Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Беларуская журналістка Зоя Хруцкая збірае сродкі на арганізацыю фотавыставы пра пратэст у беларускіх рэгіёнах.
Фотавыстава адкрыецца ў Беластоку 9 жніўня.
MOST пагутарыў з арганізатаркай і журналісткай Зояй Хруцкай пра выставу, Беласток і Беларусь.
Зоя Хруцкая дзесяць год працавала ў незалежным выданні «Рэгіянальная газета» ў Маладзечне. У ліпені 2021 года ў рэдакцыю газеты прыйшлі з ператрусам сілавікі. Зоя была вымушаная з’ехаць з Беларусі, цяпер жыве і працуе ў Беластоку.
— 9 жніўня будзе два гады, калі Беларусь цалкам памянялася. Мне падаецца, не хапае праектаў, якія расказвалі бы пра гэтыя падзеі без канцэнтрацыі на Мінску і на тым, што адбывалася там, — падкрэслівае арганізатарка.
Зоя Хруцкая кажа, што падчас працы на пратэстах у Маладзечне яна атрымлівала шматлікія паведамленні, што фотаздымкі «Рэгіянальнай газеты» выкарыстоўваюць і за мяжой.
— У той момант, калі я знаходзілася ў цэнтры гэтага пекла, было важна разумець, што тое, што адбываецца з Беларуссю, транслюецца паўсюль. Што мы не засталіся са сваёй праблемай сам-насам. На жаль, вельмі мала праектаў, якія расказвалі пра гэтыя гістарычныя падзеі ў беларускіх рэгіёнах.
Зоя лічыць, што праца беларускіх журналістаў палягае на тым, каб збіраць сведчанні, па-рознаму іх упакоўваць і працягваць паказваць свету, і крычаць пра тое, што адбываецца ў Беларусі.
На выставе будуць паказаныя фотаздымкі з Маладзечна, Гродна, Брэста і Ганцавічаў. Арганізатарка адзначае, што ў планах прадставіць гарады з шасці абласцей Беларусі. Фатографаў папрасілі саміх абраць здымкі, якія яны лічаць найбольш важнымі, і расказаць іх гісторыю.
— Гэта важна і для фатографаў, каб яны разумелі, што гэта рызыкоўная праца застанецца ў гісторыі. Спадзяемся, што ў нас атрымаецца працягваць аб’ядноўваць сведчанні пра падзеі ў Беларусі з розных рэгіёнаў.
Беласток стаў адным з месцаў прыцягнення беларусаў, якія выязджалі з краіны праз палітычны пераслед з боку сілавікоў, падкрэслівае Зоя Хруцкая.
— У Беластоку знаходзіцца адна з найбольшых супольнасцяў беларусаў, якія сюды прыязджалі з розных рэгіёнаў Беларусі. Не толькі праз палітыку ў апошнія два гады, а і раней. Мы хочам падкрэсліць, што Беларусь застаецца ў сэрцы, у якім месцы свету ты б ні жыў.
На арганізацыю выставы збіраюць тысячу еўра. Гэтыя грошы пойдуць на ганарары фатографам, арганізатарам і раздрукоўку матэрыялаў.
Фота на галоўнай: Зоя Хруцкая / MOST
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт