Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Аўтар: Юлія Бальцэвіч, “Наша Ніва”
Першае, што адчуваеш, трапляючы ў варшаўскі будынак рэдакцыі “Выборчай” – захапленне і лёгкую зайздрасць. Мора святла і паветра; сталоўка, дзе кормяць на ўзроўні мінскага “Лідо”, але ўдвая танней; удосталь асабістай прасторы для кожнага супрацоўніка; і галоўнае – унутраная галерэя, куды так прыемна выйсці на хвілінку-другую пасярод працоўнага дня, каб дыхнуць свежым паветрам і прачысціць думкі…
Захапленне ўзмацняецца, калі бачыш, як пабудаваныя ўзаемаадносіны ў калектыве. Абсалютна ўсе, ад намеснікаў галоўнага рэдактара (кажуць, што і сам Адам Міхнік, але з ім мне пазнаёміцца, на жаль, не давялося) і мэтраў да пачаткоўцаў і стажораў звяртаюцца адно да аднаго на “ты”. Аднак пры гэтым пануе атмасфера павагі, узаемападтрымкі і прафесіяналізму, якая дзіўным чынам адначасова і расслабляе, і танізуе.
Будучы вэб-рэдактарам сайта газеты “Наша Ніва”, у першую чаргу я хацела пазнаёміцца менавіта з працай сэрвісу Wyborcza.pl. Але, як вельмі хутка зразумела, разглядаць яго ў адрыве ад усяго вялізнага арганізму, якім ёсць “Газета Выборча”, нерацыянальна і нават немагчыма.
Як немагчыма і нерацыянальна параўноўваць працу гэтых дзвюх выданняў – НН і GW – у цэлым. Бо яны розняцца ўсім – маштабам, памерам і ахопам аўдыторыі, колькасцю супрацоўнікаў, фінансавымі магчымасцямі… І ў першую чаргу гэта, зразумела, залежыць ад умоў, у якіх ім даводзіцца функцыянаваць. Хоць цяпер “Выборча” таксама апынулася ў свайго роду апазіцыі да дзейнага ўрада краіны, але рэаліяў “папярэджанняў ад Мінінфарма” ім, на шчасце, не знаёмыя, і рэкламадаўцы ўсё так жа ахвотна размяшчаюць рэкламу на яе старонках, не баючыся, “як бы чаго не выйшла”… Але гэта лірыка, а цяпер крыху практыкі.
Падчас стажыроўкі мне ўдалося паназіраць не толькі за працай аддзела анлайн-выдання, але таксама паўдзельнічаць у рэдакцыйных калегіумах (планёрках, якія, дарэчы адбываюцца двойчы на дзень), пазнаёміцца з працай аддзелаў відэа, сацыяльных сетак, міжнароднага аддзела і варшаўскага дадатку да “Выборчай” – Gazety Stołecznej.
Практычна ўсе супрацоўнікі рэдакцыі, з якімі мне давялося пакамунікаваць, былі вельмі адкрытыя і добразычлівыя, ахвотна распавядалі пра асаблівасці сваёй сферы дзейнасці і падрабязна адказвалі на мае пытанні. Самым карысным досведам, несумненна, былі размовы з шэф-рэдактарам выдання Раманам Імельскім. Акрамя таго, што гэта Прафесіянал з вялікай літары, ён да таго ж вельмі прыязна ставіцца да Беларусі і добра арыентуецца ў яе рэаліях – як палітычных, так сацыяльных і медыйных. Дзякуючы гэтаму пан Імельскі мог з веданнем справы параўноўваць умовы існавання СМІ ў абедзвюх краінах і даваць карысныя парады датычна далейшай стратэгіі развіцця нашага рэсурсу.
Таксама пад кіраўніцтвам пана Імельскага я паспрабавала напісаць артыкул для Wyborcza.pl на беларускую тэматыку. На прыкладзе майго тэксту ён паказаў, якія патрабаванні да артыкулаў выстаўляюцца ў “Выборчай”. Хоць я не “пішучы” журналіст, а вэб-рэдактар, ды і польскай мовай валодаю недасканала, вынік у цэлым ён пахваліў, але публікаваць яго мы ўсё ж не сталі.
Змястоўнай была камунікацыя з кіраўнічкай аддзела сацыяльных сетак Ганнай-Марыяй Сівіньскай. Мадэрацыя каментароў – галаўны боль многіх беларускіх медыя, таму было цікава даведацца, як вырашае гэтую праблему такі вялікі партал, як Wyborcza.pl.
Выявілася, што прэмадэрацыі ў іх не існуе (і тут я зноў пазайздросціла), і такім чынам рэдакцыя пазбаўляецца адказнасці за змест каментароў. Бо калі мадэратар не бачыў і прапусціў, напрыклад, абразлівы каментар – гэта адно, а калі бачыў і прапусціў – з пункту гледжання заканадаўства ўжо зусім іншае
Стратэгія актыўнасці выдання ў сацсетках была яшчэ адной тэмай, якую мы доўга абмяркоўвалі.
Адзін з галоўных прынцыпаў – у кожнай новай сацсетцы абазначыць сваю прысутнасць, бо ніколі не вядома, што стане модным заўтра.
Напрыклад, апошнім часам у Польшчы шалёную папулярнасць набыў Snapchat, і на сённяшні дзень яго “засваенне” – адна з галоўных задач аддзела.
Цікавымі ідэямі падзялілася Іаанна Парчыньска, намесніца кіраўніка відэааддзела. Відэа на сайце – адзін з галоўных кірункаў развіцця як “Выборчай”, так і “Нашай Нівы”, таму многія яе парады могуць аказацца карыснымі і ў дзейнасці нашага выдання.
Наогул, галоўнае, чым мне заімпанавала кіраўніцтва газеты – гэта ўменнем вызначыць прыярытэты і правільна расставіць сілы. У “Выборчай” зрабілі стаўку на аналітыку – і не прагадалі. “Да нас людзі прыходзяць не за тым, каб даведацца, што нешта адбылося, а за тым, каб даведацца болей пра тое, што адбылося”, – сказаў мне Раман Імельскі. У эпоху інтэрнэт-СМІ і сацсетак, калі любая падзея становіцца вядомай імгненна, задача “даць навіну першымі” сапраўды падаецца другараднай. Затое стратэгія “сабраць як мага больш падрабязнасцяў і прапанаваць чытачу грунтоўны, якасны матэрыял з аналізам падзей” апраўдвае сябе на ўсе сто. Прынамсі, у “Выборчай” яна працуе выдатна.
На заканчэнне скажу, што ўдзел у стажыроўцы стаў для мяне вельмі цікавым, натхняльным і карысным досведам. Сцены рэдакцыі за тыдзень паспелі стаць мне амаль роднымі, а да яе цудоўных супрацоўнікаў хочацца завітаць у госці яшчэ не раз. І электронны пропуск з лагатыпам “Выборчай” і сваім прозвішчам я захавала на памяць – з таемнай надзеяй, што калі-небудзь ён мне яшчэ спатрэбіцца…
5 ідэй «Выборчай», якія можа прымяніць “НН”:
1. Стаўка на аналітыку. Агрэгацыя навін – учарашні дзень паводле меркавання рэдактараў GW; чытач патрабуе якасных, грунтоўных матэрыялаў з аналізам падзей.
2. Ангажаванне ў сацыяльныя праекты. Rodzić po ludsku, Polska biega – гэтыя акцыі прынеслі “Выборчай” масу новых прыхільнікаў і спрыялі замацаванню пазітыўных асацыяцый з брэндам.
3. Увядзенне абавязковай рэгістрацыі каментатараў на сайце. Гэта нашмат спросціць мадэрацыю каментароў і палегчыць барацьбу з “тролямі”.
4. Рух у бок размежавання абавязкаў. У ідэале мадэраваць каментары, вычытваць тэксты, посціць у сацсеткі павінны тры розныя чалавекі, а не адзін. Шматзадачнасць у дадзенай сферы не спрыяе паляпшэнню якасці працы.
5. Пашырэнне прысутнасці ў сацсетках у адпаведнасці з прынцыпамі “Выборчай”. Але пры гэтым трэба памятаць, што актыўнасць у іх нічога не вартая, калі яна не дае пераходаў на старонку выдання.
PS Аўтар выказвае шчырую падзяку арганізатарам стажыроўкі.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт