Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Галоўнаму рэдактару «Рэгіянальнай газеты» Аляксандру Манцэвічу спаўняецца 65 гадоў. З 15 сакавіка ён знаходзіцца ў зняволенні. Журналісткі Настасся Роўда і Зоя Хруцкая, якія пачыналі свой прафесійны шлях ў «Рэгіянальнай газеце», расказваюць пра Аляксандра Барысавіча і віншуюць яго з народзінамі.
— Аляксандр Барысавіч — адзін з найлепшых людзей, якіх я ведаю. Ён вельмі дзейны, вельмі энергічны, ён аптыміст па жыцці і верыць у лепшае. Ён не губляецца, калі сутыкаецца са складанасцямі і выклікамі, а смела іх прымае і заўжды на іх адказвае.
Аляксандр Барысавіч — той чалавек, які навучыў мяне па-сапраўднаму любіць тое месца, у якім я нарадзілася. Вельмі проста любіць які-небудзь прыгожы Менск, вялікі. Любіць Маладзечна, Вілейку, Смаргонь, Мядзел — гэтаму трэба вучыцца, таму што не заўжды мы бачым тое найлепшае, што ёсць у гэтых месцах. А самае найлепшае — гэта людзі, месцы.
Аляксандр Барысавіч — чалавек, які шчыра любіць гісторыю, ведае гісторыю. Гэта быў адзін з найважнейшых кірункаў Рэгіянальнай газеты, дзякуючы Аляксандру Барысавічу ён развіваўся і прыцягваў у газету найлепшых людзей нашага рэгіёна. Гісторыя ў прынцыпе вельмі важная, паколькі яна фарміруе нас, яна дае нам той бэкграўнд, на якім мы стаім, тую апору, той фундамент — гэта вельмі важна. Рэгіянальная газета з’яўлялася магнітам для творчых людзей, для людзей, якім ёсць што сказаць, актыўных людзей нашай Беларусі і нашага рэгіёна.
Таму я бясконца ўдзячная Аляксандру Барысавічу за тое, што ён рабіў газету, любіў газету, верыў у людзей і верыць, я спадзяюся, дагэтуль. І я зычу яму ў яго дзень народзінаў моцы, вытрымкі, здароўя, аптымізму, нягледзячы ні на што. Бо што б не адбывалася — гэта пройдзе. Такія людзі як Аляксандр Барысавіч, яны застануцца ў гісторыі назаўжды. Ужо сёння яны ў яе ўпісаныя і нягледзячы на тое, што зараз не самы лепшы час, людзі праходзяць страшныя выпрабаванні, вельмі складаныя, гэты ўсё скончыцца.
— Аляксандр Барысавіч прыняў мяне на працу, калі мне было 20 гадоў, а майму сыну – адзін. Ён паверыў у мяне, і гэта адна з самых шчаслівых падзей у маім жыцці. Можа падавацца ўдачай, калі першае сур’ёзнае месца працы ўзначальвае чалавек, які з’яўляецца ўзорам годнасці, прыстойнасці і прынцыповасці. Толькі з досведам разумееш, што ў жыцці так складваецца зусім не абавязкова. Таму яшчэ больш захапляешся, як, нягледзячы на ўсе складанасці, у яго атрымалася стварыць камфортную атмасферу ўнутры калектыву, і разам з тым рэдакцыя з году ў год непахісна трымалася каштоўнасцяў, укладзеных стваральнікамі.
У 1995 годзе годзе ён прыдумаў аб’яднаць рэгіён Павілля, адміністрацыйна падзелены паміж двума абласцямі, але маючы гістарычныя і культурныя сувязі, у адну інфармацыйную прастору – «Рэгіянальную газету». Ад самага старту выданне заўсёды было цалкам беларускамоўным – ад краязнаўчых артыкулаў да аб’яў пра продаж лецішча. Аляксандр Барысавіч заўсёды ставіць місію вышэй за выгаду.
Манцэвіч стварыў выданне, якое гадамі было ўзорам якаснай журналістыкі. Сотні чытачоў з года ў год дзякавалі «Рэгіянальнай газеце» за аб’ектыўнасць.
Цяпер Аляксандр Барысавіч за сваё сумленне зняволены пяты месяц, сустракае сваё 65-годдзе ў следчым ізалятары. Кожны з нас, хто меў шчасце пазнаёміцца з ім, ведае, што гэта асоба выключнай дабрыні і моцы, бясконцай любові да радзімы і смеласці. Кожны дзень, які ён не можа правесці свабодна – гэта страта для беларушчыны.
Я вельмі спадзяюся, што ён як мага хутчэй зможа абняць сваю сям’ю і вярнуцца ў сваю Вілейку, бо аддзяляць сумленнага чалавека ад таго, што поўніць сэрца пяшчотай – ужо злачынства. А ўсім нам жадаю павучыцца ў Аляксандра Барысавіча злучаць у сэрцы любоў і моц.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт