Пра стомлены Facebook і беларускія навіны. Якія медыя чытае Альгерд Бахарэвіч

«Незалежную беларускую журналістыку і яе аўдыторыю заўсёды злучала адчуваньне агульнай небясьпекі». Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч адказаў нам на пытанні пра медыя, якія ён спажывае, а таксама паразважаў пра разрыў паміж беларусамі, пра навіны і ролю журналістыкі сёння. Аўтарскае напісанне захаванае. А тут вы можаце пачытаць пра ўлюблёныя медыя Святланы Курс.

Пра стомлены Facebook і беларускія навіны. Якія медыя чытае Альгерд Бахарэвіч

Кратко

  • Што чытаеце?
  • Дыстанцыя мае значэнне
  • Пра новыя імёны і рэсурсы
  • Пра сучасныя медыя і культуру ў навінах
  • Настальжі ад Бахарэвіча
  • Незалежныя медыя ўплываюць на тых, хто жыве ў Беларусі?

Што чытаеце?

– Ужо шмат гадоў я чытаю найперш матэрыялы беларускай службы «Радыё Свабода» і Tut.by, зь якога пасьля разгрому ўладамі вырасла цяперашняе «Зеркало». Вядома, часам завітваю і на старонкі іншых незалежных выданьняў, але гэтыя два рэсурсы для мяне асноўныя.

«Радыё Свабода»  для мяне важнае тым, што мае выразна беларусацэнтрычны погляд на падзеі, працуе па-беларуску і на досыць высокім узроўні, не дазваляе сабе жаўцізны і трымаецца клясычнага правапісу, прынцыповым прыхільнікам якога я застаюся.

Ёсьць і іншыя прычыны. З «Радыё Свабода»  мне даводзілася супрацоўнічаць, я меў там некалі цікавыя аўтарскія праекты: «Малая мэдычная энцыкляпэдыя», «Гамбурскі рахунак», «Цуды і дзівосы Беларусі», з гэтых праектаў вырасьлі цэлыя кнігі. На «Радыё Свабода» працавалі і працуюць важныя для мяне людзі, якія стваралі і працягваюць ствараць беларускую моўную, інтэлектуальную, літаратурную прастору. Таму гэта для мяне больш за «Радыё».

Што да «Зеркала», яно дае магчымасьць зірнуць на іншую Беларусь вачыма людзей, якім, магчыма, не настолькі важныя рэчы, цікавыя мне. Бо іхны сьвет адрозьніваецца ад майго, але гэты сьвет існуе, ён досыць вялікі і я мушу ведаць, што яго насельнікі думаюць і як бачаць сябе, краіну і час.

Я цаню намаганьні «Зеркала» зьвяртаць больш увагі на беларускую культуру, яно добра адлюстроўвае той гістарычны, складаны і важны паварот беларусаў да свайго, што адбываецца апошнія гады. На прыкладзе «Зеркала» добра відаць, як зьмяняецца ўспрыманьне «ўмоўна расейскамоўнымі» беларусамі ўласнай ідэнтычнасьці.

Што да іншых рэсурсаў, мне сымпатычны сайт reform.news, ёсьць яшчэ некалькі старонак, куды я зазіраю даволі рэгулярна. Але я лічу, што чытач навін мусіць выпрацоўваць у сабе здаровы кансэрватызм і змагацца з залежнасьцю ад навін. Як і большасьці людзей, мне патрэбныя навіны ў канцэнтраваным выглядзе, бо інакш на іхнае чытаньне сыходзіць занадта шмат часу. Навіны паўсюль тыя самыя – адрозьніваюцца аналітыка, ракурс зроку, голас падачы.

Дыстанцыя мае значэнне

Многія з нас цяпер жывуць не ў Беларусі, нам важна сачыць ня толькі за беларускімі навінамі, але і за тым, што адбываецца ў краінах, дзе мы пасяліліся, разумець, як іхныя мэдыя бачаць нас і сьвет.

Я, напрыклад, ужо чатыры гады жыву ў нямецкамоўных краінах, і было б вялікай памылкай працягваць заставацца выключна ў беларускай мэдыяпрасторы. Інфармацыйна мы існуем на памежжы віртуальнай эўропаарыентаванай Беларусі і заходнеэўрапейскага мэдыйнага поля.

З аднаго боку, гэта дае цудоўную магчымасьць параўноўваць і больш аб’ектыўна глядзець на сьвет, з другога боку – паказвае, наколькі мы самі, на жаль, адарваныя ад гэтага сьвету і сканцэнтраваныя на сабе.

Дыстанцыя мае значэньне – незалежныя мэдыі больш глядзяць на Польшчу, трохі менш на Літву, гэта мэдыі для дыяспараў, яны чэрпаюць матэрыял там, дзе жывуць, але ад нашага Гамбургу ўсё гэта далекавата. Гэта зусім іншыя краіны, з зусім іншым поглядам на сьвет.

Пра новыя імёны і рэсурсы

– Не магу сказаць, што я сачу за новымі рэсурсамі і пэрсонамі. Хутчэй я адкрываю для сябе іхнае існаваньне дзякуючы сацыяльным сеткам – або яны самі прыходзяць да мяне як да публічнай асобы з прапановай зрабіць інтэрвію або па нейкі камэнтар.

Стары добры, хоць апошнім часам даволі пуставаты і стомлены Facebook ды, зь нядаўняга часу, Instagram часам прапануюць мне новыя імёны і пляцоўкі, але я бачу, што жыву ў трохі іншай рэальнасьці, чым журналісты і чытачы новых беларускіх мэдыяў.

Пра сучасныя медыя і культуру ў навінах

– Мне важныя тыя рэсурсы, якія не забываюцца пра культуру і мастацтва. Найперш пра літаратуру. Бо я яе прафэсійны чытач і аўтар. Прыкра, вядома, калі матэрыялам пра розную мітусьлівую пустату кшталту «сьвецкай кронікі» на сайце вядомага выданьня знаходзіцца месца, а для тэкстаў пра новыя кнігі й культурныя падзеі – не. Літаратура і мастацтва – вельмі важная частка беларускага супраціву.

Шкада, што ўсё тое, што робяць беларусы па-за Польшчай, у іншых краінах сьвету, асьвятляецца беларускімі незалежнымі мэдыямі мала і без зацікаўленасьці. Хоць я разумею, што прычына найперш у недахопе сродкаў. Але часам вельмі хочацца нагадаць журналістам, што і ў іншых краінах ёсьць беларускае жыцьцё.

Гісторыя сьведчыць, што кожная рэдакцыя незалежнага мэдыя мае ўсе шанцы зрабіцца асяродкам ня толькі журналісцкім, але і наогул: інтэлектуальным, творчым, палітычным. Цэнтрам ня толькі мэдыйнай, але творчай сілы. Калі яна аб’яднае самых розных таленавітых і сьмелых людзей зь незалежным мысьленьнем.

Сучасныя мэдыя – гэта ж ня толькі журналістыка ў яе традыцыйным разуменьні. І ўжо дакладна не перадрукоўка навін з сацыяльных сетак. Толькі літаратура, мастацтва, культура, філязофія, крытыка надаюць навінам сэнс.

Але, напрыклад, на сёньняшні момант няма ніводнага беларускага сеціўнага часопісу, у якім палітыка і літаратура, аналітыка і навіны, мастацтва, крытыка і вольная рэфлексія стваралі б у няспынным узаемадзеяньні больш-менш поўную беларускую карціну нашага з вамі сьвету. Нават на тым самым «Радыё Свабода» літаратуры апошнім часам паменела, а яно для мяне, як я ўжо сказаў, – асобная і ў нечым асабістая гісторыя.

Настальжі ад Бахарэвіча

– Адразу ўспамінаюцца газэты «Свабода» і віленская «Наша Ніва» пачатку дзевяностых. Тую «НН» я чытаў з захапленьнем. Элітарнае, сур’ёзнае, тонкае выданьне. Легенда. Але гэта было даўно. Калі ўжо казаць пра ўплывы – я добра памятаю розныя гісторыі сваёй уласнай супрацы зь беларускімі мэдыямі.

Былі тэксты, якія я напісаў і якія мелі вялікі розгалас і прыводзілі да сапраўдных скандалаў. Мой тэкст «Цёмнае мінулае Каяна Лупакі» на «Радыё Свабода» прычыніўся некалі да шматмесячнай дыскусіі пра савецкую беларускую літаратуру і, шырэй, наогул пра нашу савецкую спадчыну. Дыскусіі, якая хутка перайшла на крык, з абразамі, паклёпамі, пагрозамі – але дзякуючы гэтаму эсэ людзі выгаварыліся і зазірнулі ў цёмныя каморы мінулага. Ці, напрыклад, тэкст «Ганаровая вешалка», прысьвечаны вышыванкам, на партале «Будзьма» справакаваў вялікую спрэчку пра наш няшчасны нацыяналізм.

Былі брыдкія жоўтыя публікацыі незалежных мэдыяў пра маё прыватнае жыцьцё, гэтага я таксама не забуду і не дарую. Але гэта было ў зусім іншыя часы – калі мы маглі сабе дазволіць дыскутаваць, лаяцца, накідваць на вэнтылятары. Бо дзяржава ня бачыла ў нас наўпроставай пагрозы. Бо мы маглі дазволіць сабе быць рознымі – пакуль нас усіх не паяднала бяда.

І ўсё ж сёньня я з большай удзячнасьцю і цеплынёй успамінаю такія праекты, як, напрыклад, унікальны інтэрнэт-часопіс перакладной літаратуры «ПрайдзіСьвет». У ім публікавалася замежная літаратура ў беларускіх перакладах – і гэта было нешта вельмі жывое, інтэлектуальнае і запатрабаванае. Тое, што ўжо тады стварала зусім новую Беларусь, бо прапаноўвала чытачу іншае разуменьне сябе – празь пераклад вялікіх твораў да асэнсаваньня сябе як эўрапейскай нацыі.

Незалежныя медыя ўплываюць на тых, хто жыве ў Беларусі?

– Мне хацелася б у гэта верыць. І вельмі хацелася б самому атрымаць адказ на пытаньне, наколькі ўплывае праца незалежных мэдыяў за мяжой на тых, хто застаецца ў Беларусі. Ведаеце, незалежную беларускую журналістыку і яе аўдыторыю заўсёды злучала адчуваньне агульнай небясьпекі.

Цяпер, калі адны журналісты ў турмах, а іншыя зьехалі, у небясьпецы знаходзіцца перш за ўсё чытач. І той, які можа трапіць за краты за падпіску або рэпост, і той, хто абірае расейскія мэдыі і тым самым трапляе ў расейскае імпэрскае інфармацыйнае поле.

Разрыў паміж тымі, хто зьехаў, і тымі, хто застаўся, працягвае расьці, гэта непазьбежна. І мы ўсе адчуваем яго на сабе. Мяркую, што ўсё ж вольная журналістыка працягвае даваць людзям у Беларусі незалежную і праўдзівую інфармацыю. Вось толькі што нам усім рабіць з гэтай страшнай праўдай?

Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

4 верасня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняПра стомлены Facebook і беларускія навіны. Якія медыя чытае Альгерд Бахарэвіч

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць