Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
У baj.by атрымаўся шыкоўны рэпартаж с нашай Адкрытай лятучцы з рэдакцыяй анлайн-часопіса KYKY.org, які мы і прадстаўляем вашай увазе. Тэкст і фота: Алена Ляшкевіч.
На адкрытай лятучцы ў Прэс-клубе рэдакцыя KYKY.org не давала парадаў, проста весела і жвава распавядала пра выданне. Але, калі задацца мэтай, то можна іх досвед трансляваць у лайфхак ды выкарыстаць наўпрост па прызначэнні.
Канечне, паўтарыць поспех KYKY можа толькі KYKY. Але тое-сёе спрацуе і ў іншых медыях. Калі на вашым сайце дасюль няма рубрыкі пра сэкс, яе трэба завесці. Найбольш праглядаў на KYKY набірае менавіта яна. Хаця там ёсць «Грошы», «Героі», «Праекты», «Месцы», «Культ»(ура) і «Боль» (экс-«Жыццё»). Не сказаць, каб рэдакцыя задаволеная такім станам рэчаў: «Калі з пяці тэкстаў у топе толькі два пра сэкс — гэта поспех».
Неістотна, успрымаюць ваша выданне як жоўтую прэсу ці як «разумны» часопіс, па-руску вы публікуецеся ці па-беларуску… Пра поспех артыкулаў пра сэкс нядаўна казаў і рэдактар «Нашай нівы» Ягор Марціновіч. Вунь і «Плэйбой» вярнуўся да публікацый з аголенымі прыгажунямі. Таму, калі хочаце быць чытаным выданнем, без сэксу — нікуды.
Кепская навіна: толькі на якасным кантэнце самаакупляльным выданнем не стаць. Трэба грошы ад рэкламы. Добрая навіна: натыўная рэклама можа чытацца не горш і нават лепш за звычайныя артыкулы.
Калі KYKY вырашыў выходзіць на самаакупляльнасць і стаў публікаваць больш натыўнай рэкламы, то рэдакцыя баялася страціць частку чытачоў. Але трафік наадварот павялічыўся. У прынцыпе, KYKY і так ніколі не замоўчваў назву брэндаў, не пужаючыся абвінавачванняў у рэкламе, і працягвае гэта рабіць у нерэкламных матэрыялах.
«Натыўная рэклама аздараўлівае журналіста, — кажа Саша Раманава, дырэктарка выдавецтва «Мінт Медыя», што цяпер яднае KYKY і беларускі The Village. — Гэта лепш, чым выдумляць навіны з канапы, а калонкі з галавы». Жаданне максімальна наблізіць натыўную рэкламу да звычайнага рэдакцыйнага кантэнту, па словах Аляксандры Раманавай, “прымушае варушыць мазгамі”. Напрыклад, рэкламуючы прадукцыю МакДональдс, яны разам з рэдактаркамі Анастасіяй Рагатка (KYKY.org) і Яўгеніяй Сугак (the-village.me) спякотным летнім днём зладзілі пікнік на страсе. Ежай забяспечыў рэкламадаўца, а гутарылі пра мужчын. Ну, калі б яшчэ нам пашчасціла прачытаць развагі трох паспяховых жанчын пра супрацьлеглы пол?
Праўда, рэкламадаўцу трэба актыўна шукаць. Колькасць штатных журналістаў у KYKY роўная колькасці мэнэджэраў па рэкламе: іх па тры. Яшчэ ў камандзе, акрамя рэдактаркі і дырэктаркі, пра якіх ужо пісалася, більд-рэдактар, SMM-шчык, праграміст. І шмат пазаштатных аўтараў.
Некаторыя пішуць усяго адзін артыкул — на тэму, якая іх хвалюе і/ці дзе яны спецыялісты. Некаторыя супрацоўнічаюць з рэдакцыяй рэгулярна. У прынцыпе, стаць аўтарам KYKY можа кожны, галоўнае, каб была цікавая гісторыя, бо, на думку рэдакцыі, ніякая адукацыя не робіць журналістам, толькі практыка.
Калі Вы хочаце ставіць «жывыя» тэксты — не высылайце іх на ўзгадненне. Самі журналісты KYKY, праўда, амаль усе тэксты ўзгадняюць. Але, па словах Сашы Раманавай, варта імкнуцца да такога ўзроўню даверу героя: «вы пасядзелі — і ён упэўнены, што ты напішаш файна». Ну, і не з усімі праўкамі варта пагаджацца. Чалавеку бывае складана ўспрымаць свае словы, надрукаваныя журналістам. На сэлфі ж мы выглядаем не так, як у жыцці, праўда? Таму праўлены тэкст можа «прырасці» канцылярызмамі і літаратурным стылем. Даводзіцца тлумачыць: «Вы ж так не гаворыце на самой справе».
Дарэчы, усе героі Kyky сапраўдныя. Але ці кажуць яны праўду? KYKY — часопіс меркаванняў, таму пытанне не залічваецца.
Яны чакаюць сэкс-шоп! Дакладней, чакаюць, што якая-небудзь крама адпаведнага профілю замовіць у іх натыўную рэкламу. Ужо маюць шмат ідэй ды накідаў, а «Германа ўсё няма»… Ні за адзін тэкст рэдакцыі не сорамна, яна ні пра што не шкадуе. Сумневы ў Сашы Раманавай выклікае хіба ўласны артыкул пра пантавыя ванны. Быццам бы ўсё ж не вельмі гуманны шлях аздараўлення і не трэба было згаджацца яго рэкламаваць, хоць аленяў і не забіваюць. На пытанне “Ці любы прадукт возьмецеся рэкламаваць?» рэдакцыя адказала, што не рэкламуе «рэчы, шкодныя для здароўя, лахатроны і казіно».
Пасля выхада тэкста Марыі Вайтовіч пра патолагаанатамку паступіла просьба ад гераіні прыбраць публікацыю, хаця тэкст быў з ёй да слоўца ўзгоднены. Рэдакцыя адмовіла, і тады гераіня схавала допісы ў сваім Twitter, якія прынеслі ёй вядомасць. Марыя спрабавала высветліць у дзяўчыны, што здарылася, што памяняць у артыкуле, але яна перастала выходзіць на сувязь. «Мне вельмі шкада» — рэзюмавала журналістка.
Шмат пытанняў выклікаў тэкст Ганны Златкоўскай «Аборт — гэта не віна мужчын ці абставінаў. Гэта безадказнасць жанчыны». Пасля халівару ў каментарах рэдакцыя і сама Ганна вырашылі, што артыкул патрабуе дадатковых тлумачэнняў, якія і апублікавалі на пачатку тэкста. Сайт KYKY прынцыпова не «чысціць», нічога не прыбірае, якая б рэакцыя на тэкст ні была.
У жніўні 2017-га на KYKY.org было 53 тысячы рэальных наведвальнікаў штодня. Каля 30% прыйшло з сацсетак. Гэта, як кажа медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі, сярэднестатыстычны ўзровень для еўрапейскага СМІ, а ў Беларусі далёка не ўсе яго дасягаюць. 57% аўдыторыі KYKY – мужчыны. Большая частка наведвальнікаў – ва ўзросце ад 25 да 44 год, 5% – пенсіянеры. Амаль увесь трафік арганічны – артыкулы не рэкламуюцца за грошы, толькі зрэдку рэдакцыя робіць платную прамоцыю матэрыялаў у Facebook.
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт