Крыху больш, чым праз год пасля арышту, супраць Вольгі завялі яшчэ адну крымінальную справу – ужо за «абразу прадстаўніка ўлады ў каментары ў інтэрнэце». За гэта суддзя Марыя Аліферук прысудзіла ёй паўтара гады хатняй хіміі. Праз складанне тэрмінаў Вользе фактычна дадалі шэсць месяцаў калоніі да першага тэрміну.
Пасля вызвалення Вольга Класкоўская з’ехала ў Швейцарыю, дзе зараз жыве, працуе і аднаўляе здароўе пасля калоніі. Яна распавяла праекту «Прэса пад прэсам» пра свой турэмны досвед, інфармацыйную блакаду за кратамі і пра вяртанне ў журналістыку.
Я ведала, што рана ці позна мяне пасадзяць, бо ўдзельнічала шмат у якіх акцыях, малявала графіці, пакідала каментары, абсалютна не хаваючыся. І калі мяне затрымліваў ГУБАЗіК, я адразу зразумела, што гэта надоўга.
Гэта была спантанная акцыя ў кастрычніку 2020 года. Серабранка ў Мінску была дужа актыўная падчас пратэстаў, моцна супрацьстаяла сілавікам, у раённым чаце я адсочвала настроі іншых людзей, сама ўдзельнічала ў акцыях. Удзельнікі той акцыі не ведалі адно аднаго. Мы перакрылі ў Серабранцы рух жывым шчытом. Напярэдадні рабілі тое самае, і ў нас атрымалася спыніць вельмі шмат аўтазакаў: яны захраслі на скрыжаваннях. Вядома, мы прапускалі хуткія дапамогі, былі выпадкі, калі кіроўцы прасілі прапусціць, бо ў іх малое дзіця ў машыне.
Аднойчы пад’ехала хуткая дапамога, і мы сказалі медыкам, каб яны праязжалі, і што мы ўсё зробім, каб яны спакойна паехалі, а яны адказалі, што ў іх не тэрміновая справа, і раз усе стаяць, дык і яны будуць стаяць таксама. І дадалі «Жыве Беларусь».
Пасля апошняй акцыі я вярталася дадому і ўчыніла памылку. Як дасведчаная бунтарка я ведала, што нельга вяртацца дварамі і ісці адной. Але ў той дзень парушыла абодва правілы.
У мяне скончыліся цыгарэты, і па дарозе я проста сустрэла хлопца, які паліў і папрасіла ў яго цыгарэту. Ён не ўдзельнічаў у акцыі – проста ішоў ад сваёй дзяўчыны. На нас наляцелі людзі ў цывільным, хлопца моцна збілі, я крычала, што ён не мае аніякага дачынення да акцыі, ён абсалютна выпадковы. Гэта, вядома, не дапамагло. Потым нас перакідвалі з буса ў бус, збівалі вельмі моцна. У РАУСе хлопца працягвалі збіваць, мяне больш не краналі.
Пазней мяне выклікаў аператыўнік, Антон Саковіч, і пагражаў расстрэлам: паказваў пісталет, казаў станавіцца да сцяны. Мне было блага – галава кружылася, хацелася ванітаваць, я прасіла, каб выклікалі хуткую дапамогу. І тут у памяшканне ўлятаюць людзі з камерай, якія хацелі здымаць так званае «пакаяннае» відэа. Яны «наязжалі» на мяне: як, нібыта, я дакацілася да такога жыцця, што перакрываю дарогі. Я таксама «наехала» на іх, называла злачынцамі. З таго, што яны хацелі ад мяне пачуць, я нічога не сказала. Словы пра злачынцаў прапаганда выразала, і палітвязні, якіх арыштавалі пазней, мне казалі, што сам ролік назвалі маўклівым.
Я не лічу сябе гераіняй і разумею, што проста быў такі збег акалічнасцяў, мне пашанцавала.
Гэта ніякія не «пакаяльныя» відэа, і я думаю, што ўсе людзі з разуменнем ставяцца. Асуджаць чалавека за тое, што ён у палоне і пад катаваннямі агаварыў сябе, гэта, па меншай ступені, некарэктна. Гэта ж звычайна «нарэзка» кадраў. Увогуле, гэта вельмі страшна і вялікая трагедыя людзей, якія трапляюць у рукі карнікаў.
І аператыўніка, і тых, хто здымаў, вельмі раззлавала, што яны не атрымалі тое, што жадалі. Аператыўнік пачаў пагражаць: «Маўчыш? Нічога, як пачнеш пад сябе хадзіць, загаворыш».
Праз нейкі час мне ўсё ж выклікалі «хуткую», і яна мяне забрала ў пятую лякарню. Там дактары дыягнаставалі сатрасенне галаўнога мозгу і закрытую чэрапна-мазгавую траўму. Мяне пакінулі ў лякарні, я была прыкаваная да ложку і ў суправаджэнні канвою. Звычайна ў такой сітуацыі чалавека трымаюць у асобнай палаце, але тады не было такой магчымасці, і таму я была з суседкай. Яе наведвалі родныя, і калі яны хацелі пачаставаць мяне садавінай, міліцыянты крычалі: «Яна падазраецца ў злачынстве! Нельга ёй нічога даваць!».
Потым у лякарню прыехала следчая і з радасцю паведаміла, што я арыштаваная па 342 артыкуле. Яна спыталася, ці буду я даваць паказанні, і я сказала, што мне няма пра што з ёй размаўляць.
Суткі я прабыла ў лякарні, пакуль у палату не ўварваліся людзі ў балаклавах, мяне адтуль літаральна выкралі. Суседка па палаце пачала плакаць і крычаць: «Волечка, яны ж цябе заб’юць! Куды яны цябе забіраюць?». Прыбеглі медыкі, пачалі заступацца за мяне, сварыцца з гэтымі невядомымі ў балаклавах.
Доктар казаў, што не адпускае мяне, што мне трэба заставацца ў стацыянары. Але мяне адтуль усё адно забралі. У эпікрызы, дарэчы, напісалі, што пацыентку забралі з аддзялення супрацоўнікі міліцыі і невядомыя ў балаклавах без згоды дзяжурных дактароў. (Копія эпікрыза ёсць у рэдакцыі – прым.)
Дарэчы, мяне так выкрадалі, што нават не далі медыкам зняць катэтар з маёй рукі, з ім і прывезлі на Акрэсціна. А там нават не ў першы дзень яго знялі. Ужо запаленне пайшло.
Ніякай медычнай дапамогі мне там не аказвалі, сказалі толькі распісацца ў журнале, што няма скаргаў на здароўе. Я адказала, што скаргаў у мяне акурат вельмі шмат.
І што яны ўвогуле не маюць права мяне прыняць, бо я мушу быць у лякарні. Адказ быў: «Не хочаш, як хочаш». А вось калі мяне паспрабавалі ў хуткім часе аддаць на Жодзіна, там адмовіліся прымаць у сувязі з траўмай. Не хацелі браць на сябе адказнасць. І тады мяне вярнулі на Акрэсціна, але праз нейкі час усё ж паспяхова адвезлі ў Жодзіна.
Мне дапамагала тое, што я адчувала маральную перавагу адносна следчых, канваіраў і ўсіх гэтых супрацоўнікаў сістэмы. Для мяне яны як служкі, я звысок на іх глядзела. Заўжды памятала, што ў фінале праўда пераможа, і што тыя, у каго нада мной была ўлада – гэта маргінальныя персанажы.
За час адсідкі я прайшла праз пяць СІЗА. І калі казаць пра самы пачатак, дык мяне адразу размясцілі ў, можна сказаць, «прэс-хату». Я была ў падвальнай камеры адна. Там было вільготна, на падлозе былі лужыны, мяне не вадзілі ў душ і на шпацыр. Нейкі час нават ніхто не заходзіў у камеру – супрацоўнікі толькі назіралі праз вочка.
А аднойчы падышоў супрацоўнік, і я інтуітыўна адчула, што можна неяк паразмаўляць. Я спыталася: «А што гэта ўсё значыць? Гэта ж не карцэр. Чаму такая суцэльная ізаляцыя?». Паводле ягоных словаў, мяне прывёз нейкі адмысловы канвой, які сказаў ім, што ў мяне кавід. Але ніякага кавіду ў мяне не было, яны гэта проста прыдумалі.
Праз холад і вільгаць я хутка захварэла, і ў мяне адкрыўся матачны крывацёк, які праяўляўся потым увесь час майго знаходжання за кратамі.
Хутка да мяне ўжо закінулі кабету, арыштаваную за трэцяе забойства, і ў яе была пазнака «асабліва небяспечны рэцыдыў». Мой 342 артыкул – гэта менш цяжкае злачынства, і па законе мяне нельга было ўтрымліваць разам з тымі, у каго артыкул цяжкі ці асабліва цяжкі.
Было ясна, што гэтую кабету да мяне закінулі з мэтай псіхалагічнага ціску. Яна расказвала мне пра свае забойствы, смяялася… Шкадавала толькі аб тым, што яе арыштавалі, і яна не паспела дапіць гарэлку. Мне было не па сабе. Уначы мне часта бачылася карціна, што я засну, а яна будзе душыць мяне падушкай. Гэта стала навязлівай думкай, якая мяне пераследвала.
Дзён праз 10-15 мяне перавялі ў звычайную камеру, але там не было для мяне месца: усе шконкі былі занятыя. Я спытала ў супрацоўніка, дзе мне спаць, ён сказаў, што магу спаць на лаўцы.
Першай палітвязынкай, з якой я там пазнаёмілася, была Маша Бабовіч, якую арыштавалі за надпіс «Не забудзем» побач з мемарыялам на месцы забойства Аляксандра Тарайкоўскага. Таксама там была Наташа Раентава, якая нібыта ўкусіла амапаўца. Іншыя людзі сядзелі там па побытавых артыкулах, і яны выдатна да нас ставіліся. Мы ўсе сябравалі, падтрымлівалі адна адну, распавядалі розныя гісторыі, гулялі ў турэмныя гульні і шмат жартавалі.
На Валадарцы я была ў адной камеры з Вікторыяй Кульшай – мы разам ваявалі з адміністрацыяй, ладзілі галадоўкі і іншае. А ў камеры насупраць была Наталля Хершэ. І бывала так, што адначасова адкрывалі кармушкі, і мы нават перагаворваліся. І аднойчы Наташа паказала плакат са словамі «мы абвясцілі галадоўку, тры чалавекі, з-за лістоў». І мы з Вікай сказалі, што далучаемся. Так вось там камунікавалі і адна адну падтрымлівалі.
Турэмнікі і ў СІЗА, і ў калоніі ведалі, што я журналістка, ведалі акалічнасці справы і маю біяграфію. Каб рэзка негатыўна да мяне ставіліся, дык такога не было. Але яны тролілі: «Ну што, польскія лялькаводы добра заплацілі?», «Ну так, добра хлусіць за польскія грошы», «А потым, калі выйдзеш, усё пра нас напішаш? Ты толькі не хлусі!».
Журналісцкі досвед за кратамі вельмі дапамагаў. Як чалавек творчы, запамінала дэталі і дробязі. Бадай, з моманту арышту я ведала, што напішу пра гэта, і таму запамінала прозвішчы і патрабавала ад большасці супрацоўнікаў, каб яны прадстаўляліся. Потым я ўсё апісала ў сваіх «турэмных дзённіках» – там і дэанон супрацоўнікаў, і дакуменаванне злачынстваў, і пакутлівы досвед палітвязняў, якія прасілі мяне гэта апісаць.
Інфармацыйны голад у зняволенні – гэта вельмі цяжка. Гэта катаванне, якое выклікала вялікія пакуты. Ты дэзарыентаваная, а турэмнікі на фоне гэтага інфармацыйнага голаду стваралі безліч міфаў і распаўсюджвалі іх. А калі ў цябе няма другога боку, табе няма дзе спраўдзіць інфармацыю, ты ў нейкі момант пачынаеш задумвацца: «Бляха, а можа, гэта праўда?».
Брак інфармацыі выбіваў з каляіны на працягу ўсёй адсідкі. Інфармацыя ў нас там была вельмі ўрыўкамі.
Падчас званкоў з роднымі побач з табой сядзіць аператыўнік, а калі гэта відэазванок, дык увогуле нічога не скажаш, бо палітвязні мусілі размаўляць без навушнікаў.
Аднойчы тата падчас відэазванка сказаў, што сітуацыя змрочная, аператыўнік адразу адрэагаваў: «Вольга Аляксандраўна, размаўляем толькі пра надвор’е. У маіх словах усё зразумела? Інакш я зараз спыню відэазванок».
Спачатку ў СІЗА яшчэ аддавалі незалежныя выданні – быў «Новы час» і «Беларусы і рынак». Першы час лісты добра прыходзілі – было ўражанне, што аддавалі ўсё. І лісты былі не толькі з Беларусі – з Галандыі, Канады, Польшчы, Нямеччыны. А пасля пакрысе пачалі абрубаць і абрубаць. І недзе ў лютым 2022 годзе абрубілі амаль ўсё цалкам. Засталіся толькі лісты ад блізкіх родных, і таксама не ўсе.
Яўгенія Доўгая пра палітвязынак, расчараванне і свой досвед: «Журналістыка – гэта не місія»
Часам у калоніі рабілі такія пастановачныя рэчы… Яны рабілі выгляд, што не крадуць нашыя лісты, а што проста некаторыя лісты не праходзяць цэнзуру. Гэта быў маскарад для розных праверак. Ясна, што там рука руку мые, але ўсё роўна яны хацелі ў праверках адлюстраваць, што нашыя лісты не проста выкрадаюцца, а што ў іх напісана штосьці недапушчальнае, і яны не праходзяць цэнзуру.
Мяне аднойчы выклікаюць і паведамляюць, што ім трэба знішчыць ліст, які мне прыйшоў, бо ў яго «цынічны характар». Аказалася, што ліст быў ад Наталлі Хершэ. Яе першы ліст прарваўся, а гэты мне ўжо не аддалі. Я стала смяяцца і спытала, што такога цынічнага напісала Наталля – няўжо, як добра ў Швейцарыі і як кепска ў Беларусі.
Вызвалілася ў снежні 2022, і ў лютым 2023 уцякла ў Швейцарыю. Вядома, што ў Беларусі я не магла вяртацца да працы. Да мяне адразу пасля вызвалення прыехаў ГУБАЗіК і стаў казаць, каб я нідзе «не адсвечвала», бо інакш вярнуся «туды, адкуль прыехала». Я і без ГУБАЗіКа разумела – небяспечна не толькі пісаць тэксты, але таксама даваць інтэрв’ю і ўвогуле рабіць нейкія публічныя каментары.
Але адно інтэрв’ю я ўсё ж дала – «Вясне». Мне так было маральна цяжка! Бо столькі сведчанняў, столькі фактуры, столькі дэталяў, плюс палітвязынкі, якія прасілі ўсё гэта агучыць… Сядзець, зашыўшы сабе рот, было вельмі балюча.
Тое інтэрв’ю выйшла ананімна, але пры жаданні можна было вылічыць, што гэта я. Па стылі, па дэталях, розных акалічнасцях… Але я калі дала гэтае інтэрв’ю, у мяне такая палёгка ўзнікла! Хоць я і чакала, што могуць за мной зноўку прыйсці.
А месяцы праз паўтары пасля пераезду ў Швейцарыю я, можна сказаць, выйшла ў публічную плоскасць. Пачала даваць інтэрв’ю калегам і апавядаць пра свой досвед. І пачала пісаць – вярнулася ў журналістыку.
Мой першы тэкст называўся «Праз сваволю рэжыму беларускаму футболу паказваюць чырвоную картку». Каля штаб-кватэры УЕФА ладзілі акцыю пратэсту, каб беларускіх футбалістаў не дапускалі да сур’ёзных спаборніцтваў. У мяне яшчэ не было кампутара, я пісала ўсё з тэлефона і дужа хвалявалася, як усё будзе, ці не згубіла я форму.
Увогуле, я прыглядалася, з якой рэдакцыяй я хацела б пачаць супрацоўніцтва. Я вельмі люблю ўсе беларускія рэдакцыі, але «Новы час» – гэта для мяне нешта асаблівае, і ў мяне да яго вялікі сантымент. Гэта выданне, якое палітвязням доўгі час аддавалі за кратамі, і гэта беларускамоўнае выданне.
Нічога не маю супраць рэдакцый, якія працуюць па-руску, але мне асабіста прасцей фармуляваць свае думкі і пісаць менавіта па-беларуску. І я добра ведала людзей, якія там працуюць. Карацей, склаліся ўсе чыннікі, і я вырашыла, што хачу працаваць менавіта там. І я ні разу не пашкадавала. У нас такі цудоўны калектыў!
Мяне, бывае, дагэтуль часам накрывае, я яшчэ аднаўляюся, бо чалавек выходзіць з-за кратаў скалечаны фізічна і псіхічна.
І бывае, што я сядаю за кампутар і проста гляжу ў пусты манітор, хоць вельмі хачу напісаць тэкст, у мяне ёсць фактура, усё ёсць. Я проста рэдакцыі кажу: «Сябры, даруйце, я не здолею ў бліжэйшыя дні напісаць артыкул». І я столькі разумення атрымліваю! Ніхто не папракае, не падганяе, а наадварот – кажуць, каб я сябе берагла. Такое стаўленне дапамагае мне хутчэй аднаўляцца псіхалагічна.
Таксама я час ад часу пішу для БАЖ і для швейцарцаў. Гэта таксама журналісцкая праца, але яна не публікуецца. Гэта трошкі іншыя рэчы – я супрацоўнічаю са швейцарскімі праваабаронцамі, палітыкамі, рознымі арганізацыямі.
Я пачынала тут усё з нуля, а цяпер маю цудоўнае кола знаёмстваў, апублікавала больш за 20 частак свайго «турэмнага дзённіка», атрымала прэмію Аляхновіча, вяду свой тэлеграм-канал, чакаю выхаду «турэмных дзённікаў» у выглядзе кнігі. Калі аднаўлюся лепей, буду яшчэ больш рабіць – я ўжо адчула гэтую маральную асалоду, гэтае задавальненне ад працы.
Условия перепечатки
Мы разрешаем полную или частичную перепечатку наших материалов.
Обязательна активная прямая гиперссылка на страницу-оригинал публикации. Эта ссылка должна размещаться в начале перепечатанного материала, в лиде или первом абзаце.
При перепечатке, полной либо частичной, запрещены любые изменения текстов, заголовков, фотографий (если они авторские).
При перепечатке материалов проекта «Пресса под прессом» мы просим указать, что этот материал взят из проекта Press Club Belarus «Пресса под прессом», где мы собираем свидетельства репрессий против независимых медиа и журналистов в Беларуси.