Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
На рахунку Беларускага расследавальніцкага цэнтра («Цэнтр») — дзесяткі расследаванняў. Кіраўнік «Цэнтра» Станіслаў Івашкевіч распавёў Media IQ, чаму з 2020 года працаваць стала крыху лягчэй, чым займаецца фактчэкер і дзе схаваныя грошы беларускай улады.
— Расследавальніцкая журналістыка лічыцца ў журналісцкай супольнасці вышэйшым гатункам. Чаму?
— Таму што, па-першае, для расследавання мала проста выкласці факты, мала пагрузіцца, знайсці дадатковых людзей, нейкі інсайд, мала правесці рэсёрч. Трэба зрабіць тэст гіпотэз, якія потым прыходзяць у тупік, і ўмець адмовіцца ад гіпотэзы, якая выглядае вельмі лагічна, але нават там ёсць малейшы нейкі вінцік, які можа накіроўваць вас у абсалютна іншы бок.
Ну і, апрача ўсяго іншага, каб зрабіць расследаванне, журналіст у некаторых галінах павінен авалодаць імі нараўне з экспертамі. Таму што, як правіла, ў расследаваннях д’ябал хаваецца ў дэталях.
Я памятаю ў расследаваннях па энергетыцы нам прыходзілася ўнікаць, чым адрозніваецца ў індустрыяльных катлах гарызантальны пучок ад вертыкальнага.
А сутнасць была ў тым, што розніцы абсалютна ніякай няма, і тое, што заданне далі на гарызантальны пучок, каб пад аднаго толькі падрадчыка прыстасаваць гэты тэндар. І ўсё гэта трэба рабіць у абмежаваны час, у абмежаваных рамках, таму, па вялікім рахунку, расследавальнікі робяць усё тое, што робяць звычайныя журналісты, толькі мусяць гэта рабіць значна глыбей і значна хутчэй. Ну, а потым яшчэ і выкласці трэба так, каб людзі нешта зразумелі з гэтага.
— Ці развіта ўвогуле ў Беларусі расследавальніцкая журналістыка?
— У нас было ўсё даволі кепска з гэтым вельмі доўгі час па той прычыне, што беларускія ўлады бадай што самыя закрытыя ў Еўропе, нават у параўнанні з Расеяй. Напрыклад, у нас на дзяржаўных закупах выстаўляюцца толькі абвестка і паведамленне аб тым, з якой цаной перамог нейкі гулец. У Расеі на сайце дзяржаўных закупаў вы ўбачыце, калі ў выніку што было дастаўлена, там будуць кантракты выстаўлены, якія былі змены і дадатковыя дамовы, што вельмі важна. У Беларусі ж, калі ўлады робяць тэндар і хочуць аддаць яго сваёй прыкарытнай нейкай канторы, то яны абвяшчаюць, умоўна кажучы, зрабіце нам велізарную работу за 1 долар. Таму ніхто на такі тэндар не падаецца, акрамя сваіх, якія кажуць: добра, мы пабудуем вам будынак за 1 доллар, але вось гэтае акно дашліфуем за яшчэ 2 мільёна даляраў. Нават у Расеі такое не можа прайсці, настолькі грубыя схемы.
Па-другое, у нас чыноўнікі прывучаныя абсалютна, што яны без пакарання могуць ні на што не адказваць альбо адказваць адпіскамі на розныя запыты. І ў прынцыпе гэта толькі адна дэталь, фінансавыя дакументы… У нас ні палітыкі, ні дэпутаты, ні чыноўнікі не падаюць дэкларацый публічных… І тое, з чаго пачынаецца расследаванне, напрыклад ва Украіне або ў Расеі, калі ты проста глядзіш дэкларацыю чыноўніка, у нас проста немагчыма. Таму ў нас не было вельмі доўгі час нават за што зачапіцца.
Зараз у Беларускім расследавальніцкім цэнтры сабраліся, па вялікім рахунку, усе журналісты, якія хоць неяк спрабавалі сябе праяўляць у расследаваннях да гэтага. Разам мы акумулявалі такі інтэлектуальны мускул, якім можна было прабіць гэтую першую сцяну, проста падзяліўшы вялікую колькасць працы. І зараз у нас больш за 20 расследаванняў на год, што, у прынцыпе, больш, чым у многіх краінаў рэгіёну. Таму пра неразвітасць раследвальніцкай журналістыкі ў Беларусі — гэта старая інфармацыя. Зараз наша краіна вельмі нядрэнна выглядае у гэтым сэнсе на фоне суседзяў.
Фота на галоўнай: Станіслаў Івашкевіч / Белсат
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт