Праз TikTok ды Instagram. Натхняльныя паблікі для вывучэння беларускай мовы

Беларускі ды беларусы за апошні год стварылі шмат цікавых акаўнтаў у сацыяльных сетках, дзе дзеляцца тэматычнымі слоўнічкамі, расказваюць пра правапіс ці цікавосткі ўжывання тых ці іншых словаў. Прэс-клуб сабраў падборку разнастайных паблікаў на розных платформах.

Праз TikTok ды Instagram. Натхняльныя паблікі для вывучэння беларускай мовы
Фото: Hans / Pixabay.com

Вольная мова

Дзякуючы праекту «Вольная мова» тыя, хто толькі вучыцца гаварыць па-беларуску, маюць шанец паразмаўляць анлайн на абраную тэму з актыўнымі карыстальнікамі беларускай мовы.

Дастаткова абраць тэму на сайце, зарэгістравацца і атрымаць спасылку на Google Meet. Гутаркі праводзяцца ў невялікіх групах, падчас якіх удзельнікі павольна размаўляюць адзін з адным. Гэтая платформа будзе карысная тым, хто хоча зрабіць сваю пасіўную беларускую мову актыўнай ці проста пакуль што саромеецца размаўляць з памылкамі.

Сачыць за праектам можна праз сайт, Instagram і Telegram.

Лёгкая Мова

Старонка для тых, хто хоча палепшыць свой слоўнікавы запас. Аўтары на карцінках паказваюць беларускія словы і даюць пераклад на рускую мову. Таксама можна даведацца пра асаблівасці ўжывання слова, яго тлумачэнне і правілы. Не забыліся і пра прыклады з беларускай літаратуры, амаль як у падручніках. У апісанні аўтары зазначаюць, што гэта «тэрыторыя клясычнага правапісу».

Праект дасяжны на некалькіх пляцоўках: Instagram, Telegram, Facebook.

Мова са Свабодай

Тэлеграм-канал ад «Радыё Свабода», прысвечаны вывучэнню беларускай мовы, сабраў у адным месцы шмат чаго карыснага. Другое жыццё набылі відэа ад Вінцука Вячоркі, у якіх ён расказвае пра моўныя асаблівасці, цікавыя факты пра гісторыю мовы ці іншае. Карыснымі будуць тэматычныя слоўнікі. Да таго ж – спасылкі на артыкулы «Радыё Свабода», дзе ўздымаецца моўнае пытанне ці апублікаваны моўны тэст.

Падпісацца на тэлеграм-канал «Мова са Свабодай» можна тут.

Забі зяпу

Падкаст на беларускай мове вядуць падлеткі Даша і Ўладзь, якія не баяцца пачаць размаўляць па-беларуску. У выпусках яны абмяркоўваюць тэмы асабістых граніц, адносін, талента і іншыя. А ў Instagram расказваюць пра розныя значэнні і адценні словаў, дзеляцца цікавымі фактамі пра мову ці робяць карысныя падборкі для тых, хто пераходзіць на беларускую мову.

Падкаст дасяжны на шматлікіх пляцоўках, а іншыя цікавосткі шукайце ў Instagram ды Telegram.

Ліза Ветрава

Зорка беларускамоўнага TikTok Ліза Ветрава ў сваіх відэа разважае пра жыццё, жартуе, дзеліцца нейкімі парадамі, датычнымі вывучэння мовы: ці новыя словы, ці асаблівасці ўжывання, ці нешта іншае цікавае.

Дзяўчына пачала весці свае сацыяльныя сеткі і размаўляць па-беларуску, каб паказаць, што беларуская мова ёй не перашкаджае, а дапамагае ў паўсядзённасці.

На TikTok больш за 78 тысяч падпісчыкаў. У Instagram пакуль меньш.

Беларуская мова тут і ў сэрцы!

Блог у Instagram будзе карысны тым, хто любіць чытаць беларускія вершы, хоча падвучыць правілы і запомніць новыя словы. На картках і ў апісанні пастоў аўтары разбіраюць памылкі, тлумачаць варыянты ўжывання словаў і паказваюць разнастайнасць беларускай мовы.

Сачыць за блогам можна ў Instagram.

Пакрысе

Блог дыпламаванай філалагіні, якая размаўляе па-беларуску ўжо большую палову жыцця. Раім яго тым, каму цікавыя цытаты беларускіх класікаў, таксама тут знойдзеце парады, што паглядзець і паслухаць з беларускіх фільмаў і музыкі. Апроч гэтага – тэматычныя слоўнікі. Аўтарка падтрымлівае нясмелыя крокі людзей у пераходзе на беларускую мову.

Акрамя Instagram, аўтарка прапануе гульні і тэсты для замацавання ведаў на адукацыйным сэрвісе.

Што яшчэ?

У сацсетках зараз ёсць мноства разнастайных і новых старонак, дзе аўтары імкнуцца прасоўваць беларускую мову. Вось некалькі з такіх невялікіх, але, спадзяемся, перспектыўных праектаў:

  • mova.nasha – тут параяць, што пачытаць з беларускай літаратуры і патлумачаць правапіс.
  • Не Пераблытай! – пра словы, якія здаюцца падобнымі, але маюць розныя сэнсы. З вясёлымі карцінкамі.
  • Коміксы Беларусь – месца адпачынку ад сур’ёзных навінаў і добрага настрою.
  • Прыгожыя беларускія словы – цяжка нешта дадаць да назвы, акрамя таго, што словы даюцца яшчэ беларускай лацінкай і з перакладам на рускую ды ангельскую.
  • Беларускія рэбусы – каб лёгка і весела вучыць беларускія словы і папаўняць слоўнікавы запас.

Прэс-клуб

Пры перадруку абавязкова актыўная спасылка на старонку-арыгінал публікацыі

Фота на галоўнай: Hans / pixabay.com


Вам спадабецца:

Выйшла ў свет кніжка журналіста-палітвязня Андрэя Скурко, прысвечаная яго сыну

Проекты беларусских журналистов от YouTube до Telegram

Падзяліцца:

2 верасня 2022 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМедыякухняПраз TikTok ды Instagram. Натхняльныя паблікі для вывучэння беларускай мовы

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць