабходнасці.
  • Звяжыцеся з міжнароднымі прафесійнымі арганізацыямі, сябрам якіх вы з’яўляецеся, і папрасіце ліст падтрымкі і доказ сяброўства або ўдзелу на англійскай мове.
  • Вывучыце шляхі атрымання прытулку і статусу уцекача ў іншых краінах, пачынаючы з тых краін, дзе ў вас ёсць блізкія чальцы сям’і (бацькі, бабулі і дзядулі, браты і сёстры, муж/жонка, дзеці).
    • Калі вы не ведаеце, з чаго пачаць, вы можаце звязацца з амбасадамі краін, якія вас цікавяць, каб спытаць іх аб працэдурах прадастаўлення прытулку;
    • Вы таксама можаце звязацца з арганізацыямі, якія дапамагаюць уцекачам, каб яны маглі дапамагчы вам зразумець прававую базу, як стаць уцекачом ці атрымаць прытулак у іншай краіне.

Лічбавая і фізічная бяспека

Арганізацыі, у якія можна звярнуцца

Ніжэй прыведзены спіс арганізацый, якія аказваюць экстранную дапамогу журналістам, якія знаходзяцца ў небяспецы з-за сваёй працы.

Камітэт абароны журналістаў (Committee to Protect Journalists, CPJ) «прадастаўляе падтрымку журналістам, якія працуюць на перадавой, і аператыўную дапамогу журналістам, якія атрымалі раненні, а таксама журналістам у зняволенні або тым, хто быў вымушаны эміграваць з-за сваёй працы». Самы хуткі спосаб звязацца з імі – па электроннай пошце: emergencies@cpj.org.

«Канадскія журналісты за свабоду слова» (Canadian Journalists for Free Expression, CJFE) прапануе фінансавую падтрымку пры наступных умовах:

  • Заяўнік павінен быць журналістам, якога могуць верыфікаваць або арганізацыя-сябра журналісцкага звязу IFEX, або арганізацыя, якая аказвае экстраную дапамогу.
  • Сума гранту звычайна складае ад 500 да 1 500 канадскіх долараў.
  • Журналісты маюць права на атрыманне максімум двух асобных грантаў ад CJFE.
  • CJFE прымае заяўкі толькі на англійскай мове.

CJFE можа пакрываць юрыдычныя выдаткі ў выпадку затрыманняў журналістаў, медычныя выдаткі, выдаткі на пераезд у бяспечнае месца і выдаткі на перасяленне ў бяспечную краіну.

«Свабодная прэса без межаў» (Free Press Unlimited, FPU) можа пакрываць кароткатэрміновую падтрымку журналістаў, якія не могуць працаваць, або выдаткі на часовы пераезд у выпадку небяспечнай сітуацыі. Вы можаце падаць заяўку тут. Паводле інфармацыі на сайце FPU да заяўнікоў выстаўляюцца наступныя патрабаванні:

  • Вы прадстаўляеце медыяарганізацыю або працуеце ў медыя.
  • Ваша надзвычайная сітуацыя з’яўляецца прамым вынікам вашай працы ў якасці супрацоўніка медыя.
  • Вы прызнаеце, што гэтая дапамога не з’яўляецца структурнай, а прадастаўляецца на выпадковай (аднаразовай) аснове;
  • Вы разумееце, што мэта падтрымкі – аднавіць вашу працу як мага хутчэй;
  • Ваша сітуацыя можа быць пацверджана як мінімум дзвюма надзейнымі крыніцамі акрамя вас.

У грамадскай арганізацыі «Freedom House» ёсць праграма дапамогі ў экстраных сітуацыях. Каб даведацца аб патрабаваннях для падачы заяўкі, звяжыцеся з імі па электроннай пошце: info@csolifeline.org.

Міжнародная федэрацыя журналістаў (International Federation of Journalists, IFJ) мае фонд па аказанню дапамогі. Падаць заяўку можна тут.

«Міжнародная падтрымка медыя» (International Media Support, IMS) прапануе пакет бяспекі, які ўключае «гарачыя лініі 24/7, бяспечныя дамы, фонд бяспекі, абсталяванне для бяспекі, юрыдычную дапамогу, экстраную дапамогу» і многае іншае.

«Міжнародная жаночая медыяфундацыя» (International Women’s Media Foundation, IWMF) мае экстраны фонд, які дапамагае з псіхалагічнай, медычнай і юрыдычнай падтрымкай, з часовай рэлакацыяй (на тры месяцы). Вы можаце падаць заяўку тут. Заяўнік павінен адпавядаць гэтым крытэрам.

«Журналісты дапамагаюць журналістам» (Journalisten helfen Journalisten). Каб падаць заяўку на рэлакацыю з дапамогай гэтай нямецкай арганізацыі, неабходна напісаць ім на электронную пошту: jhjgermany@t-online.de.

«Рэпарцёры без межаў» (Reporters Without Borders, RSF) просяць журналістаў накіроўваць запыты на дапамогу па электроннай пошце assistance2@rsf.org або па тэлефоне +33 1 4483 8466.

Міжнародныя стажыроўкі

Журналісты, якім часова трэба пакінуць сваю краіну, таксама могуць падаць заяўку на адну з гэтых міжнародных праграм, якія часта дапамагаюць з працэдурай атрымання візы і прапануюць стыпендыю і жыллё.

Беларусь: экстрэмальная краіна для журналістаў

Беларусь – краіна, дзе правы журналістаў, а таксама жыхароў краіны на вольны доступ да інфармацыі стала парушаюцца ўжо некалькі дзесяцігоддзяў. Але ў 2020 годзе сітуацыя рэзка пагоршылася. Большасць незалежных СМІ ўлады прызналі «звязанымі з экстрэмізмам» (ці іх матэрыялы, ці самі рэдакцыі сталі экстрэмісцкімі фармаваннямі) і былі вымушаныя рэлакавацца за межы краіны.

За кратамі, па звестках Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ), на канец жніўня знаходзяцца 33 прадстаўнікі медыяў. Журналістам, якія працягваюць працаваць з тэрыторыі краіны, пагражае пераслед з боку ўладаў толькі за сам факт іх працы.

Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ, юрыст

Агульная пазіцыя для журналіста, які працуе ў рэдакцыі, – пры пагрозах трэба першачаргова паінфармаваць сваё кіраўніцтва ў рэдакцыі, ці менеджараў, якія адказныя ў тым ліку за бяспечную працу для журналістаў.

Другі пункт ці першы для журналістаў-фрылансераў – паведамляць БАЖ, якая аказвае дапамогу журналістам у выпадку пераследу і пагрозаў у працы, прафесійнай дзейнасці.

Асноўныя пагрозы, з якімі сутыкаюцца журналісты:

  • затрыманне;
  • пачатак крымінальнай ці адміністрацыйнай працэдуры;
  • іх СМІ могуць быць абвешчаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі ці фармаваннямі.

На кожную пагрозу трэба мець свой пратакол.

Журналісту варта мець канал устойлівай сувязі і рэгулярна яго правяраць. Ёсць кейс, калі чалавек скінуў інфармацыю калезе «на хуткім націску», а той сам знаходзіўся за кратамі. Часцей за ўсё мы даведваемся пра затрыманні журналіста ад сваякоў, якія таксама дасведчаныя ў гэтым пытанні.

Эвакуацыю з краіны абіраюць, калі ёсць рызыка крымінальнага пераследу. Такія захады ўладаў бачныя, калі з’яўляецца вонкавае назіранне за чалавекам, выклікі на допыт у незразумелым статусе, калі пачынаюць затрымліваць тых, з кім ты працаваў, калі прыйшлі з вобшукам, а цябе не затрымалі. Ці выклікалі на допыт сведкам, і з тых пытанняў, што прагучалі на допыце, вынікае, што наступны допыт будзе ўжо не ў якасці сведкі. Калі СМІ, на якое працуе журналіст, прызналі экстрэмісцкім фармаваннем.

Калі крымінальная справа яшчэ не распачатая, ёсць пашпарт, то падчас эвакуацыі лепш рухацца ў накірунку краінаў, якія маюць бязвізавы рэжым з Беларуссю і авіязносіны – Турцыя і Грузія. Хоць апошняя ўжо, па водгуках, не з’яўляецца бяспечным месцам для доўгатэрміновага знаходжання.

Калі ёсць віза, можна легальна ўехаць у Польшчу ці Літву, з якімі на сёння ёсць наземны транспарт.

Нелегальнае перасячэнне граніцы. Таксама магчымы, але вельмі рызыкоўны варыянт. Не лічу, што публічна можна распавядаць, якія ёсць механізмы, але пры патрэбе можна звяртацца ў БАЖ.

Але гэта скрайні выпадак, калі легальнае перасячэнне мяжы, ужо бачна, што пад забаронай. Каб даведацца, ці ёсць абмежаванне, трэба глядзець на сайце Міністэрства ўнутраных спраў. Яны афіцыйна інфармацыю ўносяць у базу. Таму трэба проста ўвайсці ў свой асабісты кабінет. Калі такога абмежавання няма, то варта карыстацца легальным ад’ездам з Беларусі. Гэта значна прасцей.

Кожнаму журналісту трэба мець хаця б агульнымі рысамі акрэслены план па легалізацыі пасля пераезду. Мець у краіне  сяброў, знаёмых, якія б дапамагалі з пошукам месца жыхарства і легалізацыяй. Ведаць хаця б прыкладна, у якім банку адкрываць рахунак, у якога мабільнага аператара браць SIM-карту.

У большай частцы такія пераезд і легалізацыя, нягледзячы на ўсе складанасці, адбыліся даволі спакойна. Ёсць і фонды, якія гатовыя дапамагчы.

Любоў Лунёва, журналістка 

Вымушана з’ехала з Беларусі праз пераслед спачатку ва Украіну (да пачатку вайны), а пасля – у Польшчу.

Журналісты, якія цяпер працуюць на тэрыторыі Беларусі не на дзяржаўныя выданні, штодня знаходзяцца ў экстрэмальных умовах, пад прыцэлам. Нават калі свеціць сонейка, і здаецца, што ўсё ціха.

Канечне, інфармацыі з Беларусі тым медыям, якія з’ехалі ледзь не поўным складам, вельмі і вельмі бракуе. Здабываць яе звонку ўсё цяжэй і цяжэй. Калі журналіст працуе на тэрыторыі Беларусі – гэта вельмі каштоўна і вельмі важна, бо ён можа адчуваць атмасферу на месцы падзеяў.

Што рабіць у такой сітуацыі, як працаваць, як захаваць сябе, як захавацца на волі, як не трапіць за краты? Самае галоўнае, пастарацца не прыцягнуць да сябе ўвагу. Усё трымаць у сабе, слухаць, не выдаваць сябе правакацыйнымі пытаннямі.

Знаходзіцца ў Беларусі – сітуацыя, якая з экстранай можна ператварыцца ў звышэкстраную. Напрыклад, патэлефанавалі, выклікалі на размову ў пастарунак міліцыі. У журналіста мусіць быць «чысты тэлефон». Паролі – вельмі добрая рэч, але вядома, што сілавікі прымушаюць адкрываць тэлефон, нярэдка з пагрозамі.

Трэба таксама пазбягаць, каб у торбе былі нейкія запісы, кантакты, якія не пажадана каб трапілі ў чужыя рукі. Быць пільным, сачыць, каб кампутар дома не быў уключаны, нават калі выйшаў на хвілінку за хлебам, каб на ім не было слядоў супрацы з экстрэмісцкім СМІ – а ў нас цяпер амаль усе СМІ экстрэмісцкія. Сачыць, каб было ўключанае шыфраванне электроннай пошты, і рэгулярна чысціць скрыню.

Магчыма, што цяпер з кожным днём усё цяжэй і цяжэй пакінуць краіну, каб не засвяціцца на мяжы. Мы мелі магчымасць – тыя, хто з’ехалі перад самай вайной ва Украіне – карыстацца некалькімі шляхамі, калі за табой раз прыйшлі, два, але не засталі. А ў цяперашняй сітуацыі, практыка паказвае, калі за табой прыйшлі і не засталі, не варта чакаць другога разу.

Юрый Дзяшук, журналіст 

Быў эвакуяваны з Беларусі фондам BYSOL.

Крызіснай сітуацыяй у Беларусі для журналіста з’яўляецца ўжо тое, што ён журналіст. Я проста пісаў, мяне шмат разоў папярэджвалі, яшчэ ў 2017-2018 гадах, што «ты дапішашся». «Дапісаўся» я ў 2020 годзе. Усё да гэтага ішло, на мяне завялі крымінальную справу. Яна стала проста нагодай.

Пасля гэтага я для сябе вырашыў, што трэба спыніцца. Я амаль сышоў з прафесіі, бо думаў, што такім чынам змагу сябе ўратаваць, сваю свабоду, здароўе і нават жыццё.

Думаў, што сілавікі гэта зразумеюць і перастануць чапаць, але гэта працягвалася хвалямі. Амаль год я нічога не пісаў, нават каментары ў сацыяльныя сетках, каб лішні раз не прыцягваць да сябе ўвагі.

Пасля таго як гэтую крымінальную справу ўзбудзілі нанова, мяне зрабілі невыяздным з краіны. Я зразумеў, што нічым добрым гэта не скончыцца. Я вырашыў з’ехаць, узважыў «за» і «супраць». Гэта было балюча, складана і маральна, і фізічна, але ў мяне быў толькі такі шанец. Для беларускіх сілавікоў не істотна, ці сышоў журналіст з прафесіі.

Калі я выехаў, кіраўнік BYSOL Андрэй Стрыжак напісаў, што гэта была адна з самых складаных эвакуацый. Яна працягвалася два месяцы.

Аляксей, журналіст, працуе з Беларусі (імя змененае)

Ёсць асноўныя правілы бяспекі, якіх павінен прытрымлівацца журналіст у Беларусі:

  • Пачысціць сацсеткі і перыядычна праводзіць іх аўдыт і дадатковыя чысткі (гэта добра дапамагае рабіць Facebook са сваімі «ўспамінамі»), а лепш наогул выдаліць непатрэбныя акаўнты.
  • «Чыстым» павінен быць таксама дом, дзе вы жывеце, лепш не захоўваць ніякіх матэрыялаў ці носьбітаў з адчувальнай інфармацыяй, лагатыпамі «экстрэмісцкіх фармаванняў» і г. д.
  • Мінімізаваць сваю прысутнасць у сацсетках (адмовіцца ад удзелу ў пустых дыскусіях і «срачыках» – гэта дазволіць пазбегнуць залішняй увагі сілавікоў, а таксама дапаможа захаваць устойлівай псіхіку).
  • Мінімізаваць у сваёй прасторы – рэальнай і віртуальнай – прысутнасць таксічных людзей, панікёраў і дурняў. Больш камунікаваць з тымі, хто на адной хвалі, падтрымліваць іншых;
  • Забяспечыць бяспеку перапісак з іншымі людзьмі: важна засцерагчы і сябе, і чалавека, з якім вядзецца камунікацыя. Памятаць аб тым, што прабел у бяспецы можа быць з іншага боку камунікацыі.
  • Выкарыстоўваць толькі абароненыя каналы з аўтаматычным выдаленнем перапісак.
  • Не захоўваць фота ці іншыя матэрыялы, якія могуць выклікаць пытанні сілавікоў, на тэлефоне, кампутары ці «воблаку».
  • Уся тэхніка павінна мець надзейныя паролі, шыфраванне і двухфактарную аўтэнтыфікацыю.

Крызісныя сітуацыі для журналіста ў Беларусі

  1. Рэальная пагроза арышту: падчас вобшуку ў кватэры, затрыманне на вуліцы.

Ва ўмовах цяперашняй Беларусі да такога трэба быць гатовым увесь час і прыняць гэта як дадзенасць.

На дадзены выпадак павінен быць таксама чалавек, якому журналіст адразу паведаміць пра затрыманне. Гэткі «анёл-ахоўнік», які загадзя ведае, што рабіць у такой сітуацыі, каму пісаць, дзе шукаць дапамогу. Для такога чалавека трэба загадзя скласці алгарытм дзеянняў з важнымі кантактамі.

  1. Адбываецца затрыманне калегаў, вы недзе «засвяціліся», ваша медыя ці арганізацыю ўлады прызналі «экстрэмісцкімі». Патэнцыйная рызыка затрымання: 50 на 50.

Першае, што трэба зрабіць у такой сітуацыі, – супакоіцца. А пасля гэтага паспрабаваць прааналізаваць абставіны.

І ўжо на аснове гэтага дзейнічаць далей. На гэты выпадак заўсёды павінен быць зразумелы план эвакуацыі. Дзейная шэнгенская віза дадае яшчэ больш упэўненасці.

  1. Дэпрэсія і засмучэнне ад агульнай сітуацыі вакол: рэпрэсіі працягваюцца, усё больш знаёмых – за кратамі, у турмах паміраюць людзі.

Вы хвалюецеся за іншых людзей, за сваю будучыню. Калі ёсць пачуццё, што ўжо перастаеш «вывозіць», варта звярнуцца да адмыслоўца – псіхатэрапеўта. Для прафілактыкі таксама варта перыядычна выключацца з навін, даваць псіхіцы адпачыць. Для кожнага спосабы могуць быць індывідуальнымі: паехаць на прыроду, адасобіцца ў ціхім месцы, чытаць кнігі, ці наадварот – паехаць да сяброў, быць у людным месцы.

Карысныя кантакты для беларускіх журналістаў

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

7 верасня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняПарады для журналістаў у экстраных сітуацыях

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць