Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Як прапанаваць пітч замежнаму медыя, ці перашкаджае працы моўны бар’ер і якія ганарары прапануюць амерыканскія, ірландскія і польскія выданні? На JNET выйшаў артыкул Ксеніі Тарасевіч пра тое, як беларускія і ўкраінскія журналісты супрацоўнічаюць з замежнымі медыямі. Мы пераклалі яго на беларускую мову. А тут вы можаце пачытаць наш тэкст пра фрыланс на замежныя медыя.
У свеце сучаснай журналістыкі межы сціраюцца, а многім журналістам даводзіцца зʼязджаць з дому з-за вайны і рэпрэсій. Журналісты з Беларусі і Украіны Таццяна Рэут, Руслан Шошын, Таццяна Рак і Ганна Любакова доўгі час жывуць за мяжой і супрацоўнічаюць з замежнымі медыя.
Таццяна Рэўт да пераезду працавала ў польска-беларускім медыяпраекце. У Ірландыю разам з мужам яна пераехала ў 2021 годзе. Адной з прычын пераезду была магчымасць займацца любімай прафесіяй на англійскай мове. Яна добра валодае англійскай мовай, а лёгкі акцэнт не перашкаджае ўспрыманню.
Пасля рэлакацыі яна інтэнсіўна шукала працу, адгукалася на розныя вакансіі. У выніку пачала працаваць на адным з двух тэлеканалаў краіны, Virgin Media News, і паўтора года прапрацавала ў рэдакцыі навін. Ёй спатрэбіўся папярэдні досвед працы ў рэдакцыі і навык мантаваць відэа.
Таццяна вельмі ганарыцца сабой: яна адзіная з усіх супрацоўнікаў ірландскага тэлебачання, для каго англійская не родная мова. Летам 2023 года яна прыйшла працаваць на нацыянальны тэлеканал RTE.
Пасля пачатку вайны ва Украіне Таццяна рабіла шмат матэрыялаў аб вайне, брала інтэрв’ю ва ўкраінскіх бежанцаў. Цяпер яна працуе ў аддзеле міжнародных навін.
Падчас вучобы на факультэце журналістыкі Варшаўскага ўніверсітэту Руслан зразумеў: калі ён хоча працаваць журналістам, трэба авалодаць польскай мовай на ўзроўні носьбіта. У Беларусі ён выпускаў краязнаўчы самвыд і пісаў матэрыялы для сайта партыі БНФ, сябрам якой ён быў. Падчас вучобы ў Польшчы Руслан супрацоўнічаў з тэлеканалам Polsat, рабіў дакументальныя фільмы пра польскую меншасць у Беларусі.
У штодзённую газету Rzeczpospolita, якая спецыялізуецца на асвятленні прававых і эканамічных навін, ён прыйшоў больш за 11 гадоў таму. Працуе ў міжнародным аддзеле, піша пра навіны ўсходняга рэгіёна ад Беларусі да Кітая, у прыватнасці, пра пратэсты ў Грузіі і дэмаграфічны крызіс у Беларусі. «У мяне не было часу на раскачку. Я адразу трапіў у штат аднаго з самых прэстыжных выданняў краіны. Працаваў без выходных, дапазна», – расказвае ён.
Таццяна распавядае, што публікавала інфармацыю аб працы ў сваім акаўнце ў LinkedIn. Гэта аказалася добрай стратэгіяй: яе знайшлі менеджэры PAP.
Таццяна пачала супрацоўнічаць з гэтым інфармацыйным агенцтвам у лістападзе 2023 года. Яна піша аналітычныя тэксты пра ўкраінскую палітыку і эканоміку падчас вайны.
Ганна Любакова з 2007 года жыве ў Польшчы, вучылася ў Вялікабрытаніі, працавала ў Бруселі. З канца 2019 года пачала супрацоўнічаць з польскім журналісцкім стартапам Outriders, які, як сказана на сайце, «абʼядноўвае мастацтва і журналістыку, каб растлумачыць глабальныя падзеі і праблемы».
У Outriders Ганна працавала над мультымедыйнымі інтэрактыўнымі рэпартажамі, пісала пра беларускую ініцыятыву «Інклюзіўны барыста», якая стварае працоўныя месцы для людзей з інваліднасцю, пра праскі стартап, які прымае бяздомных людзей на працу ў якасці гідаў.
Калі ў Беларусі пачалася перадвыбарная кампанія і пратэсты, Любакова шмат пісала аб сітуацыі ў краіне, вяла прамыя трансляцыі для сумеснага праекту Outriders і Gazeta Wyborcza. Тады ж яна пачала актыўна весці англамоўны акаўнт у твітары – зараз у яе больш за 140 000 падпісчыкаў. Дзякуючы твітэру да яе звярнуліся прадстаўнікі The Economist і The Washington Post з просьбай напісаць пра Беларусь. Цяпер Любакова – пазаштатная супрацоўніца The Atlantic Council. Яна таксама супрацоўнічае з Thompson Foundation.
Таццяна Рэўт кажа, што з тэхнічнага пункту гледжання праца рэдакцый у Беларусі, Польшчы і Ірландыі даволі падобная. Аднак у Беларусі з-за недэмакратычнага рэжыму на тэлебачанні няма магчымасці выслухаць абодва бакі, а дзяржаўныя органы і чыноўнікі проста не даюць каментары незалежным медыям.
У Ірландыі зусім іншая сітуацыя. Там тэлебачанню давяраюць, і на першы план выходзяць крымінальныя навіны. «Кожнае забойства шакіруе людзей. Суды з Міністэрствам аховы здароўя або працадаўцам – гучныя злачынствы. І ірландскія суды працуюць бездакорна, – гаворыць яна. – Вельмі моцны акцэнт на навінах, якія ўплываюць на штодзённае жыццё, вялікая ўвага надаецца навінам надворʼя».
«Ірландыя – узор дэмакратыі і краіна з вельмі нізкім узроўнем карупцыі. Тут палітыкі імкнуцца трапіць на тэлебачанне, каб падняць свой профіль. Калі бачыш, як працуе дэмакратыя на практыцы, гэта ўражвае», – прызнаецца Таццяна.
Цяпер яна працуе ў аддзеле міжнародных навін, з лютага 2022 года яна падрыхтавала шмат матэрыялаў аб вайне. Веданне мовы і кантэксту дапамаглі знайсці патрэбныя ракурсы і кантакты.
А яшчэ ў Ірландыі шмат слухаюць радыё. Працаваць у флагманскіх перадачах вельмі прэстыжна. Па словах Таццяны, у Ірландыі тэлеканалы нічога не выкладваюць на YouTube, толькі на свае анлайн-плэеры, і глядач павінен паглядзець рэкламу. На яе думку, сацсеткі ў такіх медыя таксама не вельмі развіты.
Па словах Руслана Шошына, для Rzeczpospolita найперш важная актуальнасць тэмы. «Цяпер у прыярытэце навіны з Украіны: там кожны дзень нешта адбываецца, бамбардзіроўкі, гінуць людзі. Пачынаю свой дзень з «Украінскай праўды». Звяртаю ўвагу і на родную Беларусь», – сказаў ён.
Руслан адзначае, што ў Rzeczpospolita вельмі важны фактчэкінг. Таму ён заўсёды пераправярае інфармацыю, асабліва якая прыходзіць з малавядомых крыніц. У Польшчы дзейнічае закон аб абароне персанальных звестак. Калі няма стоадсоткавай упэўненасці, то ён не публікуе прозвішчы ці назвы кампаній.
Ганна Любакова кажа, што ў замежных СМІ ёй даюць шмат свабоды і ставяцца да яе з даверам і вялікай павагай (яна адзначыла, што тое самае можа сказаць і пра беларускія медыя). Ганна піша для замежных медыяў пра Беларусь.
Гаворыць, што Беларусь усё яшчэ terra incognita для многіх заходніх рэдактараў. Ім здаецца, што ў гэтай краіне нічога кардынальна не мяняецца з 2022 года.
Таму яна імкнецца знайсці тэмы, якія былі б актуальныя і для тых краін, дзе будзе апублікаваны кантэнт. Гэта могуць быць, напрыклад, карупцыйныя схемы і расповед пра тое, як іншыя дзяржавы дапамагаюць Лукашэнку абыходзіць санкцыі. Такія тэмы цікавыя замежным медыя.
Перш чым прапанаваць пітч, Таццяна Рак заўсёды вывучае профіль медыя. Калі гэта СМІ шмат піша аб культуры, то будзе недарэчна прапанаваць матэрыял аб эканоміцы Украіны. У пітчах Рак заўсёды дае спасылку на сваё партфоліа ў LinkedIn і тэксты, апублікаваныя ў папулярных і цытаваных выданнях.
Акрамя PAP, яна актыўна прапануе пітчы лайфстайл-выданням у Польшчы і ЗША. Яна хоча пісаць аб самаразвіцці, псіхалогіі адносін і росце цікавасці да нацыянальнай культуры ва Украіне.
Таццяна Рэўт адзначае, што ў Ірландыі на тэлебачанні можна вельмі добра зарабляць. Але трэба быць зоркай са сваёй праграмай ці карэспандэнтам. Іншыя журналісты зарабляюць нашмат менш. «Мне маёй зарплаты хапае. Але калі б я хацела выйсці на іншы фінансавы ўзровень, то было б лягчэй зрабіць гэта ў іншых сферах», – гаворыць яна. Па словах Рэўт, у друкаваных выданнях ёй плацілі па 150 еўра за артыкул.
На думку Руслана Шошына, у Польшчы журналісты ў сярэднім таксама зарабляюць няшмат. Аднак ён кажа, што цяперашняе месца працы дазваляе яму зарабляць дастаткова: «Маё фінансавае становішча непараўнальна з тым, што было 10 гадоў таму, калі я толькі прыйшоў у Rzeczpospolita».
Фрылансерка з вялікім досведам, Ганна Любакова кажа, што ганарары могуць вельмі адрознівацца: «Ёсць медыя, якія плацяць за тэкст 300 долараў, але многія прапануюць нават меншыя стаўкі. Так, ёсць выданні, якія плацяць і 1 000 долараў за матэрыял. Але такая замова табе можа прыйсці раз на год ці нават раз у жыцці».
Тым, хто хоча працаваць у фрылансе, яна раіць знайсці пастаянную працу хаця б на палову стаўкі, а ў астатні час пісаць як фрылансер.
Тацяна Рак кажа, што звычайна ёй за артыкул замежныя мэдыя плацілі каля 300 долараў. Паводле яе слоў, ва Украіне ганарары нашмат меншыя. Напрыклад, да вайны супрацоўнікі ўкраінскага Elle маглі зарабляць 350 долараў за месяц.
«Я рабіла невялікае даследаванне ў LinkedIn. Там можна паглядзець відэльцы заробкаў для розных індустрый. І журналісты па ўсім свеце зарабляюць не вельмі добра. Гэта вельмі крыўдна, таму што журналістыка – гэта цяжкая праца», – кажа яна.
Перакладзена Прэс-клубам Беларусь
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт