Не пра працу 11: Паўлюк Быкоўскі, Зоя Хруцкая, Аляксей Шота

Сённяшні выпуск не пра працу атрымаўся вельмі кніжным, і калі вы шукаеце штосьці цікавае пачытаць – тут знойдзеце шмат карыснага. А калі жадаеце таксама нешта нам расказаць, пішыце на press-club@solidarityby.eu.

Не пра працу 11: Паўлюк Быкоўскі, Зоя Хруцкая, Аляксей Шота

Кратко

  • Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт: вытанчаная кава і мясціны, падобныя на Беларусь
  • Зоя Хруцкая, журналістка і мэнэджарка: «Песня Льду і Агню» і ананасавы тарт
  • Аляксей Шота, галоўны рэдактар Hrodna.life: 20 кніг у год і ніякага Youtube 

Паўлюк Быкоўскі, медыяэксперт: вытанчаная кава і мясціны, падобныя на Беларусь

Фота з асабістага архіва Паўлюка Быкоўскага

– Звычайна я штораніцы хаджу па адным і тым жа маршруце па маленькіх крамках і кавярнях. Лічыцца, што я набываю свежую зеляніну і прадукты, выпечку, але, па праўдзе, я хаджу, дыхаю паветрам, слухаю падкасты – падабаецца «Кніжная шафа». Вітаюся і развітваюся з прадавачкамі і прадаўцамі, размова з якімі звычайна будуецца па формуле «Dla Pana jak zawsze?» («Для пана як заўжды?» – пераклад) ці з перапрошвання: «Przepraszam, gravlax nie mamy» («Прабачце, гравлаксу не маем» – пераклад). П’ю каву. Часам я адмыслова гуляю ў нейкую кавярню на раёнчыку, або сам гатую.

Калі мне трэба проста кафеін, то п’ю эспрэса. Калі пытанне не ў хуткім падбадзёрванні, то маю цэлы рытуал.

Выбар зерня, млынок на пару хвілін, праграваю колбу кемекса кіпнем, раблю неабходнае арыгамі з папяровага фільтра, засыпаю каву, заліваю трохі астужаным кіпнем і струменчык за струменчыкам напой з’яўляецца на свет.

З такой кавай я звычайна чытаю нешта для задавальнення, а часам разбіраю паведамленні, якія назбіраліся за ноч.

Фота з асабістага архіва Паўлюка Быкоўскага

Даволі часта чытаю кнігі і для адпачынку, і для пашырэння ведаў. Часам слухаю аўдыёкнігі, напрыклад, калі катаюся на ровары, або еду ў цягніку. Для задавальнення чытаю навуковую фантастыку, сучасную прозу.

Нядаўна перачытваў перавыданне ««Профессор накрылся!» и прочие фантастические неприятности» Генры Катнера. Апошняе што я прыдбаў – «Чорны Абеліск» Рэмарка і «Записки несостоявшегося «химика»» Аляксандра Дземідовіча.

На kindle ў мяне адначасова чытаюцца «Как переучредить Россию? Очерки заблудившейся революции» Уладзіміра Пастухова і «Внутренняя колонизация. Имперский опыт России» Аляксандра Эткінда.

У значнай ступені тое, што я чытаю, можна зразумець па маім профілі на Goodreads. У нас у Media IQ даводзілася рабіць падборкі кніг «Нечужыя героі: што пачытаць пра паўстанне Каліноўскага»  і «Книги о военной пропаганде и кухне цензоров».

Нечакана з задавальненнем слухаю фанфік «Гарри Поттер и методы рационального мышления», напісаны амерыканскім даследчыкам штучнага інтэлекту і лідарам руху рацыяналістаў Эліезерам Юдкоўскім.

Фільмы і серыялы гляджу не вельмі часта, але нешта магу і прыгадаць з апошняга: на Netflix выйшлі ў 2023 годзе міні-серыялы PainKiller (я на яго спасылаўся ў артыкуле на Media IQ), Bodies, а на Amazon The Wheel of Time .

Дзеля вандровак мне падабаюцца мясціны, падобныя на Беларусь: Нью-Гэмпшыр у ЗША, Літва і Польша. Мне цікава бываць у гістарычных месцах, спрабаваць мясцовую ежу і пітво. Магу гадзінамі хадзіць па брукаванцы (але лепей, каб быў даступны навігатар у тэлефоне і опцыя выклікаць таксі, калі раптам што), чытаць кнігі ў кафейнях Вільні або Рыгі. У аэрапортах шукаю ўтульныя месцы, дзе публіка чамусьці не здагадваецца залажыць птушыны базар і абменьваюся лайфхакамі з такімі ж frequent flyers.

Зоя Хруцкая, журналістка і мэнэджарка: «Песня Льду і Агню» і ананасавы тарт

Фота з асабістага архіва Зоі Хруцкай

Адзін з найлепшых спосабаў адпачыць для мяне — справы па дому. Калі маю шмат задач, але ўкладваюся па часе, першае, што варта зрабіць — прыбрацца. Адразу прылівае энергія, і магу пасля працаваць да раніцы. Гэта добры сцэнарый. Горшы, калі прыбрацца не магу, а вельмі хочацца. Тады ўяўляю ў галаве ўборку, праходжу пакой за пакоем — вельмі супакойвае.

Яшчэ адзін спосаб — прыгатаваць штосьці новае. У мяне атрымліваецца смачна, напэўна, усё. Люблю гатаваць лазанню, мядовыя крылы, любое мяса, якія-небудзь дэсерты кшталту браўні.

Крута гатаваць ежу або напой пад фільм. Напрыклад, вяршковае піва пад «Гары Потэра»  або ананасавы тарт, які гатавала Бры Ван дэ Камп у серыяле «Desperate Housewives».

У такія дні, калі расчараванне ў людзях зашкальвае, гляджу на нешта прыгожае, створанае чалавекам. Проста каб нагадаць сабе, што мы здольныя не толькі знішчаць адзін аднаго і несці боль іншым.

Што «Not one would mind, neither bird nor tree, If mankind perished utterly» — не адзінае, што можна сказаць пра чалавецтва (строчка з верша паэтэсы Сары Цісдэйл – прым.)

Магу паглядзець здымкі карцін, прыгожыя дамы, інтэр’еры. Ёсць некалькі Youtube  праектаў японскіх блогераў, якія здымаюць звычайныя справы па доме, але ў гэтым такая асаблівая няспешная эстэтыка і такі кантраст са стужкай навін, нібыта глядзіш на жыццё з іншай планеты.

Добра дапамагае музыка. Каб падбадзёрыць сябе, уключаю штосьці, каб падпяваць. А калі нервы пачынаюць трашчаць, добра заходзіць «Sopor Aeternus» ці штосьці падобнае.

Па вечарах размаўляю з сынам Стасам, яму 14 год. Гэта звычайныя сямейныя размовы, дзе мы расказваем пра свой дзень, перажыванні і планы. Кожны вечар упэўніваюся, што ў мяне цудоўны сын, а я працягваю выдатна спраўляцца як мама. Моц ад гэтага нічым не перабіць, гэта мая сакрэтная зброя.

Фота з асабістага архіва Зоі Хруцкай

У мяне філалагічная адукацыя, і я ведаю, як можна даследаваць літаратурныя творы. Лекцыі па літаратуры былі для мяне нейкай магіяй. Я б з задавальненнем павучылася б яшчэ раз, толькі з іншымі выкладчыкамі, каб не паўтарацца. Памятаю, як адымала мову ад захаплення на лекцыях, дзе разбіралі «Фауста» або творчасць Кузьмы Чорнага.

Шчыра кажучы, увесь спіс літаратуры для студэнтаў філалагічных факультэтаў варты ўвагі, пачынаючы з антычнасці. Калі крыху яе начытаешся, сучасныя творы мастацтва ўжо не падаюцца такімі свежымі.

У некаторых манера чытаць ад «дошкі да дошкі»: неабходна дачытаць кнігу, нават калі не падабаецца, і пакуль не закончаць, новую не пачынаюць. Мне ж падабаецца свабоднае чытанне, бо ўжо не трэба паспяваць да экзаменаў дачытаць «Пастку» Заля адначасова з «Хамам» Ажэшкі. Сёння настрой на скандынаўскія міфы, заўтра на «Колеры Беларусі».

У мяне добры мастацкі густ на літаратуру, мне падабаецца разважаць пра твор у кантэксце гістарычных падзей, што разварочваліся вакол аўтара і з яго ўдзелам. Наймацнейшае ўражанне пакінулі разборы твораў ХХ стагоддзя пра асэнсаванне Другой сусветнай вайны. Кшталту «Насарогі» Эжэна Іанеску – пра тое, як людзі становяцца насарогамі, і «Бляшаны барабан» Гюнтэра Граса – пра хлопчыка, які вырашыў перастаць расці, ці вядомы нам са школы «Знак бяды» Васіля Быкава. Мне вельмі шкада, што мала якія настаўнікі ўмеюць дапамагаць аналізаваць творы і могуць патлумачыць, навошта ў школах урокі літаратуры.

Цяпер паралельна чытаю «Міфалогію роднага краю», «Homo deus», польскія казкі, «Беларускасць» і «Шэпт» Сяргея Лескеця. Рада, што ў мяне атрымліваецца збіраць бібліятэку, нават думаю экслібрыс сабе завесці, каб хваліцца пасля.

Я фанатка сусвету Джорджа Марціна «Песня Льду і Агню», гэта геніяльная гісторыя, у якой мне цікава вывучаць дэталі, разважаць і абмяркоўваць на фанацкіх пляцоўках. Раю «Гульню тронаў» і «Дом драконаў» усім і кожнаму.

Мне падабаюцца фільмы, пра якія можаш днямі думаць, абмяркоўваць з сябрамі, і яны нібы частку сябе пакідаюць. Ты сядзіш, а з галавы нібыта вырастаюць самыя розныя дзівосныя кветкі з гэтых думак.

З такіх фільмаў – чэшская кароткаметражка 2003 года «Мост». Паглядзела ўпершыню, калі Стасу быў прыкладна годзік. Гэта страшны фільм, у якім бачу асэнсаванне біблейскага сюжэту. Важна глядзець фільмы або чытаць кнігі, дзе героі павінны зрабіць цяжкі выбар — з такіх прынцыпаў і рашэнняў і складваецца асоба. А калі пражываеш выбар з героем, то разумееш крыху больш і пра сябе. Вось я ніколі не прыняла б такое рашэнне, як галоўны герой гэтага фільма, яно для мяне проста немагчымае.

Таксама да такіх фільмаў адносіцца адаптацыя твору Сцівена Кінга «Імгла» 2007 года, той выпадак, калі фільм лепшы за кнігу. У фільме моцны фінал, дзе герой застаецца з наступствамі свайго рашэння. І яшчэ раю «Палена» Яна Шванкмайера, пра ўпісванне сябе ў нейкія нормы. Фільмы Ларса фон Трыера — «Догвіль», «Якая танцуе ў цемры», «Дом, што пабудаваў Джэк».

А калі трэба проста расслабіцца, уключыце «Офіс», гэта як вясёлая добрая казка для дарослых.

На жаль, за апошні час усе мае паездкі працоўныя, ад якіх яшчэ больш стамляешся, бо не маеш ніякага люфту, каб адаспацца. Здорава мець дзень у месяц, калі можаш суткі спаць, спадзяюся, змагу сабе такое арганізаваць на калядныя святы.

Пасля выезду з Беларусі мяне раздражняла, што пастаянна патрэбна было расказваць пра сябе, я шмат месяцаў перажывала свой боль, і агаляць яго без канца было яшчэ адным выпрабаваннем. А як не прыйдзеш валасы падраўняць ці на манікюр, пытанні не заканчваюцца. Мне нават блізкім людзям не хочацца пра гэта расказваць, а тут наогул бачу чалавека першы раз. Спачатку я прыдумвала розныя альтэрнатыўныя гісторыі пра сябе, пасля і гэта стала вымагаць сіл, якіх у мяне проста не было. Таму купіла сабе набор для манікюру і дагэтуль раблю яго сама. Працэс мне падабаецца, гэта паўтары-дзве гадзіны сам-насам і падкастамі на фоне. Вельмі люблю пры гэтым слухаць «Белліт», нашы падкасты ад PALATNO і іншыя выдатныя аўдыёпраекты.

Зусім не складвалася ў мяне з псіхалагічнай падтрымкай, псіхолагі пачыналі раздражняць на пятай хвіліне. Але за апошні час здарыўся шэраг рэчаў, з якімі не атрымлівалася даць рады самой. Цяпер кансультуюся з псіхолагам, з якой складваецца размова, і я ўжо зразумела пра сябе некалькі важных рэчаў. Бачу, што гэта няпростая справа — знайсці спецыяліста або спецыялістку, з якой будзе камфортна праходзіць шлях да паляпшэння стану. Варта не апускаць рукі, бо гэта сапраўды можа дапамагчы.

Самае каштоўнае — гэта той наш час, якім мы можам распараджацца на свой выбар.

Для мяне найбольшая радасць, калі магу размаўляць і быць побач з блізкімі. Нам даводзіцца жыць у вельмі складаны перыяд, калі кожная такая магчымасць адчуваецца як цуд, калі можаш проста абняць сябра або паразмаўляць з дарагімі людзьмі.

Аляксей Шота, галоўны рэдактар Hrodna.life: 20 кніг у год і ніякага Youtube 

Фота з асабістага архіва Аляксея Шоты

Вельмі цяжка знайсці час на адпачынак, бо ў нас ультрамаленькая каманда, таму даводзіцца спалучаць і мэнэджарскія функцыі, і рэдактарскія, і журналісцкія, і, часам, дызайнерскія, тэхнічныя. Нібыта чалавек рэнесансу, але не ўпэўнены, што гэта добра для майго здароўя.

Вы будзеце смяяцца, але пераключаюся ад працы, займаючыся іншай працай. Калі жыў у Беларусі, праца экскурсаводам мне дапамагала адпачыць ад рэдактарскай.

Так і зараз: вяду трэнінгі, варкшопы для журналістаў і іх падрыхтоўка – гэта ў пэўным сэнсе адпачынак ад звычайнай штодзённай працы рэдакцыі, нейкі іншы досвед.

Яшчэ падпрацоўваю на польскамоўных краязнаўчых перадачах на тэлебачанні і радыё, бо з дзяцінства размаўляю свабодна на польскай і цікаўлюся гісторыяй. Пішу сцэнары, працую ў кадры і атрымліваецца, што гэта не столькі праца, колькі магчымасць зарабіць пару капеек за сваё хобі. А галоўнае, пераключыць мазгі на крыху іншы тып дзейнасці.

Фота з асабістага архіва Аляксея Шоты

Апошнія гады стараюся чытаць не менш за 20 кніг у год. Ведаю, што гэта вельмі мала, але не знаходжу часу на больш. Хаця летась прачытаў 24, сёлета хіба паспею 26 да канца года – прагрэс ёсць. Вельмі ў гэтым дапамагаюць аўдыякнігі, бо шмат падарожнічаю, шмат хаджу пешкам.

Чытаю рознае. Люблю навуковыя і папулярныя рэчы па сацыяльных навуках, гісторыі, антрапалогіі. Сёлета прачытаў выдатную кнігу «Опасные советские вещи» пра гарадскія легенды ў СССР, «Неудобное прошлое» пра памяць аб рэпрэсіях ў краінах, якія перажылі дыктатарскія рэжымы.

Зараз чытаю фенаменальную кнігу «Это было навсегда, пока не кончилось. Последнее советское поколение» Аляксея Юрчака – выдатнае даследаванне. Там першыя 150-200 старонак толькі метадалогія тлумачыцца – абажаю такое!

З сюжэтнага атрымаў асалоду ад розных кніг Архана Памука, Яўгена Вадалазкіна, Мікаэля Ніэмі. Стараюся навярстаць тое, што інтэлігентны чалавек павінен прачытаць, а я чамусьці яшчэ не. Так, у гэтым годзе прачытаў «Імя ружы» Эка і «Фіесту» Хэмінгуэя, летась «Дон Кіхота» – ужо трошкі менш «хамлом» сябе адчуваю.

Перад кіношнай прэм’ерай «Апенгеймера» прачытаў ягоную біяграфію, якая стала асновай сцэнара для фільма. Яна занадта падрабязная, з 700 старонак недзе 200 можна было б спакойна выкідаць. «Апенгеймер» уразіў гукам, музыкай і тым, якое напружанне і дынаміку можна зрабіць фактычна ў размоўным фільме, дзе ўвесь час адныя «гаварашчыя галовы» і няма дзеяння як такога.

Стараюся хадзіць на цікавыя прэм’еры ў кіно. Вельмі люблю атмасферу кіназалы і абсалютна не прымаю праглядаў на ноўтбуку ці смартфоне.

З сёлетніх прэм’ер адзначу стужку «Air» Бэна Афлека, неблагія «Прывіды ў Венецыі» Кенэта Браны, «Элементарна» ад Pixar. Яшчэ вельмі люблю коміксы, але гэта тэма на асобную размову на некалькі гадзін.

У Marvel выйшлі выдатныя трэція «Вартавыя галактыкі» і «Чалавек-павук» (той, які «Across the Spider-Verse»). Па-за прэм’ерамі кіруюся сваім адмысловым спісам, што трэба паглядзець з раней прапушчанага. Адна праблема – спіс пашыраецца хутчэй, чым гляджу.

Серыялы амаль не гляджу, хіба што нешта сапраўды арыгінальнае супергеройскае выйдзе. Але паколькі ў гэтай сферы мяне цяжка здзівіць, добра, калі гэта будзе хаця б адзін серыял у год.

YouTube таксама не гляджу: шкада часу. Не знаходжу там нічога цікавага, таленавітага і вартага хаця б мінімальнай маёй увагі, ні з айчынных праектаў, ні з замежных. Усё нейкая фігня, якую хочацца выключыць праз хвіліну. Яшчэ і гэтыя таймінгі: гадзіна-дзве-тры… мой час каштуе значна даражэй.

Адзін з нешматлікіх плюсаў жыцця ў эміграцыі – магчымасць лёгка падарожнічаць. Стараюся некалькі разоў на год кудысьці ездзіць. Сёлета трошкі пакатаўся па Польшчы, звазіў дзяцей у Торунь – першы замежны горад, дзе сам пабываў школьнікам, 27 гадоў таму. Наведаў Кракаў, дзе некалі вучыўся, люблю параўноўваць, узгадваць, што змянілася, што захавалася, як зараз інакш успрымаю гэты горад.

Пабываў на поўдні Еўропы, у Італіі, гэта найлепшае за шмат гадоў падарожжа, і на поўначы – у Нарвегіі. Стараюся ездзіць з блізкімі, дарагімі мне людзьмі. У планах да канца года яшчэ тры краіны. Звычайна наведваю гістарычныя славутасці, музеі і ўсё такое. Я кансерватыўны турыст.

Бывае, што пашанцуе – у Рыме патрапілі выпадкова на часовую выставу Ван Гога, дзе былі сабраны карціны з розных калекцый з розных кантынентаў. Проста ішлі па вуліцы і пабачылі афішу!

Фота з асабістага архіва Аляксея Шоты

Асобным важным пунктам у маім турызме стаіць дэгустацыя мясцовых бровараў – для мяне важныя новыя чэкіны ў Untappd.

Сёлета пачаў бегаць. Ніколі б не падумаў, што буду гэтым займацца, заўсёды падавалася, што гэта максімальна бессэнсоўны занятак для паехаўшых кукухай.

Але зараз актыўна бегаю, 3-5 разоў на тыдзень. Яшчэ паўгады таму я не ўяўляў сабе, як гэта  – прабегчы хаця б 500 метраў, а зараз рыхтуюся да забегу на 10 км.

Падчас бегу слухаю аўдыёзапісы ад Nike Run Club, вельмі карысны дадатак для тых, хто толькі пачынае бегаць. А калі шпацырую – а хаджу я пехатой вельмі шмат –  слухаю калі не кнігі, то падкасты. Дарэчы, трэба абнавіць падпіску на Arzamas, там шмат засталося цікавага, але непраслуханага.

Падзяліцца:

10 лістапада 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняНе пра працу 11: Паўлюк Быкоўскі, Зоя Хруцкая, Аляксей Шота

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць