Рэпрэсіі супраць медыя ў Беларусі: вынікі даследвання ЦНІ

Даследаванне Цэнтра новых ідэй «Барометр рэпрэсій у Беларусі» паказвае абагуленую карціну рэпрэсій беларускага рэжыму і вылучае асаблівасці раз на квартал. Гэта можа быць карысным усім, хто хоча разумець, што адбываецца ў Беларусі з пункту гледжання ціску рэжыму на грамадства. Публікуем частку тэзісаў пра ціск на медыя і інфасферу. Цалкам даследванне можна паглядзець тут.

Аўтар даследавання – старшы эксперт Цэнтра новых ідэй, кандыдат сацыялагічных навук Генадзь Коршунаў.

У медыйнай сферы пасля знішчэння або выціскання з Беларусі ўсіх рэспубліканскіх незалежных медыяў улады праводзяць мерапрыемствы па далейшай «нармалізацыі» патэнцыйна незалежных суб’ектаў. Цяпер «дазачышчаюцца» рэгіянальныя СМІ. У справаздачны перыяд надышла чарга рэпрэсій супраць салігорскага тэлеканала «Ранак», барысаўскага рэгіянальнага сайта Ex-press.livе і магілёўскіх інфармацыйных рэсурсаў 6ТV.bу, «Магілёў Медыя», «Навіны Магілёўскага рэгіёну». А галоўнага рэдактара маладзечанскай «Рэгіянальнай газеты» Аляксандра Манцэвіча прыгаварылі да 4 гадоў калоніі.

Важна, што незалежныя медыі не толькі знішчаюцца, улады захопліваюць над імі кантроль і перадаюць яго рэдакцыям дзяржпрапаганды. Так адбылося як мінімум з талеграм-каналам «Наш родны край Лагойск», інстаграм-каналам «Стоўбцы Сіці» і рэсурсам Kraj.by.

Яшчэ адной асаблівасцю аналізаванага перыяду стала ўзмацненне прэвентыўнай нармалізацыі (у некаторых выпадках, верагодна, з кароткачасовымі арыштамі) вядомых беларускіх блогераў. Гэта кейсы Дзяніса Кур’яна, Ганны Бонд, Ларысы Грыбалёвай і аўтара тэлеграм-канала «Мерзкий Кокобай». Раней нешта падобнае ўлады зрабілі з папулярнымі блогерамі Дзмітрыем Сіўчыкам (ака Дзім Дзімыч) і Уладам Кабяковым. Падаецца, што і рэпрэсіі супраць рэгіянальных медыяў, і прэвентыўная нармалізацыя блогераў – гэта элементы аднаго і таго ж трэнду, то бок прывядзенне інфапрасторы ў татальна залежны ад дзяржавы стан.

Скрыншот са справаздачы

У 2023 годзе паскоранымі тэмпамі расла колькасць судоў па прызнанні інфармацыйных матэрыялаў экстрэмісцкімі. У пераважнай большасці экстрэмісцкімі матэрыяламі традыцыйна прызнаваліся акаўнты ў сацыяльных сетках і мэсэнджарах, якія належалі розным суб’ектам, што крытыкавалі беларускі рэжым. Але не толькі. Асаблівасцю 2023 года стала тэндэнцыя прызнаваць «экстрэмісцкімі» кнігі, напісаныя класікамі беларускай літаратуры: Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам, Ларысай Геніюш, Уладзімірам Някляевым, Наталляй Арсенневай. Усяго за 2023 год у Беларусі прайшло 889 такіх судовых пасяджэнняў, з іх у апошнім квартале года – 278. Параўноўваючы звесткі апошняга квартала са сярэднегадавымі значэннямі, мы бачым, што да канца года частата такіх працэсаў павялічылася: калі сярэднегадавы паказнік складае 74 на месяц, то ў апошнім квартале іх у сярэднім праводзілася 93.

Пра ўзрастанне інтэнсіўнасці па гэтым напрамку гаворыць і наступны факт: на апошні квартал выпадаюць і два з трох судовых працэсаў, на працягу якіх статус «экстрэмісцкіх» атрымалі рэкордныя колькасці інфармацыйных крыніц. Так, 21 лістапада суд Ленінскага раёна Гродна на працягу аднаго пасяджэння прызнаў экстрэмісцкімі матэрыяламі 48 сайтаў, тэлеграм-каналаў і акаўнтаў у сацыяльных сетках. А 7 снежня за адно паседжанне суд Чыгуначнага раёна Гомеля прызнаў «экстрэмісцкімі» 95 пазіцый.

Падзяліцца:

6 лютага 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняРэпрэсіі супраць медыя ў Беларусі: вынікі даследвання ЦНІ

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць