Распачаўся набор на адукацыйны фактчэк-марафон «Давярай, але правярай!»
БАЖ сумесна з партнёрамі запрашаюць беларускіх журналістаў, блогераў, рэдактараў і ўладальнікаў інфармацыйных рэсурсаў на фактчэк-марафон «Давярай, але правярай». Падчас яго эксперты падзеляцца карыснымі рэкамендацыямі па верыфікацыі інфармацыі, пазнаёмяць з алгарытмамі праверкі фактаў, методыкамі, сэрвісамі і інструментамі, выкарыстанне якіх дазволіць адрозніць праўду ад фэйка і падрыхтаваць аргументаваныя і спраўджаныя матэрыялы.
Фота: Startae Team / Unsplash.com
Дэдлайн падачы заявак: 18 красавіка 2023 года, да 12:00 па мінскім часе.
Фактчэк-марафон складаецца з васьмі вебінараў на платформе ZOOM, якія будуць праходзіць па серадах з 19 красавіка па 7 чэрвеня 2023 года. Ён цалкам практыкаарыентаваны і прадугледжвае актыўны ўдзел навучэнцаў у абмеркаваннях і выкананні практычных заданняў падчас вебінараў.
Чым карысны Фактчэк-марафон:
- зразумееце, якія задачы вырашае фактчэкінг і чаму без яго не абысціся;
- атрымаеце правілы, якія працуюць, і спецыяльныя методыкі праверкі інфармацыі, якія дапамогуць павысіць давер да журналісцкіх матэрыялаў, пазбегнуць самых распаўсюджаных памылак і судовых разбіральніцтваў;
- вывучыце алгарытм выяўлення і абвяржэння фэйкаў;
- высветліце, як працуюць тэорыі змовы і чаму да іх звяртаюцца прапагандысты;
- разберацеся, чым маніпуляцыя адрозніваецца ад фэйка (і што больш небяспечна), як працуюць пяць асноўных маніпулятыўных тэхнік у навінавай інфармацыйнай карціне і якія простыя інструменты дазваляюць іх выкрыць;
- створыце ўласны фактчэк-алгарытм.
Асноўныя трэнеры і спікеры Фактчэк-марафона:
- Аляксей Шота, галоўны рэдактар і выдавец Hrodna.life, медыятрэнер;
- Вольга Юркова, сузаснавальніца незалежнай украінскай арганізацыі StopFake.org;
- Віктар Малішэўскі, медыяэксперт, у журналістыцы 28 гадоў;
- Дзмітрый Стаянаў, фактчэкер (OCCRP, RISE Moldova, BIC);
- Ірына Сідорская, спецыялістка ў сферы камунікацыі, незалежная даследчыца, доктар філалагічных навук, кіравала групай даследчыкаў «Канспіралогія ў медыйнай прапагандзе».
Падаць заяўку
Праграма Фактчэк-марафона
Прапануем вам азнаёміцца за папярэднім раскладам і тэмамі адукацыйнай праграмы. Вебінары будуць праходзіць у ZOOM па беларускім часе.
- 19 красавіка, 18:00 – 20:30 – Фактчэкінг за 5 хвілін. Тэхналогія фактчэкінга на падставе рэальных кейсаў.
- 26 красавіка, 18:00 – 20:30 – Даступныя і бясплатныя інструменты фактчэкінгу.
- 3 траўня, 18:00 – 20:30 – Кейс-стадзі па выкарыстанні найбольш складаных інструментаў праверкі інфармацыі.
- 10 траўня, 18:00 – 20:30 – Чым маніпуляцыя адрозніваецца ад фэйку. Як гэта працуе і што больш небяспечна.
- 17 траўня, 18:00 – 20:30 – Канспіралогія ў медыйнай прапагандзе: распазнаванне і супрацьдзеянне. Ці кейс-стадзі.
- 24 траўня, 18:00 – 20:30 – Кіберзброя Deepfakes: як выявіць візуальны кантэнт з маніпуляцыямі.
- 31 траўня, 18:00 – 20:30 – Верыфікацыя карыстальніцкага кантэнта ў надзвычайных сітуацыях і паўсядзённай працы.
- 7 чэрвеня, 18:00 – 20:30 – Фактчэкінг як рэдакцыйны стандарт. Практыкум па правядзенні ўласных фактчэкінгавых даследаванняў.
Асобы, якія прайшлі конкурсны адбор, атрымаюць запрашэнне і спасылку на канферэнцыю на платформе ZOOM за дзень, а таксама за гадзіну да пачатку першага вебінара, які адбудзецца 19 красавіка а 18.00.
Удзельнікі, якія паспяхова пройдуць Фактчэк-марафон, атрымаюць па заканчэнні сертыфікат.
Фактчэк-марафон «Давярай, але правярай» праходзіць у межах праекту ад Рэгіянальнага офісу Прадстаўніцтва Фонду ім.Фрыдрыха Эберта «Дыялог Усходняя Еўропа».
11 красавіка 2023 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі.
Падрабязней...
Press Club BelarusМагчымасцiКурсы і адукацыяРаспачаўся набор на адукацыйны фактчэк-марафон «Давярай, але правярай!»