Як і чаму беларускія журналісты і журналісткі вяртаюцца да працы пасля турмы

Калежанкі і калегі расказалі для сайта Міжнароднай журналісцкай сеткі пра сваё вяртанне да прафесіі пасля рэпрэсій. Тут можна пачытаць тэкст на рускай мове. З дазволу рэдакцыі мы пераклалі матэрыял на беларускую, аўтарка — Наста Захарэвіч.

Як і чаму беларускія журналісты і журналісткі вяртаюцца да працы пасля турмы
Photo by Kristina Tripkovic on Unsplash

Кратко

  • Вольга Лойка
  • Аляксандр Атрошчанкаў
  • Іна (імя зменена з меркаванняў бяспекі)
  • Яўгенія Доўгая

У беларускіх турмах цяпер знаходзяцца як мінімум 38 работнікаў і работніц СМІ. Большасць з іх да самага арышту займалася журналістыкай: яны пісалі тэксты, здымалі відэа, працавалі ў кадры. Але ёсць і тыя, каго асудзілі за журналісцкую працу нягледзячы на ​​тое, што яны даўно сышлі з медыяў: напрыклад, асуджаная на тры з паловай гады Ларыса Шчыракова і на тры гады — Алесь Любянчук.

Ёсць журналісты і журналісткі, якія ўжо вызваліліся са зняволення, з’ехалі з Беларусі і змаглі вярнуцца да працы. Мы спыталі ў іх, што дапамагло ім зноў заняцца журналістыкай пасля палітычнага пераследу.

Вольга Лойка

Вольга Лойка

Фота з асабістага архіва Вольгі Лойка

Да 18 траўня 2021 года — дня свайго затрымання — Вольга была галоўнай рэдактаркай палітыка-эканамічнага блока найбуйнейшага незалежнага партала tut.by, які пазней быў знішчаны сілавікамі разам з архівам. У следчым ізалятары яна правяла 10 месяцаў, пасля чаго ёй змянілі меру ўтрымання. У хуткім часе яе ўнеслі ў спіс асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, але яна змагла сакрэтна выехаць з Беларусі яшчэ да суда.

Яна кажа, што ў сувязі з гэтым вяртанне ў прафесію было адзіна магчымым рашэннем: «Пакуль я маю статус тэрарыста, усе іншыя віды прац, дзе я наёмны супрацоўнік або ўцягваю нейкіх іншых асоб у сваю (з пункту гледжання дзяржавы, злачынную) дзейнасць, для мяне пад забаронай. Я не гатовая ставіць пад пагрозу жыццё людзей, якія даюць мне працу або якія будуць працаваць на мяне.

Мне вельмі хацелася сысці з журналістыкі і жыць нармальным жыццём, дзе ёсць адпачынкі і разумныя дэдлайны. Але пакуль што гэта немагчыма. Раз дзяржава мяне назвала тэрарысткай, трэба адпавядаць».

Вольга адзначае, што, паколькі з Беларусі ўцяклі яе калегі, для яе было важна даць ім магчымасць заробку, дапамагчы ім у цяжкую хвіліну. «Людзям сапраўды пагражае небяспека ў Беларусі, усе ім гавораць з’язджаць, а куды з’язджаць? Прафесія ў нас крыху непрыдатная для пераезду: мы спецыялісты па беларускім парадку дня. І мне было важна, каб гэтыя людзі маглі на нешта разлічваць. Калі проста гаворыш ім з’яжджаць — гэта адно, а калі прапануеш ім працу ці падпрацоўку, дык гэта важны момант, і людзі згаджаюцца, бо ім ёсць куды ехаць”. (Людзей з іншых сфер Вольга не гатова «падстаўляць», а яе былыя калегі з tut.by ужо маюць «экстрэмісцкі» статус, у іх ужо ёсць фактычная забарона на прафесію ў Беларусі, так што супрацоўніцтва з Вольгай не пагоршыць іх сітуацыю.)

Акрамя таго, у цяперашняй сітуацыі Вользе не хочацца сыходзіць з журналістыкі, бо рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца. Паводле яе слоў, для яе важней нават не рэпрэсіі ўнутры Беларусі, якія працягваюцца, а саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў вайне, якую Расея вядзе з Украінай.

Аляксандр Атрошчанкаў

Аляксандр Атрошчанкаў

Фота з асабістага архіва Аляксандра Атрошчанкава

Сваю працу да арышту ў 2010 годзе Аляксандр называе працай на стыку журналістыкі, PR, актывізму і абароны правоў чалавека. Ён працаваў з рознымі выданнямі як журналіст, пісаў публіцыстыку для charter97.org, у розныя часы займаў пасады прэс-сакратара руху «Зубр», грамадскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» і кандыдата ў прэзідэнты на выбарах 2010 года Андрэя Саннікава.

На наступны дзень пасля выбараў 2010 года яго затрымалі нібыта за ўдзел у мітынгу і змясцілі ў СІЗА КДБ, а праз два з паловай месяцы прысудзілі 4 гады калоніі. Аляксандр расказвае, што ў зняволенні часам было страшна і цяжка, але да таго часу ў яго за плячыма ўжо было каля 50 затрыманняў, некалькі адміністрацыйных арыштаў на тэрмін ад 5 да 15 сутак.

«Я ўсведамляў, чым займаюся, чым рызыкую і што аднойчы, хутчэй за ўсё, давядзецца пасядзець. Але мне пашанцавала сядзець у адносна траваедныя часы. Вядома, быў і прэсінг, і катаванні, і (доказаў у мяне няма, але я ўпэўнены ў гэтым) псіхатропныя прэпараты, але гэта быў вельмі лёгкі рэжым у параўнанні з тым, праз якое пекла праходзяць цяперашнія палітвязні».

Увесь тэрмін Аляксандру сядзець не давялося: як толькі пайшлі размовы аб сур’ёзных санкцыях супраць рэжыму Лукашэнкі, журналіста вызвалілі. Усяго ён правёў у няволі 9 месяцаў і амаль адразу пасля вызвалення вярнуўся да працы. «Я разумеў, што нейкі час да маёй персоны будзе павышаная ўвага, і стараўся максімальна выкарыстоўваць гэта для таго, каб прыцягнуць увагу да людзей, якія па-ранейшаму заставаліся за кратамі. У той час я па большай частцы ездзіў, выступаў, вельмі шчыльна супрацоўнічаў з «Хартыяй», але гэта быў хутчэй актывізм, адвакацыя, праваабарона — што заўгодна, але не чыстая журналістыка».

Праз год пасля вызвалення Аляксандр з’ехаў з Беларусі, а яшчэ праз два гады сышоў з «Хартыі» і «Еўрапейскай Беларусі». «Я быў выгарэлы і ў дэпрэсіі, мне патрэбна была перазагрузка, і я пайшоў працаваць у таксі. Ніякага ўяўлення пра  гэтую сферу я не меў, вопыту кіравання аўтамабілем у мяне было вельмі мала, але ў першы ж месяц я зарабіў у паўтара разы больш, чым калі-небудзь зарабляў у журналістыцы. Але зусім з журналістыкі я не сыходзіў: пісаў як фрылансер, удзельнічаў у падрыхтоўцы некалькіх экспертных аналітычных даследаванняў.

Аляксандр падзяліўся парадамі з тымі, хто хоча застацца ў прафесіі пасля траўматычнага досведу турмы:

  1. «Апранайце кіслародную маску спачатку на сябе, потым на суседа»: клапаціцеся ў першую чаргу пра сябе. Калі вы выгарыце, памрэце, сядзеце ці звар’яцееце, карысці ад вас ніякай не будзе ні краіне, ні грамадству, ні калегам.
  2. Майце план Б. Большасць буйных беларускіх рэдакцый, якія працуюць не ў Беларусі, маюць фінансавую вызначанасць толькі на бліжэйшыя 2-4 месяцы. Такая сітуацыя цягнецца гадамі, і калі ў вас будзе ў запасе яшчэ адна прафесія, дык пераносіць такую няпэўнасць будзе нашмат лягчэй.
  3. Рабіце тое, што вам сапраўды цікава.
  4. А лепш за ўсё трымайцеся як мага далей ад беларускай журналістыкі.

Зрэшты, сам Аляксандр не карыстаецца апошняй сваёй парадай. У 2018 годзе ён разам з Фёдарам Паўлючэнкам заснаваў анлайн-выданне Reformation, дзе і працуе дагэтуль. Таксама яны разам вядуць ютуб-шоу «Саша, што ты нясеш?!», дзе сумяшчаюць палітычную аналітыку і гумар.

Іна (імя зменена з меркаванняў бяспекі)

ананімная журналістыка

Photo by Forest Simon on Unsplash

Іна просіць не называць яе імя і не раскрываць дэталі крымінальнай справы і мінулай працы з меркаванняў бяспекі. Хоць сама яна не ў Беларусі, у сілавікоў застаюцца спосабы ціску на яе.

Правёўшы за кратамі некалькі месяцаў, Іна праз некаторы час пасля вызвалення з’ехала з краіны. Да арышту яна займалася журналісцкай працай і камунікацыямі ў медыях, а праз паўгода пасля выхаду з турмы вярнулася да журналістыкі.

Па словах Іны, у зняволенні ёй было вельмі цяжка, у яе было пачуццё несправядлівасці і крыўды на лёс, бо яна добра працавала, а ў выніку апынулася ў такой жахлівай сітуацыі.

Па словах Іны, для яе жыццё ў эміграцыі таксама праходзіць вельмі складана: «Я шмат працавала з псіхатэрапеўтам, сама ведаю шмат пра тое, як сябе «выцягваць», але да гэтага часу застаецца пачуццё горычы, і мне здаецца, што так не толькі ў мяне. Проста пра гэта не вельмі прынята казаць”.

Іна гаворыць, што ў няволі старалася не думаць аб тым, чым будзе займацца пасля вызвалення. Галоўнае было захаваць псіхіку і выйсці ў больш-менш адэкватным стане.

На пытанне, што менавіта дапамагала ёй вярнуцца да працы праз паўгода пасля вызвалення, яна кажа, што вярнулася проста ад безвыходнасці: «Я супраць гераізацыі і журналістаў, і ўсіх астатніх. Мы не героі, мы проста людзі, чые лёсы прапусцілі праз мясарубку».

Іна ўзгадвае, што, калі яна выходзіла з турмы, ёй відавочна далі зразумець, што «ставяць поўную забарону на прафесію». Яе нават запрашалі працаваць прапагандысткай. Пасля гэтага ёй стала зразумела, што жыць спакойна ў Беларусі ёй не дадуць, так што праз некаторы час давялося з’ехаць.

«Я не ведаю, што чакае беларускую журналістыку і што чакае людзей, якія ўкладаюць усе свае сілы і рэсурсы, зарабляючы пры гэтым зусім няшмат», — кажа яна і адзначае, што вельмі складана сысці з прафесіі, калі за яе прыйшлося моцна пацярпець.

Але вельмі важна, кажа яна, разумець, што людзі, якія застаюцца ў беларускай журналістыцы, працягваюць рэтраўматызавацца кожны дзень. Многія журналісты самі прайшлі праз рэпрэсіі, і зараз яны працуюць з вельмі цяжкімі тэмамі, часта чытаюць і пішуць пра катаванні і жорсткае абыходжанне з палітвязнямі.

Яўгенія Доўгая

Яўгенія Доўгая

Фота з асабістага архіва Яўгеніі Доўгай

Да 2020 года Яўгенія ў асноўным пісала на сацыяльныя тэмы, у тым ліку пра праблемы у турэмнай сістэме Беларусі, пра тое, у якіх умовах жанчыны адбываюць пакаранне.

Яна асвятляла пратэсты ў Беларусі для замежных СМІ, якія не маглі самі працаваць у краіне. За краты наша гераіня патрапіла на трое сутак, і гэты досвед стаў для яе яшчэ больш траўматычным таму, што яе затрымалі на вачах васьмігадовай дачкі. Тамака яе пагражалі пасадзіць на 15 гадоў у турму, пагражалі адправіць яе дачку ў дзіцячы дом. Праз нейкі час пасля вызвалення ў Яўгеніі дыягнаставалі посттраўматычны стрэсавы разлад (ПТСР). Камеру, у якой яе трымалі, яна да гэтага часу ўзгадвае практычна кожны дзень.

Нейкай прыкметнай паўзы ў працы пасля затрымання ў Яўгеніі не было. Праз тыдзень пасля затрымання яна з’ехала з Беларусі ва Украіну і стала пісаць пра беларускіх студэнтаў, якія з’ехалі з краіны, каб уцякчы ад рэпрэсій, пра забойства Рамана Бандарэнкі ў Менску, пра палітвязняў і іх сем’і.

Яна прызнаецца, што часта думае пра тое, каб сысці з прафесіі, але пакуль ёй не ўдаецца гэта зрабіць. «Я лічу, што ва ўсіх нашых журналістаў ёсць сіндром ратавальніка», — гаворыць яна.

«Мне здаецца, што калі я перастану пісаць, то здраджу людзям, якіх арыштавалі і якія сядзяць: Марфе Рабковай, Каці Андрэевай, Насце Лойка. Мне здаецца, што важна выстаяць — у тым ліку дзеля іх. Людзі ўвесь час сыходзяць з прафесіі, і я разумею гэтых людзей — магчыма, і я хутка пайду. Мне дапамагае, што праца дае магчымасць рабіць тое, што ад мяне залежыць. Хоць нешта, але я заўсёды раблю, — дадае яна. — Калі я чытала пра ГУЛАГ і канцлагеры, увесь час думала: «Няўжо ніхто не браў на сябе адказнасць фіксаваць усё, што адбываецца?» Ёсць шмат кніг пра людзей, якія перажылі ГУЛАГ Але вельмі мала нататак і мемуараў людзей, якія бачылі, як забіралі іх суседзяў, як жылі пацярпелыя сем’і.

Нам трэба хоць бы ў будучыні [быць у стане] растлумачыць унукам, што такое цяперашнія рэпрэсіі. Бо, калі не браць на сябе адказнасць хоць бы за фіксацыю таго, што адбываецца, мы будзем проста хадзіць па коле”.

Зараз Яўгенія піша толькі пра палітвязынак у Беларусі, яна ладзіць шмат інтэрв’ю, расказвае, што такое беларуская жаночая турма. Паводле яе слоў, умовы там вельмі падобныя да ГУЛАГу: жанчыны не атрымліваюць паўнавартаснага харчавання і своечасовай медычнай дапамогі, іх прымушаюць працаваць на цяжкай і небяспечнай працы, з-за чаго ўзнікаюць праблемы са здароўем. Узімку яны па шмат гадзін праводзяць на марозе і чысцяць снег.

Перакладзена на беларускую мову Прэс-клубам Беларусь

Падзяліцца:

8 ліпеня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняЯк і чаму беларускія журналісты і журналісткі вяртаюцца да працы пасля турмы

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць