Спадарожнікавыя здымкі і дадзеныя: дзе шукаць і як карыстацца

Гэты абноўлены дапаможнік GIJN напісалі і распрацавалі: Раян Макніл, намеснік кіраўніка аддзела па журналістыцы дадзеных у Reuters; Дэбара Нэльсан, выкладчыца журналістыкі расследаванняў у Каледжы журналістыкі Філіпа Мерыла ва Ўніверсітэце штата Мэрыленд; Тобі Макінтош, незалежны журналіст і былы дырэктар Рэсурснага цэнтра GIJN.

Спадарожнікавыя здымкі і дадзеныя: дзе шукаць і як карыстацца
Ілюстрацыя: Прэс-клуб Беларусь
Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

Спадарожнікі з’яўляюцца магутным інструментам расследаванняў. Журналісты здабываюць спадарожнікавыя здымкі і дадзеныя дыстанцыйнага зандзіравання, каб раскрываць усё большы спектр праблем: знікненне дрэваў і лясныя пажары, рызыка пандэміі і змяненне клімату, рабства і масавае зняволенне.

Пасля публікацыі папярэдняй версіі гэтага дапаможніка дзяржавы і прыватныя кампаніі паспелі запусціць або запланавалі запускі новых спадарожнікаў. Цяпер журналісты ўсё часцей выкарыстоўваюць дадзеныя, якія былі атрыманыя з дапамогай радыёлакатара з сінтэзаванай апертурай (SAR). Такі радар выкарыстоўвае ўсталяваную на спадарожніку антэну для адбівання мікрахвалёвых сігналаў ад паверхні Зямлі і можа прабіваць воблачнасць.

Спадарожнікі дапамагалі рэпарцёрам выяўляць забруджванне атмасферы метанам, дакументаваць разлівы нафты, вызначаць месцазнаходжанне масавых пахаванняў і паказваць праўдзівую інфармацыю пра вайну.

У гэтым кароткім дапаможніку немагчыма падрабязна апісаць усе тэхналогіі або спосабы выкарыстання спадарожнікавых дадзеных. Але тут вы знойдзеце інфармацыю, з чаго можна пачаць, як аналізаваць і прадстаўляць спадарожнікавыя здымкі і дадзеныя, а таксама дзе можна атрымаць экспертную дапамогу.

Структура гэтага матэрыяла такая:

  • Для натхнення: кейсы з усяго свету
  • Дзе атрымаць доступ да спадарожнікавых здымкаў
  • Праграмнае забеспячэнне
  • Дапаможнікі, інструкцыі і парады

Для натхнення: кейсы з усяго свету

Вось прыклады апошніх расследаванняў, дзе выкарыстоўваліся спадарожнікавыя дадзеныя: ад серыі артыкулаў пра таемныя лагеры зняволеных у Кітаі, што атрымала Пулітцэраўскую прэмію, – і да гісторыі пра пажары ў Амазоніі, якія былі распаленыя людзьмі:

Дзе атрымаць доступ да спадарожнікавых здымкаў

Высакаякасныя выявы і дадзеныя даступныя з многіх крыніц. Мы пачнем з некаторых карысных падборак з нашымі каментарамі для журналістаў, а затым пяройдзем да нашага ўласнага спісу рэсурсаў і парадаў для навігацыі па іх.

Падборкі

Архівы картаграфічных рэсурсаў: набор інструментаў журналіста – вялікі спіс рэсурсаў, звязаных з мапамі, ад Саюза журналістаў ЗША.

Набор анлайн-інструментаў для расследаванняў ад Bellingcat – электронная табліца са спасылкамі на больш чым 70 рэсурсаў для атрымання картаграфічнай, спадарожнікавай інфармацыі, інфармацыі аб месцазнаходжанні і прагляду вуліц.

15 бясплатных рэсурсаў са спадарожнікавай інфармацыяй, каментарамі аб іх недахопах і перавагах і 13 пакетаў праграмнага забеспячэння дыстанцыйнага зандзіравання з адкрытым зыходным кодам ад сайта GISGeography.

Toп 10 бясплатных рэсурсаў са спадарожнікавымі дадзенымі ад камерцыйнага агрэгатара спадарожнікавых дадзеных SkyWatch – матэрыял змяшчае кароткія апісанні, плюсы і мінусы вядучых бясплатных пастаўшчыкоў спадарожнікавых дадзеных.

Бясплатныя спадарожнікавыя здымкі: пастаўшчыкі і крыніцы дадзеных для любых патрэб – падрабязны агляд-параўнанне вядучых рэсурсаў са здымкамі ад EOS Data Analytics, камерцыйнай спадарожнікавай кампаніі, арыентаванай на сельскую гаспадарку. Выдатны даведнік аб тым, які бясплатны пастаўшчык лепш за ўсё адпавядае вашым навыкам і патрэбам, а таксама рэклама уласных бясплатных сервісаў.

Вядучыя пастаўшчыкі дадзеных 

Google, Bing, Yandex ды іншыя

Пачынаць разбірацца са спадарожнікавымі здымкамі лепш з кампаній, галоўны прадукт якіх – мапы: Google, Bing, Yandex і іншыя. Гэта магутны дадатак да набору інструментаў журналіста і выключны спосаб для азнаямлення з мясцовасцю, асабліва ў спалучэнні з прыладамі для фотаздымак вуліц. Гэтыя інструменты з’яўляюцца галоўнымі для журналістаў, якія геалакуюць фота ці відэа.

Нягледзячы на тое, што пошукавыя сістэмы выкарыстоўваюць выявы высокай якасці ад камерцыйных пастаўшчыкоў (напрыклад, Maxar або Airbus), гэтыя выявы часта ўжо састарэлыя на некалькі месяцаў ці нават больш. Каб атрымаць больш свежыя здымкі ў высокай якасці, вам трэба працаваць непасрэдна з гэтымі кампаніямі-пастаўшчыкамі (гл. ніжэй).

Заўвага: часам кампаніі цэнзуруюць выявы па розных прычынах. Варта рабіць дадатковыя спасылкі на іншыя крыніцы. І, як паказала BuzzFeed News, такая цэнзура можа падкінуць добрую тэму для матэрыяла.

У спісе пастаўшчыкоў дадзеных у лідарах – некаторыя прадукты Google.

Google Earth Pro на дэсктопе з’яўляецца найважнейшым рэсурсам. Вы можаце цыклічна праглядаць выявы па храналогіі, часта ў высокай якасці. Вы таксама можаце імпартаваць новыя дадзеныя для параўнання з архіўнымі выявамі. Інструмент лінейкі дазваляе лёгка вылічыць адлегласць паміж аб’ектамі. Рэсурс таксама ўключае выявы Google Street View там, дзе яны дасяжныя.

Google Maps з’яўляецца карысным дапаможнікам да Google Earth Pro, бо мае вялікі архіў наземных фотаздымкаў з відамі вуліц, якія могуць быць карыснымі ў расследаваннях і ў дадатковай верыфікацыі спадарожнікавых здымкаў.

Google Earth Engine (GEE) мае велізарны архіў спадарожнікавых здымкаў, дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання і навуковых дадзеных, якія можна выкарыстоўваць для выяўлення, вымярэння і параўнання таго, што адбываецца на паверхні Зямлі з цягам часу на глабальным, рэгіянальным або лакальным узроўні. Больш падрабязна пра гэта – у раздзеле праграмнага забеспячэння ніжэй.

Акрамя прадуктаў Google ёсць іншыя важныя крыніцы спадарожнікавых здымкаў, якія прадстаўляюцца як частка прадуктаў мапаў:

Урады

Журналістам трэба ведаць пра дзве праграмы назірання за Зямлёй, якія вядуцца Геалагічнай службай ЗША і Еўрапейскім касмічным агенцтвам – гэта «Landsat» і «Sentinel-2». Гэтыя спадарожнікі не падыходзяць для назірання за дробнымі аб’ектамі, але выдатныя для назірання за больш маштабнымі трансфармацыямі ў рэгіёне.

Серыя спадарожнікаў «Landsat» кружыць вакол Зямлі і робіць здымкі з 1972 года. «Landsat 8» і «Landsat 9» — гэта апошнія ітэрацыі з дазволам 30 м.

Першы з двух спадарожнікаў «Sentinel-2» быў запушчаны ў 2015 годзе, а другі ў 2017 годзе. Гэтыя спадарожнікі маюць 10-мятровы дазвол.

Разам «Landsat» і «Sentinel» даюць вялікі набор здымкаў, які паказвае  рэгіянальныя змены на Зямлі на працягу доўгага перыяду.

Ёсць некалькі сайтаў, дзе можна праглядзець гэтыя выявы.

Напрыклад, Геалагічная служба ЗША вядзе LandsatLook, а здымкі «Sentinel» можна праглядаць у касмічнай экасістэме Еўрапейскага саюза Copernicus.

Іншым карысным сайтам з’яўляецца EO Browser ад «SentinelHub», дзе вы можаце праглядаць выявы «Landsat» і «Sentinel-2». Гэты сайт таксама мае гатовы набор камбінацый палос для кожнай выявы, якія паказваюць здароўе расліннасці, гарадскую мясцовасць, ваду ці снег. «SentinelHub» з’яўляецца прадуктам «Sinergise», прыватнай кампаніі, якую нядаўна набыла арганізацыя «Planet Labs».

EO Browser мае дадзеныя з шэрагу іншых спадарожнікавых праграм. Напрыклад, вы можаце праглядаць выявы «Sentinel-1», які выкарыстоўвае метад SAR, або «Sentinel-5», які вымярае забруджванне паветра. Гэта добры рэсурс, каб азнаёміцца з шырокім спектрам дадзеных, даступных з дзяржаўных крыніц.

NASA

NASA EarthData. Нацыянальнае ўпраўленне ЗША па аэранаўтыцы і даследаванню касмічнай прасторы прапануе шырокую калекцыю спадарожнікавых дадзеных і прадуктаў.

NASA Worldview – гэта інтэрактыўны інструмент, які забяспечвае здымкі ў поўным дазволе амаль у рэальным часе са многіх спадарожнікаў, у тым ліку геастацыянарных, якія сканцэнтраваныя на адной дзялянцы Зямлі падчас яе кручэння, што дазваляе бесперапынна назіраць, напрыклад, за змяненнем надвор’я або распаўсюджваннем лясных пажараў. Гэты сайт таксама дае спасылкі на спецыялізаваныя інструменты картаграфавання і візуалізацыі: FIRMS – для пажараў і EMIT – для метанавых выкідаў; прапаноўвае доступ да больш чым дзясятка цэнтраў апрацоўкі дадзеных NASA і звязаных са спадарожнікавымі прадуктамі дадзеных.

NASA Earth Observations – яшчэ адзін рэсурс з больш чым 50 наборамі дадзеных па атмасферы, сушы, акіяне, энергетыцы, навакольным асяроддзі і іншым. Каб там арыентавацца, агенцтва зрабіла спіс рэсурсаў па наступных тэмах: катастрофы, лясныя пажары і біялагічная разнастайнасць.

Нацыянальнае ўпраўленне акіянічных і атмасферных даследаванняў (NOAA)

Нацыянальная экалагічная інфармацыйная спадарожнікавая служба ўпраўлення акіянічных і атмасферных даследаванняў: тут можна знайсці глабальныя аэрафотаздымкі і дадзеныя з акцэнтам на клімат, надвор’е і навакольнае асяроддзе.

Геалагічная служба ЗША (USGS)

USGS Earth Explorer. У дадатак да згаданага вышэй інтэрфейсу «LandsatLook» Геалагічная служба ЗША таксама прадастаўляе інтэрфейс для розных дадзеных праз «Earth Explorer». Гід ад GISGeography дапаможа зарыентавацца ў Earth Explorer.

Камерцыйныя правайдэры дадзеных

Калі бясплатныя дадзеныя са спадарожнікаў «Landsat» і «Sentinel» выдатна падыходзяць для вывучэння зменаў на вялікай тэрыторыі, то для больш складанага аналізу патрабуюцца здымкі ад камерцыйных пастаўшчыкоў. Менавіта так зрабіла каманда Associated Press, каб адсочваць марскія суды, што перавозілі вылаўленую рабамі рыбу ў Папуа-Новай Гвінеі ў 2015 годзе; і агенцтва Reuters, каб верыфікаваць расказы сведкаў аб нечалавечых умовах у імправізаваных турмах, дзе ўтрымліваліся тысячы этнічных тыграйцаў у Эфіопіі ў 2022 годзе.

На момант напісання гэтага тэкста «Maxar Technologie» і «Airbus» маюць спадарожнікі з самым высокім дазволам: 30 см. Кожны мае рэсурсы, дзе вы можаце пабачыць, якія выявы існуюць, але іх трэба замаўляць у прэс-службы кампаніі або ў аднаго з рэселераў, якія перапрадаюць гэтыя выявы.

Planet Labs мае сузор’е спадарожнікаў з дазволам 3,7 м, якія кожны дзень пакрываюць амаль усю Зямлю. У кампаніі таксама ёсць некалькі спадарожнікаў з дазволам 50 см, якім трэба ставіць спецыяльныя задачы.

Capella Space стварае выявы метадам SAR з высокім дазволам – менш за 50 см.

BlackSky можа задаваць спадарожнікам пэўныя задачы і атрымліваць дадзеныя на працягу 90 хвілін.

Выявы таксама можна набыць у рэселераў:

Некамерцыйныя ўстановы

Centre for Information Resilience  супрацоўнічае са СМІ, каб выкрываць парушэнні правоў чалавека, вайсковыя злачынствы, дэзынфармацыю, абразы і харасмент у інтэрнэце. Спецпраект Eyes on Russia Map адсочвае канфлікт ва Украіне.

Global Fishing Watch дае бясплатны доступ да спадарожнікавых здымкаў, набораў дадзеных і кода, каб адсочваць дзейнасць людзей у акіянах.

Global Forest Watch дае бясплатны доступ да дадзеных і аналізу спадарожнікавых здымкаў для адсочвання знікнення дрэваў і высечкі лясоў, а таксама дазваляе наладжваць індывідуальныя абвесткі для пэўных рэгіёнаў.

Radiant Earth Foundation прадастаўляе інструменты і інструкцыі для доступу да спадарожнікавых, беспілотных і аэрафотаздымкаў з акцэнтам на змяненне клімату і захаванне прыроды.

Resource Watch прадастаўляе бясплатныя і даступныя для спампоўвання наборы дадзеных і інструменты візуалізацыі для адсочвання шырокага спектра праблем, звязаных з рэсурсамі: змяненне клімату, рызыка знікнення вады, забруджванне, беднасць, міграцыя і нестабільнасць дзяржавы. Спонсарам праекту з’яўляецца Інстытут сусветных рэсурсаў (World Resources Institute) і іншыя арганізацыі.

SkyTruth арыентаваная на захаванне прыроды, гатовая кансультаваць  журналістаў-расследавальнікаў. Электронны адрас: media@skytruth.org. SkyTruth вядзе архіў сумесных праектаў з журналістамі.

Праграмнае забеспячэнне

Праграмнае забеспячэнне Геаграфічнай інфармацыйнай сістэмы (GIS) пашырыць вашыя магчымасці па выкарыстоўванню спадарожнікавых здымкаў або дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання. Прыведзеныя ніжэй сэрвісы сістэмы GIS дазваляюць збіраць некалькі слаёў дадзеных з розных крыніц і праводзіць аналіз гэтых слаёў.

Esri – у межах пагаднення з GIJN прадастаўляе арганізацыям-сябрам GIJN бясплатныя ліцэнзіі на праграмнае забеспячэнне ArcGIS для працы з выявамі і для стварэння мапаў. Для атрымання дадатковай інфармацыі звярніцеся да GIJN.

QGIS – праграмнае забеспячэнне з адкрытым зыходным кодам, якое шырока выкарыстоўваецца.

R і Python – мовы праграмавання з шырокім наборам бібліятэк для вектарнага і растравага аналізу.

Google Earth Engine (GEE), згаданы раней, мае петабайты выяў і дадзеных дыстанцыйнага зандзіравання, гатовых да выкарыстання. Вы таксама можаце запампаваць свае ўласныя выявы, а таксама вектарныя файлы. Гэта поўнамаштабны сэрвіс GIS, што дазваляе аналізаваць велізарныя аб’ёмы дадзеных.

Google News Initiative распрацавала зручную для журналістаў серыю падручнікаў па шматлікіх функцыях Google Earth Engine. Напрыклад: як ствараць відэа з пакадравай здымкай, адсочваць змены ў лясных масівах і сачыць за рыбалоўнымі флотамі. Google таксама апублікаваў серыю інструкцый і падручнікаў.

Каб карыстацца Code Editor ад GEE, вам патрэбныя веды JavaScript. Вы таксама можаце ўзаемадзейнічаць з GEE праз R і Python.

Дапаможнікі, інструкцыі і парады

Google Earth Engine: Хуткі дапаможнік для пачаткоўцаў – агляд і пакрокавы падручнік ад GIS Geography.

Інструменты для расследаванняў ад Bellingcat – вялікі набор адкрытых рэсурсаў для расследаванняў, у тым ліку вялікая колькасць рэсурсаў па касмічнай журналістыцы.

Воблачнае дыстанцыйнае зандзіраванне з Google Earth Engine – бясплатны анлайн-падручнік Дэвіда Саа, прафесара экалогіі і дырэктара Лабараторыі геапрасторавага аналізу пры Ўніверсітэце Сан-Францыска. Падручнік распрацаваны, каб перавесці вас ад пачаткоўца да прасунутага карыстальніка.

«Як насамрэч выглядаюць спадарожнікавыя дадзеныя ў рэжыме рэальнага часу» Гэта просты агляд ад камерцыйнай кампаніі па агрэгацыі спадарожнікаў Skywatch: колькі і якія тыпы спадарожнікаў круцяцца вакол Зямлі, і як інфармацыя, якую яны збіраюць, рэтранслюецца і апрацоўваецца.

«Як аналізаваць спадарожнікавыя здымкі» – ілюстраваны дапаможнік па выкарыстанню спадарожнікавых здымкаў ад Медыяінстытута Аль-Джазіра.

«Выкрыццё нябачнага. Набор інструментаў» – дапаможнік па тэхніцы расследавання для журналістаў, даследчыкаў і актывістаў ад Tactical Tech.

Таксама звярніце ўвагу на наступныя матэрыялы:

Рэсурсы па тэмах:

  • Канфлікты

Дапаможнік рэпарцёра па расследаванні вайсковых злачынстваў: Даследаванне адкрытых крыніц, GIJN

Выпаленая зямля: выкарыстанне дадзеных NASA аб пажарах для маніторынгу зон вайсковых дзеянняў, Bellingcat

  • Змянне клімату і навакольнае асяроддзе

Як журналісты, якія асвятляюць праблемы навакольнага асяроддзя, могуць выкарыстоўваць новы спадарожнік NASA Landsat 9, GIJN

Google News Initiative: Экалагічная журналістыка 

Новыя крыніцы для адсочвання выкідаў метану з дапамогай спадарожнікаў, GIJN

Як яны гэта зрабілі: выкрыццё шырокай сеткі незаконнага майнінга ў Венесуэле, GIJN (El País і Armando.info)

Расследаванне знішчэння трапічных лясоў: пошук незаконных узлётна-пасадачных палос з дапамогай машыннага навучання, Pulitzer Center 

  • Правы чалавека 

Парады па выкарыстанні спадарожнікавых здымкаў у крыміналістычных расследаваннях ад доказнай лабараторыі Amnesty International, GIJN

Спадарожнікавыя здымкі для маніторынгу правоў чалавека, The Engine Room

  • Рабства і прымусовая праца 

З вокладкі: Спадарожнікі могуць выявіць глабальныя маштабы прымусовай працы на сусветным рыбалоўным флоце, матэрыялы Нацыянальнай Акадэміі навук 

  • Фактчэкінг

Deepfake Geography: як штучны інтэлект цяпер можа фальсіфікаваць спадарожнікавыя выявы, GIJN

Верыфікацыя здымкаў вайны ва Украіне, The New York Times

Прывід у машыне. Кейс з Чада, чаму не варта слепа давяраць тэхналогіям, Bellingcat

Падзяліцца:

Матэрыял створаны і перакладзены на беларускую мову Глабальнай сеткай журналістаў-расследавальнікаў у партнёрстве з Прэс-клубам Беларусь пры фінансавай падтрымцы Еўрапейскага Звязу.

30 жніўня 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняСпадарожнікавыя здымкі і дадзеныя: дзе шукаць і як карыстацца

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць