Тэхнікі пашыранага пошуку ў інтэрнэце
У 2021 годзе Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў GIJN ладзіла два вэбінары з Полам Майерсам, вядучым міжнародным экспертам у анлайн-расследаваннях. Майерс, які працуе на BBC і з’яўляецца папулярным дакладчыкам на канферэнцыях GIJN, падзяліўся сваімі парадамі пра лепшыя інструменты і стратэгіі для пошуку інфармацыі пра людзей у інтэрнэце. Пачытайце.
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь
Згадванне прадуктаў і паслуг не з’яўляецца іх рэкламай; іншыя прадукты і паслугі таксама даступныя на рынку.
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.
Сцісла
- Пошук людзей
- Вандроўка ў часе
- Пошук па выявах
- Вызначэнне патрэбнага чалавека
Пошук людзей
Як шукаць у Google больш эфектыўна
Удакладніце пошук, узяўшы фразы ў двукоссі, або выкарыстоўваючы знак мінус перад тэрмінам, які вядзе да непажаданых вынікаў.
- Напрыклад, шукайце «Michael Jordan» з двукоссямі «» замест Michael Jordan без двукоссяў. Калі вы не выкарыстоўваеце двукоссі, Google знойдзе любыя старонкі, на якіх будуць словы Jordan і Michael.
Выкарыстоўвайце знак мінус (злучок) непасрэдна перад любымі словамі або фразамі, якія вы хочаце выдаліць з пошуку.
- Напрыклад, каб шукаць старонкі, дзе згадваецца слова «Трыпалі», але не слова «Лівія», шукайце «Tripoli -Libya». Звярніце ўвагу, што гэта выдаліць толькі старонкі, якія маюць слова «Лівія», а не старонкі пра Трыпалі ў Лівіі. Калі вы хочаце знайсці старонкі пра Трыпалі ў Грэцыі ці Ліване, найбольш эфектыўна дадаць ключавыя словы, звязаныя з гэтымі гарадамі. Вы можаце паспрабаваць пашукаць «Tripoli Greece -Libya».
Вы можаце дадаць гібкасці і пры гэтым не сапсаваць пошук, дадаўшы паміж варыянтамі «OR» вялікімі літарамі.
- Напрыклад, каб знайсці старонкі пра бальніцы, якія пацярпелі ад бомбаў ва Украіне, паспрабуйце шукаць розныя гарады: «бомба шпіталь Украіна OR Краматорск OR Марыупаль OR Данецк OR Харкаў». Калі вы прапусціце OR (з вялікай літары), Google будзе шукаць старонкі, на якіх ёсць усе словы, — такіх можа быць не так шмат.
Вы можаце сфакусаваць пошук да пошуку толькі на пэўным дамене, дадаўшы прэфікс site: без прабелаў.
- Напрыклад, каб знайсці ўсе згадкі пра Covid-19 на вэб-сайтах урада Кітая, шукайце: Covid OR 新冠肺炎 site:gov.cn.
Пошук па фразе ext:pdf шукае выключна pdf-файлы. Калі вы ведаеце нейкую фразу з дакумента, пастаўце яе ў двукоссі, увядзіце яе ў Google — магчыма вы знойдзеце адразу некалькі крыніц для таго ж дакумента.
- Напрыклад, каб знайсці на вайсковых вэб-сайтах ЗША pdf-дакументы, у якіх згадваецца Bagram, шукайце «Bagram ext:pdf site:mil».
Вандроўка ў часе
Вам можа спатрэбіцца інфармацыя, якая была выдалена з інтэрнэту, напрыклад, выдалены твіт, вэб-сайт або акаўнт у Facebook. Ёсць шэраг інструментаў, якія могуць дапамагчы вярнуць інфармацыю.
Кэшы пошукавых сістэм
- Калі інфармацыя была выдалена нядаўна, але вэб-сайт усё яшчэ з’яўляецца ў пошуку Google, паспрабуйце націснуць на тры маленькія чорныя кропкі побач з яе запісам у выніках пошуку. Гэта можа даць вам доступ да захаванай копіі ў кэшы пошукавай сістэмы.
Ілюстрацыя: Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў
Ілюстрацыя: Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў
Ілюстрацыя: Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў
Пошук па дыяпазону датаў
- Бывае, што асабістая інфармацыя можа згубіцца, схавацца з-за патоку інфармацыі пра нейкую рэзанасную навіну, што выдае Google. Каб вярнуцца ў перыяд — да таго, як выйшла рэзанансная навіна, – націсніце «Інструменты» і абярыце дыяпазон дат з выпадальнага меню:
Ілюстрацыя: Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў
Aрхівы
Пошук па выявах
Калі вы вызначыце, дзе менавіта ўпершыню з’явілася выява ў інтэрнэце, то магчыма гэта дазволіць вам ідэнтыфікаваць чалавека на ёй.
Зваротны пошук выяў Google можна знайсці, націснуўшы на значок камеры ў полі пошуку Google Image.
Ілюстрацыя: Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў
Інструмент пад назвай Google Lens шукае выявы, падобныя на запампаваныя вамі.
Ілюстрацыя: Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў
Калі нічога не выглядае прыдатным, націсніце «Find image source» («Знайсці крыніцу выявы»). Гэты інструмент будзе шукаць дакладна такую ж выяву на вэб-сайтах, якія індэксуюцца Google. Вы можаце выкарыстоўваць гэта таксама для лагатыпаў, фотаздымкаў месцаў і людзей.
Ілюстрацыя: Глабальная сетка журналістаў-расследавальнікаў
Вызначэнне патрэбнага чалавека
Паколькі шмат якія імёны вельмі распаўсюджаныя, альбо могуць быць у няпоўнай форме, то лепш сабраць як мага больш інфармацыі пра чалавека, якога вы шукаеце. Падумайце пра наступныя моманты:
- Імя: напісанне, абрэвіятуры, транслітэрацыя з іншых алфавітаў, чалавек можа выкарыстоўваць прозвішча іншых бацькоў, прозвішча пасля шлюбу, унікальнае імя карыстальніка.
- Стасункі: члены сям’і ў спісах сяброў, адзін і той жа сябар у розных сетках.
- Праца: месца працы, кампанія, ранейшая праца.
- Звязаныя месцы: дзе нарадзіўся, дзе працуе.
- Email-скрыня: на вэб-сайтах можна знайсці працоўныя адрасы электроннай пошты, якія адпавядаюць фармату.
- Як чалавек выглядае, якія ініцыятывы падтрымлівае, а таксама падумайце пра яго ці яе інтарэсы і хобі.
Інструменты для пошуку людзей
Некаторыя інтэрнэт-рэсурсы збіраюць асабістыя дадзеныя, забяспечваюць пошук па іх.
- Skopenow, Spokeo, Pipl і іншыя — з’яўляюцца спецыялізаванымі сайтамі для пошуку людзей. Тут можна знайсці шмат асабістай інфармацыі пра аб’ект вашага расследавання. Людзей можна шукаць па нумары тэлефона, па электроннай пошце і па іншых параметрах. Spokeo — аналагічны рэсурс, арыентаваны на грамадзян ЗША.
Пошук у сацыяльных сетках
- Людзі маюць розныя сацыяльныя сеткі, якія адлюстроўваюць розныя аспекты жыцця. У кожнай сацсеткі будуць розныя падпісчыкі.
- Вы можаце шукаць у сацыяльных сетках праз Google, выкарыстоўваючы «site:», напрыклад site:facebook.com, аднак звычайна лепш пачынаць з унутраных вокнаў пошуку на сайтах сацыяльных сетак, паколькі яны маюць прамое падключэнне да ўласнай базы дадзеных і могуць прапаноўваць больш актуальныя вынікі.
- Вы можаце шукаць на YouTube праз Google, упісваючы site:youtube.com, альбо шукаць ва ўкладцы відэа.
Пошук у Twitter
Twitter мае карысную гнуткую пашыраную форму пошуку. Таксама даступныя іншыя рэсурсы, напрыклад, Followerwonk параўноўвае падпісчыкаў двух-трох акаўнтаў.
Пошук у Facebook
- Групы і старонкі маюць уласны ўбудаваны пошук, які дапаможа знайсці вам пэўны пост.
- Укладка «Людзі» Facebook — адна з самых карысных функцый. Нават не трэба шукаць па імені, проста ўвядзіце некалькі дэталяў пра чалавека, якога вы шукаеце. Напрыклад, вы можаце проста шукаць нейкую прафесію, кампанію, нейкі горад ці ўніверсітэт. У левай частцы старонкі ёсць фільтры, якія дазваляюць удакладніць ваш пошук.
- Укладка «Публікацыі» дазваляе пошук па ключавых славах ў пастах у Facebook. Фільтры дазваляюць пазначаць крыніцу, дату і шукаць у суполках сацсеткі.
- Калі думаеце, што нехта адрэдагаваў свой пост пасля публікацыі, націсніце на тры маленькія кропкі ўверсе справа, паглядзіце «Гісторыю рэдагавання», і вы пабачыце папярэднія версіі паста.
Пошук у Instagram, Telegram і TikTok
- Магчыма, вам будзе лягчэй шукаць у Instagram ці Tiktok праз Google такім чынам: site:tiktok.com.
- Версія Telegram для камп’ютара дазваляе шукаць каналы ўнутры каналаў. Таксама можна пашукаць спасылкі на кантэнт Telegram у іншых сацыяльных сетках. Каб зрабіць гэта, проста дадайце «t.me» у ваш пошук.
Copyright (c) Paul Myers 2021. Для атрымання дадатковай інфармацыі сачыце за Полам Майерсам у Twitter @paulmyersbbc.
Пол Майерс з’яўляецца вядучым кансультантам ініцыятывы BBC Investigation Support. Ён амаль 20 гадоў працаваў на вастрыі інтэрнэт-расследаванняў і навучаў калег-журналістаў з пачатку стагоддзя. Па-за працай на BBC Майерс дапамагаў у расследаваннях ПРААН, Сусветнаму банку, Guardian, CNN і многім іншым. Ён вядзе сайт researchclinic.net.
Арыгінал матэрыялу на англійскай мове: Online Advanced Search Techniques
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.
14 чэрвеня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі.
Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняТэхнікі пашыранага пошуку ў інтэрнэце