Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Што цікавага ў бурбалках сацыяльных сетак, чаму варта чытаць раёнкі і тыя навіны, якія заўсёды цікавыя — паразмаўлялі пра беларускія медыя з пісьменніцай Святланай Курс.
— Мне вельмі падабаецца Reform. Гляджу «Нашу Ніву», «Радыё Свабода», «Будзьма Беларусамі» – і шмат каго яшчэ, каго зараз нават не прыгадаю. Але ўсё гэта я чытаю ў стужках Facebook і Twitter. Яны ў мяне настроеныя так, што навіны выскокваюць такой вялікай куламесай: міжнародныя СМІ, беларускія СМІ, трошкі (вельмі мала) расейскіх СМІ, таму што расейскія, на мой погляд, маюць вельмі скрыўлены погляд на свет. І трошкі – украінскіх СМІ.
Але ва ўкраінскія СМІ я таксама пагружацца не магу, каб захоўваць беларускі пункт гледжання на праблемы. Таму што зараз вельмі лёгка зрабіцца больш украінцам, чым беларусам. А я б гэтага для сябе не хацела.
Яшчэ я вельмі люблю чытаць нататкі беларускіх медыязнаўцаў і журналістаў, яны таксама вартыя.
У беларусаў зараз ёсць агульная паняверка – і гэта нармальны этап. На нас ніхто не хоча глядзець, нашымі палітвязнямі і нашымі праблемамі ніхто не займаецца, На нас паставілі крыж, грошай даюць толькі на тое, каб беларусы былі ледзь жывыя.
І гэтую сітуацыю трэба ўспрыняць як нармальную, але часовую, і пастарацца ў ёй не толькі выжыць, але і жыць нейкім чынам.
Я разумею, што гэта цяжка. Я сама многа гадоў працавала ў сродках масавай інфармацыі, але стамілася і выгарэла. Мне надакучыла ўвесь час шукаць грошы. Мне не спадабалася быць увесь час на падвешанай нітцы. Я выбрала працаваць быццам бы на чужую дзяржаву і на чужую гісторыю, але мне яны мне ўвесь час блізкія і быццам бы свае (Святлана Курс працуе ў Катынскім музеі ў Варшаве – прым. рэд.). Я распавядаю пра гісторыю і палякам, і беларусам. Але сродкі масавай інфармацыі так жыць не могуць.
— Мой Facebook цвіце як ружа – можа, таму, што я чалавек ва ўзросце? Мне падабаюцца не толькі палітычныя навіны, не толькі звесткі з вайны, але і асабістыя погляды на тое, што адбываецца з намі, нейкія дзённікавыя запісы, нейкія трэнды. Зараз з’явіўся штучны інтэлект, намёкі на лічбавую бессмяротнасць – мне гэта таксама вельмі цікава. Мне падабаецца разглядаць партрэт Ван Гога, які ажывае.
Я мацаю гэтыя з’явы з усіх бакоў, і яны быццам бы зліваюцца з адно – чалавечая і лічбавая рэальнасць. І мне здаецца, што сродкам масавай інфармацыі таксама трэба ўвесь час мацаць і шукаць новае.
Нават калі яно часам і ў дробнатэм’е збіваецца і ў гэтак званы эскапізм. Не напішаш пра палівязняў, а напішаш пра інтэлект – гэта ўжо эскапізм. Але гэта не так, бо трэба ўвесь час развівацца.
— Я, напрыклад, не згодная з тымі, хто кажа, што раней «Наша Ніва» была літаратурная, а цяпер гэта жаўтуха і чарнуха. А што рабіць, калі менавіта такія навіны вельмі людзей цікавяць? Гэта значная частка іх жыцця. Чыя-небудзь смерць ці пажар у Івацэвічах іх хвалююць. Мяне саму хвалюе аварыя ў тых месцах, дзе я жыла, калі там загінула сям’я з трыма дзецьмі. Канешне мне гэта цікава. Альбо там дарога пракладваецца. Ведаеце, ёсць нешта такое: «воой, пра мой Мухасранск напісалі ў сродках масавай інфармацыі» – людзей гэта прыцягвае страшна.
Мы, канешне можам з пагардаю глядзець на раёнкі, і яны і праўда мёртванароджаныя, але раёнкі там, а мы – тут.
І часам пачытаеш гэтую абы-як напісаную канцылярызмам лухту – і з гэтага канешне можна смяяцца, але смяяцца не зусім канструктыўна. Мы можам у раёнках адчуць пульс жыцця, нават нягледзячы на тое, што гэта сфальсіфікаваная рэальнасць. Яны апісваюць дзіцячае свята як БРСМаўскі подзвіг, але чалавечы голас і там таксама ёсць.
Сама я гадоў дзевятнаццаць у Беларусі не жыву і не была там з 2019 года, але ў мяне ёсць нахабнасць сцвярджаць, што тое, што там адбываецца, хай як праз марлю, але я ўсё ж такі адчуваю.
І калі Віталь Цыганкоў да мяне прыйшоў і прапанаваў: давай запішам праграму «Сведкі Лукашэнкі», я шчыра сказала, што я даўно не жыву і таму гэта будзе погляд чалавека з-за мяжы.
Але чаму чалавек з-за мяжы не мае права прадаставіць сваё бачанне? Хто яго гэтага права пазбавіў? Ніхто.
Прэс-клуб Беларусь
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт