Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Адносіны Беларусі і ЕС апошнім часам актывізуюцца. А гэта значыць, што зараз можна чакаць усё больш візітаў еўрапейскіх палітыкаў у Беларусь і важных рашэнняў у Брусэлі, якія наўпрост будуць тычыцца нашай краіны. Як беларускім СМІ трымаць руку на пульсе падзей і атрымліваць самую актуальную інфармацыю з Еўрапарламента, як аздобіць свой матэрыял эксклюзіўным каментаром еўрадэпутата і якія памылкі журналісты звычайна робяць у камунікацыі з Брусэлям – пра гэтае распавяла Паўліна Блашчак, дарадца еўрадэпутата Агнешкі Казлоўскай-Раевіч.
– Які шлях для беларускага журналіста лепшы, каб хутка атрымаць каментар еўрадэпутата па актуальным пытанні, калі ў журналіста няма асабістых знаёмстваў у Брусэлі?
– На мой погляд, найлепшы шлях – проста напісаць яму электроны ліст альбо асабіста патэлефанаваць, персанальныя кантакты ёсць на сайтах еўрадэпутатаў. А калі вы трапілі ў Брусэль альбо магчымая камандзіроўка, то вы можаце наўпрост запытаць пра асабістую сустрэчу ў Еўрапарламенце ці недзе яшчэ. Мне здаецца, еўрадэпутаты адкрытыя. Вам трэба спрабаваць. Гэта рэцэпт поспеху.
Што тычацца хуткасці, то ўсё залежыць ад перыяду часу. У Еўрапейскім парламенце тыдні адрозніваюцца па колеры.
Чырвоны тыдзень – еўрадэпутат знаходзіцца ў Страсбургу на пленарным пасяджэнні, тут больш за ўсё нагрузкі, звязацца з ім цяжка. Таксама не лепшы час для сувязі – зялёны тыдзень: еўрадэпутат знаходзіцца ў сваім рэгіёне, сканцэнтраваны на працы з мясцовымі праблемамі.
Вы хутчэй атрымаеце адказы ў сіні і бежавы тыдзень. Гэтым часам еўрадэпутаты ў Брусэлі альбо едуць кудысці ў складзе дэлегацыі свайго Камітэта.
Як не заблытацца ў гэтых колерах? На вэб-сайце Еўрапарламента вы можаце знайсці адпаведны каляндар у фармаце PDF.
– Як журналісту знайсці еўрадэпутата, які кампетэнтны ў пэўнай галіне (напрыклад, атамная энэргетыка ці адносіны з Расіяй)?
– У першую чаргу варта наведаць вэб-сайт Еўрапейскага парламента, таму што там ёсць інфармацыя пра любую дзейнасць еўрадэпутата. Для кожнага ёсць свой прафайл: у якія тэмы ён уцягнуты, да якога Камітэта належыць.
Калі вас цікавіць дакладны дакумент – дырэктыва, рэзалюцыя, – то варта знайсці яго на сайце Еўрапарламента, бо там ёсць і інфармацыя пра тых еўрадэпутатаў, хто мае да яго непасрэднае дачыненне.
Альбо праз сайт можна знайсці агульны спіс камітэтаў ды дэлегацый, каб абраць некага еўрадэпутата з іх.
Як бачыце, нічога складанага 🙂
– Беларускія медыя часцей за ўсё не могуць сабе дазволіць асабістага карэспандэнта ў Брусэлі. Дзе ў такім выпадку, лепш за ўсё даведвацца пра свежыя, інсайдэрскія навіны пра дзейнасць і рашэнні Еўрапарламента?
– Па-першае, вы можаце кантактаваць з еўрадэпутатамі, якія займаюцца беларускімі справамі – напрыклад, Агнешкай Казлоўскай-Раевіч. Дэлегацыя па адносінах з Беларуссю – гэта група людзей, якія, мяркую, больш за ўсіх інфармаваныя ў пытаннях, што вас могуць цікавіць. Па-другое, вы можаце асабіста сачыць за кожнай афіцыйнай сустрэчай ці дыскусіяй у Еўрапарламенце праз сэрвіс EuroparlTV. Па-трэцяе, можна сачыць за навінамі ў іншых медыя.
– Якія існуюць тыповыя памылкі журналістаў, што звяртаюцца ў офіс еўрадэпутата? Як не трэба сабе паводзіць?
– Вы павінныя распавесці пра сябе. Хто вы такі, чаму звяртаецеся да еўрадэпутата і г.д. Не пачынайце з пытання без аніякіх звестак пра вас.
Калі вы дасылаеце электроны ліст, пачакайце адказу тыдзень-другі і толькі пасля гэтага тэлефануйце ў офіс еўрадэпутата і пытайцеся пра адказ. Не дасылайце электронныя лісты ўвесь час, аднаго дастаткова, а потым – патэлефануйце, каб нагадаць пра ваш запыт.
– А як ўсё ж такі атрымаць адказ хутчэй, чым праз два тыдні?
– Можаце адразу патэлефанаваць і, магчыма, вы атрымаеце адказ у той самы дзень, калі ў еўрадэпутата няма якіх-небудзь сустрэч. Гэта залежыць ад сітуацыі і ад перыяду дзейнасці Еўрапарламента. Можа вам пашанцуе і вы атрымаеце адказ адразу, але часам трэба пачакаць. Памятайце, што еўрадэпутаты таксама людзі, а не машыны 🙂
– Якія вам вядомыя лайфхакі для журналістаў, як ім лепей разбірацца ў дзейнасці Еўрапарламента?
– Калі вас цікавіць дзенйасці Еўрапарламента, паспрабуйце наведаць гэтую інстытуцыю. Магчыма, з дапамогай еўрадэпутата альбо іншым шляхам. Найлепшы шлях зразумець, як тут усё працуе, – правесці тут некалькі тыдняў.
Не бойцеся кантактаваць з еўрадэпутатамі ды іншымі персонамі з Еўрапарламента. Кааперацыя – самая істотная рэч!
Аўтар: Вадзім Мажэйка
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт