Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Еўракамісія заклікае Google і іншыя буйныя тэхналагічныя кампаніі дапамачы незалежным беларускім медыя, прасоўвая іх кантэнт. Пра гэта сёння піша The Financial Times.
«Барацьба з дэзінфармацыяй і падтрымка свабоды СМІ — два бакі аднаго медаля, і мы хочам, каб буйныя тэхналагічныя кампаніі займаліся імі абедзвюма. Што азначае забеспячэнне бачнасці ў Інтэрнэце дакладнай інфармацыі, а не прапаганды Мінска або Крамля», — заявіла еўракамісарка Вера Юрава.
Паводле FT, Вера Юрава ў снежні 2023 года выказвала занепакоенасць з нагоды сітуацыі з беларускімі медыя Кенту Уокеру, прэзідэнту Google па глабальных пытаннях. Таксама абмяркоўвала аналагічныя пытанні з топ-мэнеджарам кампаніі Сундарам Пічаі.
Беларускія журналісты, якія працуюць за мяжой, звярнулі ўвагу Еўракамісіі на тое, што іх публікацыі не дасягаюць мэтавай аўдыторыі з-за пошукавых алгарытмаў Google, Meta і іншых кампаній, і ў выніку алгарытмы прасоўваюць прапаганду. Таксама праблемай застаецца адсутнасць лакалізацыі Google News для Беларусі і адсутнасць падтрымкі беларускай мовы.
Еўрачыноўнікі прызнаюць, што ў ЕС няма «падстаў штрафаваць ці ўзбуджаць судовыя справы супраць тэхналагічных кампаній за тое, што яны не дапамагаюць журналістам-дысідэнтам і пісьменнікам з Беларусі ці іншых краін, якія не ўваходзяць у ЕС, у іх барацьбе з аўтарытарнымі рэжымамі».
У адказ на запыт FT у Google заявілі, што прыкладаюць усе намаганні, каб ствараць прадукты і забяспечваць захаванне сваёй палітыкі такім чынам, каб не прымаць да ўвагі палітычныя погляды. А на вынікі пошукавай выдачы ўплываюць сотні фактараў. У Meta не адказалі на запыт аб каментары.
«Выпадак з Беларуссю, верагодна, не ўнікальны, але ён адзін з першых, калі заходнія тэхналагічныя кампаніі, такія як Google і Meta, сталі інструментамі таталітарнага і аўтарытарнага рэжыму для ціску на грамадзянскую супольнасць замест таго, каб спрыяць прасоўванню незалежных СМІ», — працытавала FT Наталлю Белікаву з Прэс-клуба Беларусь.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт