Стартуе фотаконкурс «Незалежнасьць — гэта…» Галоўны прыз — паездка ў Прагу

Стартуе фотаконкурс «Незалежнасьць — гэта…» Галоўны прыз — паездка ў Прагу

Беларускай незалежнасьці ў жніўні споўніцца 25 год.

Незалежнасьць — гэта?.. Прапануйце свой фотаадказ!

Прысылайце свае здымкі, новыя і архіўныя, пра розныя бакі жыцьця ў незалежнай Беларусі на працягу апошняй чвэрці стагодзьдзя, пра герояў і антыгерояў, здабыткі, страты і надзеі на адрас svabodaphoto@gmail.com

Два туры 

Вынікі першага падвядзём 20 траўня, у дзень нараджэньня Радыё Свабода (тры прызы — пляншэты iPad). Конкурс завершыцца 25 жніўня, у дзень, калі 25 год таму Дэклярацыя аб дзяржаўным сувэрэнітэце стала Канстытуцыйным законам (яшчэ тры прызы). 

Галоўны прыз — паездка ў Прагу. 

Да ўдзелу запрашаюцца ўсе ахвотныя, аматары і прафэсіяналы, зь Беларусі і замежжа. 

Умовы 

Адным разам дасылайце ня больш за 5 працаў, не часьцей як раз на тыдзень. Падпісвайце: што, дзе, калі, чаму — тлумачальны тэкст залічваецца ў плюс. Пасылаючы фота на адрас svabodaphoto@gmail.com, вы даяце Радыё Свабода права на бязвыплатнае выкарыстаньне гэтых фатаздымкаў. 

Тэхнічныя патрабаваньні 

  • Фармат файлу: JPG, dpi 72
  • Шырыня па вялікім боку кадру: 1600 піксэляў
  • Памер фота: ня больш за 2 мб.
  • Назва файла павінна быць напісаная лацінскімі літарамі і ўтрымліваць прозьвішча аўтара і парадкавы нумар.

Будзем удзячныя, калі на выпадак далейшага скарыстаньня (выстава, плякат, фатакніга, інш.) вы захаваеце арыгінал. 

Журы

Пошту будзе праглядаць вядоўца-рэдактар Валер Дранчук. У журы для фінальнага вызначэньня пераможцаў запрошаныя экспэрты і супрацоўнікі Радыё Свабода ў Менску і Празе. 

Валер Дранчук: у нас 150 дзён!

Шаноўныя сябры, 

дабраслаўляю на пачатак. Штосуботы мы будзем сустракацца, падводзіць бягучыя вынікі, трымаць дыялёг. 

Па-сяброўску — некалькі просьбаў і напамінкаў. 

Зьмест фатаграфіяў павінен адпавядаць ідэі конкурсу, гэта не банальнасьць. Старайцеся канцэптуальна сфармуляваць адказ: «Незалежнасьць — гэта…». Са свайго боку, рэдакцыя паставіцца да кожнай дасланай працы, да кожнага фотааргумэнту, кожнай адсканаванай вашай мэтафары, кожнага кантрапункту з асаблівым зацікаўленьнем і зычлівым даверам. Дзеля ўзаемаразуменьня трымайцеся і нашага цьвёрдага патрабаваньня — суправаджаць фатаздымкі неабходнымі подпісамі. Ня бойцеся патлумачыць, чаму той ці іншы сюжэт вы зьвязваеце зь незалежнасьцю краіны: дзе ён зьняты, што і з кім адбываецца, наколькі ён «працуе». Гэтыя зьвесткі паглыбяць вашы аргумэнты і сьведчаньні на карысьць ісьціны. 

Калі вы яшчэ ня «зорка» і пра вас ня ўсе ведаюць, падайце зьвесткі пра сябе. Дзе пражываеце, чым займаецеся, якога веку. Пашпартныя дадзеныя нам не патрэбныя, а дзе нарадзіліся, як рана пачалі здымаць і на якую камэру — гэта цікава. Прыкладам, я свой першы здымак зрабіў на «Зоркий» у 1967 годзе, вучнем дзявятае клясы. Апарат даваў кантраснасьць і рэзкасьць, якасныя нэгатывы. Зь ім і паехаў пасьля журфаку ў старадароскую райгазэту, і рэпартажы з палёў, партрэты перадавікоў даваліся мне без праблем… 

Што да папярэдняй апрацоўкі фатаздымкаў, старайцеся як найменш зьвяртацца да графічнага рэдактара. Вашы «чыстыя» адбіткі рэчаісных імгненьняў, без прыкметных дамешкаў кампутарнага дызайну будуць заўважаныя і ацэненыя з найбольшай прыхільнасьцю. Будзьце асьцярожныя з архіўнай, хранікальнай фатаграфіяй. Катэгарычна не прымаюцца да конкурсу фотакаляжы. 

Гэта ня значыць, што праект скіраваны на «звычайную» дакумэнтальную фатаграфію, хоць, мяркую, гістарычна-рэпартажны складнік адлюстраванага часу і грамадзка-палітычнага вопыту, бадай, непазьбежны, нават вызначальны, як можна здагадацца. Так ці ня так, пакажуць бліжэйшыя тыдні, ваш водгук, сябры. Разам з тым спадзяюся, што творчы патэнцыял «па-за часам» і «па-над часам» нашмат багацейшы. І прымяншаць яго ня варта. Як ня варта пасаваць перад гісторыяй, хай сабе вельмі драматычнай (што было і «сплыло» — мы гэта ўбачым з аўтарскіх хронік). І як ня варта пасаваць перад ходам мінулых падзей, хай сабе поўных візуальнай значнасьці. Вобразы і падзеі, ня менш істотныя і выяўныя, — штодня побач з намі, каб зь іх фармуляваць адказ дзеля вечнасьці: «Незалежнасьць — гэта?..» Як выказаўся Вальтэр Бэньямін, гісторыя распадаецца не на фрагмэнты-гісторыі (сюжэты-апавяданьні), а — на вобразы. Што ўзяць з фатавобразаў апошніх 25 гадоў нашай незалежнасьці, якія сымбалі цьвердзіць і вызнаваць, на чым засяродзіцца сёньня-заўтра? У вас, сябры, выключны шанец зрабіць свой выбар — месца і кадра, геаграфіі і жанру, сьвятла і ценяў…. 

Вядома, наш конкурс — конкурс фатаграфіі — наўрад ці будзе зь першых дзён адсочвацца калекцыянэрамі сусьветных галерэй, аднак на сэнсацыі і адкрыцьці я спадзяюся. Можа, зрэшты, больш разьлічваю на ідэю, на шчыры водгук, на гарачае сьветавыяўленьне свабоды, якой так нестае нашай «незалежнай» і несвабоднай краіне і якой прагне наша грамадзтва. Разам з тым буду рады і прыемна «расчараваны», калі конкурс возьме і бок па-мастацку якаснай, канцэптуальнай фатаграфіі. З досьведу ранейшага фатаконкурсу «Мая Беларусь» (Свабода, 2007), які я меў гонар таксама ачольваць, гэта не адбудзецца адразу і ўвачавідкі. 

Але часу багата — як палічыць, 150 дзён. Гэта значыць, паціху сьпяшайцеся, Беларусь у прадчуваньні сьвятла і сьвята.

Валер Дранчук. Нарадзіўся ў 1951 на Стаўпеччыне. Скончыў журфак БДУ. Экспэрт, аўтар Свабоды. Заснавальнік і выдавец незалежнай прыродалюбнай газэты «Белавеская пушча» (1995–2008). Ляўрэат прэміяў імя Алеся Адамовіча (Беларускі ПЭН-цэнтар, 2001) і Генры Форда (1999) за ініцыятывы і публікацыі дзеля абароны беларускай прыроды.

Інфармацыя з сайта http://www.svaboda.org

Падзяліцца:

30 сакавіка 2016 года
Перадрук матэрыялаў press-club.pro магчымы толькі з дазволу рэдакцыі. Падрабязней...
Press Club BelarusМагчымасцiАрхiўСтартуе фотаконкурс «Незалежнасьць — гэта…» Галоўны прыз — паездка ў Прагу

Падпішыся на нашу медыйную рассылку!

Кожны тыдзень атрымлівай на пошту: якасныя магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы івэнтаў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі, прэс-канферэнцыі) і карысны кантэнт

Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці
Мы выкарыстоўваем файлы cookies. Правілы канфідэнцыйнасці
Прыняць