Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
У беларускім выдавецтве «Тэхналогія» выйшла кніга «Пра сланоў і барсучкоў», куды ўвайшлі 65 дзіцячых вершаў аўтарства палітзняволенага журналіста, кіраўніка аддзела рэкламы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэя Скурко.
Кожная старонка суправаджаецца тэматычнымі дзіцячымі ілюстрацыямі. Цікавае дапаўненне — QR-код у канцы кнігі, па якім можна паглядзець мультфільмы на вершыкі на YouTube-канале «Бэйбус».
— «Пра сланоў і барсучкоў» утрымлівае 65 вершыкаў, якія Андрэй стаў пісаць пару год таму, на патрэбу дзіцячага часопіса «Дуду». А пасля працягнуў пісаць для нашага сыночка, каб захоўваць сувязь з ім на адлегласці… Калі вершаў стала шмат, зрабілася ясна, што назбіралася ўжо цэлая кніжачка. Яго вершыкі сапраўды класныя: адначасова мілыя, добрыя і вясёлыя. Хто ведае Андрэя, ведае, што ён вясёлы, з фантастычным пачуццём гумару, і тут яму ўдалося прыстасаваць свой гумар для дзяцей. А сюжэты часта падказваем Андрэю мы — такі ў нас інтэрактыў, — распавядае жонка Андрэя Скурко Паўліна.
Па словах Паўліны, Андрэю вядома, што кніжка пабачыла свет, і яго гэта вельмі падтрымлівае ў няволі.
— Вершы Андрэя Скурко — скарб для дзіцячай літаратуры, бо налітыя любоўю і ўвагай да малых. Беларуская мова ў гэтых вершах — жывая і натуральная, бо пісаў іх чалавек, які думае па-беларуску і на гэтай жа мове гаворыць са сваім дзіцём, — каментуюць у выдавецтве «Тэхналогія».
Кіраўнік Беларускай Рады культуры Сяргей Будкін падкрэслівае, што выданне такой кнігі зараз — асаблівая падзея, і зборнік варты таго, каб быць у кожнай беларускай сям’і:
— Упэўнены, што ў будучыні кніга вершаў Андрэя Скурко стане класікаю беларускай дзіцячай літаратуры. Яна напісаная з вялікай любоўю цудоўнай беларускай мовай. Гэтыя вершы лёгка чытаюцца і запамінаюцца. Простымі словамі Андрэй піша пра самае галоўнае.
Набыць кнігу можна самавывазам у Мінску, а таксама з дастаўкай праз пошту па Беларусі і за мяжу.
Прэс-клуб
Ілюстрацыя на галоўнай: выдавецтва «Тэхналогія»
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт