Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Аляксандр Чарнуха, журналіст і аўтар YouTube-канала «Міністэрства сепультуры»:
— Мы зараз знаходзімся на піку чарговай хвалі дыскусій пра тое, ці варта беларусам глядзець Дудзя ці Каца, а беларускім медыям спекуляваць на прозвішчы Лукашэнкі. Звычайна я таксама заклікаю звяртаць увагу на сваё і якаснае, але тут таксама ёсць пэўныя нюансы. Зараз патлумачу.
Спачатку пра медыі і Лукашэнку. Беларускія незалежныя медыі знаходзяцца ў татальнай залежнасці ад фінансавання. На вытворчасць сэнсаў трэба грошы, вялікія грошы. Іх няма. Што застаецца? Спадзявацца, што нехта зробіць гэта за вас, ці трансляваць чужыя сэнсы. Дэфіцыт харызмы ў публічнай прасторы, дэфіцыт якаснага інтэртэйнменту, дэфіцыт унікальных флагманскіх праектаў. Складана сабе ў гэтым прызнацца, але Лукашэнка ці Азаронак нават не ў форме прадукуюць якасны трэш-кантэнт, які выклікае эмоцыі. Яшчэ больш складана прызнацца сабе ў тым, што масаваму гледачу (чытачу, слухачу) не патрэбная інфармацыя. Яму патрэбныя эмоцыі. І лукашэнкі, азаронкі ці іншая трасца выклікаюць гэтых эмоцый куды больш. Яны цалкам адпавядаюць чаканням масавай аўдыторыі, а мы — не.
Адсюль і іншая праблема — масавае пакланенне калектыўнаму расійскаму блогеру. Бо калектыўны расійскі блогер даўно навучыўся якасна працаваць з эмоцыямі. Бо вы ж не глядзіце Дудзя ці Каца, каб даведацца пра нешта новае і цікавае? Не! Вы глядзіце іх як бразільскі серыял. Каб атрымаць ін’екцыю таннага пазітыўчыка ці каб узбудзіць унутранага сноба якасным трэш-кантэнтам. І каб канкураваць за ўвагу гэтага масавага гледача (чытача, слухача), трэба таксама ўмець працаваць з гэтымі эмоцыямі.
Дык вось у чым галоўная праблема. У беларускай медыяпрасторы існуе некалькі сапраўды якасных і цікавых медыяпраектаў (іх можна пералічыць па пальцах адной рукі), у якіх людзі не займаюцца абслугоўваннем свайго суперэга ці дубляжом чужых наратываў, а ствараюць сэнсы і ўтрымліваюць ўвагу аўдыторыі. Гэтага вельмі мала, каб казаць пра самастойную і незалежную медыяпрастору.
Флагманскіх, цікавых, унікальных і эмацыйных праектаў вельмі мала. Сваіх фрыкаў, герояў і антаганістаў вельмі мала. Разумення, як працаваць з масавай аўдыторыяй, вельмі мала. Якаснага інтэртэйнменту амаль няма.
І пакуль так будзе працягвацца, будуць адбывацца вельмі непрыемныя і балючыя працэсы. Праца не на якасную аўдыторыю, а на донараў. Праца не на якасную аўдыторыю, а на смеццевы трафік. Праца не на якасную аўдыторыю, а на наратывы прапаганды. Варта ствараць цікавыя і ўнікальныя праекты, якія будуць канкураваць за ўвагу масавага гледача. А не крычаць, не глядзіце іх, а глядзіце нас.
Перадрук з дазволу аўтара
Дарэчы, пра колькасць навін са згадваннем Лукашенка тыдзень таму размаўлялі на Youtube-канале «Мне тоже не нравится» з Жэняй Сугак галоўная рэдактарка planbmedia.io Вольга Лойко, сузаснавальніца StratComLab Анастасія Касцюгова, галоўны рэдактар Reform.by Фёдар Паўлючэнка. На нашым сайце ёсць канспект выпуска.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт