«Нас вучылі, што мы – салдаты партыі. А мы зразумелі, што мы – чацвёртая ўлада!» Гісторыя Аляксандра Класкоўскага

Дзе і як фармуецца журналіст? Ці існуе сёння пераемнасць пакаленняў? Пра свой досвед у прафесіі і пра неверагодны асабісты бацькоўска-рэдактарскі вопыт – расказвае Аляксандр Класкоўскі, палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк».

«Нас вучылі, што мы – салдаты партыі. А мы зразумелі, што мы – чацвёртая ўлада!» Гісторыя Аляксандра Класкоўскага

Як фармаваліся журналісты ў савецкі час, і што адбываецца з прафесійнай адукацыяй зараз? Запыталіся ў журналіста трывалай закалкі. Аляксандр Класкоўскі ў беларускай журналістыцы вельмі даўно. Ён пабачыў і савецкую сістэму, і пастсавецкія часы, і дэмакратычны пачатак у 90-х, і стаў сведкам рэпрэсій. Скончыў журфак БДУ, працаваў у газетах «Рабочая Смена», «Знамя Юности», у агенцтве БелаПАН, распрацоўваў і ўзначальваў Naviny.by. Выкладаў журналістыку ў ЕГУ, а зараз працуе як палітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк». А яшчэ Аляксандр расказаў пра асабістае: як дзеці рабілі хатнюю сценгазету, і як такі «трэнінг» і асабісты прыклад бацькі, захопленнага працай, прывёў дачку Вольгу ў журналістыку.

Кратко

  • Праз схаластыку і савецкую сістэму 
  • Як маладыя і дзёрзкія ламалі шаблоны
  • Фігура Алеся Ліпая і фармаванне БелаПАН
  • Дзе і як вучыцца сёння журналістыцы
  • Як журналісты фармаваліся ў рэдакцыях  
  • Гадаванне журналістаў у сям’і Класкоўскага: сценгазеты і фельетоны
  • Што рабіць маладым журналістам
Аляксандр Класкоўскі
Аляксандр Класкоўскіпалітычны аналітык інфармацыйнага агенцтва «Позірк»

– Як класік гаварыў: «Прервалась связь времён». 2020-ы год, масавая эміграцыя, выцісканне незалежнай журналістыкі з краіны – усё гэта прывяло да апакаліптычных наступстваў. Проста дзіва, феномен, што беларускія медыя ў эміграцыі ўсё ж жывуць, трымаюць марку, захоўваюць уплыў – і для аўдыторыі ўнутры краіны, хоць гэта няпроста даецца праз перашкоды, якія ставіць рэжым, праз запалоханасць грамадства.

Новыя выклікі вельмі перафарматавалі працу. Пачынаючы ад амаль суцэльнай ананімнасці, адарванасці ад крыніц унутры краіны, фінансавых праблем – да побытавых праблем за мяжой. Усё гэта страшэнна абцяжарыла працу.

Аляксандр Класкоўскі

Малады Аляксандр Класкоўскі рэдактар «Рабочей Смены». 1986 год. Фота: архіў Аляксандра Класкоўскага

Раней прафесійныя журналісты былі людзі асаблівай касты. Трэба было працаваць у рэдакцыі, ці быць нейкім аўтарытэтным пазаштатным аўтарам, каб твае тэксты выходзілі. Гэта была складаная тэхналогія. Я заспеў эпоху, калі на лінатыпах у метале набіраліся радкі твайго артыкула. Гэта быў такі індустрыяльны працэс. А цяпер любы дурань, груба кажучы, сядае за клавіатуру, ляп-ляп-ляп і ён выходзіць тэарэтычна на ўвесь белы свет – у Facebook, у іншай сацсетцы.

І гэта размывае мяжу паміж прафесійнай журналістыкай і проста аматарствам. Кожны аматар мяркуе, што ён геніяльны.

Гэтыя шырокія магчымасці інтэрнэту граюць злы жарт. Таму што плюралізм – добра, а з іншага боку прафесійная журналістыка змешваецца з нейкай крыклівасцю дылетантаў.

Другая праблема – беларускія незалежныя журналісты апынуліся ў экстрэмальных умовах, калі яны загнаны ў такую сітуацыю – гэта абвастрае пачуцці, эмоцыі. Але трэба адрозніваць сваю непрыязнасць ці нават нянавісць да рэжыму – і прафесійную задачу. Ультрарэвалюцыйная фразеалогія ўжо не коціць. Відавочна, што залішні пафас раздражняе людзей, асабліва ўнутры Беларусі, таму што 2020-ы год, які б ён ні быў, гэта ўжо мінулае. Трэба думаць пра будучыню.

Праз схаластыку і савецкую сістэму 

– Калі я згадваю сваё прафесійнае станаўленне – гэта было ў такія застойныя савецкія часы. Але я б не перакрэсліваў той перыяд, таму што, з аднаго боку, на журфаку было шмат схаластыкі, ідэалогіі, як і цяпер, на жаль. Гісторыя паўтараецца ў выглядзе фарсу. Тады была савецкая сістэма, але я зразумеў, што ад гэтай дагматыкі я шмат не вазьму.

Іншая рэч, што мова, літаратура добра выкладаліся і гэта быў добры падмурак для мяне.

Я пайшоў супрацоўнічаць з газетай «Знамя Юности» і яна мне шмат дала, таму што моладзевым выданням у савецкі час дазвалялася шмат. А «Знамя Юности» была такім флагманам на ўсім постсавецкім абсягу. Вось гэты смак працы са словам, вось гэты кайф ад прыдумлення добрых метафарычных загалоўкаў у мяне з тых часоў. Таму я ўдзячны той школе.

Калі параўноўваць з сённяшнім днём, мне здаецца, што гэта гонка, каб хутчэй, чым нейкі канкуруючы сайт, нешта выдаць, гэта хуткае ляпанне па клавішах вядзе да стандартызацыі.

У пэўнай ступені страчана традыцыя літаратурнай шліфоўкі тэксту. Многія тэксты не адрозніш – ці гэта напісаў чалавек, ці штучны інтэлект.

Гэта мне здаецца праблема — стандартызацыя стылю сучаснай журналістыкі.

Як маладыя і дзёрзкія ламалі шаблоны

– Перабудова на нас звалілася нечакана, як нейкая снежная лавіна ці, можа, як падарунак з неба. Хто думаў, што Гарбачоў раскруціць вось такі працэс?

Ведаеце, нас вучылі на журфаку, што журналісты – гэта салдаты партыі і ўсё такое. А тут мы зразумелі, што мы – чацвёртая ўлада.

Я памятаю, прыйшоў я ў «Знамя Юности» практыкантам, а ў часы перабудовы быў галоўным рэдактарам. І тады ўдалося сабраць такую маладую дзёрзкую каманду. Гэта цяпер вядомыя персоны: Віталь Цыганкоў, здаецца, яшчэ студэнтам быў, Алег Груздзіловіч, Алесь Ліпай.

Мы ламалі гэтыя шаблоны, адчувалі, што наменклатура Беларусі – тагачасны камуністычны рэжым, вярхушка – яны ўжо пабойваліся. Хаця ў Беларусі была вельмі кансерватыўная наменклатура, «Вандэя перабудовы», як тады напісаў Алесь Адамовіч.

І калі мне званілі із ЦК КПБ, пачыналі сварыцца і казалі, што надта дзёрзкі матэрыял, я казаў: «Дык Міхаіл Сяргеевіч сказаў, што галоснасць, свежы вецер, усё такое». Карацей, прыкідваўся шлангам.

Цэнзура называлася Галоўліт. Галоўліт гэты пабойваўся здымаць нейкія матэрыялы з паласы.

А праблема была ў тым, што некаторым журналістам трошкі закружыла галаву гэтая новая роля, яны пачалі сябе такімі месіямі адчуваць. І я спачатку заахвочваў аўтарскія калонкі. Потым убачыў, што ўся газета ператвараецца ў набор аўтарскіх калонак. Толькі суб’ектыўныя меркаванні, толькі барыкадная журналістыка.

Вось, нібыта, ёсць маё меркаванне правільнае і ёсць нейкія рэтраграды, ворагі, якія замінаюць прагрэсу, перабудове, дэмакратыі і г.д. То бок суб’ектывізм пачаў зашкаліваць. І я пастараўся перайначыць акцэнты ў рэжысуры газетных нумароў, каб больш было інфармацыйнай журналістыкі, каб болей было рэпартажаў. Мы паступова гэты перакос пастараліся выпраўляць.

Яшчэ было некалькі гадоў напачатку 90-х маладой незалежнай Беларусі, калі захоўвалася адносная вольніца для журналістаў. Але з прыходам Лукашэнкі ўсё рэзка і хутка змянілася.

Фігура Алеся Ліпая і фармаванне БелаПАН

– Калі пачалася гэта лукашэнкаўская эпоха і ўжо стала ў дзяржаўнай прэсе немагчыма працаваць, Алесь Ліпай, заснавальнік незалежнага інфармагенцтва БелаПАН, запрасіў мяне ў першую чаргу на працу.

Алесь Ліпай заснаваў БелаПАН на пачатку дзевяностых, калі панавала барыкадная журналістыка. Ён глядзеў наперад, зразумеў, што гэтага [аб’ектыўнай журналістыкі] не стае. Што патрэбна праца па канонах сусветных агенцтваў. Мы арыентаваліся на Reuters, на Associated Press, якія падаюць факты як ёсць, робяць моцны фактчэкінг і стараюцца не падпадаць пад ідэалагічныя ўплывы.

Сёння можна пачуць крытыку: «Чаму вы выбары называеце выбарамі?»

Ну, а калі гэта інфармацыйная заметка, то Reuters нават у Паўночнай Карэі не піша, што адбываецца чарговы фарс дыктатара Кім Чэн Іна. Проста ў бэкграўндзе заметкі будзе распавядацца, што ў краіне пануе таталітарны рэжым і рэальнай канкурэнцыі там няма. Гэта робіцца прафесійна. Расстаўляюць акцэнты – але не за кошт ярлыкоў, не за кошт прапагандысцкіх нейкіх прыёмаў.

Прайшло шмат гадоў, БелаПАН разгромлены, а «Позірк» стараецца працягваць традыцыі. Але крытычна не стае прафесійнай плыні ў журналістыцы, заснаванай на бездакорных стандартах.

Дзе і як вучыцца сёння журналістыцы

– Ва ўсе часы было шмат крытыкаў акадэмічнай адукацыі журналістаў, але я з імі не зусім згодны. Можа які самародак нават без спецыяльнай адукацыі адразу раскрыецца ўсімі гранямі свайго таленту, але я мяркую па сабе. Нават у застойныя часы ўсё ж такі пяць гадоў вучобы ва ўніверсітэце заклалі вялікі падмурак, які і сёння мне дапамагае. Я тады яшчэ быў малады, не жанаты і мог начамі чытаць кнігі. Я тады, можа, прачытаў дзевяноста адсоткаў з усіх за сваё жыццё прачытаных кніг. Таму што потым – сям’я, клопаты, праца і г.д.

Ведаеце, журналіста можна навучыць нейкім прыёмам, можна навучыць даваць крыклівыя загалоўкі, але глыбіні не будзе.

YouTube – пляцоўка, дзе шырока прысутнічае незалежная журналістыка, але мяне, як прафесіянала, карабаціць ад крыклівых загалоўкаў. Я недзе даю інтэрв’ю, потым выходзіць гэта з загалоўкам кшталту «Класковский размазал диктатора по стенке». Хаця я з усіх бакоў аналізаваў праблему, не было ў маім каментары нейкіх крыклівых лозунгаў.

Я разумею, што людзі, якія займаюцца прамоцыяй кантэнту, мусяць проста гуляць па гэтых правілах: хто гучней крыкне, хто болей хвосткі дасць загаловак. Так, загаловак не павінен быць сумным. Але трэба і тут захоўваць карэктнасць, адпавядаць зместу і не ўлягаць у гэты трэнд – хто крыкне гучней.

Аляксандр Класкоўскі

На занятках у Еўрапейскім Гуманітарным Універсітэце. Фота: архіў Аляксандра Класкоўскага

Я згодны з тым, што за часамі Лукашэнкі вышэйшая адукацыя, асабліва калі казаць пра гуманітарны кірунак, вельмі дэградавала. Сёння цяжка называць журналістамі тых людзей, якім выдаюць дыпломы, якія потым працуюць у дзяржаўнай прэсе. Лукашэнка кажа, што прапаганда — гэта добра, што не трэба гэтага саромецца, самых адыёзных, адмарожаных прапагандыстаў узнагароджвае і заахвочвае іх імпэт.

Што ўнутры Беларусі ў прафесійным плане – гэта катастрофа проста. І нават тыя недзяржаўныя выданні, якія там засталіся, баяцца кранаць нейкія вострыя тэмы.

Сёння моладзі можна і ў той жа Польшчы і ў іншых краінах вучыцца, дзе ёсць нейкія факультэты, спецыялізацыя журналісцкая. Я думаю, там дастаткова прасунутая сучасная адукацыя. Так што я б раіў гэтым ня грэбаваць, калі ёсць магчымасць.

Як журналісты фармаваліся ў рэдакцыях  

Да дваццатага года БАЖ легальна працаваў у краіне і праводзіў вялікую колькасць трэнінгаў, курсаў. Я выступаў як выкладчык, вядоўца майстар-класаў. Сярод маіх слухачоў былі тады яшчэ зусім малады Арцём Шрайбман, сёння зорка беларускай палітычнай журналістыкі і паліталогіі, і Вадзім Мажэйка.

Аляксандр Класкощски

На майстар-класе БАЖ. Фота: архіў Аляксандра Класкоўскага

У рэгіёнах былі моцныя рэдакцыі незалежных СМІ. У Горадні – цэлы букет медыяў і добрая журналісцкая школа. Тады былі болей камфортныя ўмовы, каб гадаваць журналістаў са школьнікаў, са старшакласнікаў, паступова, па прыступках весці да вяршынь прафесійнага майстэрства.

Цяпер у эміграцыі такой раскошы няма. Рэдакцыі стараюцца браць чалавека, які, болей-меней наблатыкаўся і мае нейкую рэпутацыю, паколькі цяжка з фінансамі, штат малы, а нагрузка вялікая.

Але гэта адсякае момант падрыхтоўкі. Чалавек, які прыйшоў, такі і прыйшоў. Ён на сваім узроўні будзе нешта рабіць, але прагрэсу няма.

І адсякаецца плынь тых людзей таленавітых, якія маглі б у іншых умовах паступова кшталтаваць свой талент і набываць прафесійнае майстэрства. Гэта вострая праблема.

Гадаванне журналістаў у сям’і Класкоўскага: сценгазеты і фельетоны

Канешне, мае дзеці назіралі тое, як праца разгортвалася на іх вачах, таму што я і дома працаваў. Увогуле, я гарэў сваёй справай. Не хачу там нейкіх слоў палымяных казаць, але яны бачылі гэтую захопленасць.

Вольга і Саша, канец 80-х. Фота: архіў Аляксандра Класкоўскага

Потым у выглядзе гульні я ім прапаноўваў: «Давайце сваю хатнюю газету выпускаць». Яны самі рабілі газету, фатаграфіі, нейкія заметкі. І я так у гульнявой манеры казаў, што тут трэба паправіць, тут трэба іначай падаць. Карацей кажучы, такі нязмушаны трэнінг.

У хатняй газеце пісалі, што схадзілі ў парк, схадзілі ў цырк – вось тата нас туды звадзіў, малайчына, усё такое. Момант услаўлення правадыра (смяецца).

Крытыцы вучыў іх трохі. Вось нехта посуд не памыў, значыць, трэба фельетон напісаць.

Я не ставіў задачы, каб яны пайшлі маім шляхам. Гэта яны ўжо самастойна вырашалі. Але я бачыў, што асабліва Вольга цікавіцца мовай. Яе проста зацікавіла гэта прафесія. Яна яшчэ студэнткай завочна вучылася на журфаку і пайшла працаваць у “Народную Волю”.

Калі Вольга выйшла з турмы і эмігравала ў Швейцарыю, у яе быў выбар і была дылема: ўлягаць у актывізм ці ісці прафесійным шляхам.

І я скажу шчыра, што я ёй параіў ісці прафесійным журналісцкім шляхам. Таму што, я пераконваюся, калі чалавек сядзіць на дваіх крэслах і хоча быць і журналістам, і палітычным актывістам, – гэта будзе дэфармаваць ягоную творчасць. Усё адно актывізм будзе скажаць сістэму арыенціраў і акцэнты ў матэрыяле. Вольга, я думаю, даволі шмат чаго дамаглася.

Напачатку ў канцэптуальных рэчах яна раілася. Я падказваў як пабудаваць матэрыял, якую думку закласці. Таму што, акрамя ўсяго іншага, сапраўдная журналістыка – гэта пульсаванне думкі, а не проста механічная фіксацыя нейкіх фактаў і падзей. Плюс стыль таксама.

Яна фактычна напісала цэлы цыкл і была перспектыва кнігу зрабіць яе турэмных дзённікаў. Яна стала пераможцай прэміі Аляхновіча (Вольга Класкоўская стала пераможцай прэміі Францішка Аляхновіча 2023 года за найлепшы твор, напісаны аўтарам, які быў зняволены – прым.).

Што рабіць маладым журналістам

– Глядзець і чытаць можна і трэба як мага болей. Але проста трэба ўмець аддзяляць зярняты ад шалупіння, калі казаць коратка. То бок арыентавацца ў крыніцах інфармацыі і памятаць, што каноны прафесіі застаюцца нязменнымі. І што на форс-мажор, на змаганне з рэжымам, на экстрэмальныя ўмовы нельга спісваць такі халтурны ці барыкадны падыход.

 

На Радыё Свабодзе. Фота: svaboda.org (RFE/RL). Архіў Аляксандра Класкоўскага.

Не варта залазіць у акопы інфармацыйнай вайны. Таму што не мала ахвотнікаў зацягнуць нас у гэтыя акопы, і ўсё гэта прыкрываецца святымі нейкімі ідэаламі, высокімі прынцыпамі.

Але трэба разумець, што наша прафесія самадастатковая і гэта асобнае рамяство і асобнае амплуа. У яго ёсць нейкія прыёмы, свае метады і свая этыка. І свая місія.

Прэс-клуб Беларусь

Падзяліцца:

Пресс-клуб Беларусь

22 студзеня 2025 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухня«Нас вучылі, што мы – салдаты партыі. А мы зразумелі, што мы – чацвёртая ўлада!» Гісторыя Аляксандра Класкоўскага

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць