Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Адносіны Беларусі з Еўразвязам сёння знаходзяцца на ніжэйшым гістарычным пункце. З-за саўдзелу афіцыйнага Мінска ў вайне еўрапейскія абмежаванні ў тым ці іншым выглядзе ўсё часцей распаўсюджваюцца на ўсіх беларусаў. Разрываюцца сувязі і спыняюцца сумесныя праекты, актывісты – за кратамі ці ў эміграцыі, а антыеўрапейская прапаганда ў дзяржаўных СМІ становіцца ўсё больш папулярнай.
Пра ўсё гэта, а таксама пра настроі беларусаў у Беларусі і ў эміграцыі ў межах Экспертна-аналітычнага клуба абмеркавалі Станіслава Гліннік – сузаснавальніца Беларускага моладзевага хаба, сябра Каардынацыйнай рады; Генадзь Коршунаў – старшы аналітык Цэнтра новых ідэй, экс-дырэктар Інстытута сацыялогіі НАН Беларусі; Аляксандр Мілінкевіч – канцлер Вольнага беларускага ўніверсітэта і іншыя ўдзельнікі дыскусіі.
Аляксандр Мілінкевіч лічыць, што чым больш людзей будуць мець магчымасць атрымаць праеўрапейскую асвету, тым бліжэй грамадства будзе да Еўропы.
«На шчасце, у нас інтэрнэт не закрыты, не паўзакрыты, як у Расіі і Кітаі – нават ім гэта цяжка зрабіць да канца», – кажа ён і адзначае, што ведае пра небяспеку, якую нясе падпіска на тыя ці іншыя інфармацыйныя крыніцы.
На думку Мілінкевіча, ёсць і пэўная праблема з журналістамі. Ён лічыць, што гэта людзі, якія шмат робяць і адданыя Беларусі, нават калі большасць з іх выехала за мяжу.
«Я лічу, што трэба ў галаве пераключыць “тумблеры”, каб яны не былі [скіраваныя] толькі на Лукашэнку, дыктатуру, Расію, якая гвалціць Украіну. Каб гэтыя “тумблеры” працавалі, трэба даць альтэрнатыўную інфармацыю. Гэтай альтэрнатывы сёння замала ў медыя і ў сацыяльных сетках. Мы больш расказваем пра боль, і гэта нібы справядліва. Адказнасць журналіста ў тым, што мы кажам пра кепскае-кепскае, і трэба пра гэта казаць: і пра тых, хто ў турме, і каго забіваюць ва Украіне. І разам з тым, пазітыў мусіць быць у значнай ступені».
Генадзь Коршунаў вылучае два напрамкі вырашэння гэтага пытання.
Першы – распавядаць у Беларусі пра Еўропу. Напрыклад, здыманне абутку, каб стаць на лаву, павага да самавыяўлення і прыватнага сектару – гэта таксама еўрапейскія каштоўнасці, але людзям пра гэта трэба казаць.
«Еўрапейскасць – гэта не толькі павага да ЛГБТ, якую навязвае рускі сектар. Еўропа – гэта ўзаемапавага. Тое, што ў 2020 годзе мы хацелі “людзьмі звацца”, – гэта натуральна еўрапейскі лад жыцця. Гэта супрацьстаянне расійскай прапагандзе, якая малюе Еўропу выключна вычварэнскімі колерамі», – адзначае Коршунаў. Ён дадае, што пра гэта трэба расказваць і паказваць не толькі праз медыя, але і праз прафесійныя сувязі, родзічаў.
Другі напрамак, якія выдзяляе эксперт, – прынесці ў Еўропу Беларусь. Паводле яго, пра Беларусь сёння мала ведаюць. Палітыкі ведалі пра Беларусь падчас і пасля падзей 2020 года, але цяпер іх фокус на Украіне. Коршунаў адзначае, што палітыкам трэба рабіць акцэнт на тым, што без вольнай, дэмакратычнай Беларусі ва Усходняй Еўропе не будзе бяспекі.
«Трэба распавядаць у медыя простым еўрапейцам, хто такія беларусы і чаму беларусы – зусім далёка не тое ж самае, што рэжым у Беларусі. Распавядаць, што беларуская дыяспара робіць для той часткі, якая ў Беларусі, што беларусы робяць для Украіны, агульным чынам – для Еўропы», – лічыць Генадзь Коршунаў.
Зміцер Лукашук, рэдактар Еўрарадыё, лічыць, што сёння нічога нельга зрабіць дзеля таго, каб Еўропы стала больш у Беларусі.
«Мы адсюль пры сённяшнім узроўні рэпрэсій нічога не можам зрабіць, калі людзі баяцца ў тэлефоне [мець падпіску] нават на тэлеграм-канал Еўрарадыё, Радыё Свабода, Белсата ці каго іншага. І правільна баяцца, таму што за гэта могуць атрымаць тэрмін. Як мы можам да іх дайсці? Тыя людзі, якія нас глядзяць (некалькі мільёнаў праглядаў у месяц), – гэта людзі, якія і так для сябе зрабілі еўрапейскі выбар», – адзначае Лукашук.
Паглядзець дыскусію цалкам ці паслухаць выступы асобных спікераў вы можаце на нашым YouTube-канале.
Сустрэча арганізаваная інфармацыйным офісам Belarus in Focus у партнёрстве з беларускай экспертнай сеткай «Наша думка» і Беларускім інстытутам стратэгічных даследаванняў (BISS).
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт