Праваабаронцы абралі журналістаў года-2024

Цырымонія ўзнагароджвання пераможцаў Прэміі праваабарончай супольнасці за абарону і прасоўванне правоў чалавека традыцыйна адбываецца 10 снежня, у Міжнародны дзень правоў чалавека.  Журналістка і праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук і  галоўны рэдактар Reform.news Фёдар Паўлючэнка сталі пераможцамі  намінацыі «Журналіст года». Лаўрэатам у намінацыі «Праваабарончая салідарнасць» стаў палітзняволены журналіст Ігар Ільяш.

Праваабаронцы абралі журналістаў года-2024
Скрыншот трансляцыі ў ФБ

На намінацыю «Журналіст года»вылучаюцца журналісты, якія цягам года актыўна і яскрава асвятлялі пытанні правоў чалавека ў Беларусі, альбо чые публікацыі, матэрыялы мелі грамадскі рэзананс альбо аказалі ўплыў на вырашэнне праблем у галіне правоў чалавека.

Дзіяна Пінчук — журналістка і праваабаронца «Вясны», асвятляе рэпрэсіі ў Беларусі, палітычныя суды, гісторыі палітвязняў, піша пра дзейнасць праваабаронцаў робіць матэрыялы для праектаў «Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання» і «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Таксама з’яўляецца ініцыятаркай Дня беларускіх палітвязняў. У Варшаве арганізавала разам з акторамі да Міжнароднага дня супраць катаванняў чытку гісторыяў беларусаў. На цырымоніі яна не прысутнічала, узнагароду прыняла Наста Васільчук.

Reform.news — рэдакцыя, якая асвятляе падзеі ў Беларусі і свеце. У 2024 годзе каманда зладзіла журналісцкае расследаванне пра нямецкага «Цыбульнага караля» і эксплуатацыю ім беларускіх палітвязняў. Як высветлілі журналісты, нямецкі дэпутат Ёрг Дорнаў палітык асабіста правяраў працу палітвязняў. Узнагароду ўручалі галоўнаму рэдактару Фёдару Паўлючэнка.

Лаўрэатам у намінацыі «Праваабарончая салідарнасць» стаў палітзняволены журналіст Ігар Ільяш, муж палітзняволенай журналісткі Кацярыны Андрэевай. Ігар прынцыпова заставаўся ў Беларусі, каб дапамагаць палітзняволенай жонцы. На намінацыю салідарнасці вылучаецца асоба, якая пацярпела ад рэпрэсіяў і ціску сёлета і/ці ў папярэднія гады за сваю дзейнасць па прасоўванні і/ці абароне правоў чалавека ў Беларусі.

Пераможцай у намінацыі «Праваабаронца года-2024» беларускай праваабарончай супольнасці стала Наста Базар.
У намінацыі «Праваабарончая кампанія/ініцыятыва года» перамог Дабрачынны фонд BYSOL.

Праваабарончая прэмія за дасягненні ў галіне правоў чалавека была заснаваная ў 2008 годзе. Першымі лаўрэатамі сталі праваабаронца Барыс Звозскаў, адвакат Тамара Сідарэнка, журналіст Сямён Печанко. За гады з моманту заснавання прэмія пашырылася і сёння ёсць прэміяй, якой беларуская праваабарончая супольнасць штогод адзначае праваабаронцу года, журналіста года, адваката года (да 2015 г.) і ўпершыню ў 2016 г. – праваабарончую кампанію ці ініцыятыву года — за ўнёсак у абарону і прасоўванне правоў чалавека.

Падзяліцца:

Прэс-клуб

10 снежня 2024 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняПраваабаронцы абралі журналістаў года-2024

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць