Падпішыся на нашу медыйную рассылку!
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт
Грамадскае аб’яднанне «Беларуская асацыяцыя журналістаў» заахвочвае калег да ўдзелу ў штогадовым творчым конкурсе “Вольнае слова”.
Конкурс ладзіцца з мэтай удасканалення прафесійнага майстэрства супрацоўнікаў СМІ, заахвочвання таленавітых журналістаў, стымулявання іх дзейнасці ў адстойванні прынцыпаў прафесійнай журналістыкі і свабоды слова.
Удзельнічаць у конкурсе маюць права толькі сябры ГА «БАЖ».
Ад аднаго аўтара на конкурс прымаюцца не больш за 3 матэрыялы, якія пабачылі свет у 2015 годзе.
НАМІНАЦЫІ:
1. НАЙЛЕПШЫ ІНФАРМАЦЫЙНЫ МАТЭРЫЯЛ (рэпартаж, інфармацыйнае паведамленне, інтэрв’ю, справаздача)
Ацэньваецца:
– арыгінальнасць інфармацыі (інфармацыйны факт, інфармацыйная нагода);
– адпаведнасць прынцыпам падачы навін;
– арыгінальнасць загалоўка, лід;
– спосабы дасягнення эфекту прысутнасці (для рэпартажу);
– аўтарскі стыль.
2. НАЙЛЕПШАЯ АНАЛІТЫЧНАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ (артыкул дыскусійнага, аналітычнага, тлумачальнага плану, карэспандэнцыя, рэцэнзія)
Ацэньваецца:
– грамадская значнасць узнятай праблемы;
– адпаведнасць прынцыпам напісання аналітычнага, дыскусійнага тэксту;
– прапорцыі «прысутнасці» меркаванняў аўтара і экспертаў, даказальнасць;
– стыль, спосабы аўтарскай падачы;
– «прывязка» да мясцовых праблем;
– адпаведнасць прынцыпам пабудовы аналітычнага тэксту.
3. НАЙЛЕПШАЯ ПУБЛІКАЦЫЯ МАСТАЦКА-ПУБЛІЦЫСТЫЧНАГА ЖАНРУ Ў ЖУРНАЛІСТЫЦЫ (нарыс, эсэ)
Ацэньваецца:
– выбар тэмы;
– пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;
– аўтарскі стыль.
4. ЖУРНАЛІСЦКАЕ РАССЛЕДАВАННЕ
Ацэньваецца:
– выбар тэмы;
– грамадская значнасць узнятай праблемы;
– пераканальнасць, даказальнасць, ступень аўтарскай аргументацыі;
– аўтарскі стыль.
5. НАМІНАЦЫЯ «ДЭБЮТ» — для маладых журналістаў і пачаткоўцаў, стаж працы якіх (альбо супрацоўніцтва з рэдакцыяй) не перавышае трох гадоў
Вынікі творчага конкурсу ў пералічаных намінацыях шляхам тайнага галасавання падвядзе журы з ліку вядомых беларускіх журналістаў. Творы ўдзельнікаў конкурсу будуць ацэньвацца сябрамі журы па 10-ці бальнай шкале.
Пераможцам будзе прызнаны тэкст, які набярэ найбольшую суму балаў. У выпадку, калі ў двух ці больш прэтэндэнтаў апынецца аднолькавая колькасць балаў, «лепшага з лепшых» вызначыць рашэнне журы.
Рэдактарам, якія ўваходзяць у склад журы, забаронена ацэньваць тэксты журналістаў сваіх выданняў. Замест ацэнкі рэдактара тэксту будзе выстаўляцца сярэдняя сума балаў сябраў журы.
Журы вызначыць не толькі пераможцаў у кожнай з намінацый. Праўленне БАЖ прыняло рашэнне сфармаваць “шорт-ліст” і “лонг-ліст” пераможцаў.
ПАТРАБАВАННІ ДА АФАРМЛЕННЯ МАТЭРЫЯЛАЎ:
На конкурс прымаюцца электронныя спасылкі на матэрыялы. У выпадку адсутнасці электроннай публікацыі – выразкі публікацый (альбо іх якасна зробленыя копіі), завераныя рэдакцыйнай пячаткай і подпісам кіраўніка рэдакцыі.
Мультымедыйныя тэксты прымаюцца да ўдзелу ў “Вольным слове” ва ўсіх пяці намінацыях.
Абавязкова трэба:
– спампаваць, запоўніць і даслаць фармуляр (doc);
– прыкласці да ліста электронны варыянт матэрыялу (doc, MS Word);
Увага! НЕ прымаюцца да ўдзелу ў конкурсе лісты, у якіх не выкананыя ўсе вышэйпералічаныя патрабаванні.
Паважаныя сябры, свае публікацыі вы можаце перадаць у офіс ГА «БАЖ» асабіста ці даслаць па пошце заказным лістом з пазнакай на канверце «Конкурс». Наш адрас: 220030, Мінск, вул. Камсамольская, 7–32.
e-mail: slova@baj.by (з пазнакай «Вольнае слова»).
ТЭКСТЫ ПРЫМАЮЦЦА ПА 31 САКАВІКА 2016 г.
У склад журы ўваходзяць:
Андрэй Скурко
Аляксандр Старыкевіч
Анжэла Белуш
Сяргей Ваганаў
Максім Жбанкоў
Андрэй Аляксандраў
Юрась Карманаў, старшыня журы.
ЖАДАЕМ ТВОРЧЫХ ПОСПЕХАЎ!
Інфармацыя з сайта БАЖ
Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт