Не «спасибо», а «дзякуй». Беларуская мова з Мікітам Мелказёравым

Гэты тэкст з цыклу #яквучыцьмову – пра беларускую. Шмат хто апошнім часам пераходзіць на родную мову, што вельмі радуе. Пра асабісты досвед пераходу на беларускую нам распавёў Мікіта Мелказёраў.

Не «спасибо», а «дзякуй». Беларуская мова з Мікітам Мелказёравым

Кратко

  • Першыя словы
  • Naviband, ксёндз і беларуская мова
  • Скандал і «Мова нанова»
  • «Ты малайчына, але мы тут з акопу паглядзім»
  • Рэсурсы ад Мікіты Мелказёрава каб палепшыць беларускую

Першыя словы

— Я нарадзіўся ў Расіі, ніякага дачынення да беларускай мовы я не меў, і так разумею, што маці мяне адмыслова аддала ў беларускамоўную групу ў дзіцячым садку. Гэта было як вучыцца плаваць, калі цябе проста кідаюць ў ваду. Памятаю, што я быў такі здаровы дзіцёнак, і я першым даядаў і нёс гэтую талерку нянечцы, а яна пытала: «што трэба сказаць?». Я казаў: «спасибо!». Яна казала «не».

І я доўга чакаў наступнага хлопчыка ці дзяўчынку, каб яны пад’елі, каб пачуць, што яны кажуць «дзякуй». Так я вывучыў маё першае слова.

У сям’і размаўлялі на расійскай мове, а пасля распачалася школа, дзе адукацыя таксама была расейскамоўная. Клас быў з паглыбленым вывучэннем ангельскай мовы – то бок беларускай нічога не спрыяла. Але ў восьмым-дзявятым класе ў нас была замена выкладчыцы па беларускай. І з’явілася была вельмі строгая настаўніца, якая любіла свой прадмет. Я думаю, што база беларускай у мяне заклалася менавіта дзякуючы ёй. Гэта дапамагло, калі пасля трыццаці я захацеў размаўляць па-беларуску.

Naviband, ксёндз і беларуская мова

— Беларусь – яна вельмі разнастайная і кожны жыве ў сваёй бурбалцы. Але хапала людзей, якія былі вельмі мне цікавыя і якія размаўлялі на беларускай мове. Плюс у нейкі момант я пачаў глядзець сацсеткі ўкраінцаў, і яны неслі праз мову Украіну, дзе б яны ні былі. Мова была пераносчыкам іх ідэнтычнасці. Гэта быў вельмі круты для мяне прыклад.

Як журналісты вучаць мовы. Украінская з Алінай Рудзінай

Аднойчы на  інтэрв’ю з ксяндзом Барком я спытаў  – на якой мове ён думае. І ён адказаў: «зразумела, па-беларуску». Я здзівіўся.

Потым лёс нас звёў зноў, мы разам працавалі на працягу трох дзён. Адзін дзень было інтэрв’ю, адзін – перадышка, потым мы сустрэліся на вечарыне ў Naviband. І ўвесь гэты час ён размаўляў на беларускай мове, і ўвогуле навокал было шмат беларускай мовы.

Я пабачыў, як мовай карыстаюцца не толькі на імпрэзах, не толькі ў вузкіх тэмах – пра культуру, гісторыю, палітыку. Аказалася, што можна спакойна размаўляць па-беларуску сярод сяброў.

І я зразумеў, што як інфлюэнсер я магу гэтым карыстацца, магу гэта развіваць, што я сам сабе больш падабаюся па-беларуску.

Скандал і «Мова нанова»

— Я ўваходзіў у беларускую праз скандал. Мы хацелі нейкага інтэрактыву, і сказалі, што калі ў нас на канале і ў маём Instagram набярэцца нейкая колькасць падпісантаў – мы пяройдзем на беларускую. Шмат хто абурыўся, хаця ніякага намеру нікога абурыць у нас не было. Але ў выніку і без гэтых падпісантаў мы зрабілі інтэрв’ю па-беларуску.

Калі мы проста пра гэтую ініцыятыву распавялі, добрыя людзі з «Мова нанова» не сталі мне закідваць чэлесы за каўнер, а звярнуліся з прапановай дапамагчы.

У мяне былі дзве настаўніцы, і мы спрабавалі рабіць кананічныя заняткі з практыкаваннямі і сшыткамі. Але ў выніку я папрасіў, каб яны са мной проста размаўлялі, бо мне было так прасцей.

Потым я знайшоў фільмы ў беларускай агучцы. Паглядзеў, напрыклад, некалькі частак «Таксі», пакуль глядзеў, запісваў нейкія словы, якія мне былі незразумелыя. Зараз я разумею, што там выкарыстоўвалі такую вельмі паглыбленую беларускую лексіку і перакладчыкі хацелі як мага больш цікавых словаў туды засунуць. Безумоўна, я глядзеў Youtube, каб слухаць – як гучыць мова, каб чуць як можна больш беларускіх словаў.

І не трэба забываць пра літаратуру на беларускай, якой зараз дахалерышчы. Калі вам не хочацца Янкі Купалы, то ёсць «Гары Потэр», дарэчы, вельмі класны пераклад. У якасці трэнажора – супер. Я чытаў з задавальненнем.

«Ты малайчына, але мы тут з акопу паглядзім»

— Зразумела, мяне падтрымлівалі. Хаця ў гэтым ёсць некаторая крывадушнасць, калі людзі кажуць: «ой, малайчына, што размаўляеш на беларускай мове», і потым тлумачаць, чаму яны самі не пераходзяць на беларускую. Я паважаю выбар, я разумею, што мова шмат у каго ідзе не першым чынам, што гэта патрабуе часу, каб пераўладкавацца. Я разумею, што кагнітыўная сістэма пакутуе праз гэта, таму што і так галава баліць ад усялякіх праблем, а тут яшчэ трэба думаць пра мову.

Але атрымліваецца: «ты малайчына, што размаўляешь па-беларуску, але мы тут з акопу паглядзім».

Было і стандартнае непрыяццце, у тым ліку і ад вельмі блізкіх мне людзей, наконт таго што «давай нормально говори, не выпендривайся». Было непрыемна і крыўдна. Але я ўдзячны сваім блізкім, што яны гэта ўсе ж прынялі, і зараз на гэта спакойна рэагуюць.

Рэсурсы ад Мікіты Мелказёрава каб палепшыць беларускую

  1.  TikTok Лізы Ветравай;
  2.  Іnstagram zabiziapu;
  3.  TOK з Настай Роўдай;
  4.  Youtube канал «Будзьма Беларусамі!»;
  5. TikTok daroha;
  6.  сайт з беларускімі фільмамі КІНАКІПА.

Прэс-клуб Беларусь

Падзяліцца:

Прэс-клуб Беларусь

16 жніўня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняНе «спасибо», а «дзякуй». Беларуская мова з Мікітам Мелказёравым

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць