Інклюзія, недыскрымінацыя ўразлівых груп. Па якіх тэмах медыя могуць звяртацца ў «ІншыЯ»

Мы запыталіся ў Марыны Штрахавай, сузаснавальніцы і менеджаркі праектаў, пра тое, што сёння робіць моладзевая арганізацыя «ІншыЯ». Прэс-клуб працягвае серыю публікацый, з якой вы даведаецеся, чым беларускія НДА могуць быць карыснымі для падрыхтоўкі медыякантэнта.

Інклюзія, недыскрымінацыя ўразлівых груп. Па якіх тэмах медыя могуць звяртацца ў «ІншыЯ»
Ілюстрацыя: ІншыЯ

Хто такія «ІншыЯ»

«ІншыЯ» – гэта новая беларуская моладзевая арганізацыя, якая з’явілася ў сакавіку 2022 года. Каманда доўгі час працавала ў межах вядомага праекту «Цэнтр Жывая Бібліятэка» (ліквідаваны ў 2021 годзе, а цалкам закрыўся ў 2022-м). Такім чынам, у каманды ёсць пэўныя экспертыза і досвед.

Як і з кім кантактаваць

Звяртацца за аператыўнымі каментарамі ў «ІншыЯ» можна:

Каментары для медыя могуць даць Зміцер Радзіеўскі (сузаснавальнік, дырэктар, менеджар праектаў) ці Марына Штрахава (сузаснавальніца і менеджарка праектаў).

Зміцер Радзіеўскі і Марына Штрахава. Фота: ІншыЯ

Мінімум раз на дзень каманда правярае ўсе каналы камунікацыі. Але аператыўнасць залежыць ад нагрузкі экспертаў і экспертак. Калі каментар кароткі і тэма гарачая, адказ можна атрымаць хутка. Для падрыхтоўкі разгорнутых каментароў ці экспертызы можа спатрэбіцца некалькі дзён.

Што робяць «ІншыЯ»

Глабальная мэта каманды «ІншыЯ» – каб беларускае грамадства было больш інклюзіўнае і талерантнае. Розныя ўразлівыя групы, людзі, якія чым-небудзь адрозніваюцца адно ад аднаго, адчувалі б сябе камфортна ў грамадстве, не баяліся, што іх дыскрымінуюць, і маглі свабодна сябе праяўляць.

Каманда працуе, улічваючы так званую тэорыю малых спраў: калі нейкія канкрэтныя дзеянні пакрыху ўплываюць на доўгатэрміновы працэс зменаў. Вельмі важная сістэмнасць працы і бачнасць разнастайнасці людзей.

Грамадства не ўлічвае ўразлівых груп ці не звяртае ўвагу на іх патрэбы і інтарэсы, бо яны могуць быць нябачнымі ў публічнай прасторы, і, ў прыватнасці,  не заўсёды бачнымі ў медыя. Калі медыя не паказваюць гісторыі людзей з рознымі асаблівасцямі, ідэнтычнасцямі ці захворваннямі, то ў аўдыторыі можа скласціся ўражанне, што такіх людзей не існуе. А праз тое, што людзі не ведаюць пра нейкія ўразлівыя групы, яны не падтрымліваюць іх. У выніку ўразлівыя групы застаюцца ўразлівымі, ці трапляюць у яшчэ горшы стан.

З чым і як працуюць «ІншыЯ»

«ІншыЯ» тлумачаць, што такое інклюзія, разнастайнасць, недыскрымінацыя. А яшчэ – якія першыя крокі можа зрабіць кожны і кожная, каб грамадства станавілася больш інклюзіўным.

Інклюзіўнасць і даступнасць прастораў і івэнтаў

У пачатку 2023 года «ІншыЯ» выпусцілі рэкамендацыі, як рабіць падзеі больш інклюзіўнымі для самых розных груп.

Часта інклюзія ўспрымаецца толькі як праца з людзьмі з інваліднасцю, але каманда кажа пра інклюзію ў самым шырокім сэнсе: ВІЧ-пазітыўныя людзі, ЛГБТК+, людзі з аўтызмам, людзі з рознымі захворваннямі, з рознай  ідэнтычнасцю, небінарныя людзі і іншыя.

Падтрымка НДА, медыя ці бізнеса

«ІншыЯ» прапануюць падтрымку супрацоўніцам і супрацоўнікам НДА, медыя ці бізнесу. Гэты кірунак працуе дзеля таго, каб мінімізаваць выгаранне, каб развіваць арганізацыйны патэнцыял, каб уключаць інклюзіўны падыход у сваю штодзённую практыку. Па запыце ад НДА, медыя ці бізнэса можна падабраць фармат супрацы ў такім кірунку.

Тыдзень нулявой дыскрымінацыі

Zero Discrimination Week ці Тыдзень нулявой дыскрымінацыі – ужо традыцыйная падзея: 1 сакавіка адзначаецца Сусветны дзень нулявой дыскрымінацыі. Каманда ў гэты час чакае запыты ад рэдакцый па тэмах інклюзіі і дыскрымінацыі.

Фота: ІншыЯ

Па якіх пытаннях могуць звяртацца журналісты:

  • каментар адносна інклюзіўнасці той ці іншай падзеі, працэса;
  • каментары адносна выказванняў, здарэнняў, якія тычацца тэмаў і могуць быць ацэненыя як (не)дыскрымінацыйныя, як яны ўплываюць на стан уразлівых груп тут і цяпер ці ў будучым;
  • пошук герояў і гераінь (ў іншых ініцыятывах ці па ўласнай базе);
  • перадрук эксклюзіўных артыкулаў і інтэрв’ю.

Каманда будзе ўдзячна, калі медыя будуць перадрукоўваць іх матэрыялы, каб як мага больш людзей даведаліся пра тыя ці іншыя ўразлівыя групы і інклюзію.

— Мы да гэтага адкрыты і гатовы, – кажа Марына Штрахава. – Адзінае, што мы просім, каб на нас была спасылка і каб нам паведамлялі пра перадрук. Нам важна разумець, ці цікава для рэдакцый тое, што мы робім. Мы з радасцю гатовы дзяліцца і аддаваць на больш шырокую аўдыторыю нашыя матэрыялы.

Артыкулы перакладаюцца на беларускую і рускую мовы.

Што ёсць на сайце theothersby.org:

  • На сайце – эксклюзіўныя артыкулы, парады, база практык, афіша мерапрыемств, а таксама каманда падсвечвае профільныя даследаванні.
  • База інклюзіўных практык – тут можна даведацца аб тым, што адбываецца ў сферы інклюзіі ў шырокім разуменні. Базай можна карыстацца як крыніцай інфармацыі: там пазначаны ўсе неабходныя кантакты.
  • Штомесячная рассылка «Што новага? Дайджэст пра скразныя каштоўнасці» збірае розныя навіны і нагоды пра тое, што адбываецца ў сферы правоў чалавека, гендарнай роўнасці, інклюзіі і экапрыязнасці. Калі ў рэдакцыі няма часу сачыць за тым, што адбывалася ў гэтых сферах, вельмі зручна выкарыстоўваць рассылку як дадатковую крыніцу інфармацыі па тэме.

Сэрвісы, якія рэкамендуюць «ІншыЯ»:

Падзяліцца:

Падрыхтавана Прэс-клубам Беларусь

21 чэрвеня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняІнклюзія, недыскрымінацыя ўразлівых груп. Па якіх тэмах медыя могуць звяртацца ў «ІншыЯ»

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць