Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Былая галоўная рэдактарка Tut.by, палітызняволеная журналістка атрымала прэмію як «надзвычайна смелая і шчырая асоба». Уручэнне прэміі прайшло 1 снежня 2024 года ў нямецкім Шорндорфе. DW паразмаўляла з калегамі Марыны Золатавай.
Узнагарода носіць імя Іагана-Філіпа Палма, кожныя два гады яна прысуджаецца асобам ці арганізацыям, якія даюць выбітны прыклад прыхільнасці справе рэалізацыі свабоды выказвання і свабоды прэсы. Іаган-Філіп Палм (Johann Philipp Palm) — германскі кнігавыдавец з Нюрнберга. У сваім выдавецтве апублікаваў накіраваны супраць Напалеона памфлет «Германія ў глыбокім прыніжэнні сваім», за які быў прыгавораны да смяротнага пакарання (у 1806 годзе).
Прэмія гэта таксама грашовы прыз, 20 тысяч еўра, які дзеліцца між двумя лаўрэатамі.
Арганізатары азначаюць: «Мы хочам дапамагчы забяспечыць і захаваць свабоду выказвання меркаванняў і свабоду прэсы як неад’емную перадумову любой дэмакратыі, як унутры краіны, так і за мяжой».
У гэтым годзе Марына Золатава стала лаўрэаткай прэміі Palm-Preis разам з «ZanTimes», сайтам пра правы чалавека (Афганістан).
Галоўрэд выдання Plan B Вольга Лойка, якая шмат гадоў працавала на Tut.by і праходзіла абвінавачанай па той жа справе, што і Марына Золатава, адзначае, што калектыву на чале з Золатавай удалося стварыць медыя, якому ў Беларусі давяралі з двух бакоў барыкад.
— З Tut.by гаварылі ўсе: чыноўнікі, сілавікі, апазіцыйныя палітыкі, бізнесмены, актывісты, простыя людзі. Чыноўнікі звярталіся да Tut.by, каб данесці сваю пазіцыю, таму што гэта быў магутны інструмент. Дзякуючы нашым матэрыялам дзяржава магла ліквідаваць заканадаўчыя прабелы. Мы маглі дапамагчы сабраць грошы на вырашэнне важнай праблемы, даць магчымасць выказацца ўсім.
Tut.by — гэта медыя, якое працуе ў інтарэсах грамадства, гэта было часткай канцэпцыі, і ў гэтым вялізная заслуга Марыны Золатавай. Яна магла ўваходзіць у любыя кабінеты, размаўляць на інтэрв’ю з Лукашэнкам, пры гэтым заставацца сабой і весці дыялог з усімі.
Акрамя таго, па словах галоўрэда Plan B, Марына ўласным прыкладам зараджала многіх на працу.
2020 год быў самым складаным у працы рэдакцыі, калі пад пагрозай аказалася жыццё і свабода многіх журналістаў. Нават у такія моманты, па ўспамінах калег, Марына выяўляла спакой і разважлівасць. Побач з ёй супрацоўнікі адчувалі сябе больш упэўнена.
Дырэктар выдання Zerkalo і былая калега Золатавай па Tut.by Аляксандра Пушкіна кажа:
— Для мяне яе вытрымка была прыкладам. Здавалася, калі яна так выразна прымае выклік, кожны з нас можа спраўляцца са сваімі задачамі. Гэта добры прыклад кіраўніка, які вядзе сваю каманду праз шторм.
Апроч прафесійных якасцяў Аляксандра ўказвае на неверагодную эмпатыю Марыны Золатавай, якая шчыра перажывала, што адбываецца з краінай, беларусамі і калегамі.
— Яна заўсёды была там, дзе журналісты. На жаль, часта гэта было пад сценамі РАУС. Думаю, гэта неверагоднае выпрабаванне для чалавека, які павінен адпраўляць людзей на працу ў такія небяспечныя ўмовы, а потым разграбаць наступствы. Для мяне гэта прыклад мужнасці і прыняцці на сябе адказнасці.
Ніхто зараз не можа паўнавартасна замяніць Tut.by. Дзяржаўныя выданні не могуць казаць праўду, яны — частка прапаганды. А незалежныя выданні пазбаўлены магчымасці паўнавартасна працаваць, паколькі дзяржава крыміналізавала ўзаемадзеянне з імі.
Беларусь пагоршыла сваю пазіцыю ў глабальным рэйтынгу свабоды ў інтэрнэце за 2024 год
Юрыст і намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў:
— Знішчэнне Tut.by — гэта вялікая страта для грамадства. Увесну 2021 года аўдыторыя сайта з Беларусі складала 3,3 млн унікальных карыстальнікаў у месяц ці 63% ахопу ў краіне. Ні ў адной краіне Ўсходняй Еўропы не было такога паспяховага анлайн выдання. Улады не проста знішчылі медыя, усе матэрыялы прызнаны экстрэмісцкімі, па сутнасці, заднім чыслом. І сёння любога чытача можна прыцягнуць да адказнасці, калі знайсці ў яго стары рэпост ці лайк.
У Беларусі наўрад ці ёсць чалавек, які б увогуле не меў дачынення да такога буйнога рэсурсу. І гэта нонсэнс для прававой дзяржавы.
Прэса пад прэсам. Наш праект пра рэпрэсіі ад 2020 года
Тры з паловай гады Марына Золатава знаходзіцца ў зняволенні. Суд прыгаварыў яе да 12 гадоў пазбаўлення волі па палітычна матываванай справе. Пакаранне былы галоўрэд найбуйнейшага ў Беларусі анлайн-медыя адбывае ў Гомельскай калоніі, умовы ў якой былыя зняволеныя называюць катавальнымі.
Пераклад на беларускую мову Прэс-клуба
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт