Пошук дадзеных пра карпарацыі ды іх уладальнікаў. Парады ад GIJN

Ёсць шмат спосабаў атрымаць дадзеныя пра кампаніі, іх уласнікаў, чым яны займаюцца і многае іншае. Гэты матэрыял GIJN апісвае афіцыйныя і неафіцыйныя крыніцы інфармацыі пра кампаніі.

Пошук дадзеных пра карпарацыі ды іх уладальнікаў. Парады ад GIJN
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь

Журналісты-расследавальнікі адыгрываюць важную ролю ў прыцягненні карпарацый да адказнасці. Яны выкрываюць парушэнні працоўнага заканадаўства, экалагічных нормаў, карпаратыўную беспакаранасць і іншыя выпадкі злоўжывання службовымі абавязкамі.

Аднак афіцыйныя дакументы пра карпарацыі часта паказваюць толькі вяршыню айсберга, і, на жаль, асобы сапраўдных уласнікаў кампаніі могуць быць невядомымі для шырокай грамадскасці. Часта ствараюцца падстаўныя кампаніі, каб схаваць сапраўдных бенефіцыяраў.

Але добрая навіна ў тым, што ёсць шмат спосабаў атрымаць дадзеныя пра кампаніі, іх уласнікаў, чым яны займаюцца і многае іншае. Да іх адносяцца:

  • бясплатныя базы дадзеных;
  • платныя базы дадзеных;
  • афіцыйныя дакументы;
  • карпаратыўныя сайты;
  • пратаколы судовых паседжанняў;
  • пошук у інтэрнэце;
  • спецыфічныя для пэўнай індустрыі крыніцы;
  • сацыяльныя сеткі.

Гэты матэрыял GIJN апісвае афіцыйныя і неафіцыйныя крыніцы інфармацыі пра кампаніі.

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Сцісла

  • Бясплатныя міжнародныя рэсурсы 
  • Камерцыйныя крыніцы 
  • Афіцыйныя дзяржаўныя рэестры 
  • Спасылкі на рэсурсы для некаторых буйных эканомік 
  • Іншыя крыніцы
  • Дадатковыя афіцыйныя крыніцы інфармацыі 
  • Дапаможнікі для журналістаў
  • Больш рэсурсаў ад GIJN

Бясплатныя міжнародныя рэсурсы 

Шэраг некамерцыйных ініцыятываў збірае справаздачы, якія кампаніі павінны прадстаўляць урадам, а таксама іншыя крыніцы інфармацыі.

Вось лепшыя падборкі такіх рэсурсаў.

OpenCorporates – адкрытая база дадзеных пра больш чым 220 мільёнаў кампаній. Інфармацыя сабрана з больш чым 1 400 дзяржаўных бізнес-рэестраў. Тут знойдзеце: дату рэгістрацыі кампаніі, яе юрыдычныя адрасы, імёны дырэктараў і службовых асоб і нават сувязі паміж кампаніямі. Існуе блог, дзе публікуюцца прыклады таго, як медыя выкарыстоўваюць OpenCorporates. Журналісты, НДА, навукоўцы і тыя, хто працуе на інтарэсы грамадскаці, могуць падаць заяўку на атрыманне бясплатнага ключа API.

Панэль расследаванняў ад Цэнтра па даследаванні арганізаванай злачыннасці і карупцыі (OCCRP) мае мільёны элементаў дадзеных з розных крыніц па ўсім свеце, у тым ліку шмат інфармацыі пра карпарацыі. Можна пачаць пошук дакументаў з платформы OCCRP Aleph (націсніце «пошук» для пашыраных параметраў пошуку). Тут ёсць даведнік па дакументацыі кампаній у 38 краінах, які з’яўляецца часткай вялікага каталога баз дадзеных з 226 мільёнаў публічных запісаў. Не кожная база дадзеных, у тым ліку тыя базы, якія прасачыліся ў інтэрнэт, маюць магчымасць пошуку.

Але зарэгістраваныя на платформе журналісты могуць атрымаць доступ. Журналісты таксама могуць рабіць запыты на бясплатную дапамогу ў расследаваннях, у тым ліку дапамогу па пошуку ў платных базах дадзеных, на якія OCCRP мае падпіску. Тут можна пачытаць уводную інфармацыю, а ў гэтым артыкуле GIJN ёсць сем парадаў, як карыстацца базай дадзеных, у тым ліку распавядаецца пра функцыю стварэння абвестак, каб вы заўсёды атрымлівалі апавяшчэнні аб новых падзеях адносна асоб або кампаній, пра якія вы робіце расследаванне. Таксама азнаёмцеся з дапаможнікам GitHub з парадамі па пошуку і іншым, а таксама з публікацыяй Elastic, дзе ёсць парады па больш дэталёвым пошуку.

База дадзеных ICIJ Offshore Leaks ад Міжнароднага кансорцыума журналістаў-расследавальнікаў – гэта база дадзеных карпаратыўнай інфармацыі, заснаваная на ўцечках дакументаў пра больш чым 810 тысяч афшорных кампаній і трастаў. Пошук у базе дадзеных можа ажыццяўляцца па імёнах, назвах кампаній і адрасах, звязаных з афшорамі, а таксама па краіне або юрысдыкцыі. Можна таксама пачытаць архіў матэрыялаў ICIJ, заснаваных на «Панамскіх дакументах» і на «Пандорскіх дакументах». Глядзіце таксама старонку з інструкцыямі ICIJ і іх серыю відэаролікаў пра пошук у базе дадзеных.

Panjiva – зручная для карыстання база дадзеных імпарту/экспарту з інфармацыяй пра 8 мільёнаў кампаній і больш за 1 мільярд запісаў аб пастаўках. Звярніце ўвагу, што брэнды могуць адмовіцца ад публічнага раскрыцця інфармацыі. База дадзеных уключае дадзеныя па ЗША, Кітаю, Індыі, Паўднёвай Амерыцы і іншым краінам. Магчымы бясплатны доступ для некаторых журналістаў, але такая магчымасць разглядаецца індывідуальна. Калі вы рэпарцёр, звяжыцеся з pressinquiries.mi@spglobal.com для атрымання дадатковай інфармацыі.

Рэсурсны цэнтр па бізнэс-пытаннях і правах чалавека захоўвае навіны і абвінавачванні, звязаныя з правамі чалавека пра больш чым 20 тысяч кампаній. Інфармацыя трапляе ў базу дадзеных з такіх крыніц, як навіны, справаздачы грамадзянскай супольнасці і публічныя дакументы кампаній. У базу ўключаны 275 брэндаў адзення і тэкстылю, 142 фірмы здабыўной прамысловасці, 35 гасцінічных кампаній і 81 тэхналагічная фірма.

The Open Ownership Register уключае ў сябе нацыянальныя дадзеныя аб уласніках з Украіны, Вялікабрытаніі, Даніі і Славакіі. Рэестр аднаўляецца штомесяц, яго вядзе няўрадавая арганізацыя Open Ownership, якая выступае за паляпшэнне раскрыцця інфармацыі аб карпаратыўнай уласнасці. Арганізацыя публікуе мапу, на якой можна паглядзець абавязацельствы краіны па раскрыццю інфармацыі аб уласніках і выкананне гэтых абавязацельстваў. Зірніце таксама дапаможнік па базе дадзеных. Запісы аб краінах часам уключаюць спасылкі на нацыянальныя базы дадзеных, напрыклад, на рэестр аўдытарскіх справаздач Ініцыятывы празрыстасці здабыўной прамысловасці Нігерыі.

Камерцыйныя крыніцы 

Існуе мноства прыватных баз дадзеных аб карпарацыях, але каб атрымаць карысную інфармацыю, трэба аформіць платную падпіску на большасць з гэтых баз. Бясплатны доступ часта можна атрымаць праз грамадскія і ўніверсітэцкія бібліятэкі. Але нават калі гэта немагчыма, то паверце: кошт выкарыстання камерцыйных баз дадзеных можа быць апраўданым. Акрамя таго, некаторыя кампаніі прапануюць таннейшыя тарыфы для журналістаў.

D&B Hoovers з’яўляецца адной з найстарэйшых баз дадзеных. Яе бясплатны сайт прапануе апісанне тысяч кампаній, якія базуюцца ў Злучаных Штатах і за мяжой. Больш падрабязнае апісанне даступна на сэрвісе падпіскі Nexis.

Іншыя буйныя пастаўшчыкі баз дадзеных па падпісцы:

Варта таксама праверыць сайты па канкрэтных краінах, напрыклад, YouControl ва Украіне, які мае запісы пра 4 мільёны ўкраінскіх кампаній з 180 крыніц.

Google Finance прадастаўляе карысны агляд коштаў на акцыі кампаніі і дывідэнды, актуальную падборку навінаў, дзе ўзгадваецца кампанія, а таксама квартальныя і гадавыя справаздачы аб прыбытках. AnnualReports.com – гэта карысны рэсурс для пошуку справаздач кампаніі, якія могуць быць схаваныя на сайце арганізацыі.

Выява GIJN: Скрыншот з агульнадаступнымі дадзенымі

Sayari – гэта амерыканская расследавальніцкая фірма, якая ў 2018 годзе запусціла шматбаковую базу дадзеных, якая «ахоплівае новыя, развіваючыяся, памежныя і афшорныя рынкі». Гэта база дадзеных з’яўляецца платнай (1 000 даляраў у месяц), але існуе 30-дзённая бясплатная пробная версія. Акрамя таго, кампанія зацікаўлена ў працы з журналістамі.

Спіс платных базаў дадзеных даўгі. Адзін са спосабаў даведацца, якія базы дадзеных існуюць, – зазірнуць на сайты бібліятэк універсітэцкіх бізнес-школ.

Бізнес-школа Гарвардскага ўніверсітэта можа пахваліцца велізарнай калекцыяй, і хоць яе фонды недаступныя для грамадскасці, анлайн-каталог можа даць інфармацыю аб магчымых рэсурсах.

Афіцыйныя дзяржаўныя рэестры 

Многія ўрады патрабуюць ад карпарацый рэгістрацыі, але часта існуюць не дастаткова жорсткія рэгістрацыйныя патрабаванні і кампаніі могуць падаваць мінімум інфармацыі або зманлівую інфармацыю.

Тут спіс рэсурсаў, дзе можна знайсці дзяржаўныя рэестры па ўсім свеце:

Спасылкі на рэсурсы для некаторых буйных эканомік 

Злучаныя Штаты

Камісія па каштоўных паперах і біржах захоўвае карпаратыўную інфармацыю ў сваёй сістэме EDGAR. Сюды падаюць свае квартальныя і гадавыя фінансавыя справаздачы ўсе кампаніі, якія выпускаюць каштоўныя паперы. Любая неамерыканская кампанія, якая каціруецца на амерыканскай фондавай біржы, у тым ліку з Кітая, Расіі і ЕС, павінна падаваць сюды справаздачу аб сваёй гаспадарчай дзейнасці па ўсім свеце. Гэта робіць EDGAR галоўнай крыніцай карпаратыўнай інфармацыі для журналістаў. Каб знайсці афіцыйныя дакументы і іншыя дадзеныя за апошнія чатыры гады, можна шукаць у базе дадзеных па назве кампаніі і краіне.

Можна пачаць з формы гадавой справаздачнасці 10-K, якая змяшчае падрабязную гісторыю кампаніі, правераныя фінансавыя справаздачы, даходы топ-менеджараў, апісанне прадуктаў і паслуг, а таксама штогадовы агляд арганізацыі, яе дзейнасці і рынкаў, на якіх яна працуе. Форма 10-Q – гэта квартальная форма справаздачы, якая ўключае не правераную аўдытам фінансавую справаздачнасць і інфармацыю аб дзейнасці кампаніі за апошнія тры месяцы. Справаздачы па форме 8-K з’яўляюцца дадатковай дакументацыяй для пэўных падзей, такіх як банкруцтва, распараджэнне актывамі, ад’езд кіраўнікоў і іншыя падзеі, важныя для інвестараў.

Дакументы інвестыцыйных кампаній таксама знаходзяцца ў EDGAR. Для іх выкарыстоўваецца форма SEC 497. Справаздача аб дадатковай інфармацыі (SAI) з’яўляецца дадатковым дакументам да праспекта паявога інвестыцыйнага фонду. Больш падрабязнай інфармацыі знойдзеце ў дапаможніку па сістэме EDGAR.

Цяпер ЗША патрабуюць ад многіх карпарацый і іншых суб’ектаў гаспадаркі паведамляць інфармацыю аб сваіх канцавых беніфіцыярах. Але гэта інфармацыя ўтрымліваецца ў непублічнай базе дадзеных, якая будзе даступная толькі рэгулюючым і праваахоўным органам.

У ЗША юрыдычныя асобы рэгіструюцца адміністрацыямі штатаў, звычайна дзяржаўным сакратарыятам. Многія кампаніі рэгіструюцца ў штаце Дэлавер, таму што там маюцца пэўныя падатковыя ільготы і дзейнічае спрыяльнае для развіцця бізнесу заканадаўства. Таму пачаць шукаць кампаніі можна ў дэпартаменце па карпарацыях штата Дэлавер. Аднак тут не збіраюцца дадзеныя аб бенефіцыярах, і «агенты па стварэнні кампаній» могуць выступаць у якасці намінальных дырэктароў (падрабязней у тлумачэнні ад Transparency International). Таксама варта праверыць дзяржаўныя дакументы ў дзяржаўных органах штата, дзе знаходзіцца офіс кампаніі.

Нацыянальная асацыяцыя дзяржаўных сакратароў можа даць спасылкі на сайты ўсіх штатаў ЗША (націсніце на ўкладку ўнізе – «online business services» дробным шрыфтам – пасля таго, як вы абярэце штат). Там вы знойдзеце спасылкі на такія месцы, як каліфарнійскі bizfile Online і базу дадзеных карпарацый і суб’ектаў гаспадаркі ў Нью-Ёрку. У гэтых дзяржаўных рэестрах звычайна вы можаце атрымаць інфармацыю аб даце рэгістрацыі кампаніі, яе юрыдычныя адрасы і імёны дырэктараў і афіцыйных прадстаўнікоў.

Іншыя базы дадзеных аб месцах пошуку карпаратыўнай інфармацыі са штатаў ЗША падтрымліваюцца LLC University і Coordinated Legal Tech.

Тут вы можаце знайсці падрадчыкаў ураду ЗША.

Violation Tracker – пошукавая сістэма па карпаратыўных парушэннях, створаная праектам Corporate Research. Яна ахоплівае парушэнні ў банкаўскай сферы, у сферы абароны спажыўцоў, а таксама ілжывыя прэтэнзіі, парушэнні, звязаныя з экалагічным заканадаўствам, парушэнні ў аплаце працы і працоўным часе, несправядлівыя ўмовы працы, парушэнні, звязаныя са здароўем і бяспекай, дыскрымінацыяй пры працаўладкаванні, коштавыя змовы, хабарніцтва і іншыя справы, распачатыя больш чым 40 федэральнымі рэгулюючымі органамі і ўсімі падраздзяленнямі Міністэрства юстыцыі з 2000 года.

Вялікабрытанія

Бясплатны рэсурс Companies House дае інфармацыю пра кампаніі, у тым ліку:

  • юрыдычны адрас і дату рэгістрацыі;
  • інфармацыю аб дзеючых і былых супрацоўніках;
  • адсканаваныя дакументы;
  • дадзеныя аб плацяжах па іпатэцы;
  • папярэднія назвы кампаній;
  • інфармацыю аб неплацежаздольнасці.

Канада

SEDAR – сайт з інфармацыяй пра кампаніі, які працуе са студзеня 1997 года.

Францыя

Infogreffe дае бясплатную базавую інфармацыю аб кампаніях (на французскай мове).

Германія

Рэестр кампаній Германіі мае некалькіх моўных версій і дазваляе бясплатна шукаць. Але, каб пабачыць некаторыя дакументы, трэба заплаціць.

Кітай і Ганконг

Доступ да Нацыянальнай сістэмы інфармацыі аб прадпрыемствах можна атрымаць тут (на кітайскай мове).

У Ганконгу Цэнтр кіберпошуку Інтэграванай інфармацыйнай сістэмы рэестра кампаній даступны на англійскай мове.

Іншыя крыніцы

Інтэрнэт-пошук на карпаратыўных сайтах і ў сацыяльных сетках прынясе вялікую колькасць інфармацыі. Ніжэй – некалькі рэкамендацый ад прафесійных расследавальнікаў:

  • Шукайце афіцыйных прадстаўнікоў і топ-менеджэраў кампаніі. Зірніце метады ў прэзентацыі «Пошук былых супрацоўнікаў» з канферэнцыі GIJN у 2017 годзе.
  • Выкарыстоўвайце LinkedIn для пошуку інфармацыі. Паспрабуйце пашыраны пошук, дзе меню дазваляе карыстальнікам выбіраць паміж былымі і дзеючымі супрацоўнікамі (глядзіце парады Хэнка ван Эса па пошуку ў LinkedIn). Паглядзіце старонкі кампаній і суполкі з гэтай сферы. Glassdoor можа даць інфармацыю пра досвед супрацоўнікаў і сярэднія заробкі.
  • Шукаючы згадкі пра кампанію ў медыях, звяртайце ўвагу на бізнесовыя выданні і спецыялізаваную прэсу. Каб іх знайсці, паспрабуйце сайт Ulrichsweb.
  • Знайдзіце адрас кампаніі і нумар тэлефона. А для пошуку дадатковай інфармацыі выкарыстоўвайце мапы і функцыю прагляду вуліц.
  • Карпаратыўная дабрачыннасць можа быць таксама каштоўнай крыніцай інфармацыі. Для ЗША паглядзіце наступныя сайты: CitizenAudit, Nonprofit Explorer і Guidestar. Для Вялікабрытаніі: 360Giving, CharityBase і дзяржаўны рэестр дабрачынных арганізацый.
  • Звяжыцеся з НДА, з ініцыятывамі, якія займаюцца праблемамі забруджвання навакольнага асяроддзя або гандлю людзьмі.
  • Звярніцеся да гандлёвых асацыяцый, каб даведацца пра дзейнасць кампаніі ў патрэбным кантэксце.

Дадатковыя афіцыйныя крыніцы інфармацыі 

Кожны раз, калі ўрад і камерцыйны сектар перакрыжоўваюцца, могуць стварацца агульнадаступныя запісы дадзеных.

Вось некалькі ідэй, дзе яшчэ можна пашукаць ўзаемадзеянне кампаніі з урадам:

  • зямельная ўласнасць: назвы і апісанне;
  • забудова зямлі: будаўніцтва, будаўнічыя зоны і спецыяльныя дазволы;
  • экалагічнае рэгуляванне: дазволы на адкіды, справаздачы аб выкідах і прымусовыя меры;
  • працоўнае рэгуляванне: прафесійная рэгістрацыя і працоўныя спрэчкі;
  • судовыя дакументы: інфармацыя аб судовых працэсах;
  • фінансавае рэгуляванне: справаздачы, прымусовае выкананне;
  • інтэлектуальная ўласнасць: рэгістрацыя патэнтаў і таварных знакаў;
  • дзяржаўныя кантракты: удзел у тэндэрах і атрыманыя замовы;
  • дзяржаўныя субсідыі: атрыманыя плацяжы;
  • палітычныя ахвяраванні: ахвяраванні чыноўнікам;
  • рэгістрацыя лабіравання: раскрыццё інфармацыі аб уплыве.

Разуменне таго, у якім сектары працуе кампанія, можа прывесці да атрымання адпаведнай інфармацыі.

Напрыклад, Open Oil мае базу дадзеных з больш чым 2 мільёнаў дакументаў, якія знаходзяцца ў адкрытым доступе, пададзеных нафтагазавымі і горназдабыўнымі кампаніямі ў фінансавыя рэгулятары па ўсім свеце.

Пратаколы судовых паседжанняў могуць быць надзвычай карыснымі. PACER, напрыклад, захоўвае электронныя архівы федэральнай судовай сістэмы ЗША, у тым ліку з Вярхоўнага суду, апеляцыйных і акруговых судоў, а таксама судоў па справах аб банкруцтве ЗША.

Падумайце, якія нарматыўна-прававыя акты рэгулююць бізнес кампаніі і якія дакументы патрабуюцца для выконвання патрабаванняў. Рэгуляванне будзе моцна адрознівацца ў залежнасці ад рэгіёна і віду бізнесу, але можа даць падказкі.

Некаторыя афіцыйныя дзеянні або запыты на афіцыйныя дзеянні могуць быць адлюстраваныя ў дзяржаўных выданнях. Для Еўропы паглядзіце Еўрапейскі форум афіцыйных бюлетэняў для атрымання інфармацыі аб базах дадзеных кожнай краіны і OpenGazettes, які таксама дае зручны доступ да еўрапейскіх дакументаў.

Дапаможнікі для журналістаў

У інтэрнэце ёсць велізарная колькасць матэрыялаў пра тое, як шукаць інфармацыю пра карпарацыі і разбірацца ў фінансах кампаній. Вось некаторыя з іх, разлічаныя на журналістаў.

  • Натхненне для ідэй вы можаце знайсці ў гэтым матэрыяле: дапаможнік па стратэгічнаму расследаванню кампаній, напісаны Філіпам Матэрай, дырэктарам праекту Corporate Research. Апошні раз ён абнаўляўся ў 2019 годзе, але тым не менш з’яўляецца надзвычай поўным па сваім аб’ёме.
  • Калекцыя відэа GIJN уключае выступ аб фінансавых справаздачах кампаній ад Дэвіда Кэя Джонстана, лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі, і вебінар для афрыканскіх журналістаў, арганізаваны ў партнёрстве з Finance Uncovered, прысвечаны расследаванню фінансаў кампаній.
  • «Як адсачыць грошы: парады для трансгранічнай журналістыкі» – сесія пытанняў і адказаў з рэдактарам OCCRP Мірандай Патручыч. Пачатак размовы:

– Што вы робіце найперш, калі атрымліваеце фінансавую справаздачу кампаніі?

– Я задаю сабе тры пытанні:

  1. Што ёсць на балансе і як яно туды патрапіла?
  2. Адкуль узяліся грошы?
  3. І што знаходзіцца ў раздзеле «заўвагі»?

Больш рэсурсаў ад GIJN

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

27 верасня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняПошук дадзеных пра карпарацыі ды іх уладальнікаў. Парады ад GIJN

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць